Беларускія абаронцы правоў людзей з інваліднасцю атрымалі міжнародную прэмію
Кіраўнік Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі і юрыст гэтай арганізацыі Алег Граблеўскі сталі лаўрэатамі прэміі Front Line Defenders 2021.
Прэмія Front Line Defenders ўручаецца праваабаронцам у небяспецы, адзначае Еўрарадыё. Арганізацыя ўшаноўвае праваабаронцаў, якія працуюць з праблемамі расавай справядлівасці, жыллёвых правоў, правоў меншасцяў, абароны навакольнага асяроддзя і зямлі, самавызначэння і правоў людзей з інваліднасцю.
21 студзеня ў арганізацыі «Офіс па правах людзей з інваліднасцю» адбыўся ператрус. Фінансавая міліцыя правяла яго ў сувязі з «магчымым неправамерным завалоданнем грашыма, атрыманымі ў выглядзе дабрачынных узносаў і міжнароднай дапамогі для аказання прававой дапамогі грамадзянам Беларусі з інваліднасцю». 3 лютага Драздоўскі і Граблеўскі былі арыштаваныя, праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі. Праз паўгода, 31 ліпеня, мужчын вызвалілі пад асабістае паручальніцтва.
Абвінавачванні палягалі ў тым, што, нібыта, Драздоўскі і Граблеўскі аплацілі адвакатаў для 23 адміністрацыйна затрыманых. Беларускі бок заяўляў, што на гэта пайшлі сродкі ААН. Гэтыя абвінавачанні выклікалі скандал, паколькі ні Граблеўскі, ні Драздоўскі асабіста ніякіх сродкаў ад ААН на адвакацкія паслугі не атрымлівалі, ААН не звярталася да беларускіх сілавікоў па факце махлярства, і пацярпелых у справе ўвогуле няма.
Граблеўскі і Драздоўскі пакінулі краіну, паручальнікі за іх былі аштрафаваныя на буйныя сумы, нягледзячы на тое, што публічным доступе інфармацыі аб вышуку Драздоўскага і Граблеўскага няма.