ЯК СПРАВЫ? з Ігарам Варашкевічам: Я хачу жыць на сваей зямлі

Сёння наш суразмоўца — Ігар Варашкевіч. «Хавайся ў бульбу», «Слуцкая Брама», «Бяжы, бяжы, хлопец», «Стэфка» і шмат чаго яшчэ ўзгадаецца сапраўднаму аматару айчыннага року, калі ён пачуе гэтае імя. Вядомы музыка, лідар легендарнага гурта «Крама» і проста цікавы чалавек, які не вельмі любіць даваць інтэрв’ю.

_varaszkevicz___krama__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__8__logo.jpg


— Такім чынам, як справы?
— Зараз галоўнае, напэўна, што, як і тысячы беларусаў, я перахварэў на каронавірус. Амаль два гады я гэтага пазбягаў і нават жартаваў, што мае хранічныя хваробы не пускаюць да мяне каронавірус — кажуць яму: «Тут ужо забіта! Гэта нашае месца. Хадзі адсюль». Вось і дасмяяўся. Перахварэў даволі лёгка, праз два тыдні быў фактычна здаровы. Але потым пачаліся «мульцікі» з маімі асноўнымі хваробамі — падаграй і гіпертаніяй — яны вельмі абвастрыліся. Вось літаральна тыдзень, як я, можна сказаць, ачуняў і то не зусім яшчэ. Так што можна лічыць, што справы добрыя (пасміхаецца). Гэта, насамрэч, страшэнная эпідэмія, і мне пашанцавала больш, чым шмат каму. Цяпер сяджу, граю на гітары, шукаю і апрацоўваю нейкія, скажам так, музычныя кавалкі на будучыню.
Хаця будучыня ўжо не падаецца такой светлай, як у час, калі табе 20 ці нават 30 год. Калі табе 61, наперадзе часу значна меней. Цудаў не бывае, і я гэта добра разумею.
— Як складаецца звычайны дзень Ігара Варашкевіча?
— Я не такі арганізаваны чалавек, каб усё па палічках. Я абібок і гультай — заўсёды так казаў. На працу не хаджу, мне не трэба ўставаць з ложка ў 6 ці 7 гадзін раніцы. Час, калі я прачнуся, залежыць ад таго, калі я засну. Мне патрэбна спаць роўна 8 гадзін. Сёння я не адпачываў свае 8 гадзін з-за падзей на беларуска-польскай мяжы (мы размаўляем на другі дзень памежнага крызісу — НЧ), падарваўся зранку і хутчэй да навін. А так, калі недзе каля гадзіны ночы лёг, то а 9 ранку падняўся. П’ю зялёную гарбату, бо чорную і каву нельга мне, ачуньваю. Потым амаль увесь час займаюся з гітарай. Мне гэтым было трэба займацца раней, але жыццё склалася як склалася. Можна сказаць, наганяю, тое, што павінен быў зрабіць 30 год таму, раблю зараз. Таксама два разы шпацырую — удзень і ўвечар. У мяне ёсць норма — трэба прайсці 7 кіламетраў, і я ўдзень хаджу дзесьці 4-5, а ўвечары крыху меней. Калі зрэдку з‘яўляюцца нейкія справы, то магу паехаць у горад, але зараз амаль усе справы вырашаюцца праз тэлефон ці камп'ютар.

kancert_pamidorava_fota_dzmitryja_dzmitryeva__8__logo.jpg


— Апошнім часам у тваім фэйсбучным акаўнце пачалі з’яўляцца твае малюнкі і шаржы амаль 30-гадовай даўніны. Адкуль яны ўзніклі і чаму менавіта зараз?
— З’явіліся таму, што я прадаў кватэру маці, якая заставалася ў Баранавічах амаль тры гады пасля яе смерці. Усё гэта захоўвалася там. Прывёз я гэты свой архіў у Менск, паглядзеў і вырашыў, што штосьці можна і выкарыстаць на інтэрнет-пляцоўцы, каб людзі ўбачылі. Гэта зроблена даўно, у лепшыя часы майго жыцця, і гэта цікава тым людзям, якія мяне тады ведалі, якія разам вучыліся. Ну, і пачаў пакрысе рабіць публікацыі. Гэта яшчэ далёка не ўсё, шмат яшчэ будзе далей! У тым ліку, і «крамаўскія» шаржы. Дарэчы, гэта мая асноўная спецыяльнасць. Я музыкант не прафесійны, па сённяшні дзень вучуся. Так склалася, што музыка ў жыцці перамагла. Пра выяўленчае мастацтва не тое каб забыўся... Ведаеш, я заўсёды раблю тое, чым мне хочацца займацца. Апошнія год 10 мне ўвогуле не хацелася маляваць, але зараз я хачу паспрабаваць да гэтага вярнуцца. Што атрымаецца — пакуль невядома. Але паспрабую.
— А ці рабіўся нейкі выбар паміж выяўленчым мастацтвам і музыкай?
— Яно павольна так атрымалася. Не было такога, што вось я буду толькі пісаць песні і граць, а маляваць не буду. Проста ўвесь час заняла музыка. Я паўтаруся, я ніколі не раблю тое, чаго не хачу. Калі няма прагі нейкай ці імпэту да таго, каб маляваць — навошта маляваць? Зараз ёсць жаданне, і я паспрабую вярнуцца.

_varaszkevicz___krama__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg


— Што тычыцца музыкі — чаму менавіта блюз ці блюз-рок? А не...
— Не хэві-метал?
— Ну, няхай так.
— Блюз я палюбіў амаль з дзяцінства. Я нарадзіўся ў 1960 годзе і пачаў цікавіцца сучаснай музыкай гадоў дзесьці з 12. У 13 я ўжо шмат чаго паслухаў, ведаў, што такое Deep Purple, Led Zeppelin, Slade і гэтак далей. Але блюз стаіць асобна. Як любы юнак я больш любіў экстрэмальную музыку, то-бок, на той час «Black Sabbath» былі як самыя цяжкія гурты сёння. Мне гэта ўсё падабалася, але шмат музыкі я слухаў па таму ж польскаму радыё, а там былі адмысловыя блюзавыя праграмы, і неяк я сэрцам адчуваў, што гэта маё. Калі чуў, напрыклад, гармонік, то літаральна з’язджаў дах. Гэта першы інструмент, на якім я адносна навучыўся граць. Не буду казаць, што канчаткова навучыўся, бо я рабіў усё сам: ніякіх школ у мяне не было, інтэрнэту з яго рознымі навучальнямі таксама і я сам сабе эксперыментальна неяк усё рабіў.
Любы музыка робіць, што яму падабаецца ці што ён хоча. Ты ж не можаш прымусіць хэвіметаліста ператварыцца ў блюзмена і наадварот. Бывае, чалавек, які любіць хард-рок, робіць выгляд, што ён блюзмен, я сутыкаўся з такім. Для мяне гэта заўсёды відавочна, я бачу гэту ненатуральнасць.
 — Амаль на кожным канцэрце «Крамы» можна пачуць апрацоўкі/уключэнні вядомых твораў AC/DC, якія, ну, не зусім блюзавая каманда...
— AC/DC гэта блюз! Ён можа і называецца па-іншаму, кшталту «цяжкое бугі», але гэта самы сапраўдны блюз. Любімы гітарыст Ангуса Янга — Бі Бі Кінг. Калі я вярнуўся з войска, мяне перастаў цікавіць хард-рок, які, у прынцыпе, ужо ператварыўся ў хэві-метал. Але AC/DC застаўся і застаецца ў маім жыцці, бо гэта самы сапраўдны блюз.

_varaszkevicz___krama__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__4__logo.jpg


— На адным з фэстаў, падчас вашага выступу я бачыў, як малады хлопец захапляўся: «Як яны могуць!!!» А сталы бацька побач з гонарам адказаў: «Дык гэта ж Крама!» Вы шмат у каго лічыцеся «фірмачамі» ў плане гуку...
— З гэтым можна паспрачацца, бо не заўсёды гэта залежыць ад нас. Калі мы выступаем на нейкіх фэстах, то гук ладзіцца часцей пад хэдлайнера, а ў астатніх — пад усіх і больш залежыць ад чалавека за пультам. На сваіх уласных канцэртах больш-менш, але ж вельмі шмат залежыць ад акустыкі і памяшкання. Я не буду называць той ці іншы клуб, бо яны не вінаватыя, што ў іх памяшканне не прыстасаванае пад музыку. Не толькі пад «фірмовую» — пад любую. Калі зала з бетону і металу, ну, якая там будзе акустыка... Напрыклад, калі гэта спартовы палац — яго можна агучыць, але патрэбны адмыслоўцы заходняга ўзроўню з адпаведным досведам і выдатная апаратура. У нас практычна няма пляцовак, якія адпавядаюць заўзятарам музыкі.

_varaszkevicz___krama__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3__logo.jpg


— Вернемся да фэйсбуку: можна сказаць, ты даволі актыўна карыстаешся гэтай сацсеткай. Песня «Facebook Man» з апошняга альбома мае да цябе нейкае дачыненне?
— Не, я ж не блогер. Я раблю публікацыі практычна заўсёды ўвечары. Разумею, што стужку забруджваць нельга, таму стараюся абмяжоўвацца адным пастом. Хіба калі пачаў публікаваць шаржы, то мог зрабіць 2—3, не болей. А ёсць такія, што зранку пачынаюць «вахту», ім трэба каб людзі чакалі іх пастоў, лайкалі... Як вынік, уся стужка ў адным чалавеку. Бывае, што гэта мой знаёмы, у нас добрыя адносіны, але прыходзіцца адпісвацца на нейкі час. Асабліва я такое бачу ў Інстаграме, таму я вельмі не люблю ім карыстацца. Фэйсбук у гэтым плане троху лепей.
— Вернемся ў афлайн. Ты казаў, што кожны дзень шпацыруеш. Маршруты адныя ці розныя?

— Розныя. Іх прыкладна пяць, і яшчэ іншы раз даводзіцца выязджаць у цэнтр. Я, шчыра кажучы, не люблю туды наведвацца, у параўнанні з усім ужо даўнім часам — з 1980-мі, калі я вучыўся ля Акадэміі Навук. Зараз жа я не ведаю, што там рабіць. Знаёмых не бачу... Тым, хто там жыве, можа і прасцей, але мне там зусім не падабаецца. Горад стаў непрыемны. Не хачу гэта абмяркоўваць, але, напрыклад, ты прыязджаеш на канцэрт у Верхні горад і першае, што бачыш — гэта аўтазак. Адразу жаданне ісці туды знікае і едзеш на Паўднёвы Захад шпацыраваць па яблыневым садзе, слухаючы птушак.
Я разумею, што мы жывём у краіне, дзе з нагоды клімату вымушаны сядзець у горадзе 7-8 месяцаў, але ў свой час, калі дазваляла здароўе, то і ўзімку шмат ганялі на рыбалку на Вілейку. Я вельмі люблю ездзіць на азёры, рэкі і лясы. У нас з сябрамі такі адпачынак. Не тое што турызм — раней было болей маршрутаў, але ўзрост дае пра сябе ведаць. Раней праходзіў кіламетраў 15 спакойна, а цяпер добра калі сем прайду. Люблю адпачынак на возеры, рыбалку. Калі рыба не клюе — купаюся, плаваю на лодцы, гуляю. Галоўнае, што ты сам насам з прыродай. Бывае, што і з трусам паразмаўляю, пакуль ён не ўцячэ, з аваднямі (смяецца). Хто паслухае — скажа: «Ну ўсё, трэба ў Навінкі!»

_varaszkevicz___krama__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg


— Ці можа гэта адзін з спосабаў ратавання ад стрэсу, якога ў жыцці ўсё больш. Ён адзіны, ці ёсць яшчэ: размовы с сябрамі, прагляд фільмаў?
Я не гаворкі чалавек. Ёсць некалькі чалавек, з якімі я магу нейкі час паразмаўляць па тэлефоне. Вось у лес і на возера мы ездзім адпачываць з Андрэем (Андрэй Леончык, клавішнік «Крамы» — НЧ) — мы часцей з ім маўчым і нас гэта задавальняе. Мы можам побач сядзець дзень на кладцы і лавіць рыбу моўчкі. Нашто і аб чым там балбатаць? Мы такіх людзей не бярэм з сабой, бо будзе сапсаваны адпачынак. Увечары, ля вогнішча можна паразмаўляць, песні паспяваць. Нехта ў госці заходзіць. Могуць і людзі з рознымі палітычнымі поглядамі паспрачацца. Але гэта нічым добрым не канчаецца, па гэтаму мы адразу дамаўляемся, што пра палітыку не гаворым. Бывае, што гэтая мяжа ў размове парушаецца і тады мы разыходзімся — так дамоўлена. Ну, гэта адзін-два чалавека ёсць такія.

_varaszkevicz___krama__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__7__logo.jpg


— Вось такія людзі звычайна пытаюцца «Чаго вам не хапае? Усё добра ж! Усё ёсць!» На тваю думку, а чаго нам, беларусам, не хапае?
— Ну, слухай... Зараз, калі ўсё беларускае фактычна знішчана, то ў галаву прыходзіць толькі адзін адказ — гэтага і не хапае. Самага галоўнага. Беларусам не хапае беларускасці. Мова, культура — усё ўтаптана ў зямлю, нішчыцца. Колькі людзей сядзіць, колькі з’ехала... Але без надзеі няма сэнсу жыць. Нешта тут прагназаваць я не хачу і ніколі прадказальніцтвамі не займаўся.

_varaszkevicz___krama__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__5__logo.jpg


— А табе не прыходзіла думка таксама з’ехаць?
— Такія думкі напэўна вельмі шмат каму прыходзяць. Я не хачу з’язджаць. Увогуле не хачу. Па-першае — не хачу, па-другое — мяне ніхто нідзе не чакае. А ехаць шасцідзесяцігадоваму чалавеку невядома куды, невядома да каго і што? Што я там буду рабіць? На вуліцы спяваць свае беларускамоўныя песні? Яны там нікому не патрэбны. Гэтыя песні патрэбны тут, а не дзесьці там. Я разумею, што яны не гучаць зараз, але ж і там яны не будуць гучаць. Але тут у іх ёсць патрэба. Я хачу жыць на сваёй зямлі, там дзе я нарадзіўся і жыў усё жыццё. Калі будзе пагроза для жыцця, то гэта ўжо іншае.
— Чым зараз займаецца «Крама»?
— «Крама» не мае магчымасці займацца чымсьці таму, што мы не маем магчымасці выступаць. Зараз фактычна існуе трэцяя забарона, як заўсёды, без аніякіх тлумачэнняў і паперак. Гастрольнае пасведчанне па-простаму не выдаецца. Мы спрабавалі зрабіць прэзентацыю альбому, нам гастрольку не далі, таму яна была ў анлайн-фармаце. І з улікам абставінаў усё было дастаткова сакрэтна, каб не прыехалі вядомыя хлопцы. Збірацца на рэпетыцыю сэнсу няма. Нам дастаткова дзвюх рэпетыцый, каб мы адыгралі паўнавартасны двухгадзінны канцэрт. Бывае, людзі пытаюцца пра новы матэрыял. Слухайце, мы выпусцілі новы альбом! Была толькі анлайн-прэзентацыя, мы з ім нідзе не гралі. Навошта нам зараз запісваць яшчэ альбом? Ёсць гурты, якія кожны год ствараюць альбом, але такога ў мастацтве не павінна быць. Гэта не праца на дзяржпрадпрыемстве, калі ты павінен зрабіць нейкую норму. Мне было заўсёды падазрона, калі чалавек штампуе гэтыя альбомы. Яны не могуць быць добрымі! Я не хачу называць гэтых людзей, яны вядомыя музыкі. Такое можа быць толькі напачатку творчасці. У вядомых гуртоў разам са сталеннем павялічваюцца паўзы паміж альбомамі. Тыя ж AC/DC, Rolling Stones выпускаюць альбомы праз 3-5 гадоў. Dire Straits першыя альбомы — 1978, 1979, 1980, а потым перапынкі да 1982, 1985. Таму мы знаходзімся ў такім закансерваваным стане, але калі будзе магчымасць выступу, то дзве рэпетыцыі — і ніхто не заўважыць што мы паўгады не збіраліся.

_varaszkevicz___krama__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__6__logo.jpg


— На мой погляд, новы альбом «Зацьменны блюз» слухаецца вельмі лёгка і на адным дыханні. Запіс быў такім жа лёгкім?
— Запіс цяжкім не быў. Ён быў складаны па студыйных умовах. Мы доўга абіралі студыю і фармат, у якім запісвацца. Былі думкі запісацца лайвам, але зразумелі, што будзе вельмі цяжка. Пачыналі ў адной студыі, перайшлі ў другую, потым вярнуліся ў першую. Сам працэс цягнуўся доўга, але не быў цяжкім. Партыі запісалі дастаткова лёгка. Не было таго, як раней, таму і атрымалася лёгка. Гэта і была галоўная мэта — каб альбом, як кажуць, не грузіў. Я хацеў данесці да слухача свае песні так, як бачу іх сам.
— Ты шмат слухаў і слухаеш рознай музыкі. Хто з сучасных беларускіх гуртоў цябе зачапіў?
— Я не маю зараз ніякай інфармацыі. Калі былі праграмы Сяргея Будкіна, «Тузін гітоў», можна было нешта ўбачыць і пачуць. А цяпер нічога няма. На вялікі жаль.
— «У самурая няма мэты, ёсць толькі шлях». У цябе, у «Крамы» ёсць мэта, альбо толькі шлях?
— Я не самурай, але канкрэтнай мэты ў мяне няма. Асабіста я займаюся тым, чым пачаў займацца ў восьмым класе школы. Я не спявак, але рок-музыка, якая прыйшла да нас з-за мяжы, дазволіла мне высветліць і зразумець, чым я хачу займацца. Я не меў да музыкі і спеваў ніякіх здольнасцяў, і гэта не значыць, што так павінна быць. Асабіста мне рок-музыка дазволіла адбыцца як музыканту і я ім працягваю адбывацца. Безумоўна, я хацеў бы лепей спяваць, лепей граць на гітары і гармоніку. Можа я кампенсую гэта тым, што напісаў добрыя песні і стараюся, каб яны сталі лепей. Гэтага я імкнуўся дасягнуць у апошнім альбоме, і імкнуся штодня.

_varaszkevicz___krama__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__9__logo.jpg


— Давай уявім, што заўтра сыдзе ковід і «ўзыйдзе сонца». Што ты па-першае і ўвогуле зробіш?
— Дастаткова складана! Зрабіць не зраблю, але мне стане вельмі добра на сэрцы. Не ведаю... Пасміхнуся можа. А рабіць? Будзем рабіць нейкі канцэрт ці супольны фэст — каб было свята для людзей. 
Фота аўтара