Пасадзіць у турму ўсіх незадаволеных грамадзян немагчыма — лічыць эксперт

«Падпісчыкаў аднаго з тэлеграм-каналаў больш за 100 тысяч. Куды, у якія турмы рэальна пасадзіць аднамаментна 100 тысяч грамадзян?» — разважае кіраўніца пінскай СДП «Грамада» Вераніка Іванова.

veranika_ivanova.jpg

“Рэжым Лукашэнкі разбурае сябе знутры, бо ставіць перад рэшткамі прыхільнікаў загадзя невыканальныя задачы”, — мяркуе старшыня Пінскай арганізацыі Сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Вераніка Іванова.

 Адным з нерэальных заданняў для сілавікоў з’яўляецца татальная зачыстка незадаволеных уладай грамадзян.

Па словах грамадскай дзяячкі, людзей з пратэстнымі думкамі ў сотні разоў больш, чым магчымасцяў карнай сістэмы: „Якім чынам можна ліквідаваць палітычна актыўных грамадзян? Расстраляць? Іх такая колькасць, што гэта проста нерэальна. Тое самае, як зараз існуюць млявыя пагрозы аб пасадцы падпісчыкаў тэлеграм-каналаў. Давайце скажам хаця б аб тым, што падпісчыкаў аднаго з тэлеграм-каналаў больш за 100 тысяч. Куды, у якія турмы рэальна пасадзіць аднамаментна 100 тысяч грамадзян? А трэба разумець, колькі ў нас тэлеграм-каналаў. Таму жаданні ўлады на сённяшні дзень нерэалістычныя”.

Суразмоўца дадае, што тая хваля рэпрэсій, якая трывае па краіне, – спроба сілавікоў паказаць сваю працу і здольнасць змагацца з грамадзянскай супольнасцю.

Беларускае Радыё Рацыя