Антон Астаповіч

Прозвішча гэтага чалавека апошнім часам траплялася ў СМІ часцей, чым прозвішчы некаторых вядомых апазіцыянераў. Тлумачыцца гэта тым, што старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч знаходзіцца ў апазіцыі не да канкрэтнай асобы, а да таго, як некаторыя ставяцца да нашага мінулага. І не істотна, з якога боку барыкад яны знаходзяцца.

Камяні юнацтва



01931a6925d3de09e5f87419d9d55055.jpg

Прозвішча гэтага чалавека апошнім часам траплялася ў СМІ часцей, чым прозвішчы некаторых вядомых апазіцыянераў. Тлумачыцца гэта тым, што старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч знаходзіцца ў апазіцыі не да канкрэтнай асобы, а да таго, як некаторыя ставяцца да нашага мінулага. І не істотна, з якога боку барыкад яны знаходзяцца.
Камяні юнацтва
Калі 23 кастрычніка 1964 года ў Асіповічах нарадзіўся хлопчык, то тады ніхто (акрамя Бога, канешне) не мог сказаць, што калісьці гэта немаўля будзе абараняць гістарычную спадчыну нашай нацыі. Магчыма, некаторым такі тэзіс падасца вельмі пафасным, але я, напрыклад, магу няшмат яшчэ прыгадаць асобаў, што не толькі змагаюцца за штосьці канкрэтнае, але час ад часу і перамагаюць.
Пасля школы Антон Астаповіч паступіў у Мінскую медыцынскую вучэльню. Скончыў яе ў 1984 годзе з чырвоным дыпломам і стаў фельчарам. Крыху паспеў папрацаваць на хуткай дапамозе і паступіў у знакаміты мінскі медінстытут, які пры сучаснай уладзе стаў універсітэтам.
Якраз у той момант студэнтаў пачалі прызываць у войска, і дзяржава дала Антону Астаповічу магчымасць два гады падумаць пра свой лёс. А галоўнае — вызначыцца: працягваць далей вучобу або заняцца справай, якая да сэрца была бліжэй.
Восенню 1987 года Антон вярнуўся са службы, забраў дакументы з медінстытута і ўладкаваўся на працу ў чыгуначную бальніцу родных Асіповічаў. А ў 1989 годзе завочна паступіў (у 25 гадоў на стацыянары амаль не навучаюцца) на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта.
Лагічна ўзнікае пытанне: навошта было «гарадзіць агарод» з медыцынай, бо гісторыя заўсёды падабалася больш? Адказ просты — пэўны ціск бацькоў. Людзі сталыя і практычныя, яны не лічылі гісторыю той сферай, дзе заўсёды будзе стабільны (у нашай краіне да гэтага імкнуцца ўсе) кавалак хлеба з маслам. Іншая справа — урач. Дарэчы, браты Грыцкевічы (абодва займаюцца гісторыяй) па адукацыі таксама медыкі…
У новай сферы Астаповічу адразу пашанцавала. Нягледзячы на тое, што ён вучыўся толькі на першым курсе, яго ўжо добра ведалі ў краязнаўчых і гістарычных колах, таму адразу ўзялі ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту на пасаду малодшага навуковага супрацоўніка ў аддзел фондаў, а праз год прызначылі загадчыкам сектара Цэнтральнай Беларусі ў экспазіцыйным аддзеле. Гэтаму музею ён аддаў больш за 16 гадоў свайго жыцця.
Пашчасціла (як лічыць сам Астаповіч) таксама ў тым, што ён (калі ўжо быў намеснікам дырэктара музея) некалькі гадоў выкладаў на той кафедры Універсітэта культуры, дзе кіраўніком з’яўляўся Анатоль Пятровіч Грыцкевіч. А дзякуючы кнізе «Факел Гіпакрата» (1987 год) прафесара Грыцкевіча адкрыў для сябе сапраўдную гісторыю беларускай медыцыны.
Музейныя падмуркі
Большасць памылкова звязвае Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту са Строчыцамі, але дакладней будзе назваць вёску Азярцо, бо гэта яе фактычная ўскраіна. На 150 гектараў музейнай зямлі з усёй Беларусі звазілі і рэстаўравалі помнікі традыцыйнай народнай архітэктуры.
Калі ў 2006 годзе Антон Астаповіч з музею звальняўся, шмат хто ўбачыў у гэтым нейкае палітычнае адценне, бо менавіта тады праходзілі прэзідэнцкія выбары. І гэта цалкам зразумела. Антон Астаповіч — даўні сябра Партыі БНФ. Нават у 1989 годзе прысутнічаў (ад Асіповічаў) на ўстаноўчым з’ездзе ў Вільні. І ў ніякія палітычныя структуры больш не ўваходзіў.
За гэтыя 16 гадоў працы ў музеі Антон Астаповіч і сфарміраваўся як адзін з самых вядомых у краіне спецыялістаў гэтай галіны, але я засяроджу ўвагу толькі на некаторых эпізодах.
Першы з іх датычыць адной з экспедыцый, у якіх супрацоўнікі музея займаліся выяўленнем і фіксацыяй помнікаў драўлянай архітэктуры, зборам этнаграфічнага (вуснага) матэрыялу, прадметаў музейнага значэння. З 1990 па 1996 год, калі было нармальнае фінансавання, такіх экспедыцый ладзілася даволі шмат.
У верасні 1991 года была прынятая новая нацыянальная сімволіка, і бел-чырвона-белы сцяг стаў дзяржаўным. Праз месяц адбылася экспедыцыя ў Клецк. Астаповіч з калегамі засяліўся ў гатэль, а насупраць — райвыканкам, над якім вісела нешта чырвона-зялёнае. І калі навукоўцам адзначалі нешта камандзіровачных лістах, Антон запытаўся: «А чаму вы парушаеце законы незалежнай Беларусі? Чаму ў вас вісіць тое, што адмянілі больш за месяц таму?»
Якая ж узнялася мітусня! Астаповіча завялі да намесніка райвыканкама, і той пачаў апраўдвацца: бачыце, там дым ідзе, латаем усё бітумам, баімся, каб новы сцяг не пакрыўся сажай, праз 3–4 дні скончым усе работы… Спалохаўся ён так, што тэрміны былі значна скарочаныя, і ўжо праз некалькі гадзін над будынкам лунаў дзяржаўны сцяг. З гэтай нагоды Антон Астаповіч заўсёды жартуе, што над Клецкам у 1991 годзе бел-чырвона-белы сцяг узняў менавіта ён.
Самае цудоўнае ў экспедыцыях — сустрэчы з людзьмі, якія жывуць у беларускай глыбінцы. Напрыклад, у Шчучынскім раёне вучоным сустрэўся 80-гадовы дзед, які некалі быў польскім уланам і ўмеў крыху маляваць. У хаце вісеў намаляваны алеем аўтапартрэт, дзе ён на кані, а побач — маршал Пілсудскі.
У экспедыцыях Беларусь у нейкім сэнсе адкрываецца па-новаму. Як лічыць сам Астаповіч, не было б іх, не было б і яго знакамітых вандровак, бо падмурак быў закладзены тады, калі ён аб’ездзіў 85 працэнтаў Беларусі і ўбачыў усе найбольш значныя гістарычныя каштоўнасці.
Такіх людзей у Беларусі адзінкі…
Ідэалагічны фундамент
Гэта цяжка ўявіць, але пэўны час Антон Астаповіч афіцыйна быў «галоўным ідэолагам» свайго музею. У 2002 годзе яго прызначылі намеснікам дырэктара па навуцы, а ў 2004 годзе з Міністэрства культуры прыйшоў загад, які патрабаваў ускласці на аднаго з намеснікаў дадатковы абавязак — адказнага за ідэалогію. Акрамя Астаповіча ў дырэктара было яшчэ два намесніка — па будаўніцтву і рэстаўрацыі, гаспадарцы. Да таго ж узрост у іх быў ужо пенсійны. Якая тут ідэалогія? Таму цалкам зразумела, што іншага выбару папросту не было.
Міністэрства гэта зацвердзіла, і нават калі ў 2006 годзе месца былога дырэктара заняла (яна потым і «з’ела» Астаповіча) новая начальніца, «ідэалогію» ў яго не адабралі. Дарэчы, да тых абавязкаў ён і сёння ставіцца вельмі станоўча, бо, па вялікаму рахунку, там ёсць толькі тое што, закладзена ў Праграму Партыі БНФ — правы чалавека, нацыянальны характар дзяржавы, спадчына і г.д. Хто не верыць, хай адкрые любы афіцыйны падручнік. Пра лізаблюдства перад існуючым кіраўніцтвам там нічога няма. Гэта сучасныя чыноўнікі бачаць «паміж радкамі»…
Свой светапогляд Антон Астаповіч не хаваў ніколі, таму спакойна ставіўся да спроб убачыць у яго дзеяннях нейкую палітыку або пазбавіць ідэалагічнага чынніка. А былі яны неаднойчы, аднак заўсёды разбіваліся аб логіку мясцовага (вельмі прафесійнага) юрыста. Напрыклад, той «на пальцах» растлумачыў, што «забраць ідэалогію» магчыма толькі ў адным выпадку — у сувязі з павелічэннем нагрузкі па навуковай лініі з захаваннем службовай надбаўкі, бо дзейнічае Астаповіч у строгай адпаведнасці з існуючым падручнікам па ідэалогіі.
Імкненні ж былі супрацьлеглымі. Калі не атрымлівалася звольніць, трэба было зрабіць так, каб Астаповіч сышоў сам. І грошы тут — не апошні аргумент.
1 верасня 2006 года так і адбылося. Нягледзячы на тое, што праз некалькі дзён (9 верасня) музей святкаваў 30 гадоў з дня свайго стварэння, Антон Астаповіч напісаў адпаведную заяву і забраў працоўную кніжку.
І з таго часу быў там усяго два разы. Адзін раз — выпадкова ў 2007 годзе, калі ў тых мясцінах здымалі фільм з яго ўдзелам. А другі — у жніўні 2009-га, калі праводзіў міжнародны валанцёрскі летнік і прыехаў туды ў рамках чарговай вандроўкі.
Дзеля будучыні — у мінулае
Яшчэ ў 2004 годзе Антон Астаповіч пачаў супрацоўнічаць з адной незалежнай тэлестудыяй. Пісаў сцэнары, выступаў у якасці ўдзельніка, эксперта. Плюс удзел у розных творчых праектах (публічныя лекцыі, арганізацыя валанцёрскіх работ), плюс знакамітыя вандроўкі па Беларусі. Да таго ж па характару Антон лёгкі на пад’ем, таму звальненне са стабільнай працы не з’яўлялася для яго нейкай жыццёвай трагедыяй.
Галоўным яго клопатам стала Таварыства аховы помнікаў (ТАП). Арганізавалі яго яшчэ ў савецкія часы, у 1966 годзе. Фармальна ў гэтым таварыстве Астаповіч з гадоў дзесяці, бо тады запісвалі ўсіх школьнікаў, а актыўна супрацоўнічае з гэтай арганізацыяй з 1990 года, калі пачаў працаваць у музеі і стаў валанцёрам. З паплечнікамі ён нават заснаваў моладзевую секцыю.
7 чэрвеня 2007 года на чарговым справаздачным з’ездзе Антона Астаповіча абралі старшынёй ТАП, і з таго часу ён займаецца (словы самога Астаповіча) «праваабарончай дзейнасцю» — адстойвае права нашай спадчыны на існаванне.
А абараняць, на жаль, ёсць што. Пры досыць неблагім заканадаўстве ў гэтай галіне амаль цалкам адсутнічаюць механізмы правапрымянення законаў. У дзяржавы нават няма паўнавартаснай інспекцыі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. У той жа Літве толькі ў цэнтральным апараце Дэпартамента аховы помнікаў працуе амаль 120 чалавек. Плюс чалавек 50 рэгіянальных інспектараў. Тое ж самае ў Польшчы. І нават у Азербайджане.
У штаце Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ёсць 15 адзінак. Фактычна там працуе 11 чалавек. А ўсе рэгіянальныя інспектары (у нагрузку да галоўнай дзейнасці) падпарадкоўваюцца і цалкам залежаць ад мясцовай выканаўчай улады, якая часцей за ўсё і з’яўляецца першым парушальнікамі заканадаўства аб ахове спадчыны. Пры такой сістэме ніякі рэальны кантроль немагчымы.
Адзінае выключэнне — тое, што робіць Таварыства аховы помнікаў, якое з’яўляецца цалкам грамадскай структурай. ТАП перашкаджае самавольству чыноўнікаў, і ў выканаўчай улады яно як бяльмо на воку.
Калі параўнаць музейныя экспедыцыі Антона Астаповіча і яго знакамітыя вандроўкі, то атрымаецца, што страцілі мы за апошнія гады даволі многа. Перш за ўсё — сядзібна-паркавыя комплексы. Раней іх было даволі шмат, а зараз амаль не засталося. Згодна з зацверджаным Саўмінам у мінулым годзе планам развіцця экатурызму, інвестары могуць набыць толькі 45 аб’ектаў, а іх у Беларусі некалькі соцень. І хто можа даць гарантыю, што там не будзе нешта лубочнае, накшталт Траецкага прадмесця?..
Пра вандроўкі, якія ладзіць Антон Астаповіч, можна распавядаць доўга, таму я абмяжуюся толькі некаторымі лічбамі і фактамі.
Напрыканцы 2002 года ён з аднадумцамі стварыў незарэгістраваную ініцыятыву «Беларускі шлях» і пачаў ладзіць «Вандроўкі ў мінулае», бо традыцыйныя турыстычныя маршруты «ахапляюць» толькі 10 працэнтаў таго, што ёсць у нашай краіне. У 2007 годзе Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» далучылася да арганізацыі вандровак. Па самых сціплых падліках, іх ужо адбылося больш за дзвесце.
Па ўсёй Беларусі сёння сябрамі ТАП з’яўляецца 1800 чалавек. Значная сіла. Прычым не патэнцыйная, а наяўная. ТАП шмат робіць ужо сёння...