Суд адмовіў у пераводзе палітвязня Ігара Банцэра з «хіміі» ў калонію

Новы суд над рок-музыкам Ігарам Банцэрам прайшоў у Віцебску 24 лістапада. Суд Чыгуначнага раёну Віцебска адмовіў кіраўніцтву віцебскай «хіміі» перавесці Банцэра ў калонію на больш жорсткі рэжым.

0bb220e5_cf58_4123_9101_fa3e89baf4d6_w1200_r1_logo_1.jpg


Першапачаткова Банцэр павінен быў вызваліцца з «хіміі» ў лютым 2022 году. Калі б рашэнне аб пераводзе ў калонію ад 29 верасня засталося ў сіле, то ён бы скончыў адбываць пакаранне сёлета ў лістападзе. Аднак пасля новага суду 24 лістапада пакуль не зразумела, калі ў палітвязня скончыцца тэрмін пакарання, расказвае Радыё Свабода.

Першы такі суд адбыўся над Банцэрам 29 верасня. Тады яму прызначылі 1 месяц 25 дзён калоніі агульнага рэжыму да канца зняволення.

Аднак праз месяц пасля таго суду высветлілася, што судовыя дакументы аформілі няправільна, бо спаслаліся на артыкул 415 Крымінальнага кодэксу, які нядаўна выключылі з заканадаўства.

Пасля 29 верасня вязень месяц прасядзеў у віцебскім СІЗА, потым на некалькі дзён яго вярнулі на «хімію», адкуль накіравалі ў штрафны ізалятар горада Гарадок на Віцебшчыне. Ён сядзеў у камеры без ацяплення пры той жа прыкладна тэмпературы, якая была на вуліцы. ШЫЗА яго пакаралі за тое, што адмовіўся пасяліцца ў камеру да чалавека з «нізкім статусам», і таму, што ляжаў удзень на каранціне, а не сядзеў на ложку.

Перад судом Банцэр моцна прастудзіўся. На «хіміі», дзе ён знаходзіўся ў папярэднія дні, ёсць вязні з тэмпературай, кашлем, моцнай слабасцю.

Ігар Банцэр — актывіст і музыка з Горадні. Яго затрымалі летась у кастрычніку. За гэты час ён двойчы галадаваў на знак пратэсту: 16 дзён без ежы і вады ў сакавіку, 19 дзён на халоднай вадзе ў жніўні. Ад гэтага ягонае здароўе моцна пагоршылася. Да таго ж пасля турмы ў яго выявілі гепатыт С. Ён лічыць, што яму неабходна медычнае абследаванне і лячэнне ў шпіталі.