Петэр Дэтмар: «Мая калядная мара: мір і спакой у свеце»
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь распавёў пра калядныя традыцыі на сваёй радзіме, Святы вечар у Буркіна-Фасо ды гісторыю свайго захаплення сабакамі.
![peter_detmar_logo.jpg peter_detmar_logo.jpg](/img/v1/userfiles/images/peter_detmar_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Імя Петэра Дэтмара найчасцей усплывае ў СМІ ў сувязі з палітычнымі перамовамі альбо сустрэчамі на найвышэйшым узроўні. Асабісты бок жыцця дыпламата звычайна застаецца ўбаку. Гэтым разам мы вырашылі паразмаўляць са спадаром Дэтмарам пра традыцыі святкавання Калядаў у яго краіне і сям’і, на што пасол ФРГ ласкава пагадзіўся.
«Тыпова нямецкая з’ява?.. Калядны кірмаш у Гослары!»
— Вы паходзіце з вельмі цікавай зямлі — Ніжняй Саксоніі. Як у гэтым рэгіёне адзначаюцца Каляды? Ці ёсць нейкія асаблівыя традыцыі?
— На жаль, нейкіх асаблівых традыцый, якія б радыкальна
адрозніваліся ад астатняй Германіі, у Ніжняй Саксоніі няма. Праўда, ёсць
традыцыя адвенцкага вянку, якая паходзіць з Паўночнай Германіі ды ваколіц
Гамбургу. Па ўсёй краіне Святы вечар адзначаецца 24 снежня паходам у царкву,
пасля чаго дзецям ды іншым сямейнікам раздаюцца падарункі каля елкі. Затым сям’я
збіраецца на святочнай вячэры. Пэўных правілаў для гэтай вячэры не існуе. У яе
могуць уваходзіць размаітыя стравы: ад бульбянога салату ды каўбасак да
каляднай качкі.
![kaljady.jpg kaljady.jpg](/img/v1/userfiles/images/kaljady.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Хаця ўсё ж штосьці асаблівае ёсць… Быў такі шведскі
пісьменнік і філосаф Ларс Густаўсан, які, на жаль, сышоў ад нас сёлета ў
красавіку. Прыкладна 20 гадоў таму яго падчас інтэрв’ю спыталі: «Ці ёсць нейкая
тыпова нямецкая з’ява?» Спачатку ён адказаў адмоўна, але пазней падумаў і
выправіўся: «Так, ёсць. Гэта калядны кірмаш у Гослары!» Справа ў тым,
што Гослар — мой родны горад. Ён захаваў сваю сярэднявечную архітэктуру і дух.
А Густаўсан неяк пабываў у маім горадзе акурат падчас Калядаў і, як бачым,
застаўся ўражаны. Дарэчы, увесь цэнтр Гослара ўваходзіць у спіс сусветнай
культурнай спадчыны ЮНЭСКА, таму і атмасфера там, асабліва на Каляды,
адпаведная.
— А якія калядныя традыцыі былі ў вашай сям’і?
— У нашай сям’і было так: бацькі зачынялі ад нас з братам адзін пакой, дзе ўпрыгожвалі ялінку, клалі падарункі. Затым мы з братам ішлі на дзіцячую імшу ў царкву, пасля чаго адбывалася тое, што ў нас называецца «дарэнне калядных падарункаў». Часам да нас зазіраў і Дзед Мароз (Weihnachtsmann. — рэд.), які ўручаў падарункі афіцыйна.
— Дзед Мароз так і называўся? Ці гэта быў Святы Мікалай?..
— Гэта два цалкам розныя персанажы. Дзень Святога Мікалая
ў нас адзначаецца 6 снежня, калі ўручаюцца невялікія падарункі, салодкасці ў
першую чаргу. Часам яны кладуцца ў панчоху, часам — не. Але мая маці паходзіць
з Нідэрландаў, дзе ўсё наадварот: асноўныя падарункі робяцца 6 снежня, а на
Каляды ўжо менш значныя.
![kaljady_u_hermanii.jpg kaljady_u_hermanii.jpg](/img/v1/userfiles/images/kaljady_u_hermanii.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Нам з братам падарылі таксу: так я стаў «сабачнікам»
— Якія былі вашы найбольш цёплыя перажыванні і ўспаміны, звязаныя з Калядамі?
— Кожнае Раство было непаўторным. У нас ніколі не было нейкіх «дзікіх» святкаванняў, бо мой бацька быў ва ўзросце. Затое я добра памятаю, як нам з братам на свята падарылі сабаку — таксу з шорсткай поўсцю Анцье! З таго часу я вельмі люблю сабак. І наогул стаў сабачнікам. Апошні сабака Флорыс у нас жыў 16 гадоў і 3 месяцы. Гэта быў сабака фрызскай паляўнічай пароды. Ён суправаджаў нас з Гаагі, праз Маскву, у Мінск. Памёр гэты сабака напрыканцы студзеня 2013 года. І пакуль мы не гатовыя да таго, каб узяць іншага. Той сабака яшчэ занадта шмат месца займае ў нашых сэрцах. Але я збіраюся ўзяць сабаку, калі сыду на пенсію.
«Дэталькі «лега» з майго дзяцінства захоўваюцца для ўнукаў»
— Калядныя традыцыі, на вашу думку, гэта рэлікт з мінулага, ці стараецеся іх трымацца ды перадаць сваім дзецям?
— Сёння маім дзецям, Хансу і Ганне, ужо 26 і 30 гадоў, таму і традыцыя збольшага мінула. Але мы трымаліся калядных звычаяў прыкладна да часу, пакуль дзецям не мінула 14–15 гадоў.
— Ці ведалі вы, чаго хочуць вашы дзеці на Каляды? Ці атрымлівалася задавальняць іх жаданні?
— У маіх дзяцей была вельмі багатая фантазія, але я заўжды ведаў, чаго яны хочуць. І не заўсёды іх мары былі выканальнымі. Калі дзеці былі маленькімі, вельмі папулярнай была гульня «лега», і яны хацелі атрымаць у якасці падарунка лега. Я з гэтым знаёмы яшчэ са свайго дзяцінства, таксама вельмі любіў лега. У мяне, дарэчы, яшчэ ляжаць дэталькі гульні з мяжы 1950–1960-х, калі я сам быў маленькім і з гэтым гуляўся. Гэта ўсё захоўваецца і чакае патэнцыйных унукаў.
Можна дадаць таксама такія падарункі, як пазлы ды дзіцячыя кніжкі — неад’емныя элементы свята.
![decorazioni.jpg decorazioni.jpg](/img/v1/userfiles/images/decorazioni.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«У Буркіна-Фасо за калядным сталом размаўлялі пра… тэалогію»
— Вы працавалі дыпламатам у Буркіна-Фасо. Ці ёсць там адмысловыя калядныя звычаі?
— Важна ўсведамляць, што прыкладна 60% насельнікаў гэтай краіны — мусульмане, яны арыентуюцца на традыцыі ісламу. Рэшта жыхароў — намінальна каталікі. Сам я з’яўляюся пратэстантам, таму трэба было думаць, як захаваць і выканаць свае традыцыі там. Знешнепалітычны аддзел каталіцкай царквы высылаў свайго эмісара — духоўную асобу, — каб той змог выступіць у розных частках Афрыкі.
Такім чынам, ён заязджаў і да нас, каб правесці набажэнства 25 снежня, у першы дзень Божага Нараджэння. Падчас яго візіту ў нас з жонкай была традыцыя запрашаць гэтага святара і яго брата па ордэнуна вячэру. Гэта заўжды былі прыемныя вячэры, падчас якіх паміж імі завязваліся тэалагічныя дыскусіі, мы з жонкай імкнуліся ў іх не ўмешвацца, але ўспаміны ў мяне захаваліся пра той час толькі пазітыўныя.
— Каляды ў Германіі — гэта больш рэлігійнае свята ці сямейная традыцыя?
— Трэба адзначыць, што з часам гэта свята набыло камерцыйны характар. На жаль, ягоны першасны сэнс, калі можна спакойна сесці ды асэнсаваць мінулы год, прыйсці ў сябе і да сябе, адышоў на другі план. Але традыцыя адзначаць Каляды сем’ямі ды хадзіць адно да аднаго ў госці захавалася, нягледзячы ні на што. А з камерцыйным фактарам нічога не паробіш.
![ukrashennye_doma_na_rozhdestvo.jpg ukrashennye_doma_na_rozhdestvo.jpg](/img/v1/userfiles/images/ukrashennye_doma_na_rozhdestvo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
— Каляды — час загадваць жаданні. Ці былі ў вас у дзяцінстве запаветныя жаданні? Яны здзейсніліся або не?
— Мне пашчасціла. Я магу азірнуцца на вельмі ўдалае і напоўненае жыццё, як у асабістым, так і ў прафесійным плане. Таму наконт мараў пра нешта асабістае, напэўна, цяжка казаць. Агулам жа я мару пра спакой і мір у свеце. Калі б гэтак атрымалася — мая мара была б здзейсненая.
«Беларусы маюць трымаць пост, а пасля святкуюць паўмесяцы»
— Вы ўжо сутыкаліся з беларускімі каляднымі традыцыямі? Ці адрозніваюцца яны да нямецкіх?
— Асноўная розніца ў тым, што ў Беларусі збольшага
трымаюцца праваслаўных традыцый. Паводле юліянскага календару, ёсць розніца
нават у даце. Не ведаю, наколькі ўсе гэтага трымаюцца, але праваслаўная
традыцыя кажа пра абавязковы 40-дзённы пост перад Раством.
![german00199_2.jpg german00199_2.jpg](/img/v1/userfiles/images/german00199_2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У адрозненні ад немцаў, у Святы вечар праваслаўныя ядуць не так і шмат, посныя стравы, а вось у першы дзень Раства можна сябе ўжо не стрымліваць у кулінарным плане. Пасля людзі апранаюць касцюмы, ходзяць з вёскі ў вёску, святкуючы амаль палову студзеня! Гэта тое, што я зразумеў наконт мясцовых калядных традыцыяў.
— Што вы маглі б пажадаць беларусам напярэдадні Калядаў і Новага года?
— Па традыцыі, мы зычым адно аднаму бласлаўлёных святаў, удалага Новага года, здароўя, поспехаў у сямейным і прафесійным плане. І нават калі не ўсе жаданні здзяйсняюцца, важна, каб чалавек атрымліваў унутранае задавальненне, якое ідзе знутры. Не заўсёды гэта звязана з набыткам матэрыяльных каштоўнасцяў. Таксама я ад усяго сэрца жадаю міру ды спакою ў Беларусі і за яе межамі.
![hermanija_kaljady.jpg hermanija_kaljady.jpg](/img/v1/userfiles/images/hermanija_kaljady.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
***
Калі рабілася гэта інтэрв'ю, трагедыя ў Берліне яшчэ не здарылася. Шматлікія турысты і жыхары Германіі, як і жыхары ўсяго свету, рыхтаваліся да святаў.
Людзі бавілі час на Калядным кірмашы каля Мемарыяльнай царквы кайзера Вільгельма ў Берліне, калі раптам з’явіўся цягач з прычэпам, гружаны сталёвымі бэлькамі. Ён праехаў каля 80 метраў па тэрыторыі каляднага кірамашу. У выніку загінулі 12 чалавек і 48 атрымалі раненні.
Здарэнне было кваліфікавана як тэракт. Мяркуецца, што перад тым, як заехаць у натоўп, злачынец скраў грузавік, які належаў польскай кампаніі, і забіў кіроўцу.
Адказнасць за тэракт узяла на сябе так званая «Ісламская дзяржава». Адпаведнае паведамленне распаўсюдзіла інфармагенцтва ІД «Амак».
Пасля гэтай перадкаляднай трагедыі яшчэ больш глыбокі
сэнс атрымліваюць словы спадара Петэра Дэтмара, вынесеныя ў назву артыкулу:
«Мая калядная мара: мір і спакой у свеце».
![001_deutche_dsc_8450.jpg 001_deutche_dsc_8450.jpg](/img/v1/userfiles/images/001_deutche_dsc_8450.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Спадзяемся, што пасля тэракту людзі ў Германіі знойдуць сілы пайсці далей і таксама марыць пра мір і спакой ва ўсім свеце.
Рэдакцыя «Новага Часу» выказвае свае шчырыя спачуванні паслу Германіі спадару Петэру Дэтмару, супрацоўнікам Пасольства Германіі, жыхарам Германіі і ўсяму цывілізаванаму свету з нагоды тэракту.