«Працу ў сістэме МУС я лічыла не гонарам, а знявагай і ганьбай»
З Клаўдыем Сцяпанавічам (архітэктар Клаўдый Дуж-Душэўскі вядомы як актыўны сябра Рады БНР і стваральнік бел-чырвона-белага сцяга- рэд) я была знаёмая асабіста. Так сталася, што мы
абое апынуліся ў адным лагеры ў статусе палітвязняў і ў адзін дзень
выйшлі на волю.
У канцы свайго тэрміну зняволення, у 1954 годзе, я, як інвалід ІІ групы, была пераведзена з Каргопальлага ў Літву, у лагер «Шылутэ». Гэта быў інвалідны лагер, падзелены на мужчынскую і жаночую зоны. У жаночай зоне размяшчаўся ДМР («Дом матери и ребёнка») і, калі яго можна так назваць, радзільны дом, — маленькае памяшканне на пяць коек. Там я працавала па спецыяльнасці, акушэркай. Побач, у мужчынскай зоне, знаходзілася санітарная частка. Там і працаваў статыстам-рэгістратарам Клаўдый Дуж-Душэўскі. Быў гэта ціхі, сціплы і, як мне тады здавалася, старэнькі чалавек (яму было за 60, а мне — 25). У лагеры яго называлі айцец Клаўдыюш, таму што нечым ён быў падобны на святара. Часам мы сустракаліся ў лагеры, па працы, але не маглі пагутарыць. Усё ж такі лагер ёсць лагер, і мы былі людзьмі падканвойнымі. Тым не менш, я ведала, што ў нас з ім аднолькавыя артыкулы 58 п.10 — антысавецкая прапаганда.
Але ж так сталася, што 25 сакавіка 1955 года айцец Клаўдыюш прыйшоў у маю «рэзідэнцыю» без канвоя. Яго прывяла ў Дом маці і дзіцяці, для праверкі дакументаў, начальніца ДМР доктар Юдзіта. Вось тады мы і пазнаёміліся бліжэй. Яго твар быў такі радасны і светлы, з блакітных вачэй пад акулярамі так і сыпаліся праменьчыкі радасці. Мне так хацелася размаўляць з гэтым чалавекам! Айцец Клаўдыюш сказаў мне, што ён не святар, а палітык. Запытаўся, ці ведаю я, якое сёння свята. Я адказала, што ведаю — каталіцкае Звеставанне, і пачала, як вучаніца, расказваць, што ў гэты дзень архангел Гаўрыіл падаў вестку Дзеве Марыі, што ў яе народзіцца сын, яна ж усумнілася, бо ў яе не было мужа. Дуж-Душэўскі запытаўся, адкуль я гэта ведаю, хіба я каталічка? Я адказала, што вучыла Закон Божы, і хаця сама праваслаўная, але мой дзядуля па матчынай лініі быў каталік, і мы святкуем падвойныя святы.
Але тут Клаўдыюш спытаў, ці ведаю я, што гэта яшчэ і беларускае нацыянальнае свята: дзень абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе.
— А ў мяне заўтра дзень нараджэння, — сказаў ён. А сёння былі госці. Меў сустрэчу з дачкой. Вось, гэта вам, — і працягнуў мне шакаладку.
Я збянтэжылася:
— Ну што вы, гэта я павінна зрабіць вам падарунак...
Але тут з’явілася доктар Юдзіта. Мы пагарталі нейкія запісы ды перадалі Дуж-Душэўскаму карткі «Гісторыі хваробы», пасля чаго ён пайшоў. Так скончылася нашая першая сустрэча.
Праз некаторы час я зазірнула ў рэгістратуру санчасці, дзе Дуж-Душэўскі, як запраўскі пісар, запаўняў сваім прыгожым почыркам бланкі на «акціроўку». Я не змагла доўга размаўляць, і таму паспяшалася ўручыць яму свой падарунак у адказ. Гэта быў уціральнік-ручнічок з вышытым крыжыкам узорам у выглядзе васількоў і шлячком чырвонага колеру. Клаўдыюш узрадаваўся, падзякаваў і пацалаваў мне руку.
Наступнага разу мы ўбачыліся амаль праз месяц, 1 траўня 1955 года. Быў сонечны дзень, я сядзела каля сваёй бальніцы. Тут былі і дзве парадзіхі з дзеткамі на руках. Раптам убачыла знаёмую постаць з кіёчкам, якая ўпэўнена рухалася ад вахты — прахадной паміж мужчынскай і жаночай зонамі, у напрамку радзільнага дома. У мяне сэрца закалацілася, не ведаю — ці ад страху, ці ад радасці. Клаўдый Сцяпанавіч падышоў, па-джэнтэльменску пакланіўся. Пазабаўляў дзетак, перакінуўся парай слоў на летувіскай мове з матулямі. Пажадаў ім здароўя ды хутчэйшага вяртання дадому. Поўдзень выдаўся спякотным, і сп. Клаўдыюш папрасіў выйсці ў цень, ды і матулям з дзеткамі не раіў доўга знаходзіцца на сонцы.
Мы ўвайшлі ў мой пакой. Яго вочы асвяціліся нейкім дзіўным бляскам:
— Ірэна, мы ўжо вольныя, прыйшлі паперы. Цуд! Хутка і вы і я будзем дома! Толькі маўчыце, нікому ні слова, а то мне за парушэнне лагернага рэжыма дадуць дадатковы тэрмін. Разумееце, я раскрываю вам вялікую тайну, хутка лагер расфарміруюць. Мы будзем на волі, жывыя!
Ён усё гаварыў і гаварыў, нібыта спяваў. А я, як зачараваная, слухала і не разумела: праўда гэта ці казка. Хоць і мала яго ведала, але ў гэты момант ён быў для мяне самым блізкім чалавекам.
Праз пару дзён пасля візіту Клаўдыя Сцяпанавіча прыйшоў пасыльны з вахты і сказаў, што мяне выклікае начальнік. Я адразу ж пайшла. Сэрца калацілася, і ў вушах шумела, але я супакойвала сябе: «Спакойна, ты так шмат перажыла, перацярпела, так што баяцца няма чаго». Вось мяне павялі да самога начальніка лагера Хаменкі. Ён мне абвясціў, што прыйшлі дакументы на маё вызваленне, але ён асабіста просіць мяне застацца працаваць на два-тры месяцы. Ліквідуецца ДМР, і я буду вельмі патрэбна ў лагеры. Ён прапанаваў залічыць мяне ў штат вольнанаёмных і абяцаў выплочваць заробак «у лепшым выглядзе». Я ледзьве не абамлела. Што рабіць? І дадому ой як хочацца, і грошай зарабіць было б нядрэнна. Стаўкі тут, у сістэме МУС, нашмат большыя, чым у цывільных. Праўда, начальнік папярэдзіў, што працэдура афармлення маіх дакументаў зацягнецца не менш як на два тыдні. Для выканання гэтых працэдураў давядзецца ехаць у Вільню.
Тады я пачала выкладаць свае меркаванні. Гаварыла пра тое, што больш як чатыры гады не была дома, не бачыла дачушку, якой ужо пяць гадоў і г.д. Хаменка параіў: няхай сваякі прыедуць да вас. «Выдзелім пакой для спаткання за межамі зоны, у доме аховы. Падумайце, а заўтра дасце адказ».
Я ўзважвала ўсе «за» і «супраць». Чуткі пра тое, што нас, медыкаў, пераводзяць працаваць у сістэму МУС, ужо разнесліся па зоне. Мае калегі радаваліся таму, што будуць забяспечаны высокааплатнай працай. Я ж ніяк не магла зразумець, чаму яны цешацца. Працу ў сістэме МУС я лічыла не гонарам, а знявагай і ганьбай. Нават само гэтае слова «сістэма» здавалася ненавісным. Я разумела, што ў любым выпадку буду працаваць для людзей. Але побач з кім і пад якой шыльдай?
Хацелася пра ўсё расказаць айцу Клаўдыю, параіцца з ім, але спаткацца ў той дзень нам не ўдалося. Толькі праз пару дзён, калі назбіраліся нейкія медыцынскія паперкі, я папрасіла дазволу прайсці ў санчасць. На той момант па лагеры ўжо разнеслася вестка аб маім вызваленні, і я лічылася, так бы мовіць, напалову вольным чалавекам.
Клаўдый Сцяпанавіч нічога не параіў. «Вырашай сама», і я дала згоду затрымацца ў лагеры. Адбылося гэта 16 траўня 1955 года.
Разам з Дуж-Душэўскім мы выходзілі на волю. Спаткаліся на вахце (на прахадной). Ад лагера да горада Шылутэ было кіламетраў пяць. Нам далі машыну — «газік», каб даехаць да гарадскога аддзялення міліцыі і атрымаць пашпарты. У пашпартным стале я справілася даволі хутка. Ніякіх пытанняў да мяне не было, і я ніякіх прэтэнзій не мела. Тады я яшчэ не ведала, што ёсць пэўны шыфр, што на чалавеку і пасля вызвалення застаецца кляймо былога вязня. Адчула гэта толькі пасля.
А вось у Клаўдыя Сцяпанавіча Дуж-Душэўскага ў даведцы аб вызваленні ў графе «прозвішча» стаяла «Душаўскас», без прыстаўкі «Дуж», што азначала «Дужы». А звесткі з даведкі пераносіліся ў пашпарт. З такім напісаннем прозвішча Клаўдый Сцяпанавіч не пагадзіўся. З-за гэтага ўсчалася спрэчка. Хоць размаўлялі і па-літоўску, але я разумела сэнс гутаркі. Начальнік пашпартнага стала з нейкім сарказмам прамовіў:
— Які ж ты дужы? Можа, лепш напісаць «Стары»?
Спадар Клаўдый, аднак, адстойваў «прыстаўку» да свайго прозвішча, але так нічога і не дамогся. З міліцыі ён выйшаў увесь знерваваны, яго літаральна трэсла. Каб супакоіцца, Дуж-Душэўскі запрапанаваў пайсці ў рэстаран — выпіць віна і перакусіць.
На жаль, рэстаран быў зачынены, да яго адкрыцця заставалася яшчэ цэлая гадзіна. Мы селі на лаўку, і айцец Клаўдыюш (як я яго ўжо прывыкла называць) пачаў гаварыць пра тыя праблемы, якія нас чакаюць: «У асобных адзнаках пашпарта стаяць пэўныя зашыфрованыя лічбы. Гэта тое, што табе, дарагая Ірэна, складзе праблемы. Але, можа, Бог абнясе. Мне ўжо ўсё роўна. Працы ў іх я і так не буду прасіць. А вось свой родавы герб пастараюся адрадзіць для нашчадкаў»...
Потым пачаў расказваць пра сваё жыццё. Гаварыў пра сваю працу ў Радзе БНР у маладыя гады. Расказаў, што некалі пісаў казкі для дзетак. Пра свае тры арышты і турэмныя тэрміны, здабытыя ў розныя часы ад розных рэжымаў. Першы тэрмін атрымаў ад летувісаў у 1923 годзе, другі ад немцаў — у 1942-м; трэці — у 1947-м, за «антысавецкую прапаганду».Так, у гутарцы, незаўважна праляцела гадзіна. Адчыніўся рэстаран, і кельнер папрасіў нас заходзіць. Праўда, у рэстаране мы не затрымаліся. Спадар Клаўдыюш спяшаўся на аўтобус, а мне трэба было вяртацца да нелюбімага лагера. На развітанне выпілі трохі добрага віна, здаецца, «Вермута», закусілі і разышліся.
Я пешшу падалася на старое месца, у новае жыццё…
Для даведкі:
ПАЛЬЧЫНСКАЯ Ірына Пятроўна
[1927, в. Лукаўцы Нясвіжскага пав. Навагрудскага ваяв., цяпер Клецкі р-н Мінскай вобл. — ?], медык. З бел. сялянскай сям’і. У час 2-й сусветнай вайны заставалася на акупаванай тэрыторыі. У другой палове 1940-х г. атрымала сярэднюю спецыяльную адукацыю. Падчас арышту фельчар Клецкай раённай паліклінікі. Была замужам, гадавала дзіця. Арыштавана 11.7.1951 у Клецку па адрасе: Слонімскі зав., д. 2. Асуджана пазасудовым органам 13.9.1951 як «член антысавецкай арганізацыі СБМ» да 10 гадоў ППК, 5 гадоў пазбаўлення правоў з канфіскацыяй маёмасці (тэрмін пакарання зменшаны да 5 гадоў). Этапавана ў лагер Шылуце МДБ Літоўскай ССР (п/с 04-12-3). Вызвалена 16.5.1955. Рэабілітавана пленумам Вярхоўнага суда БССР 1.11.1967. Асабовая справа П. № 19847-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.