Дашкевіч: «У нашай краіне якога ні вазьмі палітыка ці актывіста — усе прэзідэнты Беларусі»

Лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч расказаў, як ставіцца да яго дзейнасці жонка, а таксама на якой пасадзе малады палітык бачыць сябе ў незалежнай Беларусі.

bd037d7f_81ec_42b1_b2f1_5fff2c67a1fd_w987_r1_s.jpg


— З невялікім адрывам другое месца дзеляць Святлана Алексіевіч і Аляксандр Лукашэнка. Як вам такое суседства?

— Святлана Алексіевіч — гэта чалавек, з імем якога сёння асацыюецца Беларусь. І дзякуй Богу, што нарэшце Беларусь асацыюецца з сумленным чалавекам, а не з тым, які дзеліць з ёй другое месца ў апытанні БелаПАН.

— Вы таксама ўдзельнічалі ў апытанні як эксперт і назвалі беларусамі году блогера Эдуарда Пальчыса, кіраўніка беларускамоўнага кінапраекту «Кінаконг» Андрэя Кіма і свайго паплечніка ў «Маладым фронце» Сяргея Пальчэўскага. Чаму яны?

— Эдуард Пальчыс, вядомы таксама як Джон Сільвер, — гэта чалавек, які без аніякай вонкавай падтрымкі, ніякіх праектаў паўстаў супраць «русского мира». Пры чым расейскія шавіністы пераконвалі нас, што Джон Сільвер — гэта цэлыя аддзелы ЦРУ. А гэта быў усяго толькі адзін шчыры, сумленны, таленавіты хлопец, які пісаў разгромныя тэксты. Ён годна пераадолеў выпрабаванні турмой, у тым ліку расейскай. А сядзець у Расеі — гэта не тое, самае, што ў Беларусі, дзе цябе могуць абараніць адвакаты, дзе табе прыходзяць лісты з падтрымкай. Нават я, які прайшоў шэраг беларускіх турмаў, не магу ўявіць, як гэта — сядзець у расейскай турме. Андрэй Кім — гэта чалавек, які гадамі карпатліва рабіў справу беларушчыны, перакладаў фільмы. І калі яшчэ некалькі гадоў таму яго выганялі з кінатэатраў, маўляў, няма попыту на беларускую агучку, цяпер ён збірае поўныя залы. Сяргей Пальчэўскі — мой сябар, які сабраў у пераходзе больш за 1700 подпісаў за наданне бела-чырвона-беламу сцягу статусу гістарычнай каштоўнасці, які ўдзельнічаў у большасці нашых акцыяў, колы машыны якога нядаўна паказальна парэзалі, каб мы не мелі магчымасці прывезці сцягі на акцыю.

— Тыя эксперты, які называлі вас беларусам году, згадвалі збор подпісаў за бела-чырвона-белы сцяг, пратэст супраць адкрыцця помніка Леніну на прахадной Менскага трактарнага заводу, пратэст падчас адкрыцця муралу расейска-беларускай дружбе, капанне акопу каля мяжы з Расеяй. Якая з гэтых акцыяў самая важная, на вашу думку?

— Цяжка параўноўваць. Таму што збор подпісаў — гэта была вялікая кампанія, якая складалася з шэрагу пікетаў, падчас якіх адбываліся ідэалагічныя сутычкі з нашымі апанентамі. Капанне акопу — гэта перформанс, у якім бралі ўдзел усяго два чалавекі. Праводзячы ўсе свае акцыі, мы хацелі заклікаць да дзеянняў беларусаў-пасіянарыяў, якія сядзяць у інтэрнэце і каментуюць навіны. Напрыклад, мы назіралі, як некалькі тыдняў тысячы людзей у інтэрнэце абураюцца муралам, прысвечаным расейска-беларускаму сяброўству. Але аднаго абурэння мала, я лічу. І нават не трэба кідацца на амбразуру. Можна проста прыйсці на афіцыйнае адкрыццё, узняць сцягі — каб ворагі беларушчыны бачылі, што людзі выступаюць супраць. Калі шчыра, я сам не чакаў, што пяць-сем чалавек, якія прыйшлі са сцягамі на тое адкрыццё, прымусяць афіцыйныя ўлады згарнуць усе святочныя мерапрыемствы. Я спадзяюся, што нашы акцыі і на адкрыцці помніка Леніна, і падчас выступу Салаўёва будуць натхненнем для іншых патрыётаў.

— А якая акцыя паказала, што вашы ідэі, ідэі «Маладога фронту» падтрымліваюцца грамадствам?

— Самай выніковай у нейкім адчувальным вымярэнні была кампанія за наданне бела-чырвона-беламу сцягу статусу гістарычнай каштоўнасці. Гэта быў шэраг пікетаў, у выніку якіх мы сабралі больш за 10 тысяч подпісаў і перадалі іх у Міністэрства культуры, адкуль цяпер чакаем адказу. У падтрымку гэтай кампаніі былі акцыі, звязаныя з бела-чырвона-белым сцягам, — гэта і 14 траўня, і 27 ліпеня, і 25 жніўня, і 19 верасня. Кампанія збору подпісаў разам з гэтымі акцыямі паказала, што можна нават у беларускіх умовах можна выходзіць да грамадства са сваімі ідэямі і каштоўнасцямі, не чакаючы вялікіх электаральных кампаніяў, якія бываюць раз на некалькі гадоў. Мы бачым, што ёсць падтрымка. Я гэта сам бачыў, бо раздаў каля 50 пустых бланкаў розным людзям. І што атрымалася? Нехта вяртаў бланк з адным подпісам. А нехта — з пяццюдзесяццю. Напрыклад, прыйшоў інжынер і сказаў, што падпісаліся ўсе яго калегі, ён іх пераканаў. Ці прыходзілі студэнты і расказвалі, як ім пагражалі за збор подпісаў. Усё гэта прыклады таго, што нашы ідэі маюць падтрымку ў грамадстве. Проста трэба выходзіць і змагацца за іх.

— На ўсіх пералічаных акцыях вы былі цэнтральнай фігурай. І гэта зразумела, бо інакш перамог бы не Зміцер Дашкевіч, а нейкі абстрактны маладафронтавец. Наколькі важны калектыўны складнік у прыдумванні і правядзенні гэтых вулічных дзеянняў?

— Мы плануем дзейнасць «Маладога фронту», і акцыі, прывязаныя да гістарычных падзеяў, зацвярджае наш сойм. Зразумела, што дэталёва мы агучваем планы загадзя, бо ёсць момант супрацьстаяння са спэцслужбамі. Іншыя акцыі, такія як адкрыццё муралу ці паход расейскіх шавіністаў на «Экспабел», — яны намі не планаваліся, адбываліся стыхійна. Я разумеў, што трэба выходзіць, паплечнікі далучаліся.

— Як ставіцца ваша жонка Наста да гэтых акцыяў? З аднаго боку, яна мусіць разумець вас, — сама ж актывістка. З другога — цяпер у вас сям’я, двое дзяцей, а любая акцыя — гэта пагроза калі не арышту, дык штрафу.

— Тут ужо Наста не кажа мне: «Так, каханы мужанёк, ідзі на акцыю, пасядзі ў міліцыі». Натуральна, яна пераймаецца, а праз нешта засмучаецца. Асабліва, калі мяне білі, як тое было на акцыі 7 лістапада. Калі казаць пра час, то большая частка акцыяў яго асабліва шмат не вымагае. Я багата працую, стараюся паболей часу праводзіць і з дзецьмі, і з жонкай. Але, напрыклад, збор подпісаў вымагаў, каб я штодзень некалькі гадзінаў аддаваў гэтай справе. Гэта было запланавана, і Наста паставілася з разуменнем. У нас жа і сям’я склалася на глебе вулічна-турэмных выпрабаванняў. Я вельмі ўдзячны Насце за разуменне і падтрымку. А ўвогуле, я імкнуся сябе стрымліваць што да грамадскай дзейнасці, бо правільнай лічу іерархію каштоўнасцяў «Бог—сям’я—Бацькаўшчына». На жаль, часта бывае, калі людзі, якія аддаюць сябе на справу Бацькаўшчыны, зусім не займаюцца сям’ёй. А пасля ў патрыёта вырастаюць дзеці, якія па-беларуску не размаўляюць. Паўстае пытанне — а для чаго ты гэтым займаўся, калі твае ўласныя дзеці не працягваюць твае ж ідэі? Таму я імкнуся прытрымлівацца іерархіі, якую для сябе выбраў. Але не заўсёды атрымліваецца. Бывае, грашу. Таму я рады, што ў «Маладым фронце» ёсць каманда, якая цяпер бярэ на сябе больш адказнасці, і шмат працы можа рабіцца і без мяне.

— Зміцер, вам 35 гадоў. Палітык у Беларусі ў гэтым узросце павінен адказаць грамадству на важнае пытанне. Ці хацелі б вы стаць прэзідэнтам? Тым больш што кажаце пра падтрымку сваіх ідэяў з боку грамадзкасці і наяўнасць каманды, шэрагу паплечнікаў.

— У нашай краіне якога ні вазьмі палітыка ці актывіста — усе прэзідэнты Беларусі. Я думаю, што трэба правільна рабіць сваю працу і імкнуцца быць паслядоўным. Прыйдзе час — Бог вызначыць, хто на якім месцы павінен быць. Для мяне не ёсць самай важнай мэтай у жыцці стаць прэзідэнтам. Я рэалізую тыя ідэі, якія баляць майму сэрцу. Я малюся і прашу Бога, каб я мог іх правільна рэалізаваць. А прыйдзе дзень — Бог вызначыць, хто на якім месцы павінен быць. У свабоднай дэмакратычнай незалежнай Беларусі я з радасцю б працаваў і на другім, і на трэцім месцы.


www.svaboda.org