«Рэпрэсіі пенсіянераў не палохаюць. Мы проста сышлі ў падполле»
Крыху больш за год таму, у кастрычніку 2020-га, у Беларусі пачалі праходзіць маршы пенсіянераў. Спачатку сілавікі пабойваліся разганяць шэсці сталых людзей. Але паступова рэпрэсіўная машына набрала ход і ўжо не здолела затармазіць: пажылых людзей труцілі газам, затрымлівалі, судзілі, выпісвалі вялізныя штрафы, саджалі на суткі. Мы знайшлі некаторых актыўных удзельнікаў тых маршаў і спыталі, як яны пачуваюцца, як змяніліся іх настроі праз год і ці працягваюць яны верыць у перамогу.
«Заклік да ўдзелу ў рэферэндуме я лічу памылкай»
Наталлі Віктараўне 72 гады. Жанчына распавядае, што год таму на маршы выходзіла з вельмі добрым настроем, на ўздыме, была вера ў тое, што сітуацыя зменіцца, з’явіцца пацверджанне таго, што Лукашэнка прайграў выбары, і беларусы перамогуць.
— Чым больш нас было, тым большай была ўпэўненасць, — гаворыць Наталля Віктараўна.
Цяпер, прызнаецца яна, настрой бывае розны, але па-ранейшаму не знікае чаканне таго, што ўдасца змяніць сітуацыю.
— Стараюся нешта зрабіць для гэтага. Дапамагаю, каму магу. Распаўсюджваю матэрыялы паўсюль, дзе магу, у тым ліку ў грамадскім транспарце. У перамогу веру і хачу, каб яна адбылася хутчэй. Для гэтага патрэбны адпаведны лідар, які падняў бы за сабой людзей. Многія цяпер чакаюць, што настане той час, калі мы ўсе выйдзем разам, як выходзілі раней. Але для гэтага павінна быць нейкая іншая абстаноўка, нейкі шчаўчок. Я сумняваюся, што цяпер за Ціханоўскай пойдзе шмат людзей. Рэальнасць трохі памянялася, яны (цяперашнія лідары апазіцыі. — НЧ) не адчуваюць тых змен, якія ў нас адбыліся. Нават апошні заклік да ўдзелу ў рэферэндуме я лічу памылкай. Бо гэта толькі пацвердзіць, што Лукашэнка легітымны. І чым больш нас прыйдзе, тым больш яму гэта будзе выгадна. Яму ўсё роўна, як мы будзем галасаваць. Яму патрэбная яўка, каб пацвердзіць, што ён мае права выносіць нешта на рэферэндум.
«Трэба выбіраць адну тактычную лінію»
64-гадовая спадарыня Галіна на выбары 9 жніўня пайшла з натхненнем і спадзевам, што ўсё атрымаецца. Паводле яе слоў, была вялікая верагоднасць гэтага — бо куды можна падзець столькі людзей, галасоў, папер?.. Жанчыне здавалася, што схаваць усё гэта немагчыма.
— Чакала перамогі, але была гатовая да таго, што яе скрадуць. Для мяне гэта не было здзіўленнем. Але было вельмі моцнае ўзрушэнне і абурэнне, калі абвясцілі вынікі. Я перастала спаць, есці, і гэта было доўга.
За першы месяц пасля выбараў спадарыня Галіна схуднела на 10 кілаграмаў і заснуць магла толькі з таблеткамі. Але жанчына кажа, што, як сапраўдны рамантык, усё роўна настроеная пазітыўна.
Суразмоўца прызнаецца: спачатку на маршы хадзіць было страшнавата, але калі бачыла вялікую колькасць людзей са сцягамі, настрой быў надзвычайны.
— Гэты ўсеагульны настрой мяне захапіў, было ашаламляльнае адчуванне свабоды і таго, што я ўсё магу, у нас усё атрымаецца! Было адчуванне перамогі.
І цяпер надзея на тое, што ўсё атрымаецца, у спадарыні Галіны не згасае.
— Настрой у мяне бывае розны, але я ўсё роўна разлічваю толькі на добрае. Я абсалютна веру ў перамогу. Для гэтага шмат чаго трэба. Па-першае, трэба прыслухоўвацца да таго, што кажуць нашыя штабы, кіравацца іх прапановамі. Трэба арганізавацца і выбіраць адну тактычную лінію, бо ніхто ніколі не перамагаў, калі ўсе цягнулі ў розныя бакі. Калі ў нас ёсць абраны прэзідэнт — а яна ў нас ёсць, — значыць, трэба дзейнічаць так, як заклікае яна. Па-другое, вельмі важны ціск звонку. А ўжо памылкі ён (Лукашэнка. — НЧ) сам зробіць.
«Пакуль мы дыхаем, мы будзем выходзіць»
— Маё іншае жыццё пачалося 9 жніўня 2020 года, калі я прагаласавала за Святлану Ціханоўскую. А 13 жніўня з дачкой паехала на Макаёнка, 9 да тэлебачання. Нас сустрэлі радасныя людзі, яны раздавалі кветкі, цукеркі, ваду, марозіва, спявалі песні. А потым прыйшлі завадчане ў працоўным адзенні і таксама гаварылі, радаваліся, марылі: пра свабоду слова, пра новую Беларусь, пра шчаслівае жыццё, — узгадвае яшчэ адна ўдзельніца маршаў пенсіянераў.
— Неяк у інтэрнэце прамільгнула аб'ява, што 5 кастрычніка будзе марш пенсіянераў, збор ля Чырвонага касцёла ў 14.00. Я і паехала. Калі ехала, думала, што буду адна. Падышла — стаяць. Стаяць! Мае пенсіянеры! Нас было чалавек 30-40. І мы пайшлі са сцягамі, з плакатамі, з крычалкамі. Калі праходзілі міма МУС, крычалі «Караева пад суд!», каля КДБ крычалі «Выпускай!», бо там у СІЗА сядзеў Віктар Бабарыка. Яшчэ «Пайшоў прэч, ты і твой ОМОН!», «Бабулі супраць гвалту!».
Тут тэлефануе дачка: «Мама! Вас па ўсіх каналах паказваюць! Тут такое робіцца!» Яшчэ б, апошняя апора Лукашэнкі павалілася — пенсіянеры на маршы! Мы ішлі па праспекце, дыхалі ва ўнісон адным паветрам, унутры ўсё радавалася! Паветра свабоды плыло над намі. Што рабілася на праспекце: усе машыны нам сігналілі, з вокнаў дамоў, машын сталі махаць бчб-сцягамі, рукі паднімаліся ў адным жэсце Victoria!
У наступны панядзелак нас было ў 10-20 разоў больш! Так мы хадзілі па панядзелках 2 месяцы, а ў снежні нас сталі «душыць» — акружаць, хапаць, адціскаць, забіраць у РУУС. І калі спачатку адпускалі, потым сталі выпісваць штрафы і нават саджаць на 15 сутак… Усё, мы зразумелі, што нас цяпер шкадаваць ніхто не будзе. І панеслася!.. Высочвалі, вынюхвалі, затрымлівалі.
Пра маршы давялося забыцца. Вырашылі збірацца па панядзелках у розных месцах горада, каб нас не вылічылі. І гэта шмат разоў атрымлівалася. На некаторых акцыях я была ў дазоры. Потым прыйшлося сысці ў падполле. Але дома прыдумлялі новыя акцыі. Аднойчы сабраліся, каб напісаць песню і нагадаць пра сябе. І праспявалі: «Три старушки — ушки на макушке — и старик под снегом и дождём. Нас ничто не испугает больше! Скоро в Минске маршем мы пойдём!»
І яшчэ прыдумалі сесці ў электрычку, дастаць кнігу беларускага пісьменніка і чытаць. Я ўзяла томік Андрэя Макаёнка. Раніцай, збіраючыся на вакзал, адкрыла першую п'есу «Добра, калі добра канчаецца». Я зразумела, што гэта добры знак, і спакойна паехала на вакзал. Але пра нашу акцыю даведаліся, і 16 сябровак арыштавалі.
Па шчаслівай выпадковасці мне ўдалося выслізнуць. І ўсё роўна сувязь трымаем, робім што можам — выходзім на дваровыя вячэрнія маршы, кідаем у паштовыя скрыні ўлёткі, клеім бчб-сцягі. І чакаем сігналу, калі можна будзе ўсім выйсці і горад стане НАШЫМ! І пакуль мы дыхаем, мы будзем выходзіць! Я выходжу! Мы абавязкова пабудуем Краіну для жыцця! Будзем жыць! Але гэта заўтра, а сёння — дзяўбці, дзяўбці, дзяўбці, дзяўбці!..
«Адкажуць усе, і нашчадкі таксама»
— Я прымала ўдзел у маршах пенсіянераў, пачынаючы з другога, і да апошняга, калі нас затрымалі на плошчы Незалежнасці, — узгадвае яшчэ адна ўдзельніца маршаў сталых людзей, якая пажадала застацца ананімнай.
На акцыі яны вызодзіла з сумессю страху і ўзнёсласці, гонару за сябе, і за тое, што можаш гэты страх пераадолець.
— Гэта была радасць ад разумення, што ты не адна, што нас многа, нас вельмі многа. Як мне ўсе падабаліся! Я захаплялася людзьмі, нашмат старэйшымі за мяне. Я бачыла побач з сабою маленькіх, сагнутых, вельмі старых бабулечак, якія ледзьве ногі перастаўлялі, але ішлі, упарта ішлі разам з намі. Я бачыла народ сталага веку, які, мабыць, упершыню вось так разагнуўся са штодзённага прыгнёту, адважыўся падаць свой голас супраць гвалту і здзекаў з людзей. Радасць ад разумення таго, што, аказваецца, тваіх аднадумцаў — безліч! І адначасова — смутак і сорам ад таго, што — дзе мы былі раней? Чаму маўчалі? Чаму дазволілі гэтай ракавай пухліне разрасціся, атруціць наша жыццё, задурыць галовы? — задаецца пытаннямі жанчына.
Спачатку яна верыла, што вось-вось — і ўсё атрымаецца. Але паступова прыходзіла разуменне, што не ўсё так проста, бо не было ўяўлення пра маштабы «прадажнасці або дурасці кіраўнікоў сілавых структур».
— Які настрой і думкі цяпер? Часам бывае вельмі цяжка, здаецца, што няма прасвету. Але тут ты бачыш або малюнак сцяга на слупе, стужачку на дрэве, здымак у інтэрнэце — і надзея зноў падымае галаву, нічога не скончана! Расчараванне? Не! Прыйшло разуменне, што шлях будзе складаны, працяглы, няпросты. Я думаю, што гэты час нам дадзены, каб мы пераасэнсавалі і ўласнае жыццё, і жыццё краіны, каб разабраліся ў памылках, каб пачысцілі мазгі ад ідэалагічнага смецця, што ўсё жыццё нам залівалі ў галовы. Для сябе я вызначыла сваю нацыянальную ідэю: «Гонар і годнасць кожнай асобы!» Няма нічога больш каштоўнага, чым жыццё. Прычым годнае жыццё! І не толькі людзей.
Для мяне галоўнае злачынства — тое, што яны (улады. — НЧ) зламалі псіхіку залежных ад іх, ператварыўшы звычайных хлопцаў у катаў і гвалтаўнікоў. За гэта няма даравання. Адкажуць усе, прычым і нашчадкі таксама. У мяне свёкар быў кантралёрам у турме, і я ведаю, як склаўся лёс яго сыноў. За ўсё прыходзіць расплата. А перамога абавязкова будзе!
«Працягваем верыць і змагацца»
Яшчэ некалькі актыўных удзельнікаў маршаў пенсіянераў заявілі «Новаму Часу», што тых, хто апусціў рукі, сярод іх няма. Так, яны сталі больш асцярожнымі — таму папрасілі апублікаваць іх меркаванне на ўмовах ананімнасці. Але гэта не значыць, што яны здаліся.
— Прайшло крыху больш за год, як пенсіянеры першы раз выйшлі на свой марш! Мы хацелі паказаць, што гэтак жа, як моладзь і людзі сярэдняга пакалення, гатовыя змагацца супраць фальсіфікацыі выбараў, супраць забойстваў, бесчалавечных катаванняў, масавых арыштаў. Мы, як і сотні тысяч нашых суайчыннікаў, верылі ў Канстытуцыю, законы, чалавечнасць. Немагчыма было паверыць у тое, што разумныя, таленавітыя, справядлівыя, працуючыя людзі не патрэбныя дзяржаве. Сваімі маршамі мы спрабавалі прыцягнуць увагу ўлады да патрабаванняў: вызваленне палітвязняў, новыя выбары, пакаранне тых, хто забіваў, катаваў і прыніжаў беларусаў. І мы верылі ў перамены! Верылі нават тады, калі нас пачалі разганяць, арыштоўваць, саджаць на суткі, штрафаваць.
Калі стала немагчыма хадзіць на маршы пенсіянераў, далучыліся да дваровых. Разганялі дваровыя маршы — сталі партызаніць! Хадзілі і ходзім на суды, пішам лісты палітвязням, імкнёмся дапамагчы пацярпелым ад рэжыму матэрыяльна. Наша пакаленне прывяло Лукашэнку да ўлады, за гэта мы адчуваем віну перад сваімі дзецьмі і ўнукамі. Бывала, што ахапляла роспач. Барацьба доўжыцца ўжо больш за год, больш за тысячу людзей у турмах, пастаянныя арышты…
Але мы працягваем верыць і змагацца! Мы верым у свайго прэзідэнта Святлану Ціханоўскую, ганарымся і захапляемся ёю! У нас ёсць свой канал і чат, якія прызнаныя экстрэмісцкімі, і мы таксама гэтым ганарымся! У нас ёсць адчайныя партызаны «Вязаныя берэты», якія дастаўляюць нямала непрыемнасцей уладам і за якімі палююць беларускія гестапаўцы.
Так, мы, як і мільёны беларусаў год таму, верылі ў хуткую бяскроўную перамогу, не ўяўляючы сабе, якая бесчалавечная сістэма гвалту выбудаваная за гады кіравання Лукашэнкі. Але рэпрэсіі пенсіянераў не палохаюць. Мы проста сышлі ў падполле. Цяпер Беларусь — гэта кацёл, у якім усё бурліць пад закручаным вечкам. Але кацёл выбухне. Перамога прыйдзе. І вяртанне да мінулага ўжо немагчымае.
«Бачыла ў панядзелак бясстрашных пенсіянераў, і крылы вырасталі»
— Была валанцёрам на Камароўцы па зборы подпісаў за Святлану. Хадзіла на нядзельныя маршы і маршы пенсіянераў. Веру, што ўсё робім нездарма. На маршах знайшла новых сябровак. Сустрэла старых знаёмых. Я летась давала інтэрв'ю «Еўрарадыё» пра нашы пенсіі. Прачытала шмат каментароў, але вось ніхто сустрэцца са мной не змог. Казалі, што чытала з паперкі. Цяпер, калі магу, пішу лісты. Маю зносіны з бацькамі палітвязняў, — падзялілася з НЧ яшчэ адна ўдзельніца маршаў сталых людзей.
І хоць вулічную актыўнасць прымусова згасілі, у душах сталых людзей працягваюць жыць прага перамогі і гатоўнасць да дзеянняў. І вера, якая, здаецца, ні на хвіліну не пакідала пенсіянераў увесь апошні год.
— Выходзіла з верай, што на гэты раз мы абавязкова пераможам. Выходзіла з дому заўсёды з «трывожным заплечнікам», у якім было ўсё неабходнае на выпадак затрымання. Пасля нядзельных маршаў вярталася дадому — плакала, але бачыла ў панядзелак акрыленых і бясстрашных пенсіянераў — і проста крылы вырасталі. Веру, што на гэты раз мы абавязкова пераможам, — перакананая яшчэ адна рэспандэнтка НЧ.