Вярхоўны суд не будзе апратэстоўваць «карагодны» прысуд паэту-пчаляру Міколу Папеку

Пра гэта яму паведамілі пісьмова па месцы жыхарства. За подпісам намесніка Старшыні Вярхоўнага суда Кандрацьева абгрунтоўваецца, чаму «падстаў (тут і далей у цытаванні захаваны правапіс арыгіналу — Я.Б.) для вынясення пратэсту не маецца».

Мікола Папека ўручае сваю Мядовую прэмію лекару з Баранавічаў Алесю Корневу. 

Мікола Папека ўручае сваю Мядовую прэмію лекару з Баранавічаў Алесю Корневу. 


У прыватнасці зазначана: «Довады, аналагічныя прыведзеным у скарзе, правераны пры разглядзе скаргі ў апеляцыйным парадку і атрымалі належную ацэнку ў апеляцыйным вызначэнні». Таксама сцвярджаецца, што «вывад аб неабходнасці прызначэння Вам абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу належным чынам матываваны ў прыгаворы».

Аўтар адказу падкрэслівае надзейнасць эксперта, які апазнаў Папеку на фота з месца карагоду 13 верасня 2020 года.

Асаблівая ўвага ў адказе нададзеная месцу беларускай мовы. Нагадаю, Мікола Папека патрабаваў, каб судовыя дзеянні датычна да яго вяліся на яго роднай мове. У адказе чытаем: «Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь у якасці дзяржаўных моў прадугледжаны беларуская і руская мовы, якія ў адпаведнасці з ч.1 арт. 21 КПК таксама з’яўляюцца мовамі справаводства па крымінальнай справе. У судовым пасяджэнні ўстаноўлена, што Вы з’яўляецеся грамадзянінам Рэспублікі Беларусь і ў дастатковай ступені валодаеце як беларускай, так і рускай мовамі. Таму падстаў для перакладу матэрыялаў крымінальнай справы на беларускую мову і прадастаўлення Вам перакладчыка ў судзе не мелася».

Варта нагадаць, што мясцовыя законнікі азадачылі экспертызай Папекавых моўных здольнасцяў у рускай мове… чыноўніцу сельсавета. Тая апытвала ягоных суседзяў, ці гаворыць хоць зрэдчас Папека па-руску і як добра.

Цяпер спадар Папека адбывае двухгадовы прысуд у Мазырскай калоніі, куды яго накіравалі без шанцаў падтрымліваць сваіх паўсотні вулляў пчол. Хоць у якіх дзесяці кіламетрах ад Лінова калонія ў Купліне, — пра накіраванне туды ён хадайнічаў перад выканаўцамі прысуду. Свой 60-гадовы юбілей 28 снежня паэт таксама няйначай адзначыць у зняволенні.

Апошні, 20-ты пуд мёду для Міколы Аляхновіча

Апошні, 20-ты пуд мёду для Міколы Аляхновіча


«Давядзецца, як і абяцаў, дайсці да ААН, — адрэагаваў на адмову Вярхоўнага суда Мікола Папека. — Калі толькі міжнародная юрысдыкцыя, значыць, будзе яна».

Нагадаю, што па «карагоднай» справе ў Брэсце ўжо асуджаныя больш за сто чалавек. Агулам у пратэснай дэманстрацыі супраць фальсіфікацыі жнівеньскіх прэзідэнцкіх выбараў 13 верасня 2020 года ў самым паўднёвым і адначасова самым заходнім абласным цэнтры краіны ўзялі ўдзел некалькі тысяч чалавек. Пасля таго, як іх выцеснілі з пастаяннага месца збору — плошчы Леніна, калона рушыла праспектам Машэрава і на скрыжаванні з бульварам Касманаўтаў на гадзіну перакрыла рух. Пратэстоўцы вадзілі карагоды і спявалі песні.