Змітра Дашкевіча пакаралі яшчэ адным штрафам
Першамайскі суд Мінска аштрафаваў Змітра Дашкевіча на 1 150 рублёў (гэта амаль 600 долараў). Лідара «Маладога фронту» прызналі вінаватым у непадпарадкаванні законным патрабаванням супрацоўніка міліцыі.

Як паведаміў у сваім акаўнце на Фэйсбуку сам Дашкевіч, яго затрымалі 31 снежня ў 23.30 каля дома. У навагоднюю ноч Дашкевіч з паплечнікамі меркаваў правесці акцыю ў цэнтры Мінска — сустрэць свята з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі.

У судзе, які прайшоў без Дашкевіча, супраць яго сведчылі міліцыянты Максімаў і Панасенка.
Яны заявілі, што ён адмаўляўся прайсці для разбіральніцтва ў Першамайскае РУУС Мінска — «упіраўся нагамі, сядаў на зямлю».
Дашкевіч называе пратакол ілжывым і як доказ выклаў відэа, якое зняў падчас затрымання, паведамляе euroradio.fm.