«Божа, напішы за мяне мае раманы...» Чорны час для Кузьмы Чорнага
80 гадоў таму не стала аднаго з лепшых празаікаў, класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага.
Час дзеліць на чорнае і белае, на добрых і кепскіх, герояў і злачынцаў. Цяперашнія пакаленні ведаюць, што нават у шэрага ёсць мноства адценняў, але трымаць гэта ў галаве, асабліва калі здараюцца страшныя рэчы, складана. Складана не асуджаць, разбірацца, ставіць сябе на месца іншых і спрабаваць зразумець. А між тым, рэдка калі беларусы жылі так, каб усё было адназначна і не патрабавала карпатлівай архіўнай працы.
Лёс чалавека (а тым больш чалавека заўважнага, выбітнага, які заўсёды навідавоку) — гэта сума дэталяў і абставінаў, якія часта губляюцца паміж радкоў у біяграфіях і рознага кшталту даследаваннях. Лёс пісьменніка часта сам становіцца кнігай, у якую так ці інакш даводзіцца верыць, толькі потым ужо выпрабоўваючы гэтую веру пошукамі доказаў.
Калі гаворка ідзе пра беларускіх пісьменнікаў, на жаль, часта доказаў не існуе: і сам «твор» мог быць бязлітасна знішчаны, і яго ці яе вершы / апавяданні / раманы / п'есы, а пра ўспаміны сяброў-знаёмцаў увогуле можна прамаўчаць. Даўно вядома, што адзін і той жа фрагмент, перажыты рознымі людзьмі, у памяці адкладаецца і перазапісваецца па-рознаму. Таму вырак, які чытач выносіць «савецкаму літаратару», «здрадніку», «даносчыку» або «падпявалу», заўсёды варта дзяліць як мінімум на два. Што, безумоўна, мае дачыненне і да Кузьмы Чорнага.
І лёс як твор, і самі творы гэтага пісьменніка не могуць не ўражваць: складаныя, шматмерныя, выпісаныя з вялікай увагай і любоўю да дэталяў, яны сапраўды ўнікальныя і выбіваюцца з шэрагу іншых тэкстаў, напісаных і створаных беларускімі аўтарамі ў мінулым стагоддзі.
Пачнём з таго, што Кузьма Чорны ад нараджэння быў ні разу не інтэлігент: просты селянін, ён малым зведаў усе цяжкасці «вырастання з нізоў», нястачы, фізічнай працы і клопату пра іншых. У яго была вялікая прага да навучання, але з гэтым усё ніяк не складвалася: ён скончыў народнае вучылішча, тры гады аддаў бясплатнай семінарыі, якую потым закрылі польскія ўлады. Праз два гады пасля гэтага памерла маці будучага класіка, і 21-гадовы хлопец зноў быў вымушаны ўзяць на сябе клопат пра іншых — малодшых братоў і сясцёр, якіх у Міколы (так насамрэч звалі Кузьму Чорнага) было чацвёра.
Аднак зусім не такога лёсу хацелася творчай душы маладога чалавека, і ён, кінуўшы працу, паступіў на літаратурнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ. Ужо тады ён пачаў пісаць першыя апавяданні, актыўна друкавацца і ўваходзіць у колы творчай інтэлігенцыі, сярод якой пазней апынуўся на самых вяршынях. Што праўда, малавядомы аўтар яшчэ не мог жыць з уласнай творчасці, а таму быў вымушаны паралельна з вучобай цяжка працаваць, што ў рэшце рэшт падарвала яму здароўе. І праз два гады Чорны пакінуў універсітэт.
Як бачым, пакуль што гэты жыццяпіс нагадвае стандартную старонку ў Вікіпедыі пра любога беларускага аўтара першай паловы XX стагоддзя: вехі жыцця прыкладна адны і тыя ж, адрозніваюцца толькі дэталі. А вось далей з гэтых дэталяў вырастае партрэт супярэчлівы, над якім можна думаць і разважаць, спрабуючы зразумець матывы паводзінаў і сэнс напісаных ім слоў.
Першыя спробы ў творчасці супалі з першымі крокамі Кузьмы Чорнага ў калялітаратурнай дзейнасці. У 1923 годзе ён стаў удзельнікам літаратурнага аб'яднання «Маладняк», а ўжо праз тры гады, у 1926-м, узначаліў знакамітае «нацдэмаўскае» «Узвышша», дзе на працягу пяці гадоў быў старшынём і галоўным рэдактарам аднайменнага часопіса. Менавіта з «Узвышшам» звязаны адзін з самых непрыемных і «неадназначных» эпізодаў у біяграфіі Чорнага: калі рэпрэсіі дабраліся да літаратараў, некаторыя «ўзвышаўцы» сталі аднымі з першых іх ахвяр — Уладзімір Дубоўка, Адам Бабарэка і Язэп Пушча. Астатнія чальцы аб'яднання вымушаныя былі (хочацца верыць, што не добраахвотна) апублікаваць у прэсе заяву, у якой патрабавалі «жорсткай кары агентам міжнароднай буржуазіі ў Савецкай Беларусі — беларускім контррэвалюцыйным нацыянал-дэмакратам». Падпісаўся пад гэтым і Кузьма Чорны.
Зрэшты, подпіс той вярнуўся пісьменніку бумерангам, калі яго самога арыштавалі восенню 1938 года. Паўсюдна цытуюцца радкі з дзённікавых запісаў Чорнага, дзе ён адкрыта расказвае, што з ім рабілі сталінскія ка́ты:
«У яжоўскай турме ў Мінску ўвосень 1938 года мяне саджалі на кол, білі вялікім жалезным ключом па галаве і палівалі збітае месца халоднай вадой, паднімалі і кідалі на рэйку, білі паленам па голым жываце, устаўлялі ў вушы папяровыя трубы і раўлі ў іх на ўсё горла, уганялі ў камеру з пацукамі».
Заступніцтва першага сакратара ЦК КП(б)Б Панцеляймона Панамарэнкі, праз якое пісьменніка вызвалілі з турмы, не дадало яму часу і сіл пасля страшных катаванняў, што не маглі адрадзіць і без таго, верагодна, зніклую ў засценках НКВД любоў да савецкай улады. Пяць гадоў, пяць адчайных гадоў заставалася пражыць аднаму з лепшых беларускіх празаікаў — з падарваным здароўем, страчанымі марамі, маральна прыгнечанаму і, да ўсяго, ва ўмовах найкрывавейшай вайны.
Кранальны момант, пасля якога па-іншаму пачынаеш глядзець на ўвесь папярэдні шлях Кузьмы Чорнага, расказала калісьці дырэктарка першага музея пісьменніка Людміла Ніжэвіч. Самы вядомы, хрэстаматыйны раман «Пошукі будучыні» Чорны пісаў, перанёсшы першы інсульт, які амаль пазбавіў яго зроку — і пісьменнік падкладаў пад аркушы трафарэт, па якім навобмацак знаходзіў радкі, куды пісаў задуманае.
Гэтаму мала надзяляецца ўвагі ў аглядах жыцця і творчасці класіка, але факт гэты таксама варты ўвагі: апошнія гады жыцця, акрамя плённай працы над вялікай прозай, Чорны аддаў савецкай агітацыйнай сатырычнай газеце «Раздавім фашысцкую гадзіну» (якая пазней ператварылася ў часопіс «Вожык»). Газета гэтая адыграла немалаважную ролю ў падтрыманні маральнага духу партызанаў і мірнага насельніцтва акупаваных тэрыторый. Пісьменнік, які прайшоў праз страшныя катаванні, страціў здароўе, дом і сяброў, знаходзіў сілы, каб пісаць артыкулы і фельетоны для сатырычнай газеты падчас вайны!
Дзіўны факт — прыгожы, сумны і дзіўны. Быццам перакулілася ўсё з ног на галаву, і аўтар, якога называлі «сялянскім пісьменнікам» і які пісаў свае творы, калі раскулачвалі і высылалі тых самых сялян; які быў вымушаны марнаваць час і талент на ўсхваленне савецкага ладу ў сваіх творах, — быццам гэты аўтар адкінуў прэч усё няважнае, наноснае, і пакінуў пры сабе толькі тое, што сапраўды мае сэнс: чалавека.
Мабыць, так яно і было. Гледзячы па тым, з якой увагай да кожнага адцення пачуццяў выпісваў сваіх герояў у тых жа «Пошуках будучыні» Кузьма Чорны, нявольна задумваешся над «крамольнымі» рэчамі: столькі людзей забілі за «ясеніншчыну», «упадніцтва», «грэбаванне савецкімі ідэаламі» — а вось жа яно, відаць, і было сапраўдным, жывым, тым, што хвалявала тады і хвалюе сёння. Тым, пра што варта было пісаць.
Лёс Кузьмы Чорнага, гэты галоўны яго твор, закальцаваўся праз дэкарацыі. Апошнія словы ў дзённіку, якія таксама часта цытуюцца, былі пра тое, што памяшканне, у якім давялося жыць на той час, вельмі нагадвала пісьменніку «адзіночку», дзе ён правёў шэсць месяцаў у 1938 годзе. У такіх умовах, з пастаяннай прысутнасцю самага цёмнага мінулага, канешне, ні пісаць, ні дыхаць ён ужо не мог. Як і многія іншыя, хто прайшоў слядамі Чорнага, я не магу не пакінуць тут на заканчэнне яго апошнія словы, якія і сёння гучаць як поўха сістэме, часу, людзям:
«У нас няма ўласнага жыцця, мы ўсё аддаём дзяржаве. Мы аддалі дзяржаве свае душы і таленты... Я жыву як апошняе пакідзішча. І не таму, што мне хто зла хоча, а таму, што ў нас не еўрапейская дзяржава, дзе інтэлектуальныя асаблівасці чалавека робяць яго жыццё арганізаваным. А ў нас азіятчына. Падхалімства, хабарніцтва, чыноўніцтва, паклёпніцтва — за апошнія гады паднялося на вялікую вышыню.
Колькі нашай інтэлігенцыі без дай прычыны гніе ў турмах і на высылцы! У мяне ўжо няма 70% здароўя. Я гіну і не магу выкарыстаць як бы трэба было свой талент. Сілы мае трацяцца і марнуюцца без карысці. Доўгія гады мяне мучыла ГПУ-НКВД. А цяпер замест таго, каб рабіць тое, што мне трэба рабіць, я палю ў печы, цягаю ваду, змываю гаўно ў прыбіральні, краду дровы, дастаю з дошчак цвікі, мыю сваю парваную і вываленую адзежу. Тут вайна не да канца вінавата. Тут многа ад хамства.
Апарат НКГБ і тысячы чыноўнікаў займаюць увесь горад — яны ўмеюць і любяць рваць адзін аднаго і ўсіх за горла, а я гэтага не ўмею рабіць, дык не магу нават дастаць хоць тоненькі праменьчык дзённага святла ў акно і мучуся ў пограбе.
Божа, напішы за мяне мае раманы, хіба так маліцца, ці што?»
22 лістапада 1944 года, 80 гадоў таму, сэрца аднаго з лепшых пісьменнікаў беларускай літаратуры перастала біцца. Ён паспеў пакінуць па сабе як мінімум 13 зборнікаў апавяданняў (у тым ліку адзін — для дзяцей), 5 аповесцей, 9 раманаў, а таксама п'есы, фельетоны і нарысы. Сёлета пачалося выданне акадэмічнага збору твораў Кузьмы Чорнага ў 12 тамах.