Князь Альгерд
Альгерд Бахарэвіч заўважна заікаецца. У дадатак ён картавіць. У дадатак ён рана пачаў сівець і, па-мойму, не адрозніваецца выдатным зрокам. Але пры ўсім гэтым ён… даволі высокі мужчына. Не, ну чаму Альгерд Бахарэвіч такі высокі? Быць бы яму нізкім, як тумбачка, — я, на радасць беларускай афіцыйнай крытыцы, мела б паўнюткае маральнае права абвесціць Альгерда Бахарэвіча агідным курдупелем Цахесам сучаснай беларускай літаратуры. Але ж ён высокі, і не проста высокі — велічны: у яго паставе і выразе твару праглядаецца нейкая старанна культываваная мефістофелеўшчына.
Альгерд Бахарэвіч заўважна заікаецца. У дадатак ён картавіць. У дадатак ён рана пачаў сівець і, па-мойму, не адрозніваецца выдатным зрокам. Але пры ўсім гэтым ён… даволі высокі
мужчына. Не, ну чаму Альгерд Бахарэвіч такі высокі? Быць бы яму нізкім, як тумбачка, — я, на радасць беларускай афіцыйнай крытыцы, мела б паўнюткае маральнае права абвесціць Альгерда
Бахарэвіча агідным курдупелем Цахесам сучаснай беларускай літаратуры. Але ж ён высокі, і не проста высокі — велічны: у яго паставе і выразе твару праглядаецца нейкая старанна культываваная
мефістофелеўшчына.
Думаю, таньчыць трэба ад таго, што па пашпарце беларускага пісьменніка і германіста Альгерда Бахарэвіча завуць Алегам. Узяўшы сабе ў 18 год, на парозе творчасці, імя вялікага князя літоўскага,
Бахарэвіч нібы прадбачыў сваю будучую ролю — змрочнага князя цемры, што апанавала сучасную беларускую літаратуру.
Цынічны панк з «Бум-Бам-Літу»
Грошы ўкралі злодзеі, дом і хлеў згарэлі дашчэнту, збажыну ў полі выпетрыў град, і каб дарэштаваць нашы бядоты, пакарала нас неба гэтым недаросткам-ваўкалакам, якога я нарадзіла на смех і
сорам усёй вёсцы!
Э.Т.А. Гофман, «Курдупель Цахес, якога звалі Цынобер» (пераклад В. Сёмухі)
Пачнём з таго, што спрачацца, ці змяніла Бахарэвіча яго эміграцыя ў Германію ў 2005 годзе, — гэта як разважаць, што кранаецца з месца, калі ад’язджае цягнік: перон ці вагоны.
Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч развіўся ў таго, кім намерыўся быць з самага пачатку, незалежна ад яго фізічнага знаходжання ў адной ці другой краіне, а вось беларускае культурнае асяроддзе заўважна
змянілася. Таму разблытваць феномен Бахарэвіча варта, відаць, з самага яго (феномена) нараджэння напрыканцы 1990-х.
Дзевяностыя ўвогуле былі фенаменальнымі часамі, якія непапраўна паўплывалі на ўсіх, каму тады выпала быць студэнтам ці школьнікам. З аднаго боку — разруха, нэндза. З іншага —
бязмежная, у параўнанні з савецкім мінулым (нават нягледзячы на 1994 год) свабода слова, думкі ды дзеяння, якая агаломшыла дарослых, а дзецьмі была ўспрынятая як нешта прыродна дадзенае. Матэрыяльныя
праблемы малеча амаль не заўважала, бо гэты ўдар на сябе ўзялі бацькі, а вось у духоўным плане ўсе органы ўспрыняцця былі адкрытыя акіяну новай інфармацыі. Акурат дала джазу школьная сістэма, якая
спехам перапісала падручнікі гісторыі ды літаратуры (той, хто ў пятым-сёмым класе ўпарта спрабаваў вучыцца па хліпкіх брашурках, дзе на жоўтай паперы дробным шрыфтам былі перадрукаваны універсітэцкія
лекцыі, мяне зразумее).
Тым не менш, намаганнямі настаўнікаў мы (адначасова з самімі настаўнікамі) даведваліся пра існаванне Рагвалода ды Рагнеды, Францыска Скарыны ды Васіля Цяпінскага, Міндоўга, Гедыміна, Альгерда ды
Вітаўта… А тут яшчэ падкотвала цяжкая артылерыя — Караткевіч, Арлоў ды гурт «N.R.M.». Што б мы ні казалі і ні рабілі цяпер, мы — дзеці дзевяностых
— спрэс падсвядомыя «нацыкі», да якой бы ідэалогіі і поглядаў на жыццё ні прыйшлі пазней свядомым чынам.
Думаю, гэта шмат што тлумачыць да найноўшай беларускай літаратуры: напрыклад, чаму пісьменнік можа ў рамках аднаго твору прасоўваць анархічныя погляды на жыццё і ў той жа час бясконца мусіраваць
нацыянальнае пытанне, не адчуваючы ў гэтым ніякай дысгармоніі. Гэта дзевяностыя — часы, калі ўсё перамяшалася.
Творчыя акцыі Беларусі канца дзевяностых нагадвалі вінегрэт і, паколькі гэта глупа і напружна — выкалупваць з вінегрэту агуркі ці бульбу, адкідаючы рэшту, усё пачутае і пабачанае паглыналася
без разбору і амаль без рэфлексій. Цікаўны да беларускай культуры мог у адзін дзень з захапленнем слухаць лекцыю пра неапаганства, у другі з замілаваннем — праваслаўныя харалы... Дзяленне на
«сваіх» і «чужых» было элементарным, як перабраць бульбу, і адбывалася выключна па мове. На адной сцэне тады маглі суседзіцца выступы барда-пасняра Адраджэння і
эпатажнага моладзевага гурта: няважна было, якія словы і ідэі бард мармыча сабе пад нос, а прыпанкаваны саліст енчыць у мікрафон: важным было тое, што робіцца гэта па-беларуску.
Менавіта так я ўпершыню і пабачыла Бахарэвіча — у якасці саліста панк-гурта «Правакацыя» падчас падобнай літаратурна-музычнай салянкі. І калі мне сказалі, што гэты паўголы
фацэт на сцэне — малады пісьменнік, я зусім не здзівілася: празаік Ілля Сін тады ўжо раскідваў падчас перформансаў сырыя косткі, а паэт Зміцер Вішнёў трушчыў сырыя яйкі ўласным целам:
глядзець на гэта пасля школы было для мяне гэтак жа натуральна, як пісаць рэфераты пра княжанне Альгерда ці Вітаўта ў школе. Выступу Бахарэвіча, «цынічнага панка» з
«Бум-Бам-Літу», як яго тады называлі, нейкія пенсіянеры ў залі побач са мной вельмі ўзрадаваліся: «нашыя» — яны і такія, нават адкіды грамадства любяць
беларушчыну.
Але вось «Бум-Бам-Літ» зрабіў «бум», зрабіў «бам» і ўрачыста разваліўся — каб выслабаніць творчую энергію для новых, больш
індывідуальных, працаёмкіх праектаў. У выніку Серж Мінскевіч зрабіў грунтоўныя пераклады «Дзядоў» і «Крымскіх санетаў» Адама Міцкевіча, Віктар Жыбуль ажаніўся з
Верай Бурлак, з усімі наступствамі для паэзіі, а Зміцер Вішнёў заснаваў выдавецтва. Але важнейшай за дыферэнцыяцыю стваральнікаў літаратуры стала дыферэнцыяцыя спажыўцоў літаратуры: чытач стаў
задумвацца, што і навошта ён чытае: у прадстаўнікоў розных творчых метадаў з’явілася свая аўдыторыя, свае фанаты і свае апаненты. Канец двухтысячных вітае нас няпростым і нават абвостраным
супрацьстаяннем розных дыскурсаў у адной культурнай сітуацыі. І Альгерд Бахарэвіч выявіўся ключавой постаццю гэтага супрацьстаяння. Найперш таму, што апынуўся амбітнейшым за ўсіх паплечнікаў,
паставіўшы перад сабой мэту любымі сродкамі стаць прафесійным стваральнікам разумных тоўстых раманаў. Такое ўжо гэта стварэнне — разумны тоўсты раман: калі нейкаму пісьменніку яно хоць раз у
жыцці ўдалося, спакою гэтаму пісьменніку ўжо ніколі не будзе.
Як зарабіць на купальнік каханай
«Пэтэр, ты бедны дурань, і гэта мяне засмучае. Такі бадзёры, файны хлопец, толькі пачынаеш жыць — і вымушаны паліць вогнішчы, каб прадаваць вугаль! Тым часам, як іншыя вытрасаюць з
рукавоў талеры і дукаты, ты не можаш паставіць і пары пятакоў! Гэта ўбогае жыццё!»
«Гэта праўда, — сказаў Пэтэр, — убогае».
В. Гаўф, «Халоднае сэрца» (пераклад А. Бахарэвіча)
У аповесці «Прыватны пляж на беразе Леты» галоўны герой купляе на ўвесь сціплы заробак універсітэцкага выкладчыка паўмёртвай кудзінскай (выдуманай аўтарам славянскай) мовы падарунак
сваёй дзяўчыне — модны залаты купальнік. Падарунак тым больш раскошны, што гераіні ён непатрэбны: наперадзе халодная зіма. Даўно ўжо не дзеткі, героі крадком ад бацькоў кахаюцца ў цесным
дзіцячым пакойчыку і мараць пра ўласную кватэру… Калі зводзіць аналіз усёй прозы, на гэты час выдадзенай пад лэйблам «Бахарэвіч», да аднаго-двух радкоў, то асноўная яе
ідэя — гэта пошук адказу на пытанне, якім чынам малады беларус з вышэйшай адукацыяй можа здабыць грошай на раскошны купальнік каханай жанчыне, не абрабаваўшы багатага суседа.
У розных творах на месца адказу падстаўляюцца розныя варыянты, і чытачу даецца магчымасць разам з аўтарам адысціся ад палатна і, прымружыўшы вока, ацаніць, ці такі варыянт пасуе. У аповесці
«Ніякай літасці Валянціне Г.» літкансультант Стах Хадок абвяшчае бязлітасную вайну графаманцы, якая апынаецца прыкутай да інваліднага вазка, і не здае пазіцый нават пад пагрозай
фізічнай расправы. Пасля гэтага ён атрымлівае прапанову грашовай працы ў галоўнай газеце краіны, яго задача — маральнае знішчэнне ворагаў рэжыму. Журналістку па імені І., гераіню рамана
«Праклятыя госці сталіцы», купальнік увогуле не парадуе — яна гарадская вар’ятка, яе шчасце — абвешваць сябе бруднымі хіпоўскімі анучкамі.
У рамане «Сарока на шыбеніцы» пісьменнік прыходзіць да высновы, што ў Беларусі зарабіць на залаты купальнік немагчыма: герой эмігруе ў Германію. Цяпер ён мае фінансавую магчымасць
купіць запаветную шмотачку на распродажы і даслаць яе былой каханцы, якая засталася ў Беларусі. Але чамусьці не робіць гэтага. Можа, менавіта таму, што каханка — былая. І нават у кнізе
«Халоднае сэрца» цэнтральным ёсць пытанне, ці прыносяць шчасц е залатыя купальнікі. Магчыма, менавіта таму сярод усіх твораў нямецкага пісьменніка-рамантыка Вільгельма Гаўфа
Бахарэвіч абраў для перакладу і постмадэрнісцкай інтэрпрэтацыі менавіта гэты.
Адпаведна, і чытачы Бахарэвіча падзяліліся на два ідэйныя лагеры: адны лічаць, што залаты купальнік — гэта еўрапейскі ўзровень, у кожнай беларускай жанчыны павінен быць такі. Другія
заяўляюць, што залаты купальнік — мяшчанства і бездухоўнасць, бо ніводзін класік беларускай літаратуры не пісаў пра купальнікі. Заўважце: гэты падзел ужо не датычыць мовы, на якой піша
Бахарэвіч. І, заўважце: сам Бахарэвіч хітра не дае наконт гэтага самага купальніка адназначнага адказу. Прыўкрасна вывучыў, прайдзісвет, чым адрозніваецца сучасны еўрапейскі пісьменнік ад беларускага
(анты)савецкага.
«Пэтэр, ты бедны дурань, і гэта мяне засмучае»... Прэзентацыю кнігі «Халоднае сэрца» ў Мінску Альгерд Бахарэвіч пачаў менавіта з гэтага ўрыўку.
Калі ў сяброў творчай суполкі «Schmerzwerk» (ням. «Фабрыка болю») — хутчэй віртуальнага таварыства літаратараў — пытаюцца, што іх
усё-ткі яднае, яны загадкава пасміхаюцца, паціскаюць плячыма або адказваюць цьмяна і доўга. Але мне здаецца, што адказ вельмі просты. Іх найвышэйшая здрада не ў фактычнай эміграцыі (з’ехалі
адно Бахарэвіч і Морт), а ў тым, што большасць з іх зраклася беларускай літаратурнай традыцыі, моцна замяшанай на расійскай класіцы, ужо самім фактам дасканалага вывучэння трэцяй — апроч
беларускай і рускай — мовы, прычым далёка не славянскай. З адкрытасці еўрапейскаму кантэксту праз непасрэдны доступ да тэкстаў заходняга канону і вынікае ўсё: іх «варожая»
эстэтыка ды ідэалогія, іх ускрай крытычны погляд на беларускую рэчаіснасць. Таксама спадчына шчасных дзевяностых, калі апантаныя заходняй культурай, што раптам абрынулася на нас з усіх шчылінаў, мы,
падлеткі, так прагна накінуліся на падручнікі англійскай (нямецкай, французскай) граматыкі.
І вось што цікава сказаць напрыканцы: летапісны кіеўскі Алег, ад якога ў СССР, дзякуючы Аляксандру Пушкіну пайшла мода на гэтае скандынаўскае па паходжанні імя, таксама быў князем. Аднак змяніўшы
адно княжацкае імя на іншае, 18-гадовы Бахарэвіч ніякім чынам не змяніў шыла на мыла. Чаго, відаць, ніколі не зразумець таму, хто не адчуў беларускія дзевяностыя на ўласнай скуры.