Алесь Разанаў: галасы з Літвы

У аддзяку Алесю Разанаву за яго ўвагу і любоў да літоўскай мовы, за яго пераклады літоўскай літаратуры на беларускую мову на з’ездзе пісьменнікаў Літвы ў 2018 годзе ўсе сябры Саюза аднагалосна прагаласавалі за тое, каб надаць яму званне ганаровага сябра Саюза пісьменнікаў Літвы: іх у нас трое. Мы ганарымся, маючы ў сваіх шэрагах такога таленавітага творцу і спадзяёмся, што ён зноў парадуе нас новай літоўскай кнігай.

maxresdefault_74.jpg


Чытаючы кнігу

Алесь Разанаў, адзін з самых адметных сучасных беларускіх паэтаў, сваім творчым почыркам, моваю, яе рытмікай, а таксама сваім светаадчуваннем прыкметна вылучаецца сярод сваіх калег. Гэты паэт-філосаф піша вершы, паэмы, версэты, пункціры, памысна ломячы звыклыя жанравыя каноны, творыць, што дагэтуль не мела наймення, — зномы, вершаказы, квантэмы.

Аднак нам важна, што ён не толькі самабытны творца, але і адмысловы перакладчык. Прыехаўшы са сваім сябрам у 1973 годзе на некалькі дзён у Вільню, неўзабаве вярнуўся зноў, ужо на паўгода — вывучаць мову, і з таго часу, асвойваючы абсягі перакладу і знаёмячыся са з’явамі літоўскай літаратуры, наведваўся ў Вільню не аднойчы.

Так, на беларускую мову ён пераклаў вершы А. Малдоніса, С. Гяды, М. Марцінайціса, Ю. Марцінкявічуса і другіх аўтараў, раман Ё. Авіжуса для выдавецтва, п’есу К. Саі для тэатра. Мабыць, маюць рацыю знаўцы, якія кажуць, што літоўская літаратура і праца над перакладамі спрычыніліся да фармавання мовы паэзіі і асаблівасцяў творчасці самога Алеся Разанава.

Калі паэт пачаў цікавіцца літоўскай літаратурай, яго знаёмая, выдатная знаўца беларускай літаратуры, даследчыца літаратурных сувязяў Альма Лапінскене ўзялася перакладаць яго творы на літоўскую. У 2008 годзе ў Вільні выйшла кніга паэзіі А. Разанава «Паляванне ў райскай даліне», а ў 2013-м — «Падарунак хроснай маці».

Аднак найбольш усіх нас Алесь Разанаў здзівіў, пачаўшы сам тварыць па-літоўску.

Пры зычлівым садзейнічанні Лапінскене аб’явіў свае пункціры ў нашых культурніцка-літаратурных выданнях «Metai», «Krantai», «Naujojі Romuvа», а ў 2018 годзе выдавецтва «Homo Liber» выдала іх асобнаю кнігай — так у нашых кнігарнях з’явіліся «Літоўскія пункціры».

Чытаючы гэтую кнігу, немагчыма западозрыць, што пункціры напісаны не нашым суайчыннікам, не тутэйшым: так адмыслова А. Разанаў валодае літоўскай мовай, адчувае яе нюансы, яе асаблівасці, семантычныя пласты, зачароўвае гульнёю слоў.

Тут не ўблытаешся ў гушчар метафар, не натрапіш на пустапарожняе красамоўства, але знойдзеш тое, што не аднойчы бачыла і што на гэты раз само зірне на цябе.

У аддзяку Алесю Разанаву за яго ўвагу і любоў да літоўскай мовы, за яго пераклады літоўскай літаратуры на беларускую мову на з’ездзе пісьменнікаў Літвы ў 2018 годзе ўсе сябры Саюза аднагалосна прагаласавалі за тое, каб надаць яму званне ганаровага сябра Саюза пісьменнікаў Літвы: іх у нас трое. Мы ганарымся, маючы ў сваіх шэрагах такога таленавітага творцу і спадзяёмся, што ён зноў парадуе нас новай літоўскай кнігай.

Бірутэ Ёнушкайтэ, старшыня Саюза пісьменнікаў Літвы


Алесь Разанаў і літоўская мова

Алесь Разанаў — паэт творчай канцэпцыі. Яго перш за ўсё займаюць анталагічныя пытанні, таямніца быцця, загадкі жыцця і светабудовы, іхнія ўзаемасувязі і сувязі з людскімі лёсамі. І яшчэ з’ява, з якой ён сам мае справу, — мова. І не толькі родная. А ў ёй не паэтычныя, якімі б яны ні былі, фігуры, а само слова, у фанемах якога гучыць семантычная глыбіня і ў радовішчах якога бачацца ці прадбачацца закадзіраваныя пласты рэчаіснасці. Паэт імкнецца распазнаць утоены змест слова, яго паходжанне, разгадаць яго код, бо, паводле яго выказвання, кірунак слова, як і зярняці, — знутры. Наогул, мова для паэта — крыніца спазнання свету, з’ява, вартая пільнай увагі. «Кожны народ мае хаця б адзін геніяльны твор, і гэты твор — мова», — кажа ён у адным са зномаў.

Такое стаўленне да мовы, да яе як анталагічнай з’явы становіцца тым заўсёдным імпульсам, які амаль непазбежна ўводзіць у абсягі, дзе мова асвойваецца глыбока і ўсебакова, — у абсягі перакладу. Хачу засведчыць: А. Разанаў — выдатны перакладчык літоўскай літаратуры.

Пасля творчай камандзіроўкі ў Літву, што доўжылася з зімы 1973 па лета 1974 года, ён увайшоў у групу перакладчыкаў, што пачала рыхтаваць да друку двухтомную анталогію літоўскай савецкай паэзіі (выйшла ў 1977 годзе). Над анталогіяй рупіліся 48 перакладчыкаў, сярод іх А. Разанаў меў перавагу ў тым, што мог працаваць непасрэдна з арыгіналам.

Увосень 1982 года, сустрэўшыся ў Мінску, гутарыла з А. Разанавым пра анталогію, спецыфіку перакладчыцкай работы, яе складанасці і асаблівасці. Ён здзівіў мяне тым, што не толькі валодаў літоўскай мовай, а і адчуваў яе. На пытанне, што аказалася самым няпростым пры перакладзе літоўскай паэзіі, А. Разанаў назваў архаічнасць літоўскай мовы. З 86 літоўскіх паэтаў, прадстаўленых у анталогіі, А. Разанаў пераклаў творы 31 аўтара, з іх 16 сам, амаль трэць ад усіх змешчаных у анталогіі вершаў. Рэдактар анталогіі Васіль Вітка прызнаваўся, што А. Разанаў паспяхова, прафесійна перакладае і класіку, і найноўшых паэтаў. І гэты поспех невыпадковы. А. Разанаў — таленавіты творца. Уражвае яго ўспрымальнасць, паэтычнае чуццё, здольнасць паглыбіцца ў светаадчуванне і творчы почырк таго паэта, які перакладаецца, паразумецца з самою існасцю твораў і суадпаведна ўзнавіць іх на роднай мове.

А. Разанаў прымаў чынны ўдзел у перакладзе зборніка Альбінаса Жукаўскаса «Бяздомная любоў» (1974), кнігі паэзіі Юсцінаса Марцінкявічуса «Трава і камень» (1981), Альфансаса Малдоніса «Вадзяныя знакі» (1985). Пераклаў п’есу Казіса Саі «Дзявітабедаўцы», ягоную аповесць для дзяцей «Гэй, хавайцеся!», а праз некалькі гадоў раман Ёнаса Авіжуса «Час, калі пусцеюць сядзібы» (1989). Зноў вярнуўся да паэзіі і ў 1992 годзе выдаў невялічкі зборнік літоўскай паэзіі «Белы замак на гары», які склалі падборкі вершаў Марцэліюса Марцінайціса, Сігітаса Гяды і Эдуардаса Межэлайціса. Адно з апошніх выданняў — «Выбраная лірыка» Юсцінаса Марцінкявічуса (2019): доля ўкладу Алеся Разанава важкая.

Невядомая мова, мова іншага народа вабіць А. Разанава як нязведаная глыбіня.

Ад пачатку 2001 года, жывучы ў Нямеччыне, Аўстрыі, Швейцарыі, ён так далучыўся да нямецкай мовы, што, як сам прызнаецца, папросту гутарыў з нямецкімі словамі; вынікам такой гутаркі сталіся «Wortdichte» (2003) — самім паэтам напісаная па-нямецку кніга вершаказаў. Пасля гэтага з’явіліся «Der Zweig zeigt dem Baum wohin er wachsen soll» («Галіна паказвае дрэву, куды яно мае расці», 2006), «Der Mond denkt, die Sonne sinnt» («Месяц думае, сонца мысліць», 2011) і кніга нямецкіх пункціраў «Von nah und fern» («Зблізку і здалёк», 2016).

Па-літоўску А. Разанаў пачаў тварыць недзе гадоў пяць таму. На запытанне, што яго падштурхнула да гэтага, напісаў: «У маёй суадносіне з літоўскай мовай таіліся зместы, якія хацелі выявіцца і назвацца. Я пачаў ім у гэтым спрыяць — жывыя, выхапленыя з рэчаіснасці, назіранні і фонасемантыка літоўскай мовы пачалі знаходзіць узаемапаразуменне. У кожнай мовы свая рэчаіснасць, фонасемантыка літоўскай мовы адкрывала абсягі, якія не краналіся ні беларускай мовай, ні нямецкай, з якой я таксама меў справу, і я ўваходзіў у гэтыя абсягі з хваляваннем: яны мне былі нейкім чынам знаёмыя. Што яшчэ? А тое, што ім папярэднічала. Мае́ пераклады з літоўскай, вёсны паэзіі, перакладчыцкія семінары і даўняе, наша з табой, супрацоўніцтва. Ад цябе за колькі гадоў да таго, як яны пачалі ўзнікаць, у часе сумесных чытанняў у Літве я атрымліваў настойлівыя імпульсы: спрабуй... твары... пабудзь літоўскім творцам!.. Недзе, мабыць, у Бірштанасе, сказаў, што адчуў, — што ўваходжу ў размову з літоўскай мовай: літоўская мова пачала мне адкрываць свае зместы. Без гэтай узаемнасці літоўскія пункціры не змаглі б адбыцца».

Публікацыі напісаных па-літоўску пункціраў А. Разанава з’яўляліся ў часопісах, а затым выдавецтва «Homo liber» надрукавала «Літоўскія пункціры» асобнаю кнігай.

Кніга ўражвае прыгожай, багатай літоўскай мовай, паэтычным чуццём, здольнасцю ўбачыць, пачуць, адчуць нечаканыя суадносіны слоў. Літоўскае слова для А. Разанава — быццам скарб, знойдзены ў куфэрку. Пачутыя, выяўленыя паэтам сугуччы натуральна, нібы неўпрыкмет, адкрываюць глыбокія семантычныя сувязі слоў. Побач з сугуччамі, сэнсавымі звязкамі і алітэрацыямі ў кнізе нямала вобразных выразаў, арыгінальных метафараў: сцежку цыруе трава, дождж ідзе па рацэ, сонца тчэ палатно прыцемак і інш. Радуюся, што выдатны, блізкі да нас суседствам, беларускі паэт Алесь Разанаў стаўся і літоўскім творцам.

Альма Лапінскене, літаратуразнаўца, перакладчыца


Чароўнасць кароткага жанру

Асоба Алеся Разанава выключная ў літаратурных сувязях Літвы і Беларусі. Гэта цягам дзесяцігоддзяў ён даказаў перакладамі літоўскай паэзіі, драматургіі і прозы на беларускую мову, гэта яшчэ раз пацвердзіў створанымі на літоўскай мове «Літоўскімі пункцірамі». За ягонае культурнае амбасадарніцтва тры гады таму паэт атрымаў ганаровую ўзнагароду — «Зорку дыпламатыі Літвы».

Выявіўшыся як творца самабытных аўтарскіх жанраў у беларускай паэзіі, А.Разанаў і ў літоўскай паэзіі стварыў самабытны «пункцірны» жанр — не раўнуючы, літоўскае хайку.

У «пункцірах» надзвычай важныя ўнутраныя сувязі слоў, алітэрацыі: Jaunatis ragina?../Sraigė/Iškelia ragelius (Маладзік заахвочвае?.. Слімак выстаўляе рожкі).

«Паэтычныя этымалогіі» ўражваюць натуральным тонкім чуццём і вобразнасцю.

З зычных, галосных і іхніх повязяў А. Разанаў творыць алхімію літоўскай фанетыкі:

Ar dar?/Ar gana? –/Dargana/Gano pievą (Ці яшчэ? Ці годзе? — Непагадзь пасвіць луг).

Толькі паэт «з боку», пэўна, так здольны пачуць літоўскую мову, яе шэпты і падшэпты: Patenkintas vapa/puodas:/kvapu/bulvės užpildo butą (Задаволены, мармыча гаршчок: пахам бульбы напоўніў кватэру).

Можна сцвярджаць, што ў літоўскіх «пункцірах» А. Разанаў гуляе з мовай, дэканструктуе яе вальней, чым у напісаных на роднай мове «пункцірных» аналагах, дзе дамінуе лагічнае разгортванне думкі.

Сустракаецца ў «пункцірах» і простанародная лексіка: «žemė / kvošisi po žiemos» (зямля ачуньвае пасля зімы); сустракаюцца і каларытныя рэдкія словы: «kaukaras» — узгорак, «viešmuo» — ручаіна, «lizduojasi» — віе гняздо, «viešniauja» — гасцюе.

Не пазбягае Разанаў і наватвораў: «lašti» (цэдзіцца па кроплях), «prabangauja» (раскашуе).

Другі від «пункціраў» — гэта каляровыя, пірасманеўскія малюнкі: «išdidžiai / tešmenį neša karvė» (ганарыста вымя нясе карова) , «ežiukas/žiūri dygliais» (вожык дзівіцца іголкамі), «neša/moteris glėbyje/moliūgą» (нясе жанчына ў абярэмку гарбуз).

Пейзажнасць «Літоўскіх пункціраў» універсальная і разам з тым паўночна прыгашаная.

Вось яно, Вялікае Княства Паэзіі Алеся Разанава: літоўска-беларускія краявіды з пеўнямі, жаўрукамі, бусламі. Паэтычны рух у гэтых вершах падкрэслена павольны, штодзённы, ён паступова ўводзіць нас у змену дня і ночы, у плынь пораў года.

Алесь Разанаў у «пункцірах» вельмі суладна гутарыць з прыродай, жывыя і нежывыя прадметы ў яго вершах узаемадзейнічаюць і размаўляюць: Galbūt nubusi?.. –/Lietus/akmenį įkalbinėja (Можа, абудзішся?.. — Дождж угаворвае камень).

У «Літоўскіх пункцірах» А. Разанаў плённа спалучае традыцыю і мадэрн, перадаючы адвечныя тэмы прыроды мінімалістычнымі формамі і нечаканымі слоўнымі спалучэннямі. Радкі, сфармуляваныя ім, захапляюць сваёй ашчаднасцю і змястоўнасцю:

Stiebiasi pienė,/stebisi:/jau debesy

(Цягнецца дзьмухавец, дзівуецца: ужо ў небе?)

Можна смела сцвярджаць, што Алесь Разанаў, застаючыся ў абсягах традыцыйнай лірыкі, адгарнуў новую старонку кароткага жанру — спачатку ў беларускай, а тады і ў літоўскай паэзіі.

Эвалдас Ігнатавічус, паэт, дыпламат

Пераклала з літоўскай Галіна Лінкевіч