Беларусізацыя адукацыі неабходна, але яна не павінна стаць карыкатурай
Мова — гэта палітычная прылада, яна кіруе палітычнай прасторай. І калі гэтая прастора не запоўнена сваёй мовай, яна будзе запоўнена чужой.
У Мінску прайшоў сумесны варкшоп Грамадскага Балонскага камітэту і Таварыства беларускай мовы, прысвечаны правам акадэмічных супольнасцяў на выкарыстанне моў навучання. Эксперты сабраліся, каб абмеркаваць, што рабіць далей з моўнай сітуацыяй у адукацыі, а таксама каб сфармуляваць свае пажаданні для новага Кодэкса аб адукацыі.
Права ёсць, выбару няма
Як зазначыла намеснік старшыні ТБМ, дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Алена Анісім, паводле заканадаўства бацькам прадастаўлена магчымасць выбару моў навучання дзяцей. Але на справе пры выбары беларускамоўнага навучання ўзнікаюць праблемы. Дэпутат працытавала адказ аддзела адукацыі Жодзінскага гарвыканкама адной маці, якая загадзя выказала жаданне, каб яе дзіця вучылася ў школе па-беларуску. У адказе гаворыцца, што адкрыццё беларускамоўнага класу магчыма пры наяўнасці не менш 20 адпаведных заяў ад бацькоў. Пры гэтым чыноўнікі спасылаюцца на п.13 арт. 158 Кодэкса аб адукацыі, аднак насамрэч у ім ідзе гаворка пра тое, што колькасць вучняў у класе не павінна перавышаць 20 чалавек. Па словах Алены Анісім, нідзе ў Кодэксе не сказана, што знаходзіць аднадумцаў і збіраць заявы павінны бацькі — гэта праца ўладаў.
“На сённяшні дзень існуе практыка: калі бацькі настойваюць на навучанні дзяцей па-беларуску, яны дамагаюцца гэтага, — зазначыла Алена Анісім у размове з журналістам Службы інфармацыі “ЕўраБеларусі”. — Са свайго боку я бачу гэта крыху інакш: мы можам зрабіць гэта агульнымі намаганнямі. Ёсць патрэба бацькоў, ёсць абавязак органаў адукацыі і ёсць грамадскасць, якая можа дапамагчы ў абмеркаванні гэтай сітуацыі”.
Па словах Алены Анісім, у першую чаргу ўлада павінна нарэшце ўзяцца за выкананне сваіх абавязацельстваў. Бо ніхто не замінае пры адкрыцці новай школы загадзя абвесціць яе беларускамоўнай.
Дарэчы, афіцыйных дадзеных аб колькасці беларускамоўных навучэнцаў у адкрытым доступе не знойдзеш, дэпутат звярнулася па іх у Мінадукацыі, і ёй паведамілі папярэднія дадзеныя. Паводле іх, на беларускай мове ў 2015 — 2016 гг. навучалася 130 717 вучняў. Сёлета — 128 611 вучняў. “Мы бачым змяншэнне колькасці навучэнцаў на беларускай мове, — каментуе лічбы Алена Анісім. — Гэта звязана, перш за ўсё, з тым, што найбольшая колькасць устаноў з беларускай мовай навучання па традыцыі працуе ў сельскай мясцовасці, і яны зачыняюцца з прычыны аптымізацыі. У гарадах функцыянуюць нешматлікія школы і гімназіі”.
У Мінску статус беларускамоўнай гімназіі маюць пяць устаноў. Пры паступленні ў іх існуе конкурс, значыць, навучанне на беларускай мове ўсё ж запатрабаванае. Аднак бацькі дзяцей, што навучаюцца ў такіх установах, адзначаюць шэраг недахопаў у якасці адукацыі, сярод іх — недастатковае валоданне беларускай мовай настаўнікамі-прадметнікамі, адсутнасць камунікацыі на мове настаўнікаў з вучнямі па-за ўрокамі. Ёсць прэтэнзіі да якасці падручнікаў — як правіла, гэта беларускія пераклады з падручнікаў на рускай мове. Алена Анісім лічыць, што варта стварыць конкурс падручнікаў для рускамоўных і беларускамоўных школ, і ў выніку выбраць з іх адзін у якасці ўзору для перакладу.
“Адукацыя — адна з фундаментальных рэчаў для незалежнасці краіны і фармавання эліты. Гэтае пытанне павінна стаяць на самым высокім узроўні”, — пераканана дэпутат.
Студэнты таксама маюць права ствараць плыні для навучання на беларускай мове. На практыцы ж яны не заўсёды могуць згуртавацца для гэтага на першым курсе, а самі навучальныя ўстановы такой магчымасці не прапануюць. Выключэнне — беларускамоўная плынь на гістфаку БДУ, але яна была створана даўно і гэта, хутчэй, працяг традыцыі.
Англійская мова — выйсце ці смерць для нацыянальнай адукацыі?
Эксперт Грамадскага Балонскага камітэту Павел Церашковіч распавёў пра магчымасці і выклікі, з якімі сутыкаецца Еўрапейская прастора вышэйшай адукацыі (ЕПВА) пры выкарыстанні англійскай і нацыянальных моў у навучанні. Аказваецца, з англійскай не ўсё так проста. Нягледзячы на тое, што яна — глабальная, мова бізнесу, навукі, палітыкі, транспарту, а міжнародная адукацыя — англамоўная.
Навучанне на англійскай мове дае, найперш, перавагі ў барацьбе на міжнародным рынку адукацыйных паслуг (хоць і не гарантуе адназначнага поспеху). Да таго ж гэта спрашчае выкананне аднаго з патрабаванняў Балонскага працэсу аб стварэнні ўмоў для акадэмічнай мабільнасці. Сярод плюсоў таксама падрыхтоўка спецыялістаў да акадэмічнай кар’еры і да канкурэнтаздольнасці на глабальным рынку працы, для малых краін — магчымасць заставацца ў мэйнстрыме развіцця адукацыі і навукі.
Але шмат у якіх краінах выкладчыкі і студэнты недастаткова падрыхтаваныя, каб праводзіць заняткі па-англійску. Да таго ж выявілася, што выкладанне не на роднай мове складае перашкоды для засвойвання матэрыялу. Ці варта казаць, што пераход на англійскую можа негатыўна адбіцца на развіцці нацыянальнай мовы.
Але англізацыя, на думку Паўла Церашковіча, — не негатыўная, а цалкам непазбежная рэч.
“Паказальны кейс Ісландыі. Гэта вельмі малая краіна — усяго 321 тысяча чалавек насельніцтва, наша Каменная Горка, Сухарава і Паўднёвы Захад. У Ісландыі пяць універсітэтаў. Трэба дадаць, што ісландскі ўніверсітэт па сваім рэйтынгу знаходзіцца ў сярэдзіне трэцяй сотні ўніверсітэтаў свету. Па колькасці англамоўных курсаў Ісландыя лідар у Еўропе, але пры гэтым мова выкладання ва ўніверсітэтах — ісландская”, — распавёў эксперт.
Многія краіны, зацікаўленыя ў захаванні нацыянальнай мовы, праводзяць адмысловую палітыку аплаты за навучанне. Так, для замежных студэнтаў, якія хочуць вучыцца ў шэрагу краін (Фінляндыі, Чэхіі, Славакіі), навучанне на нацыянальнай мове бясплатнае. А англамоўныя курсы — платныя.
У якасці прыкладу для Беларусі Павел Церашковіч прывёў фінскі досвед. Вядома, што да ХІХ стагоддзя Фінляндыя была падкантрольнай Швецыі, і шведская мова дамінавала ў сферы фінскай адукацыі. Прыход расійскай улады сітуацыю не змяніў. У 1863 годзе Аляксандр ІІ надаў фінскай мове роўныя правы са шведскай, але гэта ні да чаго не прывяло. Напрыканцы ХІХ стагоддзя пачалася русіфікацыя, якая выклікала моцны супраціў і таксама скончылася нічым. Нават калі Фінляндыя стала незалежнай, як да вайны, так і пасля, шведская мова дамінавала. Толькі пазней, дзякуючы рашучым намаганням дзяржавы, фінская мова стала асноўнай. Цяпер афіцыйна ў Фінляндыі дзве дзяржаўныя мовы — фінская і шведская, і ўсе, хто працуюць ва ўніверсітэтах, мусяць ведаць гэтыя мовы аднолькава добра. Для гэтага кожныя пяць год яны здаюць іспыты. Разам з тым Фінляндыя — адзін з лідараў па колькасці англамоўных курсаў у свеце.
“Беларускамоўнае насельніцтва Беларусі цяпер — дыскрымінаваная меншасць. І калі больш-менш у галіне сярэдняй адукацыі правы на беларускамоўнае навучанне забяспечваюцца, у галіне вышэйшай адукацыі гэтых правоў фактычна няма”, — падсумаваў Павел Церашковіч.
Балонскі працэс загаварыў па-беларуску
“Мова — не проста цацка для вузкага кола звар’яцелых інтэлектуалаў. Мова — гэта палітычная прылада, яна кіруе палітычнай прасторай. І калі гэтая прастора не запоўнена сваёй мовай, яна будзе запоўнена чужой”, — перакананы Павел Церашковіч і прапануе тлумачыць гэтую тэзу чыноўнікам ад адукацыі.
Сябра ГБК Уладзімір Дунаеў, узгадваючы неэфектыўнасць папярэдняй спробы беларусізацыі навучання ў 1990-я гады, зазначае: “Трэба, каб беларусізацыя не пераўтварылася ў карыкатуру. Для гэтага неабходна ствараць канкурэнтныя праграмы на беларускай мове”.
Апроч усяго згаданага, мова выкладання — адзін з індыкатараў універсітэцкай аўтаноміі. Сёння выбар мовы выкладання — прэрагатыва заснавальніка (як правіла, гэта Мінадукацыі, а не ВНУ). Эксперты лічаць, што неабходна на заканадаўчым узроўні замацаваць права ВНУ выбіраць мову выкладання.
Увогуле, працэс беларусізацыі навучання ў нашай краіне абяцае быць доўгім і марудным. Тым не менш, грамадзянская супольнасць ужо прыкладае намаганні, каб наша нацыянальная адукацыя магла ўключыцца ў ЕПВА. Так, Грамадскі Балонскі камітэт сумесна з ініцыятывай «Мова нанова» пераклаў гласарый балонскіх тэрмінаў на беларускую мову. На сённяшні дзень у Беларусі няма адпаведнай даведачнай літаратуры па тэме Балонскага працэсу. Выданне гласарыя Балонскага працэсу, на думку аўтараў, паспрыяе замацаванню пазіцый беларускай мовы ў сферы вышэйшай адукацыі.
Як сцвярджаюць аўтары, змест артыкулаў гласарыя суаднесены з беларускім досведам выкарыстання балонскіх інструментаў і патрабаваннямі Дарожнай карты. Прадстаўлены тэкст змяшчае 39 базавых тэрмінаў Балонскага працэсу. Распрацоўшчыкі абяцаюць, што ў далейшым праца над слоўнікам будзе працягнутая.
“Гэта толькі пачатак, — гаворыць Уладзімір Дунаеў. — Наша задача — стварыць корпус нарматыўных дакументаў Балонскага працэсу на беларускай мове”.
Па яго словах, наяўныя рускія пераклады — некарэктныя і няпоўныя, у іх цэлыя раздзелы прапушчаныя без каментароў.
Апроч гласарыя, на сайце ГБК ужо апублікаваныя два пераклады тэкстаў з англійскай мовы — падручнік па студэнтацэнтрызме і кіраўніцтва па выкарыстанні крэдытаў ECTS (заліковых адзінак). Гэта крок да таго, каб Балонскі працэс загаварыў па-беларуску.
Цягам 2017 года плануецца перакласці і апублікаваць усе асноўныя тэксты Балонскага працэсу.
eurobelarus.info