Вільня ўручыла Мінску ноту пратэсту ў сувязі з планамі запуску 2-га блоку БелАЭС

Міністэрства замежных спраў Літвы ўручыла 23 лістапада прадстаўніку беларускага пасольства ноту пратэсту ў сувязі з планамі Беларусі пачаць фізічны пуск 2-га энергаблока АЭС да канца 2021 года.

img_8949_2_1.jpg


Літва заклікала не рабіць гэтага і, больш за тое, заглушыць 1-шы энергаблок, «пакуль не будуць выкананыя ўсе сучасныя нормы ядзернай бяспекі», піша Радыё Свабода.

Літоўскія лічаць, што запуск 2-га энергаблоку «падвоіць пагрозы ядзернай бяспецы і навакольнаму асяроддзю ў Літве і іншых краінах рэгіёна».

Беларускае Міністэрства энергетыкі ў адказ назвала абвінавачанні Літвы «галаслоўнымі» «з яўна палітызаваным падтэкстам».

«Змест заяваў літоўскага боку не мяняецца — у іх няма нічога новага і важнага для звычайных людзей, і самае галоўнае — няма ні кроплі праўды», — заявіла Мінэнерга.

Яно адзначыла, што БелАЭС адпавядае неабходным патрабаванням ядзернай і радыяцыйнай бяспекі. А ўвод другога блоку ўмацуе энергетычную бяспеку Беларусі, «што асабліва актуальна на тле энергетычнага крызісу, які развіваецца ў Еўропе» і не абышоў у Літву, сцвярджае беларускае міністэрства.

Нагадаем, што 1-шы энергаблок БелАЭС пакуль больш прастойвае, чым працуе. Напрыклад, ён прастойваў з 12 ліпеня па 4 кастрычніка. Ён быў адключаны ад сеткі пасля спрацоўвання аўтаматычнай сістэмы абароны генератара. Пры правядзенні рэвізіі абсталявання і тэхналагічных сістэм была выяўлена неабходнасць замены аднаго з элементаў узбуджальніка турбагенератара. Да працэсу быў прыцягнуты расійскі завод-вытворца. 4 кастрычніка першы энергаблок зноў уключылі ў сетку. А 17 лістапада — зноў адключылі ад сеткі «дзеяннем аўтаматыкі».

Адключэнні энергаблока БелАЭС адбываюцца з настолькі зайздроснай рэгулярнасцю, што ў інтэрнэце ўжо ходзіць жарт: Лукашэнка пабудаваў «самы вялікі і дарагі выключальнік у свеце».