ЯК СПРАВЫ? Алесь Дзянісаў: «Палітыка грукае ў дзверы чорным ботам»
З гарадзенскім музыкам Алесем Дзянісавым мы сустрэліся ў Мінску, куды ён прыехаў для запісу канцэрта памяці Вітольда Ашурка і для ўдзелу ў праекце «Артысты перамогі», які ладзіць фонд культурнай салідарнасці. Карыстаючыся нагодай, задалі яму наша традыцыйнае пытанне: «Як справы?»
— Справы, як і ў ва ўсёй краіны — такое ўсё хісткае, невядомае, жыву адным днём. У сучасных умовах складана нешта планаваць, і я не ведаю, якім будзе мой лёс праз дзень-другі. Але ў планах скончыць міні-альбом «Дзецюкоў», на якім будуць дзве гістарычныя песні на вершы Дзяніса Жыгаўца, дзве пра сучаснасць і адзін кавер на ірландскую народную песню «The Fields of Athenry». Таксама мяркую скончыць гэты даўгабуд — другі альбом «Людзей на балоце», які з большага гатовы, засталося запісаць частку перкусій, большую частку бас-гітары. Не ведаю, як гэта ўсё будзе ажыццяўляцца, але, думаю, калі ў мяне будзе час, гэта ўсё будзе зроблена.
— Напачатку траўня ў цябе выйшаў лірычны альбом на вершы Уладзіміра Караткевіча «Леаніды вяртаюцца». Цікавы факт, што вокладку да яго намалявала твая дачка Даша. Як так атрымалася?
— Яна ўсё жыццё малявала і займалася музыкай. Але ў нейкі момант кінула музычную вучэльню і сказала, што музыкі з яе дастаткова і яна хоча займацца выяўленчым мастацтвам. Даша зараз рыхтуецца паступаць на дызайнера, кожны дзень малюе. І я вырашыў яе неяк падтрымаць. У тым сэнсе, што я бачу ў ёй нейкую перспектыву, бачу талент. І я прапанаваў ёй зрабіць вокладку. Насамрэч, гэты быў ужо шосты эскіз. Яна рабіла, але ці ёй не падабалася, ці я казаў: ну, можа, паспрабуй штосьці яшчэ. Яна ведала канцэпцыю альбома, песень, дарэчы, не чула. Усё адбывалася пад уплывам і натхненнем менавіта назвы альбома.
Я ёй распавёў пра Караткевіча, пра сутнасць назвы. Чаму «Леаніды вяртаюцца»? Таму што песні вяртаюцца, як тыя ж Леаніды. І як чалавек адыходзіць, пасля яго застаюцца дзеткі, фотаздымкі, у мастака — карціны, у пісьменніка — аповесці ці вершы. Караткевіча даўно з намі няма, але праз песні адбываецца вяртанне.
Усё гэта яна ў галаве неяк распрацоўвала, і ў выніку атрымалася тое, што спадабалася і мне, і ёй.
— І, я так разумею, супрацоўніцтва ў гэтым плане ў далейшым не выключана?
— У прынцыпе, не, але я не аматар штучна цягнуць сваю дачку “за вушы”. Напрыклад, яна пару разоў спявала з намі на канцэртах, але я не хацеў рабіць з гэтага цырк і пераўтвараць у нейкі сямейны праект. Яна заспявала з намі адзін раз у Польшчы, потым яшчэ раз у Беларусі. І я вырашыў, што хопіць.
— За апошні год у нашай краіне адбыліся вялізныя змены. Змянілася сітуацыя, людзі сталі іншымі. Як гэты год адбіўся на цябе?
— Не думаю, што людзі гэтак ужо моцна змяніліся. Усё ж дагэтуль іх псуе «кватэрнае пытанне». Але нешта змянілася ва ўнутраным успрыяцці саміх сабе: нікому не хочацца адчуваць сябе рабамі.
— Што самае складанае для цябе ў сённяшняй сітуацыі?
— Шмат цяжкасцяў. Мне страшна за людзей, якіх пасадзілі. І смерць Вітольда Ашурка паказала яшчэ раз на тое, што ўсё можа здарыцца ў сённяшніх умовах. Таксама мне страшна за маю хворую маці, за сваю сям'ю — за дачку, за жонку. Плюс да ўсяго я фактычна страціў працу і зараз стаю на парозе: што ж буду рабіць?
— У мінулым годзе табе і іншым музыкам гурта Dzieciuki давялося сутыкнуцца з міліцэйскім гвалтам. (Напрыклад, Алеся Дзянісава затрымлівалі ў жніўні ў Гродне: ён ехаў на ровары і стаў сведкам затрымання жанчыны байцамі АМАП. Спыніўся, каб высветліць, з якой прычыны, аднак у выніку жорстка затрымалі яго самога. Але справа была спынена ў судзе — праз адсутнасць складу правапарушэння — А.Р.)
— У дачыненне да гурта гвалт быў вельмі лагодны. Ну, затрымалі пад час здымкаў кліпа. Прыехала да халеры аўтамабіляў. Але ж нікога не білі. Адпусцілі, і нават відэа аддалі. Іншым разам перад клубам стаяў аўтазак, калі мы павінны былі лабаць у Мінску. Калі б мы прыехалі, то быў бы хапун. Але ж аўтазак стаяў, мы не прыехалі, нікога не хапалі, канц прайшоў, але без нас.
— Як на гэтым фоне ставішся да ідэі эміграцыі?
— Я думаю, што такія думкі ўзнікаюць тут у кожнага, хто рэалістычна ацэньвае сітуацыю. Але ў кожнага чалавека ёсць свае якара, якія яго тут трымаюць. Напрыклад, у мяне хворая маці, у мяне гурт, які не хочацца кідаць, і яшчэ некалькі якароў. Але я сапраўды не ведаю, дзе я буду больш патрэбны. Ці ісці да канца і стаць ахвярай ці з'ехаць?
Але з'ехаць... Вось усе кажуць: яны з'ехалі, ім добра. Я ўпэўнены, што гэта вельмі складаны працэс — з'ехаць. Канешне, калі ты адзін ці ў цябе маладая сям'я, у цябе застаецца праца, скажам, айцішніка, які можа сам на сябе працаваць ці на нейкую фірму, якая знаходзіцца на адлегласці. Можа ім і лягчэй. Але ў цэлым, я думаю, 95 адсодкаў людзей, якія з'язджалі, ні за што не сталі б гэтага рабіць.
— У мінулым годзе і сёлета ў сувязі з каронавірусам і палітычнымі падзеямі амаль не адбываецца жывых канцэртаў. У вас быў анлайн-канцэрт. Як жывецца ў анлайне?
— Гэта поўная бздура. Вось і ўсё, што я магу сказаць. Мы можам упірацца, казаць, што гэта выйсце, але нішто не заменіць жывы канцэрт. Мы не можам гэта зараз змяніць, але, калі быць шчырымі, гэта поўная бздура.
— Ну, раней былі кватэрнікі. Ці магчыма зараз рабіць штосьці падобнае?
— Не хацелася б раскрываць усе карты, але сапраўды ў сённяшніх умовах... Але кватэрнікі гэта выхад, па-першае, для акустычных праектаў, а па-другое, калі ты музыка, які зарабляе толькі музыкай, то кватэрнікі не вырашаць тваю праблему. Бо кватэрнікі, гэта — хто колькі хацеў, столькі і кінуў. Пражыць на гэта тым, хто займаецца толькі музыкай, немагчыма.
— Раней Гродна быў вядомы сваім музычным і палітычным моцным дзвіжам. А як справы з гэтым цяпер?
— Вялізарная колькасць людзей з калямузычнаай тусоўкі з'ехала. Калі казаць пра нейкую музычную андэграўндную актыўнасць, увогуле, пра рок-музыку, засталіся літаральна адзінкі. Юра “Смур” Дубовік («Вочы», «Imaginary people»), час ад часу грае па нейкіх пабах, Жэня Кучменя — «.К» працягвае неяк існаваць, Ваня Пачывалаў (“Некоторое отсуствие пуговиц”) яшчэ застаўся, пара-тройка металёвых гуртоў, пара-тройка панковых — «The Goons», напрыклад. Але ўсё гэта такое часовае... Заўтра іх можа не быць… У Гародні амаль няма дзе выступаць. Ёсць паб «Rockstar», у якім можна праводзіць жывыя канцэрты, яшчэ адкрыўся «Quester» — новы паб, панковы. Ну, даюць яшчэ праводзіць нешта, але адным шчаўчком пальца яны могуць гэта ўсё і закрыць.
— Калі казаць не пра музыку, а палітычнае жыццё? Што змянілася ў Гродне?
— У прынцыпе, нічога не змянілася. «Неверагодныя» гарадзенцы прызвычаіліся жыць пры таталітарызме. Выжываюць. А што вы хочаце? Людзі хочуць жыць. Усе, хто неяк паспрабаваў нешта змяніць у сваім жыцці ды жыцці краіны, — ці сядзяць за кратамі, ці з’ехалі. У перспектыве тых, хто застаўся, — адное: ці сядуць, ці з’едуць, ці забудуць усё як сон. У Алеся Чобата пра гэтае ёсць фантастычныя радкі з верша «Калі ўсё скончыцца»:
«Нарэшце слова гонару стрымаемШто больш не ашалеем і не маемАгульнага нічога з воляй той…»
— Нешта пра што ні кажам — усё сумна. А што ёсць добрае, светлае? За што ты трымаешся? Што дапамагае вывозіць?
— Настолькі цяжка адказаць... Дапамагае спорт, алкаголь, сябры і родныя-блізкія, дзеля каторых ты жывеш.
— У адным з нядаўніх інтэрв'ю ты сказаў, што стварыў столькі пратэставых песняў, што іншым гуртам яшчэ расці і расці. Цытата не дакладная, але сэнс такі...
— Ну, так, трошкі пантануўся. Непрыгожа з майго боку… Не павінна мінулае вырашаць сутнасць чалавека сённяшняга. І гэтыя медалькі, якія я сабе павесіў у тым інтэрв'ю, гэта трошкі не шчыра было. Калі казаць пра пратэставыя песні: так, я сёння нічога не пішу. Таму трэба было сказаць: я нічога не пішу, у мяне не атрымоўваецца зараз, ці, я не ведаю, я баюся, ці ў мяне не хапае запалу ці яшчэ чагосьці. А не казаць, што ў мінулым мы шмат чаго напісалі.
— Але, як ты лічыш, якая песня з любога праекту, да якога ты спрычыніўся, найбольш адпавядае бягучаму моманту?
— Цяжка назваць нейкую адну. Гэта могуць «каліноўскія» песні. Ці песня «Палітыка», якая павінна была быць яшчэ ў рэпертуары «Кальяна». Яна пра тое, што ад палітыкі не збяжыш, яна прыйдзе, пагрукаецца табе ў дзверы чорным ботам. Яна ёсць на апошнім альбоме «Радыё Harodnia», запісана схаваным трэкам. Апошні трэк вельмі доўгі і не ўсе дарубілі, што там яшчэ нешта ёсць. Проста трэба пераматаць да канца трэка і яна там будзе. Гэта на дыску. У інтэрнэт-рэлізе песні няма.
Ты кажаш, што ты апалітычны.Згодны. Палітыка – брудная рэч.Але цалкам не сімпатычна Збягаць цалкам ад яе прэч.
Сёння на вуліцы збівалі людзей.Сёння прыйдуць да твайго суседа.Ты ўпэўнены, што палітыка не кране цябе?Яна зробіць усё, як ёй трэба…
Палітыка грукаецца ў твае дзверы.
Раніцай ці ўначы.Для цябе – жыццё, для яе – работа.Палітыка грукае ў дзверы чорным ботам.