Гендарная роўнасць як спосаб паўплываць на палітычную абстаноўку ў краіне. У Полацку ліквідаваны цэнтр «Адвакацыя»

Полацкі райвыканкам па прадстаўленні пракуратуры раёна ліквідаваў Цэнтр інфармацыйна-прававой падтрымкі сацыяльна неабароненых груп насельніцтва «Адвакацыя».

docs1_1125124112021.jpg


У паведамленні пракуратуры гаворыцца, што ў ходзе вывучэння рахункаў установы былі ўстаноўлены факты паступлення сродкаў ад рэзідэнтаў Літвы. Заснавальнік і дырэктар установы растлумачыў, што цэнтр аказваў паслугі кансультавання па пытаннях камерцыйнай дзейнасці ў Беларусі дабрачыннаму і спонсарскаму фонду «Forum Syd Baltika», фонду дабрачыннасці і падтрымкі «ForumCiv Eastern Europe», піша REFORM.by.

Пракуроры паглядзелі ў Інтэрнэт і даведаліся, што гэтыя фонды вылучаюць гранты і «падтрымліваюць грамадскія групы і ініцыятывы, якія працуюць у галіне дэмакратыі, правоў чалавека, абароны навакольнага асяроддзя і гендарнай роўнасці».

Летась заснавальнік Цэнтра прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў.

У выніку пракуроры прыйшлі да высновы, што ўстанова «Адвакацыя» фінансавалася замежнымі дабрачыннымі фондамі, якія імкнуліся паўплываць на палітычную абстаноўку ў краіне. Гэта і паслужыла падставай для ліквідацыі.