Дзядзька Рыгор. Дзённік выбраных сустрэч

 "Я заўсёды паўтараю, што беларусы — эксперыментальная нацыя ў Бога. І калі робіцца эксперымент, дык ён робіцца на добры вынік. Толькі пытанне: колькі будзе працягвацца гэты эксперымент? Аднак не вечна ж будзе цягнуцца такая ноч"...



3_z_niakliajevym_i_buraukinym_logo.jpg

Разам з Уладзімірам Някляевым і Генадзем Бураўкіным

2006

23 сакавіка. У гэтыя дні на Кастрычнікай плошчы ў Мінску начуюць людзі — на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Разам з маім сябрам Андрэем Палудам, які таксама начуе на плошчы, былі ў Барадуліна ў бальніцы, расказалі пра апошнія падзеі — колькі чалавек затрымана, якое беззаконне адбываецца, бо гвалтоўна затрымліваюць і садзяць нават тых, хто нясе ежу пратэстоўцам. Барадулін падпісаў сваю новую кнігу «Быць! To Be!» Андрэю: «Нязломнаму, мужнаму змагару Андрэю Палуду — з захапленьнем! Жыве Беларусь!»

24 сакавіка. Быў у Барадуліна ў бальніцы — прыносіў вычытаць тэкст яго звароту, які Андрэй Палуда павінен перадаць кандыдату ў прэзідэнты Аляксандру Мілінкевічу, каб ён зачытаў падчас мітынгу. Дзядзька Рыгор ужо ведаў, што сёння ноччу АМАП ліквідаваў намётавы гарадок на Кастрычніцкай плошчы; па розных ацэнках, затрымана ад 200 да 300 чалавек. Андрэя не затрымалі толькі таму, што ён у той момант не быў на плошчы. Казаў пасля, што яны мелі інфармацыю пра тое, што намётавы гарадок збіраюцца ліквідаваць толькі наступнай ноччу. Цяпер жа дужа перажываў, што яго не арыштавалі разам з іншымі. Выслухаўшы гэта, Барадулін прасіў перадаць, каб ён выкінуў гэтыя думкі з галавы, казаў, мудра ўсміхнуўшыся: «Перадайце: трэба быць на волі, каб рыхтаваць волю».

Ніжэй тэкст звароту, падмуркам для якога сталася маё з Барадуліным інтэрв’ю двума днямі раней:

«Каб не мае гады і здароўе дазваляла, я таксама прыйшоў бы цяпер на плошчу. Але душою я разам з вамі.

Уладам даўно трэба было б задумацца, чаму так адбываецца ў нашай краіне: чаму моладзь выходзіць на плошчу?.. Таму што яна сама хоча вырашаць уласны лёс, сама хоча будаваць сваю дзяржаву.

Я заўсёды паўтараю, што беларусы — эксперыментальная нацыя ў Бога. І калі робіцца эксперымент, дык ён робіцца на добры вынік. Толькі пытанне: колькі будзе працягвацца гэты эксперымент? Аднак не вечна ж будзе цягнуцца такая ноч — і на Беларусі паўстане раніца. Тым больш, што сёння жаданне набыць свабоду моцнае як ніколі дагэтуль. І не меней моцная надзея, што сумеснымі высілкамі свабоды мы зможам дабіцца. На карысць гэтага сведчыць тое, якія неадэкватныя да злачыннасці меры прадпрымаюцца цяпер уладамі. Гэта азначае, што ўлада, урэшце, адчула, што яна — не вечная... Я прыгадваю свае маладыя гады — у той час мы збіраліся па некалькі чалавек і на кухнях. І ніколі не было, каб на вуліцы выходзіла такая колькасць людзей, колькі ўвесь гэты тыдзень збіралася на плошчы.

Наогул кажучы, з нашай свабодай тая ж сітуацыя, як і з нашай мовай: колькі б яе ні тапталі, колькі б яе ні дратавалі, яна ўсё роўна прабіваецца праз усе пласты ціску і прыгнёту — як тая трава, якая, імкнучыся на волю, прабівае асфальт. Пры гэтым імкненне да волі рухае кожнай травінкай. І наогул, усё жывое прагне волі. І чым больш яго ціснуць, тым больш яно пярэчыць. Так і маладыя нашы — яны не хочуць скарыцца. Але дзеля таго трэба мець свабодную душу — нельга пускаць душу ў няволю. І тады волі яна абавязкова даб’ецца.

За нашу Волю!

Жыве Беларусь!

Рыгор Барадулін».

30 лістапада. У Палацы мастацтва адбылася творчая вечарына Генадзя Бураўкіна з нагоды яго жнівеньскага 70-годдзя. Прыйшоў і казаў слова таксама і Барадулін: «Шаноўнае спадарства, віншую вас са святам паэзіі, са святам паэзіі Генадзя Бураўкіна. (Апладысменты.) Генадзь Бураўкін — гэта цэлая эпоха ў нашым Адраджэнні. Там, дзе быў Генадзь Бураўкін, была Беларушчына. Дзе б ён ні працаваў, там была Беларушчына. Генадзь Бураўкін зрабіў беларускім тэлебачанне. Генадзь Бураўкін некалькі дзесяцігоддзяў калыхаў нашых дзяцей — будучых барацьбітоў за Беларушчыну сваёй “Калыханкай”. Дзякуй табе… [(Апладысменты.) Бураўкін: “Вы рабіце, мы вам падпяём”. (Смех у залі.)] Генадзь Бураўкін у свой час зрабіў часопіс “Маладосць” лепшым, прэстыжным часопісам Беларусі, дзе гартаваліся беларускія кадры паэзіі. Генадзь Бураўкін, калі быў у ААН, першы падаў руку нашай эміграцыі літаратурнай. Там, дзе быў Бураўкін, была мудрасць і павага. Генадзь Бураўкін, як паэт, як палітык шырокага маштабу — пасля Адамовіча і Васіля Быкава, — знакавая постаць у нашым беларускім жыцці. Вершы Генадзя Бураўкіна трэба чытаць душой, ён не піша вершаў — ён іх выдыхае. Ён піша, што “іду да вершаў пешшу”. Я яму пажадаю, каб ён яшчэ доўга, каб яго ногі [на запісу неразборліва] да выдатных вершаў. (Апладысменты.) 28 жніўня гэтага года ў нуль тры я пісаў верш яму, я пачытаю:

Вырай зорны

Генадзю Бураўкіну

Хай час рукой прысталай

Круціць жорны

І пыцель высыпае

Нам на скроні.

На шлях дабраслаўляе

Вырай зорны,

Мы ў найжаданейшым

Самапалоне

Крывіцкае зямлі

І наскай мовы.

Пакуль з дазволу Звышняга

Жывыя,

Схіляем перад воляю галовы.

А хіжы здраднік

Хай ад злосці вые.

І дрэва Беларушчыны святое

Падрыць не змогуць

Прыхадні лычамі.

Не звыклі быць

Ні ў кога пад пятою

Усе, хто ў свет прыходзіць

Крывічамі!

У заключэнне такая:

І ў Запарожжы, і ў Канадзе

Чытаюць і пяюць Генадзя.

Ёсць у класіцы папраўкіна

Неўтаманавага Бураўкіна».

          

1_na_vozeri_vechalle_logo.jpg

Рыгор Барадулін на беразе вушацкага возера Вечалле 

2007

22 лютага. Тэлефанавала Ала Сакалоўская, укладальніца кнігі «Ксты», — Барадулін у рэанімацыі. А восьмай раніцы ў яго быў прыступ, Сакалоўская ж пазваніла яму а адзінаццатай. Мусіць, гэты званок і выратаваў яго. Справа ў тым, што ўчора я бачыў у «Акадэмкнізе» кнігу пра паэтыку Барадуліна, пра што і казаў яму ўвечары. Тады ж ён папрасіў Сакалоўскую набыць гэтую кнігу, але Ала Станіславаўна, забыўшыся назву, сёння нараніцы пазваніла, каб удакладніць. Валянціна Міхайлаўна адказала, што Барадулін спіць. Сакалоўская патэлефанавала яшчэ раз праз пятнаццаць хвілін. Валянціна Міхайлаўна пайшла будзіць, аднак Барадулін быў у непрытомнасці, і Валянціна Міхайлаўна выклікала «хуткую дапамогу».

28 лютага. Званок ад Алы Станіславаўны: у Барадуліна пнеўманія самой цяжкой формы, ставяць па шэсць кропельніц у дзень. Сакалоўская казала яшчэ, што дзядзька Рыгор перадаў ліст з вершам пра Хрыста, які напісаў чатыры дні таму. Яго сутнасць: гэта Бог пакінуў Барадуліна на зямлі. Пасля ўжо даведаюся, што размова ішла пра верш «Як па сухому…» (калі пазней убачыў дзядзьку Рыгора, дык ён сказаў: «Я ўсё думаў, што ён мне сніцца, і баяўся, што забуду яго, паколькі не было чым запісаць»):

Дзень, як сын дачаканы, падрос.

Ціша стому вярнула дадому.

І ступаў малады Хрыстос

Па вадзе, як па сухому.

…………………………

Ростань выкне вініць успамін.

У сустрэчы сцежка крывая.

Калі Госпаду верыш, як Сын,

Дык цябе і вада трымае…

2 сакавіка. Быў у Барадуліна ў бальніцы, папрасіў адказаць на некалькі пытанняў для «Народнай волі»:

— Ці памятаеце, што з вамі здарылася?

— Не памятаю. Справа ў тым, што першыя два дні я думаў, што гэта мне толькі сніцца, і ўсё хацеў пераказаць гэты сон. Ужо калі спытаў, дзе знаходжуся, пачуў у адказ, што ў бальніцы.

— Напэўна, гэта Бог дазволіў вам яшчэ пажыць.

— Так-так, гэта Усявышні дазволіў мне пабыць на гэтай зямлі і нешта дарабіць. Мне шмат што яшчэ хочацца зрабіць. Самы галоўны мой клопат — гэта «Вушацкі словазбор». Дый вершы хочацца яшчэ пісаць. Думаю, што Усявышні таму і дазволіў мне яшчэ пажыць, каб я паспяшаўся завяршыць свае зямныя справы…

2_baradul_n_logo.jpg

Рыгор Барадулін

2009

14 сакавіка. Прывёз Барадуліну першы том сваёй кнігі пра Васіля Быкава. Гаварылі пра задуму маскоўскага выдаўца Барыса Пастэрнака (які, дарэчы, паходжаннем з Беларусі) падрыхтаваць кнігу выбранай паэзіі Барадуліна да яго 75-годдзя (Алесь Пашкевіч прапанаваў зрабіць яе білінгвічнай, беларуска-рускай). Дзядзька Рыгор не быў супраць таго, каб укладальнікам кнігі выступіў я. Разам выбралі яго кнігі на рускай мове. Барадулін прасіў найперш звярнуць увагу на пераклады. Што ж тычыцца беларускіх арыгіналаў, дык казаў у некаторай разгубленасці: «Лепш жа я не напішу…» Апроч таго, папрасіў перадаць ліст Б. Пастэрнаку:

«Дорогой Борис!

До глубины души тронут вашим вниманием. Спасибо, что не забыли непоправимого мечтателя, который верит до седой бороды, что поэзия ещё кому-то нужна!

Низкий поклон!

Рыгор».

3 мая. Патэлефанаваўшы Барадуліну, папрасіў яго сказаць колькі слоў з выпадку сямейнага юбілею Юліі Якаўлеўны і Генадзя Мікалаевіча Бураўкіных (яны разам пяцьдзясят гадоў). Дзядзька Рыгор прасіў перазваніць пазней і ўжо ўвечары прачытаў:

Чароўная Юля і мудрэйшы Генадзь,

Ад гэтага юбілею

Яшчэ два дзясяткі гнаць,

Хай чорная зайздрасць шалее.

Лагоды і згоды

Вам назаўсёды!

17 кастрычніка. Калі быў у Барадуліна, не стрымаўшыся, заўважыў адносна яго перакладаў: «Дзядзька Рыгор, чытаю вас па-беларуску і разумею: вялікі паэт; чытаю па-руску і бачу: сярэдненькі паэт». На гэта Барадулін нечакана адказаў: «Я ведаю. Па-руску я шэранькі паэт». Праўда, абодва мы сышліся на тым, што найлепшы яго перакладачык — гэта, канешне, Ігар Шклярэўскі.

Пачатак ТУТ і ТУТ

Фота Сяргея Шапрана