Сталі вядомыя прозвішчы хлопцаў, што ўключылі «Муры» каля Акрэсціна і трапілі ў ізалятар

Праваабаронцам сталі вядомыя прозвішчы затрыманых хлопцаў, якіх арыштавалі за тое, што яны ўключылі «Муры» ў машыне пад сценамі Акрэсціна. Кіраваў машынай 33-гадовы Руслан Багданоўскі, другога хлопца вядомае толькі прозвішча — Канавалаў.

2020_bun_nn__8168_tmlli.jpg


Як распавядаюць былыя сукамернікі, хлопцы вырашылі падтрымаць арыштантаў, якія знаходзяцца на Акрэсціна па палітычных артыкулах, гучна ўключыўшы ў Tesla песню «Разбуры турмы муры», піша «Наша Ніва».

Каля 14:30 яны пад’ехалі да ЦІПа, але прастаялі там нядоўга — адразу падбегла адміністрацыя і яны вымушаны былі з’ехаць. Па словах сукамернікаў, праз дзве гадзіны іх ужо затрымалі.

Суд пакараў хлопцаў 15-сутачнымі арыштамі, але потым на іх зноў склалі новыя пратаколы. Невядома, ці выйшлі Багданоўскі і Канавалаў на волю.

Руслана разам з сябрам доўгі час трымалі ў розных карцарах у нечалавечых умовах. Дакладна вядома, што з 15 па 25 кастрычніка яны знаходзіліся ў карцары, але сукамернікі кажуць, што па другому пратаколу іх таксама кінулі туды. У карцары за гэты час адразу знаходзіліся восем чалавек, і толькі ў адзін дзень іх было чацвёра.

Як распавядае былы арыштант, у карцары памерам 1,8 на 3,5 метраў, легчы могуць толькі шэсць чалавек. Пры гэтым звычайна там знаходзіліся адразу восем арыштантаў. Падлога ў карцары бятонная. Святло ўключана заўсёды. Цёплых рэчаў арыштантам захоўваць забаронена, таму іх забірае адміністрацыя Акрэсціна. З сродкаў гігіены — толькі туалетная папера і мыла. Час ад часу ў карцары забаранялася сядзець, таму некалькі разоў арыштантам прыходзілася стаяць увесь дзень. «Шмон» там праходзіць тройчы днём і тройчы ноччу.

Адна з жанчын, якая сядзела ў гэты час у сумнавядомай жаночай камеры №15, распавяла, што яны з астатнімі жанчынамі чулі «Муры» ў сваёй камеры на трэцім паверсе ЦІПа. Яны адразу кінулся да акенца з кратамі і пачалі плакаць ад радасці.