«Ён не самотны…» Данута Бічэль пра Алеся Чобата

Алесь Чобат прыйшоў у грамадскае жыццё Горадні як палітык. Пісьменнікам ён стаў услед за палітыкам. Яго погляды і яго слова не мяняліся. Толькі дасканаліліся, узмацняліся. Чобат прыйшоў адначасна ў літаратуру і ў адраджэнскі рух са сваімі думкамі, са сваёй праўдай.

Паэтка Данута Бічэль і пісьменнік Алесь Чобат. Фота baj.by

Паэтка Данута Бічэль і пісьменнік Алесь Чобат. Фота baj.by


— Данута Янаўна, Вы напісалі прадмову да зборніка вершаў Алеся Чобата «Год» (1992), дзе адзначылі, што ў вершах паэта — «імпульс неспакойнага часу, няўтульнага жыцця непадкупнага пакалення…». Чым адметны гэты зборнік?

— Вы самі адказалі на сваё пытанне. Чобату трэба было памяняць прафесію. Дакладней, пасля першага мітынгу Народнага Фронта, на якім Чобат быў арганізатарам, яму давялося пакінуць працу на прадпрыемстве ВА «Азот». Ён стаў прафесійным рэвалюцыянерам, каардынатарам выбарчай кампаніі Рэгіянальнага блока «Саветы-1990» на выбарах у Вярхоўны Савет ХІІ склікання. Заняўся літаратурай, напісаў кнігу «Год». Гэта кніга пачаткоўца, але большасць вершаў перайшлі ў наступныя перавыданні. Кніга пра той час, калі пачынаўся развал вялікай імперыі д’ябла. А я ў дзевяностыя пісала прадмовы да многіх першых кніжак таленавітых паэтаў, якія звярталіся да мяне.

— У 1997 годзе выйшла кніга «Ты не самотны…», створаная Вамі і Алесем Чобатам. Як нарадзілася такое адметнае выданне пра Максіма Багдановіча?

— Музей Максіма Багдановіча ў 1994 атрымаў юрыдычны статус самастойнага, да Максіма ехалі людзі з усяго свету, навукоўцы і даследчыкі з Англіі і Амерыкі. Калі людзі прыходзяць у музей, трэба, каб яны выходзілі не з пустымі рукамі, бо ўсё, што там пачулі і ўбачылі, хутка забываецца. У супрацоўнікаў з’явіліся магчымасці самастойна заняцца навукова-асветніцкай і выдавецкай дзейнасцю. Мы выдалі некалькі паштовак, буклетаў, сціплых кніжак пра гродзенскі перыяд жыцця Максіма Багдановіча. У Алеся Чобата з’явілася падборка вершаў, ён прапанаваў выдаць сумесна. У мяне быў не творчы час, шмат працы было ў музеі. Таму я сабрала, што змагла. Алесь жа стварыў лепшую падборку вершаў пра Паэта.

— У кожнага з вас свой паэтычны голас. Сваю нізку вершаў Алесь Чобат назваў «Ліст у Ялту». Гэта своеасаблівая паэтычная біяграфія Паэта. Вершам Алеся Чобата характэрна эпічнасць, нягледзячы на эмацыянальнасць, экспрэсію. Хоць кніга выйшла 22 гады таму, чаму яна гучыць так актуальна, так сучасна, нібы напісаная нядаўна?

— Таму што гэта вершы пра геніяльнага паэта, якога любіць чытач, мы дакрануліся да той любові, якую аддаем Максіму. На сустрэчах модадзь чытае на памяць вершы з гэтага зборнічка…

— У творах Алеся Чобата ажываюць Горадня, Скідаль, вобразы людзей Горадні з мінулага і сучаснага жыцця. Радзіма — душа…

— Так аўтар пачынае ствараць «Кароткую гісторыю Беларусі» ў постацях яе прадстаўнікоў. Гэта адзіная рэальная мэта Алеся Чобата, дзеля чаго ён пачаў пісаць — і прозу, і паэзію, і эсэістыку, і журналістыку. Добра сказаў Анатоль Брусевіч у прадмове да кнігі Чобата «Кароткая гісторыя Беларусі»: «Усе гістарычныя постаці — ад Вялікіх князёў літоўскіх і рускіх ды каралёў Рэчы Паспалітай да вядомых паэтаў, навукоўцаў ды грамадскіх дзеячаў, гістарычныя асобы, якія ажываюць у кнізе — усе, без выключэння, маюць воблік, голас, беларускую душу аўтара».


— Проза Алеся Чобата — гэта арыгінальныя гістарычныя эсэ, свой погляд на асобы мінулага часу і сучаснасць. Аўтар часта палемізуе з сучаснымі гісторыкамі, гаворыць востра, нібы правакуе на аспрэчванне, гаворыць не надта прыемную праўду пра нас, беларусаў, наш нацыянальны характар.

— Чобат уважліва перачытвае гісторыкаў, палемізуе там, дзе даследчыкі падстройваліся пад польскую або расейскую «праўду», бо да свае не змаглі дадумацца, а хто дадумаўся, той спалохаўся яе. Бо ў нашай гісторыі стагоддзі пустэчы, смерці. А так жа быць не павінна!

Творчы час Алеся Чобата займаў перыяд ад 1990 да 2013 года. Ён шмат пісаў публіцыстычных эсэ на гістарычныя тэмы, якія ў Савецкім Саюзе былі забароненыя. Алесь уклаў кнігу прозы «На дзікай прэрыі над Котрай, Гаўяй і Шчарай» (2014), куды ўвайшлі тыя гістарычныя эсэ, якія аўтар лічыў удалымі, а гэта «Вайна 1920 года. Хроніка», «Армія Краёва на Беларусі. Хроніка», «БССР: 1919—1991», іншыя. І нельга не адзначыць яго эстэтычна-філасофскі твор «Трансфармацыя беларускай нацыянальнай ідэі», які перадрукоўвалі ў дзевяностыя многія выданні.

— Да пяцідзесяцігоддзя Алеся Чобата выйшла кніга яго паэзіі «Калі хочаце мець у Айчыне свабоду…». Аўтар як у ранніх, так і ў пазнейшых творах паўстае няскораным барацьбітом за волю і незалежнасць, за чалавечае ў чалавеку…

— Гэтую кніжку ўклаў і выдаў Язэп Янушкевіч. Аўтару тады было не да кніжак, ён катастрафічна губляў зрок… У такіх кніжках, дзе няма вершаў ні пра што, вельмі важна ўкласці творы тэматычна, адносна падзеям і часу ў адпаведным парадку. Вершы не разбітыя на раздзелы. Але добра, што Язэп іх сабраў, таму што гэта поўны збор вершаў Чобата, напісаных на той час.

— Гісторыя Беларусі — праз падзеі і лёсы людзей — у паэтычным асэнсаванні Алеся Чобата вельмі эмацыянальныя, публіцыстычна завостраныя, экспрэсіўныя. Што нараджае такую паэзію?

— Чобат у маладосці гуляў у шахматы, быў «другой шашкай» у рэспубліцы. І ён па прафесіі інжынер-канструктар, кіраваў на заводзе канструктарскім бюро. Таму ён дакладны ў паэзіі, скупы на словы, строгі, просты, зразумелы. Эмацыйнасць — прыглушаная, заглыбленая, прыходзіла ў працэсе вучобы і ўдасканальвання паэтычнай творчасці.

— Вельмі часта ў творах А. Чобата згадваецца 1863 год, падзеі і асобы таго часу. Чым гэта абумоўлена?

— Паўстанне 1863 года — гэта такая падзея, у якой Беларусь паўстае як Краіна, за якую людзі свядома ішлі на смерць. У кнізе, якую ўклаў Язэп Янушкевіч, сабраныя і пастаўленыя побач усе вершы пра паўстанне.

Алесь Чобат. Фота baj.by

Алесь Чобат. Фота baj.by

— Рэзкі, непрыкрыты метафарамі пратэст супраць няволі, слугавання чужому, супраць згодніцкага маўчання, «абы ціха было», — характэрны для паэзіі Алеся Чобата. Як мянялася яго слова з часам?

— «Палітыкі — гэта людзі, якія павінны прадбачыць будучыню», — Чэрчыль.

Чобат прыйшоў у грамадскае жыццё Горадні як палітык. Пісьменнікам ён стаў услед за палітыкам. Яго погляды і яго слова не мяняліся. Толькі дасканаліліся, узмацняліся. Чобат прыйшоў адначасна ў літаратуру і ў адраджэнскі рух са сваімі думкамі, са сваёй праўдай. І ён амаль не памыляўся. Вершы пісаць ён хутка навучыўся. У «Народным фронце» не ўмелі афармляць тэксты пратаколаў, заяваў, іншых дакументаў. Мяне здзівіў Чобат, калі трэба было напісаць «Звароты на плот» да выбарцаў: ён гэта зрабіў так, нібы ўсё жыццё іх пісаў. Так пачалося наша супрацоўніцтва.

— Прыгадайце, калі ласка, як працавалася Вам разам з Алесем Чобатам над перакладам паэзіі Караля Вайтылы? Як атрымалася кніга «Караль Вайтыла. Паэзія. Выбранае. Ян Павел ІІ. Рымскі трыпціх» (2003)?

— Я з перакладамі святога Караля Вайтылы не спраўлялася. Усе цяжкія месцы Чобат браў на сябе, тыя вершы, якія я перакладала на свой выбар, Чобат мне таксама дапамагаў. Адчуванне мовы, веданне тэалагічных тэрмінаў, веданне Бібліі і Евангелля — у Чобата гэта ўсё ёсць, і шмат чаго ён разумее інтуітыўна.

— У 2016 годзе выйшла кніга Алеся Чобата «Планета». Як яна стваралася, як яе напісаў сляпы паэт?

— Чобат цяпер не піша вершаў, за невялікім выключэннем. Каб пісаць вершы, патрэбна жывое святло, таго, што ўнутры чалавека, мала. Але Чобат памятае ўсе свае творы — і вершы, і празаічныя апавяданні, і гістарычныя эсэ — дакладна, слова ў слова. У кнізе «Планета» ёсць нерыфмаваныя версэты, іх ён мне дыктаваў, а я запісвала. Я часта тады ездзіла да яго ў Скідаль. Скажам, твор «Былі такія, хто нараджаліся…» мы запісвалі ў два прыезды. Але ён дыктаваў гэта з памяці дакладна, не збіваўся. Пасля яшчэ і апраўдваўся: «У мяне гэта пайшло так гладка, бо я шмат разоў гэта перадумваў, перакручваў у сваёй памяці». Гэта і ёсць «Кароткая гісторыя Беларусі», дакладней, яе згустак, голая праўда, квінтэсэнцыя. Ён пісаў кароткую гісторыю мноства разоў. Спыняўся там, дзе на нашай зямлі перарывалася жыццё, бо нас вынішчалі дашчэнту. Так цяпер знішчаюць украінцаў. А мы глядзім і нібы не бачым… Калі ўся кніжка «Планета» была ўкладзена, прадыктаваныя празаічныя версэты, я прапанавала яму напісаць яшчэ нейкі твор, больш светлы, ці што, бо палохаць чытачоў сваімі прагнозамі не варта. Ён згадзіўся, і праз кароткі час прадыктаваў «Хатынь. Замест эпілога».

— Як жывецца «скідзельскаму самотніку» сёння?

— Чобат мае коцікаў, якіх ён успрымае як сям’ю, таму ён не самотны гэтую цемру перано­сіць. Трэба ўмець слухаць сусвет і думаць, і любіць тых, каго табе Бог даў, на адлегласці.

Чобат жыве ў хаце, у якой нарадзіўся і рос, дзе набіваў гузякі да таго, як навучыўся хадзіць. Там нічога не змянілася. Тое, што хата не дагледжана, гэта на яго настрой не ўплывае, бо ён не бачыць. Бог прыслаў Чобату апякунку, яго равесніцу Таццяну Савянкову, дырэктарку Музея Элізы Ажэшкі ў Мількаўшчыне. А грашовыя пераводы шаноўнай лаўрэаткі Нобеля Святланы Алексіевіч даюць зразумець скідзельцам, што ў іхнім гора­дзе жыве чалавек, паважаны ў Беларусі, якога варта шанаваць.