«Фестываль – яго дзіця, а без яго». Людміла Карпенка — пра мужа, навукоўца, палітыка

6-7 чэрвеня па традыцыі мог бы адбыцца Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне. Вы памятаеце, хто стаяў ля вытокаў яго стварэння? Дзякуючы каму ў Маладзечне амаль няма вуліц з савецкай назвай, затое ёсць помнік «Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі»? Хто вёў дакументацыю ЗПМ на беларускай мове і ў канцы 1980–х пачатку 1990-х аднолькава паспяхова развіваў і гэтае прадпрыемства, і маладзечанскі футбол?

Генадзь Карпенка

Генадзь Карпенка

Пра былога дырэктара завода парашковай металургіі, старшыню Маладзечанскага гарвыканкама, палітыка, навукоўца, мужа і бацьку Рэгіянальная газета пагутарыла з жонкай Генадзя Карпенкі Людмілай. Праз пару год пасля смерці мужа яна разам з дзецьмі вымушаная была з’ехаць у Германію. І ад пачатку 2000-х жыве ў Франкфурце-на-Майне.
– Спадарыня Людміла, раскажыце, чым вы жывяце сёння?
– Апошнія гады я жыву ціхім жыццём. Яно асабліва нічым не вызначаецца. Жыву ў кватэры ў адным з мік­рараёнаў Франкфурта. У гэтым жа горадзе жыве наша дачка Таццяна са сваёй дачкой Насцяй. Таццяна працуе, Насця – студэнтка. Шмат часу праводжу з імі, дапамагаю па гаспадарцы. А яны мне дапамагаюць разабрацца з дакументамі ў нямецкай бюракратычнай сістэме. Часам разам падарожнічаем. У іншым нямецкім горадзе, у Кёльне, жыве сын Дзмітры з сям’ёй. З жонкай гадуюць дваіх дзяцей. Яшчэ адна мая ўнучка, Ганна, – дачка Дзмітрыя ад першага шлюбу – жыве ў Мінску. Звычайна яна прыязджае да нас некалькі разоў на год.
Прыемна, што Аня – па спецыяльнасці фізік. Працягвае дынастыю дзядулі і баць­­кі.
У Германіі жывём ужо 17 гадоў. Часта прыгадваю мінулае. Цяпер у мяне два жыцці – адно ў Беларусі, дзе я нарадзілася, вучылася, дзе сустрэла і страціла каханне. А другое тут – у Германіі, дзе жыву цяпер я, нашы дзеці і ўнукі.
– А давайце больш падрабязна пра каханне. Раскажыце, як пазнаёміліся з Гена­дзем, як развіваліся вашы адносіны?
– Яшчэ падлеткам, калі жыла з бацькамі ў Нясвіжы, мы з сяброўкамі любілі марыць, якім у кожнай з нас будзе муж. Я неяк сказала, што мой абраннік будзе разумны, прыстойны і абавязкова мець саліднае становішча ў грамадстве. Так яно ўсё і сталася. Ужо потым, у сямейным жыцці, Генадзь жартам гаварыў пры чарговай сваёй перамозе ў навуцы, у палітыцы ці ў іншай галіне:
Пазнаёміліся студэнтамі. Пасля школы я паступіла ў тагачасны інстытут народнай гаспадаркі. Была вясёлай, кампанейскай. Знахо­дзіла магчымасць прыгожа апранацца. Хоць у савецкі час у адзенні была аднастайнасць і суцэльныя чорна-карычневыя колеры. Памятаю, па часопісе «Бурда» з мамінага паліто пашыла сабе модныя штаны. Хлопцы звярталі на мяне ўвагу, і да 20 гадоў я ўжо мела чатыры прапановы выйсці замуж. Але я чакала сапраўднае каханне. Адчувала, што гэтыя хлопцы – не мае.
У 1970-я гады студэнты любілі хадзіць у кіно. Стаяла ў чарзе за білетамі. Да мяне падышлі два хлопцы. Гэта быў Генадзь – тады студэнт політэхнічнага інстытута – са сваім сябрам.
Мы пазнаёміліся, але месцы ў зале былі не побач, таму пасля кіно разбегліся.
Пасля летніх канікулаў зноў сустрэліся выпадкова, калі я ішла пасля заняткаў з інстытута. Тады мы пагутарылі, і будучы муж пачаў прызначаць мне спатканне. Я адразу не пагаджалася, бо ў мяне ўжо быў хлопец. Але ўрэшце сказала, што, калі хоча, можа сустрэць мяне ў новым навучальным годзе 1 верасня каля інстытута. На тым і разышліся. Скончыўся навучальны год, прайшлі летнія канікулы. І вось 1 верасня я выходжу з інстытута і… бачу высокага хлопца з кветкамі. Гэта было вельмі кранальна. Пачалі сустракацца. Потым Генадзь падшукаў мне кватэру ў сваякоў.
– Прапанову рукі і сэрца памятаеце?
– Аднойчы мы пасварыліся. Не сустракаліся некалькі месяцаў. А потым Генадзь, як у першы раз, прыйшоў з кветкамі да інстытута. І мы адразу пайшлі ў ЗАГС. Падалі заяву. Шыкоўнага вяселля не было. На роспіс пайшлі я, Гена і яго аднакурснік. Пачалі жыць з бацькамі Генадзя ў Мінску, на вуліцы Нахімава – пяць чалавек у аднапакаёвай кватэры ў старым двухпавярховым доме.

Генадзь Карпенка з жонкай Людмілай, rh.by

Генадзь Карпенка з жонкай Людмілай, rh.by

– Раскажыце пра сям’ю мужа.
– Маці Генадзя – Вера Розум – родам са Смалявічаў. У 14 год адчула, як гэта – быць дачкой ворага народа. Яе бацьку, простага будаўніка, савецкія ўлады асудзілі на дзесяць год. Падчас вайны была ў канцлагеры ў Германіі. Адсюль – падарванае здароўе.
Бацька, Дзмітры Карпенка, родам з Ленінграда, з сям’і дыпламатаў. Ён быў вельмі адукаваны і інтэлігентны чалавек.
– А што пра сваё дзяцінства муж вам распавядаў?
– Казаў, што дзяцінства прайшло ў рабочым раёне Мінска. Бацька яго працаваў майстрам на велазаводзе, а маці была гаспадыняй. Жылі вельмі сціпла, на ­адзін заробак. Маці брала замовы і шыла ад вечара да ранку, але гэта не вельмі ратавала. На летніх канікулах любіў бываць у бабулі ў Смалявічах. Прыгадваў, што яна гатавала вельмі смачную бабку з салам. Казаў, што такую ж каштаваў дарослым у гасцях у маці дэпутата Вярхоўнага Савета 12-га склікання Сяргея Антончыка.
Да пятага класа Гена быў выдатнікам. Толькі паводзіны былі не вельмі. Вуліца рабіла сваю справу. З раніцы да вечара хлопцы гулялі на капейкі, лазілі за цукеркамі на фабрыку «Камунарка», біліся «вуліца на вуліцу», ганялі ў футбол. Па словах Генадзя, многіх хлопцаў такая фанатычная любоў да футбола выратавала ад крымінальшчыны. І ўсё ж з-за хуліганства сына бацькоў часта выклікалі ў школу.
У бацькі быў вельмі дзейсны метад выхавання – ён выстрыгаў валасы на галаве сына пасярэдзіне – пад Леніна. Казаў: «Раз ты такі разумны, дык і насі прычоску, як у Леніна. Ён таксама быў ра­зумны».
Пасля школы Генадзь з другой спробы паступіў у Беларускі політэхнічны інстытут (цяпер БНТУ), год адпрацаваўшы на заводзе імя Вавілава.
Раскажыце, як Генадзь Дзмітрыевіч прыйшоў у навуку.
– Захапіўся ёй яшчэ са студэнцтва. На чацвертым курсе ўзначальваў навукова-тэхнічнае студэнцкае таварыства на факультэце. Вечарамі, а то і начамі праседжваў у лабараторыі. Даследаваў каразійную трываласць пакрыццяў. Яго даследчую працу пасля заканчэння інстытута прызналі лепшай студэнцкай працай у Беларусі і адзначылі ганаровым дыпломам Міністэрства народнай адукацыі. Генадзя, маладога спецыяліста, размеркавалі на працу ў інстытут ядзернай энергетыкі Акадэміі навук Беларусі.
– Напэўна, ваш муж быў мэтанакіраваным чалавекам?
– Яшчэ якім. Ніхто не мог яго адцягнуць ад пастаўленай мэты. Уявіце: у яго ў папцы ляжаў графік – намаляванае ад рукі дрэва дасягненняў у жыцці па гадах. І ўсё выконвалася. У 32 гады – кандыдат тэхнічных навук. У 39 гадоў – дацэнт на кафедры фізікі цвёрдага цела. У 41 год – доктар тэхнічных навук. У 44 – лаўрэат Дзяржпрэміі. У 45 – член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі. Вяршыня дрэва – Прэзідэнт Акадэміі навук.
І гэта споўнілася б, калі б ён застаўся ў навуцы, калі б не палітыка.
26-гадовы вучоны-­ядзершчык, Генадзь, пачаў ездзіць у Польшчу кіраўніком групы для правядзення выпрабаванняў ядзернага гаручага на рэактары «Марыя».
– Пачаліся частыя замежныя каман­дзіроўкі?
– Так. Мы не паспявалі жыць. Яго не было тыднямі. Але заўсёды прыязджаў з падарункамі. Прывозіў шмат чаго з адзення, бялізны.
Разам з падарункамі прывозіў і лісты, напісаныя для мяне ў дні расстання.
– На выхаванне дзяцей у бацькі часу хапала?
– Да дзяцей Генадзь ставіўся проста з вар’яцкай любоўю. Ён не ха­дзіў на бацькоўскія сходы, але заўсёды быў у курсе іх паспяховасці. Кожны тыдзень захо­дзіў у настаўніцкую, быў знаёмы з настаўнікамі нашых дзяцей.
– Бацька караў дзяцей, калі не слухаліся?
– Часцей гэта выпадала на маю долю. Калі дзеці пасталелі, то заўвагі рабіў жартам, але яны выдатна яго разумелі.
Генадзь не апекаваў іх, казаў: «Я ўсяго ў жыцці дасягнуў сам, і вы давайце самастойна».
– Ну і, нарэшце, пра Маладзечна. Як гэты горад з’явіўся ў вашым жыцці?
– Гэта быў 1987 год. Генадзь аб’явіў, што з’язджае працаваць у Маладзечна. Я і дзеці ўспрынялі гэта ў штыкі. Як? Мы застаёмся адны: я, дзеці і хворая мама. Але ён цвёрды, яму гэта было неабходна для сама­сцвярджэння, для практыкі, для ведаў, для будучыні і кропка. Генадзь з’ехаў. Жыў у кватэры, прызначанай для камандзіровачных завода. Дадому прыязджаў раз на тры-чатыры дні.
– А вы ездзілі да мужа ў Маладзечна?
– Калі была магчымасць у мяне і ў дзяцей. Але там мы былі самі па сабе. Генадзь прыходзіў на завод першым і сыходзіў, мабыць, апошнім. Мы, праседзеўшы ў кватэрцы або паха­дзіўшы ў ваколіцах завода, вярталіся ў Мінск.
– Атрымоўваецца, на ЗПМ Генадзь Дзмітрыевіч сам захацеў?
– Так. Ён тады быў начальнікам аддзела ў інстытуце парашковай металургіі ў Мінску.
У аддзеле ўвесь час казалі аб праблемным заводзе ў Маладзечне. Здымалі дырэктара за дырэктарам, завод не выконваў план. Вось Гена і падумаў: няўжо там усё так безнадзейна?
І сам сказаў свайму кіраўніцтву, што хоча кіраваць заводам. Кіраўніцтва было не супраць. Сказалі: едзь раніцай у Мала­дзечна, прымай завод. Але там не ўсё было проста. Як прыгадваў Генадзь, супраць чужынца выступілі ў Маладзечанскім гаркаме партыі, і ў абкаме.
Тады Генадзя прадставілі рабочым завода і прапанавалі самім вырашаць: ці патрэбны ім такі кіраўнік. Усё ж перабудова пачыналася.
Рабочыя доўга слухалі яго, задавалі пытанні, не заўсёды простыя. І ўрэшце, паверылі Генадзю.
Так у 37 гадоў ён узначаліў завод.
– Як муж прыгадваў гэты досвед?
– Гэта былі добрыя ўспаміны.
Генадзь лічыў, што на ЗПМ у яго атрымалася дабіцца першых сапраўдных вынікаў у жыцці.
Ён прыйшоў на прадпрыемства з нізкім тэхнічным узроўнем, неэканамічнымі падыходамі. З усім гэтым давялося змагацца. Напрыклад, ён даведаўся, што на прадпрыемстве было шмат найноўшага абсталявання. Яго закупілі, але не выкарыстоўвалі. Са сваімі памочнікамі ён сканцэнтраваў сілы на тым, каб абсталяванне запрацавала. Сталі выпускаць вырабы, якія прыносілі эканамічную выгаду. Забаранілі выпуск эканамічна неэфектыўнай прадукцыі. Заробак начальнікаў прывязалі да заробку рабочых.
Сітуацыі, калі заробак начальніка павышаецца, а рабочага паніжаецца, не магло быць.
Калі змяншаўся заробак рабочых, змяншалася прэмія ў кіраўніка. Таму начальнікі цэхаў сачылі, каб рабочыя добра зараблялі.
– Ці хапала дырэктару завода часу на любімы футбол?
– А як жа? На заводзе спорту надавалі вялікую ўвагу. Работнікі ганарыліся футбольнай камандай «Металург», якую трэніраваў вядомы футбаліст, былы гулец зборнай СССР і мінскага «Дынама» Сяргей Бароўскі.
Тады ж у 1980-я Генадзь наладзіў партнёрскія сувязі з нямецкім горадам Эслінгенам.
– Калі ж Генадзь Карпенка стаў палітыкам?
– 4 сакавіка 1990 года былі выбары народных дэпутатаў Беларускай ССР і народных дэпутатаў мясцовых Саветаў – першыя альтэрнатыўныя выбары ў Беларусі. У маладзечанскай Купалаўскай выбарчай акрузе фаварытам быў дырэктар ЗПМ Генадзь Карпенка.
Па яго ўспамінах, ужо на першым туры галасавання яго абралі дэпутатам Вярхоўнага і гарадскога Саветаў. Рабочыя давяралі яму, бачылі, як ён працуе: на завод прыходзіў а шостай раніцы, сыходзіў позна ўвечары, а часам і ноччу.
Першы Вярхоўны Савет 12-га склікання прывёў у палітыку тых людзей, якія вызначылі будучыню краіны на многія гады.
Было нямала светлых асобаў, сапраўдных патрыётаў, разумных і сумленных людзей, якія прыйшлі на высокую дзяржаўную службу не дзеля асабістай карыслівасці.
Сярод іх быў і Генадзь. Яго адразу заўважылі ў Авальнай зале Дома ўрада, абралі сябрам Прэзідыума Вярхоўнага Савета, старшынёй пастаяннай камісіі па навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе.
– І ўсё ж у Маладзечна ён вярнуўся.
– Так. У 1991 годзе да яго прыехала цэлая дэлегацыя з Маладзечна з просьбай стаць старшынёй выканкама горада. Генадзь прыняў запрашэнне маладзечанцаў і вырашыў пакінуць пасаду старшыні парламенцкай камісіі і члена Прэзідыума Вярхоўнага Савета і ўзначаліць ужо не завод, а цэлы горад. Даў згоду на адзін тэрмін – чатыры гады. Як вырашыў, так і зрабіў.
Пра Маладзечна падчас кіравання Генадзя Карпенкі загаварылі, як пра Горад Сонца. Па насычанасці і ўзроўні жыцця горад пачынаў пераўзыходзіць сталіцу. І лепш пра гэта могуць расказаць тыя, хто тады быў побач з Генадзем. Яго калегі па гарвыканкаме прыгадвалі, што за 1992 год з маладзечанскіх прадпрыемстваў звольнілі каля дзесяці тысяч чалавек.
А новы старшыня гарвыканкама адкрыў шлюзы для свабоднага прадпрымальніцтва.
Стварылі каля тысячы розных малых прадпрыемстваў, на якія і ўладкаваліся практычна ўсе звольненыя работнікі. У горад прыйшлі флагманы эканомікі. Тут прысутнічала 16 банкаў. У горадзе ладзілі ўнікальныя культурныя праграмы, развіваўся спорт.
Узвялі гарадскі стадыён, футбольны клуб «Маладзечна» грымеў на ўсю краіну.
Калегі прыгадваюць, што ў кіраванні Карпенка рабіў стаўку на маладых і таленавітых.
А яшчэ пры ім у гарвыканкаме працавалі прадстаўнікі розных палітычных сіл: камуністы, партыя народнай згоды, сацыял-дэмакраты, БНФ. Але палітычныя погляды таго не адбіваліся на выніках працы.
– Зноў сталі рэдка бачыцца. Так?
– Так. Генадзь стаў жыць у трохпакаёвай кватэры ў Маладзечне. Ён у адным пакоі, у другім – Віктар Ганчар, якога Генадзь запрасіў на пасаду свайго першага намесніка. Мы з дачкой прыбіралі новую кватэру ад будаўнічага смецця, стараліся акультурыць для мужчын жыллё. Для працы ў гарвыканкаме Генадзь падабраў сабе каманду – маладых, разумных, энергічных людзей.
– Першы фестываль беларускай песні і паэзіі памятаеце?
– Канешне. Упершыню фестываль беларускай песні і паэзіі прайшоў у 1993 годзе. Канцэрты былі на стадыёне, замест грымёрак – распранальні спартсменаў. Усе цяжкасці арганізацыі першага і наступных фестываляў ляглі на плечы Генадзя. Ён далучыў да свята Міхаіла Фінберга.
Мэтай правядзення фестывалю было далучэнне да беларускай музыкі, паэзіі, мовы, папулярызацыя творчасці сучасных паэтаў і кампазітараў, пошук таленавітых выканаўцаў і пашырэнне творчых кантактаў.
Генадзь павінны быў падумаць аб прызах пераможцам і не з казны горада, а за кошт добраахвотных ахвяраванняў бізнесменаў. Пераможцай конкурсу маладых выканаўцаў ў 1993 годзе стала Алена Саўленайтэ. Яна атрымала аўтамабіль ВАЗ-2109.
А яшчэ ў 1993 годзе па ініцыятыве старшыні гарвыканкама правялі баль для медалістаў-выпускнікоў маладзечанскіх школ.
Для кожнага з іх прадугледзелі прэмію ў 10 тысяч рублёў, як і для іх класных кіраўнікоў і дырэктараў школ.
Каб было зразумела, што гэта за грошы, скажу: мой заробак тады быў 70 тысяч рублёў. Дзеці былі ў захапленні. На баль прыехалі зоркі эстрады, спяваў Аляксандр Саладуха. Прычым па поўнай праграме – ад 18 да 24 гадзін.
– Чаму Генадзь Дзмітрыевіч сышоў з пасады?
– Генадзь выканаў абяцанне, дадзенае маладзечанцам – узначальваў Маладзечна адзін тэрмін – ад 1991 да 1994 года. Потым Лукашэнка пашырыў паўнамоцтвы, змяніўшы шэраг артыкулаў Канстытуцыі. У тым ліку прызначэнне кіраўнікоў мясцовай улады было цяпер па яго ўказе, а не шляхам галасавання жыхароў.
Генадзь не хацеў быць прызначаным, ды Лукашэнка і не прызначыў бы яго.


– Ці прыгадваў Генадзь Дзмітрыевіч Маладзечна пасля?
– Маладзечна да канца дзён заставалася для Генадзя яго любоўю.
Ён сачыў за тым, што адбывалася ў горадзе пасля яго сыходу, перажываў і за няўдачы футбольнага клуба, і за фэсты, якія перасталі быць святамі. Хваляваўся, што людзі там, як і ўсюды, гублялі веру ў заўтрашні дзень.
І быў рады, калі маладзечанцы па старой звычцы звярталіся да яго па дапамогу. Ён стараўся з усіх сіл дапамагчы кожнаму, нікога не пакінуць сам-насам са сваёй бядой.
Падчас трансляцыі маладзечанскага фестывалю па тэлебачанні Генадзь засяроджана ся­дзеў на канапе, неадрыўным позіркам глядзеў у тэлевізар і каментаваў: вось гэты хлапчук з дзіцячага дома, а вось гэтая дзяўчынка на мінулым фэсце атрымала прэмію.
У мяне сціскалася сэрца ад несправядлівасці да яго. Фестываль – яго дзіця, а без яго.