У Гомелі адкрываецца Цэнтр беларускай мовы
У офісе мясцовай філіі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны 5 лютага распачне работу Цэнтр беларускай мовы.
Адкрыццё прымеркаванае да старту другога сезону гуртка ўжытковай беларускай мовы «Лемантар». Пачатак а 12-й гадзіне.
У новым цэнтры плануецца праводзіць сустрэчы і мерапрыемствы па пытаннях беларускай культуры, гісторыі і сучаснасці, заняткі дзіцячага гуртка «Мова дзяцей», кінапаказы, будзе працаваць бібліятэка і куток настольных гульняў.
Да супрацы запрашаюцца прадпрымальнікі, якім неабходна моўная кансультацыя ці дапамога, грамадзяне, неабыякавыя да пытання развіцця беларускай мовы і павышэння яе ролі ў грамадстве, грамадскія арганізацыі і ўсе ініцыятыўныя і творчыя людзі, якім неабходная бясплатная пляцоўка для ўвасаблення сваіх ідэй і правядзення мерапрыемстваў, якія блізкія па каштоўнасцях з ТБМ.
Пры Цэнтры будзе працаваць гарачая тэлефонная лінія па пытаннях абароны правоў беларускамоўных грамадзян.
«У Беларусі расце попыт на ўсё беларускае, Гомель — не выключэнне, але ў другім па велічыні горадзе Беларусі няма грамадскай пляцоўкі для камунікацыі і падтрымкі беларускамоўных. Мы вырашылі ўвасобіць нашу даўнюю мару — мець гарадскі цэнтр развіцця беларускай мовы і культуры, і будзем працаваць над тым, каб цэнтр стаў месцам супрацы. Плануецца працягнуць камунікацыю з прадпрымальнікамі і ўстановамі Гомеля, мы будзем прапаноўваць ім нашу прафесійную дапамогу па пашырэнні сферы ўжывання беларускай мовы ў паслугах, таварах, рэкламнай прадукцыі, дакументазвароце», — кажа кіраўнік Рады Гомельскай філіі ТБМ Алеся Аўласевіч.
Адрас: вул. Кірава 3, пакой 1-8 (1 паверх). Даведкі па тэл +37529-908-91-62.
Гомельская філія ТБМ займаецца правядзеннем культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў, нефармальнай беларускамоўнай адукацыяй, маніторыць прысутнасць беларускай мовы на вуліцах і ва ўстановах горада. Дзейнасць арганізацыі адлюстравана на сайце Kli4nik.info у Vk.
Па пытаннях звяртайцеся на +37529-908-91-62 (Алеся) або gomeltbm@gmail.com
Паводле nashkraj.info