Аляксей Каўка. Да сьмерці вялікага «беларусіна-маскаля»

Падаецца, пасьля 2020 году мы ўжо прызвычаіліся, зжыліся з сумнымі навінамі, з незьлічонымі сьмерцямі годных людзей. Сяньняшняя ж навіна пра сьмерць Аляксея Каўкі (1937-2024) у Маскве неяк асабліва ўскалынула многіх, раскіданых у сьцеце беларусаў, надзвычай засмуціла мяне.

1711023925008blob.jpg

Памёр вялікі «беларусін-маскаль», як жартам у ліставаньні сам часта называў сябе спадар Аляксей Маскаль, бо паўстагодзьдзе ён пражыў у Маскве, застаўшыся беларусам, іншадумцам і сьціплым, нябачным героем беларускай справы. 

Аднак праца, вычыны, ажыцьцёўленыя за жыцьцё выкрываюць таленавітага стратэга, дыплямата, гісторыка, рэдактара, выдаўца, пісьменьніка і рупліўца мовы, які здолеў ня проста стварыць беларускі сьвет у Маскве, але і ўтрымаць яго цягам дзесяцігодзьдзяў, выдаючы кнігі і вядомы гадавік «Скарыніч».

Але ж перадусім Аляскей Каўка застанецца аўтарам вядомага «Ліста да расейскага сябра», напісанага ў 1976-1977. У невялікім эсэ мысьляр ёмка ахапіў катастрафічны стан беларускай мовы ў БССР, творы дасюль актуальным, які выкрывае беларусафобскую палітыку ня толькі за саветамі, але і сучаснага беларускага рэжыму, а таксама расейскага рэжыму, які ператварыў Беларусь у «халопскі край», як ён з сумам часта падкрэсьліваў.  «Ліст да расейскага сябра» доўгі час быў ці ня самым улюбёным тэкстам маіх студэнтаў-ак паліталёгіі. Тэкст, які выклікаў бясконцыя дэбаты і спараджаў цікавыя студэнцкія эсэ. Гэты тэкст зьяўляецца ў пэўнай ступені тварам, візытоўкай беларускай дысыдэнцкай думкі за саветамі.

Цягам адзінацаці год для мяне асабіста часта сумны і разважлівы «беларусін-маскаль» заставаўся эпісталярным сябрам. Гонар і шчасьце мець за эпісталярніка Аляесея Каўку! Мы так і ня стрэліся ўжывую, хоць не аднойчы плянавалі стрэчу то ў «белакаменнай», куды мяне запрашаў да сябе шаноўны мысьляр, то ў Менску, куды зрэдчас наведваўся маскоўскі беларус. Потым кавід і беларускія падзеі канчаткова пахавалі наш плян сустрэцца. Апошнім часам, мяркую, з прычыны здароўя спынілася і нашае ліставаньне.

1711023941764blob.jpg

Навіна пра сьмерць абурыла, засмуціла, але і спавадавала хвалю ўспамінаў і жаданьне перачытаць усе ягоныя лісты (як электронныя, так і папяровыя, разам з дасланымі кнігамі). Да скону не забыць мне сьветлага гумару і мудрасьці эпісталярнага сябра і калегі. Так прыемна ніхто не называў мяне, як сп. Аляксей — «віцьбічам». Ведаючы, што я — віцяблянін, ён кожнага разу распавядаў мне гісторыйкі пра Віцебск і слынных «віцьбічаў».

З 2014 году спадару Аляксею вельмі балела за Ўкраіну — у лістах ён шмат разважае пра «пакутнае цела сястры-Ўкраіны». Вельмі цёпла і шчыра зрэагаваў ён на тэму абароненай мною ў Варшаве дысэртацыі аб фэмінізацыі беларускай мовы. Будучы доктарам філялягічных навук, сп. Аляксей быў уніклівым знаўцам мовы, выдатным стылістам, а таму зазначыў, што «фэмінімізацыя нашае літаратурнай мовы — тэма вартая пашаны і ня толькі мэмарыяльнай». Праўда, сп. Аляксей баяўся беларускага кансэрватызму і пісаў, што: «сучасныя канцылярысты і нават «парнасьнікі» наўрад ці вернуцца да колішніх — спрэс народных —  «сакратарак», «пакаёвак», «дырэктарак» і г.д. Часта з сумам з Масквы назіраў ён за моваў беларускіх газэтаў і не аднойчы жаліўся, што расейскія калькі патачылі мову, асабліва яго абурала калька «ўпаў» («упал») на старонках НН і іншых выданьняў. На думку сп. Аляксея, гэта абражала беларускае «паваліўся», «зваліўся», «зрынуўся». 

Цікава, нават у Вільні, якую так любіў сп. Аляксей, часта знаходжу ягоныя сьляды: ягоны почырк на фармулярах старых замоваў беларускіх дакумэнтаў у архівах Акадэмічнай бібліятэкі Ўрублеўскіх, ягоныя кнігі на паліцах кніжніцы Беларускага музэю ці эсэ студэнтаў-ак паліталёгіі на тэму «Новы ліст расейскаму сябру». Часта ўяўляю маршруты, па якіх вандраваў ён па любай Вільні, маршруты, па якіх мы цяпер усе шыбуем, часта ня думаючы пра папярэднікаў.  

Глядзіце таксама

А яшчэ Аляксей Каўка быў знаным мысьляром, літаратуразнаўцам, аматарам антычнай філязофіі. У рэчышчы думкі Тэртуліяна ён неяк сфармуляваў тэзу аб тым, што «беларусамі не нараджаюцца, а становяцца». Вядома, яшчэ старажытнарымскі хрысьціянскі тэоляг Тэртуліян выказаўся аб тым, што «хрысьціянамі не нараджаюцца, а становяцца». Гэтае цьверджаньне ў сваю чаргу натхніла Сымону дэ Бавуар ў эсэ «Другі пол» на слынную фразу-рэзюмэ жаночага існаваньня «Жанчынай не нараджаюцца, а становяцца». Дарэчы, раней цьверджаньне Каўкі абурала многіх беларусаў-ак правага натхненьня, якія былі перакананыя ў тым, што мы беларусы па нараджэньні. Культурна, моўна, геапалітычна мы ўсё ж бачым, што меў рацыю сп. Аляксей: 2020 год прадэманстраваў, што многія беларусы сталі беларусамі ў выніку пратэстаў, гвалту, у выніку сутыкненьня з жорсткай рэчаіснасьцю.

Зрэшты, у дзень сьмерці аўтара «Ліста расейскаму сябру» стала так зразумела, што ў Маскве памёр апошні «расейскі сябра» Беларусі, апошні волат, на плячах якога месьціўся беларускі сьвет Масквы.