Святлана Ціханоўская заклікала Еўропу да больш рашучых дзеянняў у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі

Святлана Ціханоўская выступіла ў Еўрапарламенце. Яна заклікала еўрапейскіх палітыкаў да больш рашучых дзеянняў для вырашэння палітычнага крызісу ў Беларусі.

tihanovskaya_1.jpg


«Цяпер у Беларусі больш палітычных зняволеных, чым прысутных тут чальцоў палаты. 882 маіх суайчынніка былі пазбаўленыя волі за ажыццяўленне сваіх базавых палітычных правоў», — сказала яна.

Па словах Ціханоўскай, калі запрасіць усіх беларусаў, несправядліва асуджаных за колер шкарпэтак або адзення, месца ў Еўрапарламенце не хопіць. Яна заявіла, што выступае ад іх імя, у тым ліку ад імя свайго мужа Сяргея Ціханоўскага, Марыі Калеснікавай, праваабаронцы Алеся Бяляцкага, які летась атрымліваў у Еўрапарламенце прэмію ім. Сахарава. Ён вярнуўся дадому і быў затрыманы ўладамі. «Выпадак Бяляцкага паказвае, што беларускія турмы значна бліжэй, чым можа падацца», — адзначыла Святлана Ціханоўская.

Святлана Ціханоўская ўзгадала, што ў снежні 2020 года казала аб Беларусі, якая прачнулася, у 2021 год, па яе словах, свет бачыць, як народ працягвае супраціўляцца рэжыму, які становіцца ўсё больш рэпрэсіўным.

Ціханоўская адзначыла, што беларусы за год паспелі ўбачыць: Еўропа не толькі гаворыць, але і робіць. Яна звярнула ўвагу на працу еўрапейскіх дыпламатаў, план дапамогі дэмакратычнай Беларусі, зацверджаны Еўракамісіяй, падтрымку палітвязняў.

Ціханоўская распавяла еўрадэпутатам пра асноўныя рэпрэсіўныя дзеянни беларускіх уладаў, у тым ліку аб прысудзе журналісткам Дар'і Чульцовай, Кацярыне Андрэевай, лёсах Вітольда Ашурка, Дзмітрыя Стахоўскага, Сцяпана Латыпава, прысудах Віктару Бабарыка, Марыі Калеснікавай, гісторыі Крысціны Ціманоўскай, Андрэя Зэльцэра, ціску на медыя, у тым ліку TUT.by, закрыцці недзяржаўных арганізацый, інцыдэнце з Ryanair.

Ціханоўская падкрэсліла, што ЕС распачаў рашучыя крокі ў дачыненні да беларускага рэжыму толькі пасля пасадкі борта Ryanair. «І ўсё ж, ці быў бы адказ такім жа жорсткім, калі б на борце Ryanair не было грамадзян ЕС? Ці толькі грамадзяне ЕС могуць спадзявацца на абарону дэмакратыі і правоў чалавека?», — запыталася яна.

Яна нагадала пра міграцыйны крызіс, пра тое, як беларускі рэжым выкарыстоўвае мігрантаў для дэстабілізацыі Еўропы. У той жа час, па словах Ціханоўскай, 9 млн беларусаў застаюцца закладнікамі рэжыму. Яна лічыць, што міграцыйны крызіс паказаў, наколькі небяспечным беларускі рэжым можа быць для суседзяў.

«Вы сапраўды думаеце, што ён зараз спыніцца? Мы ўжо ўбачылі, якую небяспеку можа ўяўляць сабой такі рэжым для суседзяў. Літва і Польшча сутыкнуліся з сур'ёзнай пагрозай для бяспекі іх межаў… Дапусцім, тым ці іншым чынам атрымаецца спыніць шантаж мігрантамі, але вы сапраўды думаеце, што міжнародныя парушэнні і пагрозы з боку рэжыму спыняцца? Рост наркатрафіку і патоку іншай кантрабанды? Ваенныя правакацыі? Аварыя на атамнай электрастанцыі, якая знаходзіцца непасрэдна на мяжы з ЕС? Усё гэта не плод майго ўяўлення. Гэта тое, чым ужо пагражае сам рэжым. Усё, што заўгодна, каб атрымаць тое, што яму трэба», — зазначыла Ціханоўская.

«Наша барацьба за свабоду — гэта ваша барацьба таксама. Толькі выступаючы разам і дзейнічаючы рашуча, дэмакратычныя краіны могуць выстаяць», — сказала яна.

«Паважаныя прадстаўнікі Еўропы, даруйце за маю прамалінейнасць, але я павінна сказаць: ужо становіцца позна. Са жніўня 2020 года было дастаткова сімвалічных крокаў і заяў пра салідарнасць. Беларусам выказвалі падзяку за адраджэнне веры ў дэмакратыю і чалавечую годнасць. Але ці не час Еўропе прадэманстраваць сваю прыхільнасць да гэтых каштоўнасцей у рэальных дзеяннях? Ці адважыцца адзіная Еўропа распачаць рашучыя дзеянні зараз? Ці варта пачакаць яшчэ адзін год? Паважаныя спадары і спадарыні, у нас няма яшчэ аднаго года. Ні ў Беларусі, ні ў Еўропы», — адзначыла лідарка Беларусі.

Ціханоўская параўнала дыктатуру з вірусам, у дачыненні да якога стратэгія чакаць і назіраць неэфектыўная, патрэбныя дзеянні. Паводле яе слоў, вірус дыктатуры трэба «ізаляваць», «лячыць» і «выпрацаваць да яго імунітэт». Яна заклікала да ізаляцыі рэжыму і даць голас беларускаму народу на саміце «Усходняга партнёрства». Ціханоўская таксама заклікала працягнуць паслядоўную палітыку санкцый у дачыненні да беларускіх уладаў і пашырыць падтрымку беларускага народа, забяспечыць прыцягненне да адказнасці людзей, якія маюць дачыненне да рэпрэсій.

«Сёння дэмакратыя не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе залежыць ад таго, ці будзем мы праходзіць гэты шлях і гэтыя перашкоды разам. Цяпер самы час прадэманстраваць, што еўрапейскія каштоўнасці былі і будуць галоўнай крыніцай нашай сілы і адзінай трывалай асновай міру і росквіту», — заявіла Ціханоўская.