Вольга Івашына: Дзяніса прымусова пагалілі ў карцары
Жонка палітзняволенага журналіста і аўтара «Новага Часу» Дзяніса Івашына Вольга напісала ў Фэйсбуку пра ўмовы ўтрымання мужа ў карцары.
«290-ты дзень у палоне. 103 дні без лістоў.
Вось мы з вамі тут сьвяткуем Каляды, а нашага Дзяніса Івашына, як высьвятлілася, ужо асудзілі і пагалілі! Бо зь якой яшчэ нагоды можна прымусова абстрыгчы вязьня СІЗА (следчага ізалятара, для тых, хто не ў курсе)? Можа быць у Дзяніса там вошы завяліся, што падобнае дзеяньне трэба было тэрмінова зрабіць? Што ж за ўмовы тады ў гэтай “папраўчай установе”? Вельмі цікава, хто даў распараджэньне на гвалтоўны акт зьмены фрызуры і на якой падставе, калі працэдуру праводзілі ў карцары ажно камісыяй пад кіраўніцтвам цэлага маёра?
А паводле самога патрапленьня Дзяніса ў карцар зь ягоных словаў можам меркаваць, што гэта хутчэй за ўсё было даўно сплянаванай правакацыяй. Бо і ўмовы ўтрыманьня ў карцары адпаведныя: на вокнах іней, дзённае сьвятло не патрапляе наагул, на выклікі доктара супрацоўнікі не рэагуюць.І ў такім стане Дзяніс будзе перабываць мінімум да суботы, калі не дакінуць яшчэ потым у дадатак содняў за выдуманыя парушэньні.
Паколькі ніякіх актаў самога “парушэньня” Дзянісу нават на азнаямленьне не далі, можна толькі апісаць усю сытуацыю таго, як яго ў той карцар разьмеркавалі: у мінулую сераду 22 сьнежня ў камэры праводзяць дасканалейшы ператрус і вобшук самога Дзяніса. Заяўляюць пра тое, што ў запісах Дзяніса намаляваная “бчб-сымболіка”, знаходзяцца фразы, кшталту, “мы ў акупацыі” і забіраюць занатоўкі як “сродак зьдзяйсьненьня правапарушэньня”. І адразу пасьля гэтага, не арганізуючы, як тое належыць паводле працэдуры, камісыі дзеля высьвятленьня абставінаў, атрыманьня тлумачэньняў ад парушальніка, апытаньня сьведкаў і агляду доктарам Дзяніса цягнуць у карцар на 10 содняў, т.б. да 1 студзеня 2022. Як вы мяркуеце, ці можна гэта ўжо назваць адкрытымі катаваньнямі?
Ім часам не да законаў, відавочна. Але ж не забывайце, што ніякага палітычнага перасьледу ў краіне няма, і мы не пад акупацыяй, канешне ж!
Барацьба за вызваленьне краіны трывае!»