Крутыя горкі Уладзіміра Замяталіна

7 ліпеня стала вядома, што а 9-й раніцы ў сябе дома памёр Уладзімір Замяталін. Пра гэта паведамілі члены яго сям'і. Прычына смерці пакуль невядомая. У маі Замяталіну споўніўся 71 год.

Уладзімір Замяталін разумеў, што раз-пораз трэба выходзіць і ў народ. Крыніца: Свабода, 1995.

Уладзімір Замяталін разумеў, што раз-пораз трэба выходзіць і ў народ. Крыніца: Свабода, 1995.



«Галандская качка»

Кар’ера Замяталіна як прэтэндэнта на валоданне грамадскай думкай і на лаўры савецкіх ідэолагаў кшталту Суслава пачалася са звычайнага падману і шантажу 14 чэрвеня 1994 года. У гэты дзень цэнтральныя газеты краіны «Советская Белоруссия» і «Знамя юности» падалі артыкул (на другі дзень ён з’явіўся ў «Белорусской ниве» і ў «Рэспубліцы») пад інтрыгоўнай назвай «Беларусь беременна первым президентом. Кто им станет?». Артыкул уяўляў сабой перадрукоўку з нідэрландскага выдання «Amsterdammguiere» (№36, 12 мая 1994 года). Аўтарам артыкула значыўся А.Van-Berst. У публікацыі меліся спасылка на расійскі «ИТАР-ТАСС» і прозвішча перакладчыка («В. Ганищев»).
Матэрыял быў невыпадковы. Крыху больш праз тыдзень павінны былі адбыцца першыя прэзідэнцкія выбары, на якіх галоўным фаварытам лічыўся Кебіч. І тое, што ў артыкуле тагачаснага старшыню Савета Міністраў узнялі да нябёсаў, адразу ж насцярожыла журналістаў і палітолагаў. І сапраўды, панегірыкам на адрас Вячаслава Францавіча пазайдросціў бы сам Ельцын. Гэта і новы беларускі Машэраў, і палітык-рэаліст, і найбольш аўтарытэтная фігура сярод лідараў краін СНД, і прагматык, і энергічны кіраўнік. Каб не разважлівая палітыка Кебіча, сцвярджаў аўтар, «тихая и живописная республика» непазбежна пагрузілася б у багну хаосу і бязладдзя. Заключэнне Беларуссю эканамічнага і грашовага саюза з Расіяй, запэўніваў А. Van-Berst, было вынікам стратэгічнага майстэрства Кебіча.
Галандзец закрануў і іншых прэтэндэнтаў на вышэйшую пасаду. Больш за ўсіх дасталося былому старшыні Вярхоўнага Савета, «сыну поляка-католика и польской еврейки» Станіславу Шушкевічу, які абвінавачваўся ў нацыяналізме і русафобіі, адсутнасці папулярных ідэяў, пазбяганні ўсялякай адказнасці ў дзяржаўных справах і г.д. Затое Шушкевічу інкрымінавалася цяжкае «злачынства» супраць Расіі: нібыта адкрыццё ў праваслаўнай Беларусі амаль двухсот касцёлаў.
У артыкуле гаворка ішла і пра Аляксандра Лукашэнку, які быў паіменаваны ў якасці «директора крестьянского кооператива». Узляцеўшы на палітычны Алімп, Лукашэнка, гаварылася ў артыкуле, нічога не можа прапанаваць насельніцтву, акрамя прымітыўных тэзісаў барацьбы з карупцыяй. Калі «импульсивный, взрывоопасный» Аляксандр Лукашэнка прыйдзе да ўлады, то Беларусь чакае паласа нестабільнасці і палітычнай непрадказальнасці. Больш таго, Лукашэнка здольны «существенно разрушить все то, что создавало Беларуси репутацию умеренной и вполне благоприятной для социально ориентированных реформ республики».
Артыкул меў выбуховы эфект. У сваіх мемуарах «Искушение властью» Кебіч сцвярджаў, што літаральна праз гадзіну пасля з’яўлення газет у кіёсках яму пазваніў Шушкевіч і абвінаваціў у паклёпе. Сам Шушкевіч накіраваў ліст паслу Расіі ў Беларусі з мэтай высветліць, ці мае нейкія адносіны ІТАР-ТАСС да гэтай публікацыі (у ІТАР-ТАСС звярнулася і «Белорусская деловая газета»). Адказ ад расійскага агенцтва за подпісам галоўнага рэдактара аддзела замежнай інфармацыі Віктара Хрэкава быў несуцяшальным і адначасова прадказальным: такога галандскага выдання не існуе ўвогуле; перакладчык з такім прозвішчам у ІТАР-ТАСС не працуе і ніколі не працаваў. Такім чынам, «галандская качка» апынулася банальнай «беларускай ліпай», накіраванай на дыскрэдытацыю палітычных канкурэнтаў Кебіча.
Найбольш эмацыйна адрэагавала «Народная газета» ў асобе намесніка галоўнага рэдактара Аляксандра Класкоўскага. У нумары ад 21 чэрвеня 1994 года журналіст назваў стваральнікаў «галандскай качкі» адпетымі падонкамі, якія ўзялі на ўзбраенне гебельсаўскія метады. У адказ галоўны рэдактар «Советской Белоруссии» Ігар Асінскі перасцярог Класкоўскага ад падобных абвінавачанняў, але фактычна прызнаў, што ягоная газета надрукавала фальшыўку.
Публікацыя галандскага артыкула стала першым у гісторыі незалежнай Беларусі прыкладам выкарыстання ў перадвыбарчай барацьбе чорнага піяру, калі палітыкі не спыняліся ні перад якімі сродкамі, каб зганьбаваць адзін аднаго. Неўзабаве высветлілася, што за публікацыяй стаяў прэсавы сакратар Кебіча Уладзімір Замяталін. У сваіх мемуарах Кебіч піша, што Замяталін падмануў Асінскага наконт таго, што кіраўнік урада ведае пра артыкул, даслаў да галоўнага рэдактара кур’ера з запячатаным канвертам і загадаў надрукаваць.

Армейскі рупар


Уладзімір Замяталін — фігура загадкавая. Ягоная біяграфія ў адкрытым доступе вельмі сціплая. Амаль нічога невядома пра перыяд службы Замяталіна ва Узброеных Сілах, у тым ліку і ў Беларускай вайсковай акрузе, дзе ён з’явіўся ў 1983 годзе. Аднак дакладна вядома, што пасля скону СССР Замяталіну пашанцавала: ён не толькі не застаўся за армейскім бортам, але нават няблага падняўся, узначаліўшы прэсавы цэнтр Міністэрства абароны ўжо незалежнай Беларусі. Таксама невядомы матывы міністра Паўла Казлоўскага, які даў згоду на прызначэнне Замяталіна. Хутчэй, паўплывалі нейкія асабістыя знаёмства. Аляксандр Фядута, напрыклад, сцвярджае, што сябрам Замяталіна быў генерал Валерый Паўлаў — дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання і падначалены «правай рукі» Кебіча Генадзя Данілава.

Уладзімір Замяталін і кіраўнік дзяржаўнага сакратарыята па барацьбе са злачыннасцю і нацыянальнай бяспецы Генадзь Данілаў. Крыніца: Свабода, 1994

Уладзімір Замяталін і кіраўнік дзяржаўнага сакратарыята па барацьбе са злачыннасцю і нацыянальнай бяспецы Генадзь Данілаў. Крыніца: Свабода, 1994


Невядома дакладна і тое, калі Замяталін быў прызначаны кіраўніком прэсавага цэнтра. Хутчэй за ўсё, гэта адбылося пасля 6 мая 1992 года, калі Савет Міністраў зацвердзіў пастанову, паводле якой Беларуская вайсковая акруга ліквідавалася, а ўсе воінскія фарміраванні (акрамя стратэгічных) на тэрыторыі краіны падпарадкоўваліся Міністэрству абароны.
У руках Замяталіна і ягонага прэсавага цэнтра апынулася газета «Во славу Родины», якая павінна была тлумачыць палітыку Міністэрства абароны ў справе рэфармавання айчынных Узброеных Сілаў. На старонках выдання з зайздростным пастаянствам пачала з’яўляцца інфармацыя пра паседжанні вайсковай міністэрскай калегіі, на якіх абмяркоўваліся пытанні скарачэння і мадэрнізацыі арміі, раскрадання вайсковай тэхнікі і маёмасці, «дзедаўшчыны», будаўніцтва жыллля для ваенных, выкарыстанні ў войсках беларускай мовы і інш.У задачы прэсавага цэнтра таксама ўваходзілі розныя апытанні афіцэраў і вайскоўцаў. Напрыклад, у нумары «Во славу Родины» за 20 ліпеня 1993 года падаваўся вынік апытання 146 вайскоўцаў Барысаўскага гарнізона. Цікава, што 51% з іх не лічыў злачынствам ухіленне ад вайсковай службы.
Прэсавы цэнтр у тыя гады не мог быць не ўцягнуты ў палітычныя працэсы. Калі па ініцыятыве Казлоўскага ва Узброеных Сілах пачалася барацьба з т.зв. «нацыяналістамі» у асобе БЗВ, прэсавы цэнтр і «Во славу Родины» (у сярэдзіне ліпеня 1992 года на сустрэчы з калектывам газеты Казлоўскі раскрытыкаваў рэдакцыю за публікацыю 1 ліпеня артыкула пра сустрэчу прадстаўнікоў міністэрства з членамі БЗВ, на якой абмяркоўваліся пытанні патрыятычнага выхавання вайскоўцаў) заўсёды былі наперадзе (Армия должна быть вне политики // Во славу Родины, 5 августа 1992 года). Вынікам стала звальненне лідара БЗВ падпалкоўніка Мікалая Статкевіча з арміі вясной 1993 года.
Шмат намаганняў прэсавы цэнтр паклаў для апрацоўкі грамадскай думкі супраць патрыятычнай прысягі, арганізаванай БНФ і БЗВ на сталічнай пл. Незалежнасці 8 верасня 1992 года. У спецыяльнай міністэрскай заяве, якая не магла прайсці міма Замяталіна, ініцыятары прысягі абвінавачваліся ў расколе грамадства і інш.Найбольш жорсткую заяву прэсавы цэнтр распаўсюдзіў у ліпені 1993 года, калі Першы з’езд беларусаў свету (Мінск, 8-10 ліпеня) прыняў рэзалюцыю, датычную Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь. У ёй, як вядома, крытыкавалася афіцыйная армейская палітыка, выказвалася абуранасць ганеннямі на беларускіх патрыётаў-вайскоўцаў. Ведамства Замяталіна дала такі адказ: «По военному вопросу съезд пошёл на поводу у кучки экстремистов, противопоставляющих Вооружённые Силы белорусскому народу. Заявление съезда — политически истрёпанная фразеология БЗВ о преследовании в войсках».
Пры гэтым сам Замяталін яўна імкнуўся не «свяціцца»: на працягу 1992-1993 гадоў у газеце «Во славу Родины» адсутнічае ягонае прозвішча, таксама як і хоць нейкае інтэрв’ю. Нічога невядома ні пра структуру цэнтра, ні пра ягоных супрацоўнікаў.
Аднак на шырокай публіцы Уладзімір Пятровіч з’явіцца ўсё ж мусіў.

Побач з Кебічам


Чарговы нумар «Во славу Родины», які выйшаў 11 лютага 1994 года, абяцаў быць непрыкметным, аднак усё змяніла інтэрв’ю з новым вылучэнцам — прэсавым сакратаром старшыні Савета Міністраў. Ім стаў Уладзімір Замяталін. У выніку шматлікія чытачы газеты і грамадзяне, бадай, упершыню даведаліся, хто кіраваў армейскім прэсавым цэнтрам. Адказваючы на пытанне, навошта Кебічу такая пасада, Замяталін сцвярджаў, што для своечасовай падачы інфармацыі, наладжванні лепшай камуніцкацыі выканаўчай улады і насельніцтва. Па словах Замяталіна, з Кебічам яго звёў выпадак, потым, ён, Замяталін выканаў некалькі даручэнняў кіраўніка ўрада і ў выніку паступіла прапанова.
У інтэрв’ю Замяталін рашуча асудзіў пазіцыю, паводле якой чалавек з вайсковым мінулым не пацягне працу прэсавага сакратара. Калі б, казаў Замяталін, у свой час Пецярбургская кансерваторыя не прыняла паручыка Рымскага-Корсакава, то свет страціў бы геніяльнага музыканта. Без усялякага сумнення Уладзімір Пятровіч даваў зразумець, што ён — самая ўдалая кандыдатура, якая, акрамя неабходных адміністрацыйных і дзелавых якасцяў, мае і вялікі прагнастычны патэнцыял.

З шэфам Вячаславам Кебічам. Крыніца: Свабода, 1995.

З шэфам Вячаславам Кебічам. Крыніца: Свабода, 1995.


Сваё крэда агучыў Замяталін наконт журналістыкі: «Многих проблем в освещении событий и фактов могло бы и не быть, если бы журналисты присягали нести людям правду, подобно врачам, дающим клятву Гиппократа. Когда же журналистика тесно переплетается с политикой, обслуживает её, то ничего хорошего ждать не приходится». Каментараў, як кажуць, не патрабуецца.
Каб зразумець сённяшні моўны ўчынак Замяталіна ў «Еўраопце», дастаткова звярнуцца да яго наступных словаў з таго інтэрв’ю: «Языковыми красивостями у нас действительно некоторые овладели в мгновение ока. Такую бы прыть — да в конкретные практические дела. Считаю, в Беларуси проблема отчасти надуманна, искуственно поддерживается новоиспеченными национал-патриотами».
Перад прэсавым сакратаром Кебіча Уладзімірам Замяталіным стаялі, прынамсі, наступныя задачы. Па-першае, максімальна мажлівае педаліраванне ідэі эканамічнага і фінансавага саюзу з Расіяй. Замяталін упарта даводзіў да грамадскаці тое, што альтэрнатыва саюзу з Расіяй толькі адна — галеча і гістарычная адсталасць. У інтэрв’ю СМІ 1 сакавіка 1994 года Замяталін назваў «Выбор России» і «гайдаровский блок», а таксама іх «заокеанских хозяев» галоўнымі ворагамі беларуска-расійскай інтэграцыі. Калі ж Даговор аб аб’яднанні грашовых сістэм Беларусі і Расіі ўсё ж быў падпісаны 12 красавіка 1994 года, то прасаўмінаўскія выданні, у прыватнасці, «Белорусская нива» абвесцілі гэта «победой здравого смысла».
Па-другое, барацьба з незалежнымі сродкамі масавай інфармацыі. Дзякуючы Заметаліну быў прыпынены друк «Навін БНФ», віцебскай газеты «Выбар». 28 мая 1994 года не выйшлі ў эфір незалежныя радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная» і «Крыніца». 30 мая 1994 года была апублікавана афіцыйная заява Замяталіна, ад пачатку і да канца накіраваная супраць апазіцыйнай газеты «Свабода». Гэтае выданне, сцвярджалася ў заяве, быццам бы займаецца шэльмаваннем дзяржаўных асоб, правакуе журналістаў на супрацьзаконныя дзеянні і ўвогуле з’яўляецца «политическим наконечником национал-экстремизма в республике». У выніку Дом друку адмовіўся аказваць «Свабодзе» адпаведныя паслугі з 1 чэрвеня.
Па-трэцяе, дыскрэдытацыя канкурэнтаў прэм’ер-міністра падчас першай прэзідэнцкай кампаніі. З аднаго боку, гэта былі Зянон Пазьняк і Станіслаў Шушкевіч, паміж якімі сам Замяталін не бачыў вялікай розніцы і наклейваў на іх знаёмыя ярлыкі русафобаў. У канцы красавіка 1994 года прэсавы сакратар ініцыятыўнай групы Шушкевіча Юрый Рабчук зрабіў жорсткую заяву: «Калі ж спадар Замяталін арыентуецца на крытэрыі таталітарных рэжымаў з іх традыцыямі падаўлення любой свабоднай думкі, то гэта, відаць, характарызуе яго ўзровень мыслення і ўласныя ідэалы, сфарміраваныя шматгадовай дзейнасцю вайсковага функцыянера камуністычнай прапаганды». З другога боку наступаў дэпутат Аляксандр Лукашэнка, які ўзначаліў у Вярхоўным Савеце часовую камісію па вывучэнні дзейнасці камерцыйных структураў пры рэспубліканскіх і мясцовых органах улады і кіравання. Замяталін, напрыклад, мусіў адрэагаваць на публікацыю ў «Звязде» ад 24 сакавіка 1994 года матэрыяла пад назвай «Што ў чамаданах Лукашэнкі?», дзе ў карупцыі агулам абвінавачваліся намеснікі Кебіча Брыль і Косцікаў, міністр абароны Казлоўскі, міністр замежных спраў Краўчанка і інш. У вячэрнім эфіры «Панарамы» 28 сакавіка 1994 года Замяталін закідаў Лукашэнку непрымальныя метады палітычнай барацьбы і параўнаў яго з вядомымі антыкарупцыянерамі позняй перабудовы Гдлянам і Івановым, якія, па словах прэсавага сакратара, больш працавалі пры дапамозе псіхалагічнага ціску. Карупцыя будзе квітнець заўсёды, казаў Замяталін, калі злачынцаў будуць вызначаць такія як Лукашэнка, а не суд.
Аднак сам Уладзімір Пятровіч, нягледзячы на правал «галандскай качкі», раз і назаўсёды зведаў смак правакацыі і адмовіцца ад яе ў патрэбны момант быў не ў стане. Маецца на ўвазе, знакаміты тэлесюжэт на беларускім тэлебачанні ўвечары 22 чэрвеня 1994 года, у якім нейкая маладая дзяўчына назвала сябе сцюардэсай, ляцеўшай з урадавай дэлегацыяй у Кітай ў 1992 годзе. Дзяўчына заявіла, што тады ў самалёце зніклі яе асабістыя рэчы, знойдзеныя неўзабаве ў… дэпутата Аляксандра Лукашэнкі, які таксама накіроўваўся ў Паднябёсную. Таму тэлевізійная гераіня заклікала не галасаваць за гэтага кандыдата ў прэзідэнты…
Пасля першага туру выбараў каманда Кебіча і Замяталін былі ў шоку. Толькі ў пачатку ліпеня была агучана асцярожная заява прэсавага сакратара пра тое, што перадвыбарчая каманда прэм’ер-міністра істотна абноўлена. Сам Уладзмір Пятровіч цвёрда адмаўляўся ад усялякіх інтэрв’ю. Напрыклад, калі выданне «Свободные новости» запрасіла Замяталіна на сустрэчу, то ён адкамандзіраваў туды актывіста каманды Кебіча, палкоўніка Васіля Баранава.
Але ж Замяталін не быў бы самім сабою, калі б не зрабіў спробу стварыць запасную пляцоўку. 5 ліпеня 1994 года нумар «Советской Белоруссии» выйшаў з дзіўнымі метамарфозамі на першай старонцы, дзе былі размешчаны два фотаздымка: на адным — Кебіч і кіраўнік расійскага ўрада Віктар Чарнамырдзін, на другім — Лукашэнка і Чарнамырдзін на сталічнай пл. Перамогі 3 ліпеня 1994 года. Аднак сутнасць фатаздымкаў не адпавядала подпісам пад імі. Подпіс пад фотаздымкам, на якім былі Лукашэнка і Чарнамырдзін, гучаў так: «Во время подписания протокола» (маецца на ўвазе падпісаны ў Заслаўі Пратакол аб рэалізацыі Дагавора аб аб’яднанні грашовых сістэм Беларусі і Расіі ад 12 красавіка 1994 года). А другі здымак «звёў» Кебіча і Чарнамырдзіна на пл. Перамогі.

Сустрэчы 3 ліпеня 1994 года. Подпісы не адпавядаюць зместу фатаграфій. Памыліцца такой газеце пры наяўнасці вялікай колькасці карэктараў і рэдактараў было просто немагчыма. Крыніца: Советская Белоруссия, ліпень 1994

Сустрэчы 3 ліпеня 1994 года. Подпісы не адпавядаюць зместу фатаграфій. Памыліцца такой газеце пры наяўнасці вялікай колькасці карэктараў і рэдактараў было просто немагчыма. Крыніца: Советская Белоруссия, ліпень 1994


Такія кульбіты выдання сталі адной з тэмаў на тэледэбатах кандыдатаў у прэзідэнты 7 ліпеня 1994 года. Калі Лукашэнка спытаў, ці не падыгрывае яму «Советская Белоруссия» з гэтымі фотаздымкамі, то Кебіч шчыра прызнаў, што газета пасля другога тура «переметнулась» да іншага. Калі Лукашэнка канчаткова здабыў перамогу ў другім туры 10 ліпеня, то Замяталін зрабіў вельмі недвухсэнсоўную заяву аб тым, што падпісанне Белавежскага пагаднення і развал СССР не далі аніякіх шанцаў Кебічу і Шушкевічу стаць прэзідэнтамі Беларусі.

Беларускія горкі


Далейшы лёс Замяталіна апынуўся цалкам залежным ад Лукашэнкі і ўяўляў сабой рух па крутых, аднак, не па амерыканскіх, а па беларускіх горках. З цягам часу беларускі кіраўнік усё ж вырашыў выкарыстаць талент Замяталіна. У сакавіку 1995 года Замяталін прызначаецца начальнікам упраўлення грамадска-палітычнай інфармацыі прэзідэнцкай адміністрацыі (ягоны папярэднік Аляксандр Фядута сышоў у адстаўку ў студзені ў сувязі з забаронай публікацыі ў шэрагу дзяржаўных СМІ «антыкарупцыйнага» даклада дэпутата Сяргея Антончыка). Сам Замяталін тлумачыў сваё прызначэнне непазбежнай логікай беларуска-расійскай інтэграцыі.А ўжо 15 ліпеня гэтага года Замяталін становіцца намеснікам кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі — шчырая падзяка Лукашэнкі за вынікі рэферэндуму 14 мая.

Аляксандр Фядута і Уладзімр Замяталін. Крыніца: Имя, 1996.

Аляксандр Фядута і Уладзімр Замяталін. Крыніца: Имя, 1996.


Замяталін падказвае Лукашэнку ідэю замены школьных падручнікаў па гуманітарных дысцыплінах і адчыняе для сябе новы накірунак — знешнепалітычны. 15 кастрычніка 1995 года Уладзімір Пятровіч прысутнічае ў якасці назіральніка на рэферэндуме ў Іраку: Садам жадаў прадоўжыць свае паўнамоцтвы яшчэ на сем год. Па словах Замяталіна, размова з іракскім бокам ішла пра эканамічнае супрацоўніцтва.
15 студзеня 1996 года асобным указам прэзідэнта Замяталін зноў прызначаецца намеснікам кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі, аднак страчвае пасаду начальніка ўпраўлення грамадска-палітычнай інфармацыі (у чэрвені ім стане 40-гадовы «камсамолец» Міхаіл Падгайны). У бытнасць Замяталіна на гэтай пасадзе акрамя ціску на незалежную прэсу варта прыгадаць дзве громкія ініцыятывы Уладзіміра Пятровіча. Адна з іх мела месца ў пачатку года і тычылася збору (да 7 сакавіка) інфармацыі аб гуманітарным прафесарска-выкладчыцкім складзе ВНУ, а таксама аб публікацых, вучоных званняў і ступеняў, атрыманых грантах.

Уладзімір Замяталін заўсёды крута браўся за справу. Крыніца: Свабода, 1996

Уладзімір Замяталін заўсёды крута браўся за справу. Крыніца: Свабода, 1996


Асобным пунктам стаяла грамадская дзейнасць і партыйнае членства. Незалежные эксперты і палітолагі ўгледзелі ў гэтым першы крок па ўсталяванні ідэалагічнага кантролю над навуковым і навучальным працэсамі.
Другая — гнеўны ліст у расійскую Дзяржаўную Думу ў канцы 1996 года (Ельцына рыхтавалі да аперацыі на сэрцы) — ініцыятыва была звязана з публікацыяй «Комсомольской правдой» (6 снежня) артыкула «Банька для Лукашенко». Аўтар Ігар Сінякевіч назваў беларускага прэзідэнта «политическим Франкенштейном, созданным Кебичем». Сінякевіч апісваў моцную прагу Лукашэнкі да лазні, куды апошні завітаў заўсёды, калі быў на малой радзіме (карэспандэнт сустракаўся з мясцовым жыхаром Аляксеем Грачовым). У сувязі з гэтым журналіст адзначаў, што для будучага першага беларускага прэзідэнта «шкловская баня была своеобразным полигоном идей, как мюнхенские пивные были питательной средой другого суперпорпулиста».
23 студзеня 1997 года кар’ера Замяталіна рэзка пайшла ўніз. Ён прызначаецца старшынёй Дзяржаўнага камітэта па друку. На гэтай пасадзе Замяталін змяніў свайго амаль абсалютнага цёзку Уладзіміра Пятровіча Бельскага. Сваё новае прызначэнне незалежнай прэсе Замяталін назваў «горизонтальным перемещением, когда речь идёт о качестве кадров». Уладзімр Пятровіч прапанаваў звыш дваццаці паправак у тагачасны закон аб друку і сродках масавай інфармацыі. Амаль усе ягоныя папраўкі былі прыняты ў другім чытанні ў кастрычніку 1997 года і студзені 1998 года набылі моц. Сярод іх: забарона звестак, якія ганьбяць гонар і годнасць прэзідэнта; абавязковая рэгістрацыя ў якасці СМІ любой друкаванай прадукцыі незалежна ад тыражу (раней можна было друкаваць без рэгістрацыі да 500 экз.); забарона «искажения» афіцыйнай мовы, г.зн. уводзілася табу на «тарашкевіцу» ў беларускамоўных СМІ і г.д.

Уладзімір Замяталін —- пасланец Лукашэнкі ў Іраку. Крыніца: Свабода, 1995

Уладзімір Замяталін —- пасланец Лукашэнкі ў Іраку. Крыніца: Свабода, 1995


На гэтай пасадзе Замяталін прабыў да ліпеня 1997 года, калі быў прызначаны намеснікам прэм’ер-міністра (пытанні адукацыі, культуры і навукі). І, нарэшце, пік кар’еры. З 19 чэрвеня 2000 года Уладзімір Замяталін вяртаецца ў прэзідэнцкую адміністрацыю ў якасці першага намесніка яе кіраўніка. Логіка Лукашэнкі была зразумелая. Трэба было правесці першыя выбары ў Палату прадстаўнікоў (кастрычнік 2000 года), а затым і чарговую прэзідэнцкую кампанію, у рамках якой Замяталін курыраваў арганізацыю і правядзенне другога ўсебеларускага народнага схода (18 мая 2001 года).
У жніўні 2001 года Уладзімір Замяталін сустрэўся з вядомай журналісткай Людмілай Маслюковай (адпаведнае інтэрв’ю «Режиссёры и сценаристы» было надрукавана ў «Гродзенскай праўдзе»). Абодва пярэкруты (Маслюкова спачатку працавала на Кебіча, потым — на Лукашэнку, затым перайшла ў апазіцыйную «Народную волю», затым зноў вярнулася пад прэзідэнцкае крыло) выдатна разумелі адзін аднаго. Гаворка галоўным чынам ішла пра паралельны падлік галасоў, які нібыта ажыццяўляюць «купленные политические диджеи». А гэта непасрэдны шлях да ўсялякіх «каляровых» рэвалюцый. Замяталін рашуча заявіў, што нічога падобнага ў Беларусі ніколі не будзе.

Усе разам! Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, прэм’ер-міністр Міхаіл Чыгір, сакратар Савета бяспекі Віктар Шэйман, кіраўнік справамі прэзідэнта Іван Ціцянкоў, намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Ўладзімір Замяталін. Крыніца: Свабода, 1996

Усе разам! Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, прэм’ер-міністр Міхаіл Чыгір, сакратар Савета бяспекі Віктар Шэйман, кіраўнік справамі прэзідэнта Іван Ціцянкоў, намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Ўладзімір Замяталін. Крыніца: Свабода, 1996


12 верасня 2001 года, усяго праз тры дні пасля сваёй «элегантнай» перамогі Лукашэнка падпісаў указ аб вызваленні Замяталіна з пасады першага намесніка кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі. Гэта сведчыла пра тое, што афіцыйны беларускі лідар, нягледзячы на шыкоўныя лічбы, быў моцна незадаволены нейкімі аспектамі перадвыбарчай кампаніі.
Фармулёўка ва ўказе («у сувязі з пераводам на іншую працу») азначала, што для Замяталіна як вертыкальныя, так і гарызантальныя перамяшчэнні ва ўладзе скончаны.