Фіёна Гіб: «Я пакідаю Беларусь з цяжкім сэрцам»

Пасол Вялікабрытаніі ў Рэспубліцы Беларусь Фіёна Гіб 23 жніўня пакідае Беларусь, каб працягнуць сваю дыпламатычную кар’еру ў новай якасці. Перад ад’ездам спадарыня Гіб падзялілася сваімі ўражаннямі з чытачамі НЧ.

68336817_2410428192384289_3348153399253139456_n.jpg

— Тры з паловай гады ў Беларусі прайшлі на адным дыханні або цягнуліся доўга і нудна, і вам хацелася хутчэй з’ехаць?

— Тры з паловай гады праляцелі надзвычай хутка. Гэта былі вельмі цікавыя гады, і я пакідаю Беларусь з цяжкім сэрцам. Шкада, што я з’язджаю, але гэта наша дыпламатычнае жыццё.

— За гэты час вы зрабілі вельмі шмат. Было рэалізавана мноства цікавых праектаў, але, можа быць, пра нейкія з іх вы б хацелі распавесці асабліва?

— Гэта праўда, мы рэалізавалі даволі шмат праектаў. Хоць Вялікабрытанія не з’яўляецца буйным донарам у параўнанні, напрыклад, з Еўрасаюзам ці ЗША, у плане фінансавання праектнай дзейнасці. Але мы працавалі разам з ААН па тэме хатняга гвалту і супрацоўнічалі з Міністэрствам унутраных справаў па гэтай тэме — яно, дарэчы, з’яўляецца нашым важным партнёрам. Таксама цяпер ідзе праект сумесна з ЮНІСЕФ. Гэта праект па ювенальнай юстыцыі. У яго межах мы супрацоўнічаем з мясцовымі ўладамі, каб распрацаваць альтэрнатыўныя турэмнаму тэрміну варыянты. Вядома, гэта залежыць ад цяжкасці злачынства, аднак альтэрнатыўныя спосабы пакарання могуць быць рашэннем. Турэмны тэрмін для маладых людзей з’яўляецца дрэнным пачаткам іх жыцця, і альтэрнатыўныя спосабы пакарання дазволілі б ім пазбегнуць гэтага.

Таксама яшчэ адна са сфераў, над якой мы працавалі, — гэта медыя. Мы працавалі як з дзяржаўнымі, так і з недзяржаўнымі СМІ. Адзін з рэалізаваных намі праектаў — паляпшэнне лічбавых навыкаў медыя ў рэгіёнах. І мы збіраемся працягваць факусавацца на тэме медыя, у большай ступені — недзяржаўных. І ў дадатак да гэтага ў нас плануецца праект па навучанні дзяржаўных прэс-сакратароў або супрацоўнікаў прэс-аддзелаў.

Мы таксама рэалізавалі некалькі праектаў па эканамічных рэформах, але яны, напэўна, не такія цікавыя для абмеркавання. Не магу зараз прывесці прыклад, які так вылучаўся б.

Наша праектная дзейнасць накіраваная на тое, каб падтрымліваць палітыку Вялікабрытаніі ў адносінах да Беларусі. А нашай палітыкай з’яўляецца падтрымка Беларусі як незалежнай суверэннай краіны. Моцная незалежная суверэнная дзяржава заснаваная на моцнай эканоміцы, таму вельмі важна працаваць над эканамічнымі рэформамі. І, вядома, самыя моцныя эканомікі ў свеце з’яўляюцца дэмакратыямі. Людзі там могуць быць крэатыўнымі і мець поспех. Таму мы таксама працуем у галіне грамадзянскіх і палітычных правоў.

Мы лічым важнымі свабоду выказванняў ды свабоду асацыяцый, аднак з гэтымі дзвюма тэмамі ў Беларусі ёсць пэўныя праблемы. Кантроль, які існуе ў Беларусі, у цэлым уплывае на тое, як грамадства сябе паводзіць, і паслабленне такога кантролю можа дапамагчы людзям быць крэатыўнымі і квітнець.

Я ведаю, што для беларусаў вельмі важная стабільнасць, але павінен быць баланс паміж захаваннем парадку і свабодай выказванняў. Я маю на ўвазе свабоду выказванняў у самым шырокім разуменні — як стварэнне атмасферы, якая б спрыяла людзям у сваім самавыяўленні.

— Ці магчыма ў гэтым кірунку нешта змяніць?

— Чаму ж не? Чаму гэта не павінна здарыцца ў Беларусі? Можа быць, не заўтра — у Беларусі змены займаюць вельмі шмат часу. Але я не бачу прычын, чаму ў будучыні гэтага не павінна здарыцца.

фота Алены Ляшкевіч

фота Алены Ляшкевіч

— Вы хацелі б прыехаць у гэтую новую Беларусь як афіцыйная асоба, каб зрабіць нешта яшчэ?

— Ні ў гэтую Беларусь, ні ў новую Беларусь я ў якасці афіцыйнай асобы я ўжо не вярнуся, але я збіраюся прыязджаць сюды да сваіх сяброў прыватным чынам.

— Ці засталіся нейкія рэчы, што не атрымаліся? Можа, з-за недахопу фінансаў або энергіі? Хоць вы, напэўна, самы энергічны амбасадар у нашай краіне...

— Хацелася б, каб у мяне было больш супрацоўнікаў (смяецца). Я б з задавальненнем скарысталася вялікай колькасцю рэсурсаў ад калегаў з Лондана. Але, у прынцыпе, справы ў нас ішлі не так ужо і дрэнна. З таго часу, як я прыехала, у нас з’явіліся тры новыя пазіцыі ў пасольстве: аддзел абароны, супрацоўнік, які адказвае за эканамічныя пытанні, і праграмны менеджар.

Мы спрабуем рабіць максімум з таго, што можам, але, напэўна, я хацела б тут яшчэ ўбачыць пастаяннага супрацоўніка нашага дэпартамента міжнароднага гандлю. Гэта нам надзвычай дапамагло б развіваць гандлёвыя адносіны.

Зараз усё мяняецца, у тым ліку і Беларусь змянілася. Яна вельмі моцна адрозніваецца ад той Беларусі, у якую я прыехала.

— Было складана адаптавацца да Беларусі?

— Не, зусім не складана. Я прывыкла адаптавацца да новых краін — і гэта ўжо восьмая краіна, у якой я жыву. Мне нескладана адаптавацца да краіны, якую я, да таго ж, выбрала сама. Нас ніхто не прымушае прыязджаць у нейкую краіну — гэта наш свядомы выбар. Мы прыязджаем туды, дзе нам цікава працаваць.

— У адной са сваіх прамоваў вы назвалі беларусаў вельмі беражлівымі. Якія яшчэ рысы вам падабаюцца ў беларусах, а якія раздражняюць?

— Мне падабаецца паважлівасць. Беларусы вельмі шчодрыя. Магу назваць яшчэ такую рысу беларусаў, як цікаўнасць, цікавасць да таго, што пра іх думаюць. Мне часта задаюць пытанне пра тое, што я думаю пра Беларусь. І яшчэ адна рыса — працавітасць.

Тое, што мяне крыху раздражняе, — гэта недахоп ініцыятывы. Людзі занадта доўга чакаюць, каб ім сказалі, што трэба рабіць. Нават мае супрацоўнікі ў гэтым вінаватыя. Я б хацела больш дынамікі ад людзей. Людзі часта факусуюцца на іх сферы абавязкаў і не заўсёды могуць праводзіць сувязі з працай іншых супрацоўнікаў. Яны думаюць у адным кірунку, замест таго, каб думаць усебакова і задумвацца пра тое, як іх праца можа дапамагчы іншым супрацоўнікам.

І гэта не толькі маё меркаванне. З маіх размоваў з калегамі з прадстаўніцтва Еўрасаюза і пасольства ЗША я чула тыя ж уражанні — і мне здаецца, што гэта, напэўна, звязана з агульным характарам беларусаў. Атрымліваецца, з аднаго боку — павага, ветлівасць, нежаданне навязвацца і неяк сябе фарсіраваць, а з другога — гэта не вельмі дапамагае, калі трэба, каб праца была зробленая.

Мне здаецца, каб Беларусь была канкурэнтаздольнай, каб была паспяховай на міжнароднай арэне, ёй трэба больш сябе прасоўваць. А не быць, як тая дзяўчына, якая ўсё чакае, калі ж у яе з’явіцца нарэшце хлопец, але пры гэтым проста сядзіць дома і спадзяецца, што нехта пастукаецца да яе ў дзверы.

Так і Беларусь, нібы тая дзяўчына, чакае інвестараў. А ёй трэба рабіць значна больш, каб сябе прасоўваць, каб пра яе ведалі.

У вас ёсць выдатныя кампаніі, якія выкарыстоўваюць перадавыя тэхналогіі: і ІТ-кампаніі, і кампаніі, якія займаюцца распрацоўкамі ў сферы аховы здароўя, і нават традыцыйныя вытворчасці — як, напрыклад, Аршанскі льнокамбінат, у іх выдатная прадукцыя. І, напэўна, шмат іншых кампаній, у якіх я не пабывала. Усе гэтыя кампаніі вельмі шмат чаго могуць прапанаваць. Беларусь на самай справе можа шмат чаго прапанаваць. Але няма ініцыятывы няма актыўнага прасоўвання.

— Напэўна, таму, што 25 гадоў ініцыятыва ў нашай краіне не віталася, і нават душылася. Тое, што некаторыя кампаніі яе праяўляюць, — хутчэй, выключэнне. Вы лічыце, што сітуацыю можна змяніць?

— Для гэтага патрэбна лібералізацыя ў эканоміцы, у грамадстве ў цэлым — не толькі на палітычным узроўні, а на больш шырокім. Каб людзі змаглі развіваць свой патэнцыял.

Я, напрыклад, вядомая тым, што падтрымліваю правы ЛГБТ. Хоць, на самай справе, надаю гэтай тэме столькі ж увагі, колькі іншым. Я няшмат ведаю людзей з ЛГБТ-супольнасці, літаральна некалькі чалавек, але мне здаецца, калі ты жывеш у грамадстве, дзе табе немагчыма адкрыцца, калі табе даводзіцца хаваць нават ад сваёй сям’і, хто ты такі, — гэта таксама адбіваецца на грамадстве, таму што людзі не могуць быць крэатыўнымі. Большая талерантнасць дазволіла б грамадству стаць больш квітнеючым.

Талерантнасць Беларусі, на самай справе, яшчэ не была пратэставаная. Адзін з прыкладаў такога тэсту — нядаўні выпадак смерці міліцыянта ў Магілёўскай вобласці, калі былі пэўныя дзеянні і выказванні ў адрас супольнасці ромаў. І вельмі добра было з боку кіраўніка Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы з імі сустрэцца і прынесці свае прабачэнні за такое да іх стаўленне.

_68336817_2410428192384289_3348153399253139456_n.jpg


— У пачатку размовы вы сказалі, што пакідаеце Беларусь з цяжкім сэрцам...

— Так. Гэта таму, што мне тут вельмі спадабалася працаваць, спадабаліся тыя людзі, якіх я тут сустракала, спадабалася сама праца. Вельмі спадабалася краіна — працаваць тут было задавальненнем. Менавіта таму я і з’язджаю з цяжкім сэрцам. Вядома, я буду сумаваць па сваіх супрацоўніках — мы разам працавалі тры з паловай гады, пакідаць каманду даволі сумна.

— Вам на змену прыедзе спадарыня Жаклін Перкінс, якая да гэтага працавала ў краінах Азіі і Афрыкі, што б вы ёй параілі для працы ў Беларусі?

— Я, напэўна, параю не спяшаючыся прымаць нейкія рашэнні. Сустракацца з людзьмі, сустракацца і размаўляць з калегамі з Еўрапейскага саюза і ЗША. І адчуць гэтае месца — гэтак жа не спяшаючыся.

Але я ўпэўненая, што Джэкі і так ведае, што трэба рабіць, і, напэўна, адзінае, што я ёй параю, — некалькі чалавек, якіх трэба пазбягаць. Але ў цэлым пасол, калі прыязджае ў новую краіну, не хоча чытаць 20 старонак парадаў. Чалавек прыязджае са сваім бачаннем, што і як трэба рабіць, — вядома, у рамках зададзенай палітыкі па краіне.

— За апошнія гады мы ўбачылі іншую Вялікабрытанію, больш адкрытую, больш даступную. У гэтым, безумоўна, ваша заслуга. Спадзяюся, што ваша пераемніца ў гэтым плане будзе настолькі ж адкрытай.

— Я шатландка, Джэкі — англічанка, але мы абедзве брытанкі. Хоць у Джэкі будзе свой стыль, яна працягне гэту працу. Мне здаецца, наша каманда таксама эвалюцыянавала за гэтыя тры з паловай гады. Можа быць, яны самі так не думаюць, але мне здаецца, што гэта так. І мне здаецца, што ў іх з’явілася больш амбіцый.

— Магчыма, ёсць нешта, што вы хацелі пажадаць чытачам адзінай у краіне недзяржаўнай беларускамоўнай газеты?

— У шатландцаў вельмі моцна развітае пачуццё нацыянальнай ідэнтычнасці. Нашай гісторыі — сотні гадоў. Але і гісторыі Беларусі сотні гадоў.

Мне здаецца, Беларусь не надавала належнай увагі сваёй больш аддаленай гісторыі. Беларусь больш была сфакусаваная на той частцы гісторыі, якая была звязана з Савецкім Саюзам. А нацыянальная ідэнтычнасць — такая рэч, якую трэба ўзгадоўваць, асабліва калі ёй надавалі недастаткова ўвагі.

— Мова можа адыграць у гэтым пэўную ролю?

— Безумоўна. Напэўна, беларусам варта самім выбіраць, што для іх важна… Але ў вас столькі цудоўных твораў, напісаных на беларускай мове, што было б выдатна, каб беларусы хацелі вывучаць сваю мову.