Мікола Папека сустракае свой юбілей у зняволенні
Мазырская калонія №21 не ўганяе паэта-пчаляра ў дэпрэсію.
«Усё добра, — кажа Мікола Папека пра сваю цяпершчыну. — Ставяцца да мяне тут спаважна. Праўда, пішу мала і рэдка. Але некалькі задумак, як абладзіць верш, на будучыню маю».
Пра здароўе кажа, што днямі меў падазрэнне на ангіну. «Ляжаў нават у шпіталі. Але не пацвердзілася. Так, прастуда. Прайшла ўжо».
28 снежня Міколу Папеку спаўняецца 60 гадоў. Грамада можа сказаць: жыў не абы, мае заслугі перад людствам. На фота 1 паэт-пчаляр у пружанскім музеі «Палацык» паказвае свой пераклад паэмы Юзафа Ігнацыя Крашэўскага «Вёска». Аздабленне кніжыцы спадар Мікола замовіў аднаму з лепшых мастакоў Брэстчыны, выдаў на ўласныя грошы і аддаў людзям. Юзаф Крашэўскі вядомы свету не толькі як «найбольш плодны аўтар эпохі гусінага пяра» паводле Кнігі рэкордаў Гінэса (каля 600 тамоў, з іх 223 раманы і аповесці), але і як вораг тупога расійскага самадзяржаўя, насельнік свабодалюбівай гістарычнай Літвы (маёнтак Доўгае пад Пружанамі).

Фота 1. Мікола Папека і пераклад паэмы «Вёска» Юзафа Крашэўскага
На фота 2 бачым Папеку разам са спачылым нядаўна выдаўцом і літаратарам Уладзімірам Сіўчыкавым ля помніка Крашэўскаму, усталяванага працай прагрэсіўных людзей Пружаншчыны.

І мабыць, варта яшчэ раз згадаць год 2011, 110-гадовы, на дваіх з Алесем Каско, юбілей спадара Міколы, святкаванне якога паэты зладзілі ў Жабінцы — месцы жыхарства Алеся Каско.

Віншуем! Зычым, каб нягоды не забралі любасць да людзей і літаратуры. Хутчэйшага вызвалення!
Нагадаем: Міколу Папеку асудзілі на два гады абмежавання волі з накіраваннем у пенітэнцыярную ўстанову адкрытага тыпу за тое, што нібыта браў удзел у карагодзе на скрыжаванні праспекта Машэрава і бульвара Касманаўтаў у Брэсце 13 верасня 2020 года.
Некалькі тысяч пратэстоўцаў супраць скандальных жнівеньскіх прэзідэнцкіх выбараў, якіх сілавікі выцеснілі з месца звычайнага іх збору і знаходжання — плошчы Леніна — пайшлі праспектам Машэрава, занялі плошчу перад помнікам касманаўту Пятру Клімуку і цягам гадзіны вадзілі там карагоды і спявалі песні пратэсту, чым, паводле меркавання беларускіх праваахоўнікаў, груба парушылі грамадскі парадак і нанеслі страты гораду і прадпрыемствам. Іх разагналі вадамётам — нечуваная яшчэ нядаўна не для абласнога цэнтра — для Беларусі нават — падзея. Па «Карагоднай справе» было асуджана цягам наступнага года больш за сто чалавек.
Мікола Папека абскарджваў свой прысуд, прайшоў у Беларусі ўсе належныя інстанцыі. Вынік чаканы: паўсюль адмова.