«Уключыў БТ, і такой мураўёўшчынай на мяне дыхнула»: беларускі гісторык з Масквы — аб уражаннях ад Беларусі
Большая частка жыцця беларускага гісторыка і літаратуразнаўцы Аляксея Каўкі (ён нарадзіўся ў 1937 годзе на Чэрвеньшчыне) прайшла ў Маскве, дзе ён доўгі час працаваў у Інстытуце сусветнай літаратуры, быў галоўным рэдактарам славяназнаўчага часопіса. Але думкай і сэрцам ён заўсёды імкнуўся на радзіму, перажываў за суайчыннікаў. Імкнецца, перажывае і сёння. Нават пандэмія не стала для шаноўнага доктара навук перашкодай. «Народная воля» сустрэлася для гутаркі ў зацішнай чытальнай зале, дзе суразмоўца сядзеў, абклаўшыся архіўнымі справамі.
— Аляксей Канстанцінавіч, гады два вы не былі ў Мінску — з-за каронавіруса. Ды і цяпер забаронныя шлагбаумы дарэшты не зняты. Як вам удалося прарвацца на радзіму?
— Прарывацца не давялося, ехаў без прыгод. Дзякуй Богу,
пачалі хадзіць цягнікі, з’явіўся і новы маскоўскі — «Ласточка». Ім я і
дабіраўся. Народу ў вагоне было няшмат, чалавек пятнаццаць. Я вакцынаваны,
адпаведныя паперы былі пры мне, але іх ніхто не правяраў. Хацелася мне ўзяць з
сабой у Мінск бел-чырвона-белы сцяжок, які мне ў свой час падаравала наша
славутая Вольга Корбут…
— З тым сцяжком вас проста на вакзале маглі б затрымаць. А
калі Корбут вам яго падаравала?
— Яшчэ ў 1989 годзе, калі яна з Данчыкам і сваім мужам
Леанідам Барткевічам прыязджала да нас у Маскву. Была вельмі цёплая сустрэча з
маскоўскімі беларусамі, і пасля яе алімпійская чэмпіёнка падышла да мяне: «Вось
вам, спадар Аляксей, памятка». Я з тым сцяжком доўга хадзіў на розныя
беларускія акцыі ў Маскве. І ў Мінск хацеў узяць, але жонка адгаварыла…
— Слушна зрабіла. Маглі б трапіць на Акрэсціна. Вы ж
ведаеце, што ў нас тут «зачыстка» поўным ходам ідзе.
— Падобныя «зачысткі» адбываліся ва ўсіх таталітарных
краінах, калі ўсе іншадумцы рабіліся «ворагамі народа». «Зачышчаць» беларусаў
пачаў яшчэ Мураўёў-вешальнік, які змагаўся, як лічылася, з «польскім засіллем»,
хацеў забяспечыць «истинно русский строй» у Беларусі. Гэта яму, аднак, не
ўдалося — у татальным сэнсе. Беларус-селянін упарта трымаўся свайго — і
звычаяў, і мовы. Дык гэта мела месца ў Расійскай імперыі. А тут нібыта ў
незалежнай Беларусі адбываецца тое самае! Уключыў я раніцай БТ, а там галоўны
следчы расказвае, як яны змагаюцца з «инспираторами государственного
переворота»… І такой мураўёўшчынай на мяне дыхнула! Зайшоў у інтэрнэт, а там
генерал нейкі пагражае за аднаго забітага сілавіка сто апазіцыянераў
расстраляць… Ведаеце, нават Кубэ падобных публічных выказванняў сабе не
дазваляў. А чаго варта закрыццё Саюза беларускіх пісьменнікаў, Таварыства
беларускай мовы!.. Пры акупантах такога не было, пры царызме… Сэрца крывёю
абліваецца, не бачылі б вочы, не слухалі б вушы!
— Ці закранулі рэпрэсіі апошняга года вашых сваякоў тут, у
Беларусі?
— Пляменнік мой быў вымушаны з’ехаць у Вільнюс. З сям’ёй,
чацвёра дзяцей, у тым ліку малалеткі па два-тры гады. Працаваў у банку. Летась
быў з жонкай на акцыях пратэсту. Пачалі за ім віжаваць, ператрус быў. Паспеў
выехаць праз Расію, а то трапіў бы за краты, як трапілі ўжо тысячы. Улады цяпер
вылічваюць па відэазапісах, хто яшчэ ўдзельнічаў у «перавароце», каго яшчэ
пасадзіць. А гэта не пераварот, а нацыянальна-вызваленчы рух! Так, стыхійны,
але ж і масавы.
— Ведаю, што днямі вы вярнуліся са сваёй малой радзімы — з
Чэрвеня. А як там народ у гэтыя пераднавагоднія дні рэагуе на зусім не
святочныя падзеі, на рэпрэсіі?
— У Чэрвень я ездзіў на пахаванне блізкага мне чалавека.
Мяне ўразіла, колькі людзі нанеслі кветак і вянкоў — бел-чырвона-белых! І
падчас развітання нехта заўважыў: вось бы цяпер наляцелі сюды «амонаўцы», усе
кветкі патапталі б, а нас бы ў аўтазакі… Так што народ усё разумее. А Чэрвень —
чысценькі, дагледжаны гарадок. Наконт гэтага мой чэрвеньскі сябра Уладзімір
Дарагуш заўсёды іранізаваў, што і ў Асвенцыме былі парадак і чысціня і музыка
гучала. А печы дымілі… Прайшоўся я па Чэрвені — вуліцы Маркса, Лібкнехта,
Леніна, Савецкая… На такіх вуліцах камфортна жыць хіба што ненавіснікам усяго
беларускага. Украіна за месяц ачысцілася ад гэтай чужацкай тапанімікі, і ёй
Масква не можа дараваць гэтага.
— Затое даруе ўсё афіцыйнаму Мінску. Нават бесцырымоннае закрыццё
«Комсомольской правды», любімай газеты Пуціна.
— Гэта дробязі ў параўнанні з вялікай палітыкай. Таму што
канчатковы план Крамля — каб «беларускі балкон», высунуты ў Еўропу, быў у
расійскіх руках. А ён пакуль не здзяйсняецца. Таму на расійскіх тэлеканалах
Лукашэнка паказваецца як лідар, які выступае супраць «калектыўнага Захаду»,
бароніць у гэтым сэнсе Беларусь і Расію.
— Відавочна, што мігранцкі крызіс на беларуска-польскай мяжы
не даў патрэбнага для ўлады выніку. Як вы, былы дыпламат (працавалі ў Варшаве),
ацэньваеце тое, што адбывалася пад Гродна?
— Гэта была амаль што неабвешчаная вайна з боку Беларусі. І
я проста дзівіўся вытрымцы палякаў. Беларускія дзяржаўныя СМІ распалілі такі
антыпольскі псіхоз, што невядома, чым гэта скончыцца. Не думаю, што Польшча
дазволіла б сабе пры любым раскладзе «ўсходнія крэсы» вяртаць. Варшаву
правакавалі, каб падчас узброенай сутычкі на мяжы пад шумок здаць-заняць
«беларускі балкон». Перакананы: увесь гэты «крызіс» планаваўся і за крамлёўскай
сцяной таксама.
— Адзін з вашых даўніх артыкулаў пра Беларусь называўся
«Тэрыторыя ці народ». Сёння вы ўжылі б такую ж фармулёўку?
— Не. Беларусы ў 2020 годзе гучна, на ўвесь свет заявілі пра
сябе як нацыю. Дылема «тэрыторыя ці народ» для мяне вырашана раз і назаўсёды.
Зводзіць цяперашнюю Беларусь толькі да тэрыторыі — анахранізм. Ёсць народ, ёсць
нацыя, і ёсць дзяржава. Праўда, як ні горка і парадаксальна гэта гучыць,
дзяржава тая займаецца знішчэннем беларушчыны. Думаю, што парадокс гэты хутка
будзе пераадолены. Хоць у тым, каб ён працягваўся як мага даўжэй, зацікаўлены
ўсходні сусед. Шмат будзе залежаць ад падзей у Расіі. Калі там пачнуцца
тэрытарыяльныя праблемы, Маскве будзе не да новага аншлюсу, які, гэта трэба
прызнаць, сёння Беларусі рэальна пагражае.
— Незалежная маскоўская «Новая газета» (аддамо ёй належнае)
давала аб’ектыўную інфармацыю пра леташнія беларускія падзеі. І Нобелеўскую
прэмію яна атрымала, як мне падаецца, дзякуючы і гэтай акалічнасці.
— Згодзен з вамі. Пазіцыя «Новой газеты» асабліва была відна
на фоне той жа «Комсомольской правды», на старонках якой прысцяжныя барзапісцы
«разоблачали провокацию, устроеную в Белоруссии националистами». Так што з-за
закрыцця «КП» я не перажываю. А колькі жоўці было выліта на беларусаў на
федэральных тэлеканалах! Уключаеш праграму Салаўёва, а там суцэльная
беларусафобія! «Я такого бялорусского языка не знаю, который они изображают»…
Бог ты мой! Маршал Перамогі Жукаў — і той у анкеце пісаў, што валодае «замежнай
беларускай мовай». А гэтыя так званыя аналітыкі — «не знаю»… «Новая газета»,
дзякуй яе рэдактару Дзмітрыю Муратаву, выратавала гонар расійскай дэмакратычнай
думкі. Гэта ўражвала — пад лозунгам «Жыве Беларусь!» на яе старонках
публікаваліся гарачыя рэпартажы з мінскіх падзей, была якасная аналітыка.
Думаю, што рэдакцыйная праца «Новой газеты» застанецца ў гісторыі, нездарма яе
ў Расіі назвалі ўжо «коллективным колоколом» (маючы на ўвазе герцэнаўскі
«Колокол» XIX стагоддзя).
— У гэтым сэнсе варта згадаць і народнага артыста СССР
Уладзіміра Співакова, які публічна адмовіўся ад ордэна Скарыны, які ў свой час
атрымаў з рук Аляксандра Лукашэнкі. Дарэчы, з беларускіх артыстаў ці
пісьменнікаў ніхто ад лукашэнкаўскіх званняў ці прэмій так і не адмовіўся.
— Учынкам Співакова і я быў узрушаны. А помніце, у Мінску
пасадзілі на суткі студэнта-хіміка Арцёма Баярскага, пераможцу міжнародных
алімпіяд? У яго абарону выступілі 15 акадэмікаў і членкараў Расійскай Акадэміі
навук! Тая ж «Новая газета» публікавала іх зварот да генпракурора Беларусі.
Што, у Беларусі не знайшлося сваіх акадэмікаў?
— Відаць, атрымалася, як у вершы Яўтушэнкі: «Ученый,
сверстник Галилея, / был Галилея не глупее. / Он знал, что вертится Земля, / но
у него была семья».
— Во-во, «была семья»… Сядзяць вашы акадэмікі, як мышы пад
венікам. Але мышы нават пад венікам варушацца!
— Вы былі стваральнікам і шматгадовым кіраўніком Таварыства
беларускай культуры ў Маскве. Яго ўжо няма. А што з’явілася замест яго?
— На пачатку 2000-х у Расіі пачалі стварацца
нацыянальна-культурныя аўтаноміі. Як я зразумеў, пад кантролем адпаведных
дзяржаўна-палітычных структур. Прыйшлі новыя людзі, утварылі аўтаномію
«Белорусы России». Што пра яе сказаць? Дастаткова, відаць, таго, што кіраўнікі
гэтай арганізацыі рэгулярна ўдзельнічаюць ва Усебеларускім сходзе, галасуюць
разам з усімі гэтак званымі «дэлегатамі».
— Вы падрыхтавалі і выдалі 10 выпускаў
гісторыка-літаратурнага гадавіка «Скарыніч». Працяг будзе?
— Працяг быў бы, калі б было фінансаванне. Са «Скарынічам»
мне ўвесь час дапамагаў мой маскоўскі калега Віктар Чайчыц, дыпламат,
германіст, фінансавы бок фактычна на яго плячах трымаўся. Што далей будзе?
Дванаццаты «Скарыніч» даступны ў інтэрнэце, у электроннай бібліятэцы
«Камунікат». Дзякуй яе заснавальніку Яраславу Іванюку, які вывесіў увесь
камплект.
— Наш зямляк Мікола Нікалаеў выпусціў у свет таўшчэзны том
«Беларускі Пецярбург». А чаму ж ніхто не даўмеўся зрабіць кнігу «Беларуская
Масква»? Матэрыялаў не хапае?
— Матэрыялаў больш чым дастаткова. І яны больш-менш сістэматызаваны.
Скажам, у энцыклапедычным даведніку «Беларускае замежжа» ёсць асобны раздзел
пра маскоўскіх беларусаў. А калі браць гісторыю… Тут безліч тэм і постацяў.
Скажам, «Янка Купала і Масква». Пясняр там вянчаўся і там жа загінуў. Пра
аднаго Купалу ў Маскве можна кнігу напісаць. Дарэчы, нядаўна я гартаў
трохтомную Купалаўскую энцыклапедыю і са здзіўленнем не знайшоў там і згадкі
пра кнігу Купалы «Молодая Беларусь» (выйшла адносна нядаўна ў Маскве), дзе
сабраны раней «крамольна-спецхранныя» творы паэта, невядомая рускаму чытачу
публіцыстыка. І наклад быў немалы — 5000 асобнікаў. І вось — ні слова ў
энцыклапедыі…
— Да Мінска дайшлі чуткі, што вы свой шматлікі кнігазбор
падаравалі ў адну з маскоўскіх бібліятэк. Гэта праўда?
— Праўда. Як праўда і тое, што кнігазбор той я спрабаваў
спачатку «прыстроіць» у Мінску. Вёў нейкія перамовы. Але дарма — нікога мае
кнігі (пераважна беларусіка) не зацікавілі. А ў маскоўскай Акадэмічнай
бібліятэцы прынялі з удзячнасцю, стварылі асобны фонд.
— Што з Беларусі павезяце з сабой у Маскву?
— Вось чаравікі зімовыя купіў у Чэрвені. Стаяў у чарзе да касы і сказаў спецыяльна гучна, на ўсю краму: «Дзякуй «бацьку» і «ябацькам» за добрыя чаравікі!» Бачу — людзі на мяне недружалюбна косяцца, адразу замаўчалі ўсе. Што мяне пэўным чынам абнадзеіла… Мне прыгадваецца светлай памяці Янка Брыль, які аднойчы пры сустрэчы сказаў мне: «Браце, не трэба ў роспач кідацца, перажылі лета гарачае, перажывём і г… сабачае». Мінулагодняе лета гарачае паказала — беларускі патэнцыял жывучасці ў наяўнасці, і ён рэалізуецца, нікуды не дзенецца!