«Чысткі духавенства, антысемітызм, умяшанне ў набажэнствы», — справаздача пра ціск на рэлігію ў Беларусі
У ЗША выйшла справаздача пра рэлігійныя свабоды ў Беларусі. У ёй адзначаюць вялікае ўмяшанне дзяржавы ў рэлігійныя справы.
Камісія рэлігійнай свабоды Злучаных Штатаў Амерыкі (USCIRF) выпусціла чарговую справаздачу пра Беларусь. У ёй адзначаецца, што пасля палітычнага крызісу, які пачаўся ў жніўні 2020 года, рэлігійныя свабоды беларусаў рэзка зменшыліся, перадае Радыё Свабода.
«З таго часу рэжым Аляксандра Лукашэнкі правёў чысткі сярод каталіцкага і праваслаўнага духавенства, якое крытыкавала ягоную аўтарытарную тактыку, праводзіў рэйды каталіцкіх і пратэстанцкіх набажэнстваў, а таксама публічна пашыраў антысеміцкія змовы і рыторыку», — адзначаецца ў дакуменце.
У справаздачы USCIRF нагадала, што яшчэ раней рэжым Лукашэнкі ўводзіў абмежаванні на служэнне замежных святароў у касцёлах, калі тыя мусілі атрымліваць асобны дазвол на службу ў краіне, і наогул павялічыў умяшанне ў справы Каталіцкай царквы.
3 ліпеня 2021 года ўлады ціснулі на праваслаўных, каталікоў, іўдзеяў і мусульманаў, каб тыя правялі малітвы за дзейных кіраўнікоў. Таксама адзначаны выпадкі публічнай крытыкі Лукашэнкам рэлігійнага гімну «Магутны Божа», абразлівай карыкатуры на ксяндзоў у дзяржаўнай газеце, дзе крыж прыраўнялі да свастыкі, і факт нядопуску ў краіну тагачаснага кіраўніка каталікоў Беларусі Тадэвуша Кандрусевіча, нягледзячы на наяўнасць у таго беларускага грамадзянства.
Дзяржаўная тэлевізія неаднаразова дапускала ў сваіх перадачах здзеклівыя азначэнні, у прыватнасці антысеміцкія заявы. Лукашэнка абвінавачваў міжнародную супольнасць у спробах «зруйнаваць праваслаўе ў Беларусі», а міністр замежных спраў дзяржавы — хаўрусніка рэжыму, Расіі, Сяргей Лаўроў заявіў, што Злучаныя Штаты нібыта намагаюцца стварыць у Беларусі аўтакефальную царкву, як раней адбылося ва Украіне.
USCIRF — незалежная двупартыйная камісія ўраду ЗША. Яна адсочвае выпадкі парушэння рэлігійных свабодаў ва ўсім свеце і дае рэкамендацыі прэзідэнту, дзяржсакратару і Кангрэсу ЗША.