Самота, атлусценне і сяброўства… Пра што пішуць лаўрэаты Еўрапейскай прэміі па літаратуры
10 гадоў таму Еўрапейскі Саюз заснаваў прэмію па літаратуры (European Union Prize for Literature) — каб папулярызаваць на міжнародным узроўні не надта вядомых, але таленавітых аўтараў з розных краін Еўропы. Намінантам прэміі можа стаць аўтар, які мае не менш за дзве, але не больш за чатыры выдадзеныя арыгінальныя кнігі.
Каардынуе прэмію адмысловы кансорцыум, які стварае нацыянальныя журы і арганізуе цырымонію ўзнагароджвання. Адметна, што конкурс можа ісці ажно цягам трох гадоў. Першы цыкл быў у 2009–2011 гадах, трэці скончыўся ў 2017-м. А ў 2019 годзе пачаўся новы цыкл, які завяршыцца ў 2021-м.
Кожны год каля 15-ці еўрапейскіх краін абіраюцца да ўдзелу ў конкурсе, пасля зацвярджаецца склад нацыянальных журы, бо ў кожнай краіне яно сваё. Ну а чальцы журы ўжо вызначаюць пераможцу.
У конкурсе маюць права ўдзельнічаць не толькі краіны-сябры ЕС, але і іншыя краіны Еўропы, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі праграмы «Крэатыўная Еўропа», — агулам 41 краіна.
Лаўрэаты атрымліваюць грашовую прэмію ў памеры 5000 еўра і падтрымку ў выглядзе перакладаў сваёй кнігі, а таксама яе прамоцыю на міжнародным узроўні. Сёлета ў конкурсе перамаглі творцы з наступных краін: Аўстрыя, Венгрыя, Вялікабрытанія, Грузія, Грэцыя, Ірландыя, Італія, Літва, Польшча, Румынія, Славакія, Украіна, Фінляндыя і Францыя.
Пазнаёмімся з нацыянальнымі пераможцамі Еўрапейскай прэміі ды іх творчасцю.
Аўстрыя. Гэтую краіну прадстаўляе Лаўра Фройдэнтхалер.
Лаўра нарадзілася ў 1984 годзе ў Зальцбургу, вывучала нямецкую мову і літаратуразнаўства, філасофію, займалася гендарнымі даследаваннямі. Яе першая кніга выйшла ў 2014 годзе, а праз чатыры гады раман «Каралева маўчыць» атрымаў добрыя водгукі ад крытыкаў і — літаратурную ўзнагароду. Раман «пагружае» чытача ў ізаляваны космас вёскі і складаецца з фрагментаў успамінаў старой жанчыны. Гісторыя яе жыцця трагічная, аднак сама гераіня не ўспрымае яго так, яна, хутчэй, носіць гэты цяжар з гонарам, як «каралева». Другі раман пісьменніцы «Гісторыя прывідаў» пабачыў свет у 2019 годзе, і менавіта за гэтую кнігу Лаўра атрымала Еўрапейскую прэмію па літаратуры. Твор пра пустэчу, якая раптоўна ўтварылася ў жыцці маладой жанчыны. Удзень яна блукае па вуліцах, уначы запісвае свае назіранні ў сшытак. Усё, што раней мела значэнне ў яе жыцці, паступова сыходзіць у цень…
Ад Венгрыі лаўрэатам стала Рэка Ман-Варэдзі (Réka Mán-Várhegyi).
Рэка нарадзілася ў 1979 годзе ў Румыніі, а ў 1990-м пераехала ў Венгрыю, дзе цяпер і жыве. Вывучала эстэтыку і сацыялогію, а таксама этнічныя меншасці. Пасля працавала рэдактарам дзіцячых кніг у выдавецтве. Яе першы зборнік кароткіх апавяданняў з’явіўся ў 2014 годзе і быў прызнаны вельмі ўдалым дэбютам. Рэка піша кнігі для дзяцей і падлеткаў, за якія атрымала ўжо некалькі літаратурных прэмій у 2013 і 2018 гадах. З чорным гумарам і яркімі дэталямі яна апісвае не ўсім бачныя будні венгерскай сям’і. Атлусценне, юнацкія комплексы, прабуджэнне сэксуальнасці — усё гэта можна знайсці ў творах аўтаркі.
Меліса Харысан (Melissa Harrison) стала лаўрэаткай ад Вялікабрытаніі.
Аўтарка раманаў «Гліна», «У часы глогу», «Усё сярод ячменю» і навукова-папулярнай кнігі (нон-фікшн) «Дождж: чатыры прагулкі ў англійскае надвор’е». Усе творы намінаваліся на літаратурныя прэміі. Меліса супрацоўнічае як калумністка з такімі выданнямі, як «The Times», «The Financial Times», «The Guardian» ды іншымі. Яе творчасць неразрыўна спалучана з прыродаю. Апошні раман, за які Меліса і была вылучаная на прэмію, апавядае пра восень 1933 года ва ўсходняй Брытаніі — гэта, на думку маці галоўнага героя, была самая прыгожая восень на яе памяці, хаця Вялікая вайна ўсё ж «кідае цень» на палі і вёскі вакол іх любімай фермы. З горада прыязджае даследчыца фальклору і этнаграфіі, каб запісаць вясковыя традыцыі, якія неўзабаве знікнуць. Галоўны герой і мясцовыя жыхары паступова захапляюцца наведніцай. Але з часам збору ўраджаю пачынае адчувацца эканамічны ціск на вяскоўцаў, і галоўны герой вучыцца давяраць сваім інстынктам і шукае спосабы ўратавацца ад катастроф…
Бека Адамашвілі (Beqa Adamashvili) стаў лаўрэатам ад Грузіі.
Вядомы грузінскі блогер, дырэктар крэатыўнага агенцтва вывучаў журналістыку і сацыялогію ва ўніверсітэце. Яго літаратурны дэбют адбыўся ў 2009 годзе. Бека апублікаваў у інтэрнэце свае кароткія апавяданні і адразу ж набыў папулярнасць сярод чытачоў. У 2014-м яго кніга «Бэстсэлер» стала сапраўдным бэстсэлерам у Грузіі. Добрае пачуццё гумару і глыбокія веды ў галіне сусветнай літаратуры, алюзіі на класічныя літаратурныя творы, а таксама выдатнае веданне прынцыпаў маркетынгу і рэкламы робяць яго апавяданні захапляльнымі і прыцягальнымі, што спрыяе росту папулярнасці.
Намінантам ад Грэцыі стаў Нікас Хрысас (Nikos Chryssos).
Аўтар нарадзіўся ў 1972 годзе ў Афінах і спачатку вучыўся на біёлага, а пасля вырашыў выбраць прафесію рэжысёра. Яму належыць букіністычная кнігарня ў Афінах. Нікас напісаў і выдаў дзве кнігі, сярод якіх раман «Новы дзень», за які ён і быў намінаваны на прэмію. Кніга апавядае пра прыгоды банды бяздомных, якія жывуць і паміраюць у порце «поўдня Еўропы» (Грэцыі). Раман пра жыццё і смерць, злачынствы і пакаранні. Па словах аўтара, менавіта «захапляльныя кароткія гісторыі, а таксама захапляльныя шматгранныя раманы складаюць ядро грэцкай літаратурнай традыцыі».
Ян Карсан (Jan Carson) была намінаваная ад Ірландыі.
Жыве ў Белфасце. Яе першы раман быў надрукаваны ў 2014 годзе і атрымаў добрыя водгукі. А ў 2015-м аўтарка штодзённа пісала кароткую гісторыйку на паштовай картцы і дасылала яе аднаму са сваіх сяброў. У кожнай такой гісторыйцы апісваўся нейкі момант з яе жыцця: падслуханая размова, пабачаная карціна, iмгненная думка і г.д. У 2018 годзе зборнік гэтых звышмаленькіх апавяданняў атрымаў прыз ад Ірландскага саюза пісьменнікаў, а перад гэтым — у 2016-м — ад часопіса «Harper’s Bazaar».
Лаўрэатам ад Італіі стаў Джавані Дацыні (Giovanni Dozzini).
Аўтар нарадзіўся ў Перуджы ў 1978 годзе, дзе жыве і цяпер. Працуе журналістам і перакладчыкам. З 2014-га — сябра арганізацыйнага камітэта «Encuentro», фестывалю, які прапагандуе іспанскую літаратуру ў Італіі. Займаецца музыкай і сам сябе называе «рок-зорка, у якой нічога не атрымалася». У сваіх творах Джавані ўздымае пытанне міграцыі. Апісвае-вывучае, што адбываецца з чалавекам, калі ён робіць першыя крокі на зямлі чужой краіны, яго страхі, жаданні, гнеў і настальгію, а яшчэ — надзею.
Нашу суседку Літву прадставіла Дайна Апалскайтэ (Daina Opolskaitė).
Аўтарка нарадзілася ў 1979 годзе ў Ваўкавішках, скончыла Віленскі педагагічны ўніверсітэт, дзе вывучала літоўскую філалогію. Цяпер працуе настаўніцай у школе ў родным мястэчку. У 2000 годзе атрымала прыз Літоўскага саюза пісьменнікаў за сваю дэбютную кнігу, а ў 2018-м — дзве літаратурныя прэміі за зборнік кароткіх апавяданняў. Дайна піша кнігі для дзяцей і падлеткаў. У 2017 годзе яе раман «І аднойчы, Рычы» стаў кнігай года. Раман апавядае пра сапраўднае сяброўства і ўздымае шмат важных пытанняў для падлеткаў, а самае галоўнае — імкнецца даць на іх адказы: «Як ты можаш адчуваць сябе шчаслівым, калі цябе зваць Баліс Белек? Што такое быць Белекам — гэта нішто. І нават калі дадаць рудыя валасы, добраахвотнікаў не знайшлося б. Іншы аднакласнік Рычы — прыгожы, разумны, смелы і спартыўны. Калі ён прыязджае ў школу на скутары, вочы ўсіх дзяўчат ззяюць, нібыта люстэркі».
Сучасную літаратуру яшчэ адной нашай суседкі, Польшчы, прадставіла Марта Дзіда (Marta Dzido).
Аўтарка нарадзілася ў 1981 годзе, скончыла школу кіно ў Лодзі і здымае дакументальныя стужкі. А яшчэ яна напісала тры раманы і навукова-папулярную кнігу «Жанчыны салідарнасці». Яе кар’ера як рэжысёра таксама паспяховая. Марта працавала галоўным аператарам на здымках дакументальнай стужкі «Underground Women’s State» (2009 г.) і адным з рэжысёраў дакументальнага фільма «Downtown» (2010 г.), які атрымаў прыз «Hollywood Eagle Documentary Award» у 2011 годзе.
Намінант з Румыніі — Таццяна Цыбуляц (Tatiana Tîbuleac).
Таццяна нарадзілася ў 1978 годзе ў Кішынёве, вучылася на факультэце журналістыкі Малдаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Шырокая публіка ўпершыню даведалася пра яе ў 1995 годзе дзякуючы калонцы «Сапраўдныя гісторыі» ў штодзённай газеце «Flux». З 2008-га аўтарка жыве ў Парыжы. Яе дэбютам стаў зборнік кароткіх апавяданняў у 2014 годзе. У 2017-м яе першы раман «Лета, калі ў маці былі зялёныя вочы» атрымаў прэмію ад Саюза малдаўскіх пісьменнікаў, прыз літаратурнага часопіса «Observator Cultural» (Бухарэст) і прэмію «Observator Lyceum prize» на фестывалі ў Ясах. Кніга апавядае пра жанчыну, што памірае, і яе сына (якія праводзяць лета ў французскай вёсцы). Раман быў перакладзены на французскую і іспанскую мовы. Але на прэмію пісьменніца была намінаваная за раман «Шкляны сад», у якім яна таксама звяртаецца да тэмы маці, любімага і нелюбімага дзіцяці, піша пра трагічныя наступствы «бязвер’я». Лёс сіраты ў мультыкультурным Кішынёве, якому самотная і амбітная жанчына можа прапанаваць квітнеючую будучыню, а можа купіць у якасці працоўнай сілы і бязлітасна эксплуатаваць... Сталенне дзяўчыны паміж дзвюмя мовамі і дзвюмя культурамі (малдаўскай і румынскай) у гады, калі мяняюцца межы і палітычная сістэмы... Твор спалучае і жорсткасць назірання за трагічнымі падзеямі, і спачуванне героям.
Івана Дабраковава (Ivana Dobrakovová) стала лаўрэаткай ад Славакіі.
Пісьменніца і перакладчыца жыве ў Турыне. Яе літаратурны дэбют — зборнік кароткіх апавяданняў — у 2009 годзе быў намінаваны на «Anasoft Litera prize» і атрымаў прэмію «Ján Johanides Award» у катэгорыі «Найлепшая проза ад маладога аўтара». А другі раман — «Bellevue» (2010 г.) — апісвае жыццё маладой славацкай жанчыны, у якой здарыўся нервовы зрыў пасля працы ўлетку ў міжнародным лагеры для людзей з інваліднасцю ў Марсэлі.
Сучасную літаратуру нашай суседкі Украіны прэзентуе Гаська Шыян.
Пісьменніца, перакладчыца, блогерка, фатографка. Нарадзілася ў 1980 годзе ў Львове. Вывучала класічную філалогію ў Львоўскім універсітэце. З’яўляецца суўладальніцай кнігарні ў Львове, змагаецца супраць карупцыйных схем пры закупках падручнікаў для школ. Адкрыла Школу маладога пісьменніка, а ў 2014 годзе надрукавала свой першы раман, большая частка якога была напісаная на мабільным тэлефоне, калі аўтарка ляжала ў бальніцы. Цяпер пісьменніца жыве ў Кіеве. Яе твор пра 27-гадовую паспяховую ўкраінку, жыццё якой рэзка змянілася, калі яе хлопцу прыйшла позва ў войска. Вайна падштурхне гераіню да пераацэнкі ўласных каштоўнасцяў і прыняцця няпростых рашэнняў…
Фінляндыю прадстаўляе Пія Лейна (Piia Leino).
Пія нарадзілася ў 1977 годзе, жыве ў Хельсінкі, працавала журналісткай на тэлебачанні амаль 20 гадоў. Яе першы раман быў прысвечаны рэаліці-шоў і апавядаў аб праблемах, з якімі сутыкаюцца жанчыны. Як аўтарку яе цікавяць правілы, згодна з якімі функцыянуе грамадства, і як яно развіваецца. Папулярная культура, сацыяльныя медыя і палітыка — вось галоўныя тэмы яе твораў.
Ад Францыі Еўрапейскую літаратурную прэмію атрымала актрыса і пісьменніца Сафі Доль (Sophie Daull).
Яна нарадзілася ў 1965 годзе. Вывучала музыку ў Нацыянальнай кансерваторыі ў Страсбургу, што і падштурхнула яе стаць актрысай, а потым паспрабаваць сябе ў літаратуры і ў жанры інсталяцый з музыкай і рухамі. Яе першы твор «Camille, mon Evolée» (2015 г.) атрымаў прыз за найлепшы дэбют ад часопіса «Lire».
Паводле euprizeliterature.eu