Чарговы лайфхак кантрабандыстаў. Беларускія цыгарэты везлі ў Літву пад выглядам бетонных блокаў
19 лістапада літоўскія мытнікі перахапілі партыю беларускіх цыгарэт, якія везлі ў Літву праз пункт пропуску «Лаварэшкес».
Пры перасячэнні мяжы кіроўца грузавога аўтамабіля заявіў, што вязе 18 тон бетонных блокаў на адрас кампаніі ў Вільні. Аўтамабіль адправілі на рэнтген, дзе высветлілася, што ў адной з палет была абсталяваная схованка: блокі былі складзеныя толькі па краях, а ў сярэдзіне была ніша для скрынь з цыгарэтамі.
Усяго было канфіскавана 50 тысяч пачкаў цыгарэт «NZ Gold». Іх
кошт разам з падаткамі ацэньваецца ў 160 тысяч еўра, паведамляе літоўская
мытня.
Пачата расследаванне. Кіроўца, грамадзянін Беларусі,
арыштаваны на два месяцы.
Паводле reform.by.