Пачынаецца прыём твораў на прэмію турэмнай літаратуры імя Аляхновіча
У 2013 годзе ПЭН-цэнтр і Радыё Свабода супольна заснавалі прэмію за творы, напісаныя ў зняволенні, і прысвяцілі яе драматургу і рэжысёру Францішку Аляхновічу.
Радыё Свабода і Беларускі ПЭН-цэнтр пачынаюць прыём заявак
на прэмію імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны
аўтарам, які быў зняволены.
На разгляд прымаюцца дакументальныя і мастацкія творы на беларускай і рускай
мовах, створаныя ў зняволенні ці пасля яго, і апублікаваныя ў кніжным выглядзе,
перыёдыцы ці ў публічнай інтэрнэт-прасторы ў 2018-2019 гг. Права намінацыі
маюць як аўтары, так і чытачы.
Дасылайце творы ці спасылкі на іх на 2 адрасы: svaboda@rferl.org і info@pen-centre.by да 1 снежня 2019 (уключна). Журы
вызначыць пераможцу і абвесціць вынікі да 10 снежня – міжнароднага Дня правоў
чалавека.
У 2013 годзе ПЭН-цэнтр і Радыё Свабода супольна заснавалі прэмію за творы,
напісаныя ў зняволенні, і прысвяцілі яе драматургу і рэжысёру Францішку
Аляхновічу (1883 – 1944), чыя кніга «У капцюрох ГПУ» адной з першых у
свеце расказала свету пра савецкі ГУЛАГ. Арганізатары плануюць уручаць прэмію
імя Францішка Аляхновіча, пакуль сітуацыя ў краіне будзе даваць для гэтага
падставы, але спадзяюцца, што яна неўзабаве страціць сваю актуальнасць.
Лаўрэатамі прэміі імя Францішка Аляхновіча з'яўляюцца: Ігар Аліневіч (2013),
Алесь Бяляцкі (2014), Зміцер Дашкевіч (2014), Фелікс Пекер (2014), Павел
Севярынец (2014), Аляксандр Фядута (2014), Ірына Халіп (2014), Мікола Дзядок,
Зміцер Дрозд, Андрэй Саннікаў і Леанід Пятрэнка (2017), Аляксандр Лапшын
(2018), Уладзімір Някляеў (2018) і Вольга Мікалайчык (2018).