Праз 75 гадоў пасля гібелі Купалы
Уладзімір Някляеў лічыць смерць
паэта аперацыяй спецслужбаў, Іван Антановіч няшчасным выпадкам, а паводле Берыі
гэта было самагубства.
75 гадоў таму ў Маскве загінуў Янка Купала. 28 чэрвеня 1942 году паэт упаў у лесвічны пралёт гатэля «Масква». Што гэта было — няшчасны выпадак, самагубства ці забойства — адназначнага адказу дагэтуль няма.
Былы міністр замежных спраў Беларусі, а за савецкім часам загадчык аддзелу культуры ЦК КП БССР Іван Антановіч у свой час спрабаваў разгадаць таямніцу смерці Янкі Купалы.
Іван Антановіч: Сёлета 135
гадоў з дня нараджэння Янкі Купалы. А я быў адным з арганізатараў адзначэння
стагоддзя Янкі Купалы. Гэта было вялікае дзяржаўнае мерапрыемства — ўрачыстае
пасяджэнне, канцэрт, вялікае свята на месцы яго нараджэння, абнаўленне ўсіх музеяў.
А цяпер нешта нічога не чуваць... Але ж мы гаворым пра смерць Купалы.
Калі мы святкавалі стагоддзе, зразумела, што ўвесь час выходзілі на гэтую трагічную тэму. І ёсць успаміны людзей, якія былі побач з ім у той трагічны час. Я памятаю, што мне расказваў Кандрат Кандратавіч Крапіва, Яўген Іванавіч Танк і Пятро Ўсцінавіч Броўка.
Кандрат Кандратавіч казаў,
што Іван Дамінікавіч быў у вельмі напружаным стане (тады таксама быў ягоны
юбілей — 60-годзьдзе), і нават крыху крыўдзіўся Крапіве, што ў Маскве не любяць
нікога называць геніям, апрача самога сябе, бо калі б гэта было дома, то ён быў
бы цэнтральнай фігурай, а там неяк ніхто не спяшаўся...
Я гэта кажу ўпершыню.
Кандрат Кандратавіч сказаў, што Іван Дамінікавіч скардзіўся, што яму паступалі
пагрозы па тэлефоне ў гатэлі, дзе ён жыў. Ён паведаміў пра гэта, як тады і было
патрэбна, як кажуць, куды след. Але які быў адказ з месца, дзе той след, не
было вядома. Кандрат Кандратавіч казаў, што Купала быў пад прыцэлам не толькі
дамашніх спецслужбаў (тады яны былі ў нас вельмі вёрткія), але і нямецкіх. Ён
казаў мне, што «ты і ўявіць не можаш, які розгалас меў ягоны верш «Партызаны,
партызаны, беларускія сыны». Купала пачынаў актыўна супрацоўнічаць у славянскім
руху, які тады адраджаўся. Крапіва казаў, што нядобразычліўцаў было многа.
Больш з Кандрата Кандратавіча выцягнуць было нельга. Аднак ён жа сказаў, што
Іван Дамінікавіч, калі пераехаў з Казані ў Маскву, кінуў тыя не лепшыя
прывычкі, за якія яго часта цяпер папікаюць, і быў вельмі спакойны і
засяроджаны.
Гэтую думку пацвярджае Яўген Іванавіч Танк. Ён казаў, што трагедыя здарылася ў некалькі імгненняў. Сабраліся беларусы, некаторыя прыехалі з фронту і, як заўсёды, у такіх бяседах не хапае, ведаеце чаго. Купала ўстаў і кажа, у мяне ёсць яшчэ талоны, я ж цяпер да іх ашчаджальны. Гэтыя словы цытаваў Танк. І Купала выйшаў. Праз некалькі імгненняў у калідоры пачаўся шум, потым усе пабеглі ўніз...
Танк казаў, што аблічча ўжо мёртвага Купалы ўсіх уразіла. Ён звярнуў увагу, што на ордэне Леніна была збітая эмаль, а на твары не было пашкоджанняў і не было крыві. Яўген Іванавіч больш пра гэта мне нічога не сказаў.
Потым некалькі разоў мне казаў
Пётр Усцінавіч Броўка, што Купала тады быў вельмі напружаны працай, да яго
добра ставіліся, і падстаў, каб адчуваць нейкую небяспеку, у яго не было.
Я двойчы залазіў у архівы ў
часы, калі быў загадчыкам аддзелу культуры і членам ЦК КП Беларусі. Павінен
сказаць, што тады мне было лягчэй пранікнуць туды, чым цяпер. Цяпер сакрэтнасць
вельмі высокая.
Але я не ўсё магу сказаць...
Я бачыў аўтапсію, у якой было напісана, што смерць наступіла ад разрыву сэрца ў
часе падзення. Я ня ўсе памятаю, гэта ж медычнае заключэнне, запомніць наогул
нельга. А другая часта аўтапсіі — слядоў гвалтоўнага ўздзеяння не адзначана.
Потым ужо я трымаў руках
арыгінал данясення Лаўрэнцыя Паўлавіча Берыі Сталіну, дзе было напісана, што
такога чысла ноччу пакончыў жыццё самагубствам народны пісьменнік (не паэт,
пісьменнік было напісана) Беларусі Янка Купала. Ён быў у стане апʼянення. Такая
фраза была. Вельмі кароткая інфармацыя. Рэзалюцыі Сталіна, як гэта звычайна
было на данясеннях, якія прыходзілі да яго, не было.
Я бачыў яшчэ болей, але проста не магу сказаць... Але тое, што я бачыў, на таямніцу смерці не пралівае новага святла. Я таму і думаю, што ёсць вялікая верагоднасць верыць таму, што ўжо нам вядома — гэта няшчасны выпадак. Акадэмік Буслаў у свой час казаў мне (Танк мне гэтага не казаў, а яму расказваў), што былі ўспаміны сведкаў, што ў апошнія імгненні, быццам бы, Купала сядзеў на парапеце і размаўляў з жанчынай. А пралёт быў шырокі ў гатэлі «Масква»... Мы заўсёды там жылі...
У той суровы час вайны геній
Купалы намнога быў уладам больш патрэбны, чым яго смерць. У гэтым я быў
абсалютна ўпэўнены, бо Купала ў той час быў лаяльны, можа больш, чым сёння гэта
нам з вамі хацелася прызнаць, але такі быў час.
Версіі заўсёды будуць
усплываць, бо надзвычай трагічная смерць, кожнаму падаецца, што ён можа
дакапацца. Мне здаецца, што дакапацца больш не ўдасца, бо я не ўпэўнены, што
гэтыя архівы доўга і захаваюцца. Цяпер ідзе ў архівах вялікая чыстка новых
часоў... На жаль, тыя, з кім я размаўляў, не паўтораць свае словы, іх няма на свеце,
хутка і мяне не будзе, таму я і вырашыў расказаць, што я ведаю, бо гэтая
трагедыя будзе хваляваць усіх нас вельмі доўга недарэчнасцю сваёй і не да канца
вытлумачанасцю. Але я не ведаю вялікіх трагедый, якія былі бы асабліва
вытлумачаныя да канца.
Някляеў: Смерць Купалы не
была самагубствам, што гэта была аперацыя тагачасных спецслужбаў
Колішні старшыня Саюзу
беларускіх пісьменнікаў Уладзімір Някляеў пачаў цікавіцца таямніцай гібелі
Купалы яшчэ ў 1970-ыя гады, калі вучыўся ў Літаратурным інстытуце ў Маскве.
Гадоў дзесяць таму ён абнародаваў сваю версію гібелі Купалы.
Уладзімір Някляеў: Я паспрабаваў знайсці ключы да разгадкі, яшчэ калі вучыўся ў Маскве ў Літаратурным інстытуце. Гэта быў пачатак 1970-х гадоў. Жывыя былі яшчэ тыя людзі, з якімі Купала сустракаўся, калі ездзіў у Маскву на ўсякія літаратурныя ды культурныя мерапрыемствы, на дэкаду мастацтваў, на ўручэнне ордэну, атрыманне сталінскай прэміі, святкаванне юбілею Пушкіна і гэтак далей. У адрозненне ад беларускіх пісьменнікаў, якія былі побач з Купалам у той дзень, 28 чэрвеня 1942 году, якія не пакінулі абсалютна ніякіх уцямных сведчанняў пра тое, што з ім насамрэч сталася, гэтыя людзі мне далі нейкія ключыкі. Так мне здавалася ў той час.
Я пачаў шукаць замочкі на тых шафачках, якія можна было адчыніць тымі ключыкамі. Нешта знайшоў, але гэтага яўна было недастаткова, для таго, каб узнікла больш-менш рэальная версія таго, што адбылося. Бо былі 70-я гады савецкай эпохі, калі таямніцы не адчыняліся для тых, хто ня быў да іх набліжаны ці па сваім званні, ці па сваёй пасадзе. Калі не стала СССР, распалася імперыя, я вярнуўся да спробы разгадаць гэтую загадку, бо меў на гэта не толькі жаданне, але і права, стаўшы старшынёй Саюзу пісьменнікаў, рэдактарам часопісу «Крыніца», газеты «Літаратура і Мастацтва» і гэтак далей. Я звярнуўся ў наш Камітэт дзяржбяспекі, дзе мне паказалі (сказалі, што гэта ўсё, што ў нас ёсць) дакументы, звязаныя з гібеллю Купалы. Некалькі разоў я ездзіў у Маскву. Там мяне адсылалі з Камітэту дзяржбяспекі ў архіў ЦК КПСС, які стаў архівам прэзідэнта, адтуль назад у камітэт, і нідзе нічога такога, што б адкрыла гэтую таямніцу, не знаходзілася.
Але ўсё ж нейкія дакументы,
нейкія новыя звесткі далі мне магчымасць стварыць версію таго, што сталася, і
калі Купалу забілі, дык па якой прычыне яго забілі, калі прытрымлівацца версіі,
што гэта было не самагубства. Шмат фактаў там не было, але тых, якія я знайшоў,
хапіла для гэтай версіі. Былі і іншыя расповеды. Сын Якуба Коласа расказаў мне
такія рэчы, пра якія раней усе маўчалі.
Карацей, сыходзячы з гэтага я асабіста пераканаўся ў тым, (гэта не азначае, што дакументальна пацверджана), што смерць Купалы не была самагубствам, што гэта была аперацыя тагачасных спецслужбаў. Прычына, па якой гэта зрабілі з Купалам, чаму скінуліз10 паверху гатэлю «Масква», палягае ў наступным.
Па-першае, некалькі разоў
прымаліся рашэнні аб ягоным зняволенні як лідара беларускага
нацыянал-дэмакратычнага руху, але ніводнага разу па розных прычынах гэтыя рашэнні
не даводзіліся да канца. Апошнім разам праз тое, што ён сам зрабіў спробу
самагубства. Як з гэтай спробы не пасміхаліся, маўляў, каб хацеў зарэзацца,
зарэзаўся бы, усё ж гэтая спроба была расцэненая сурʼёзна, і тады ад яго зноў
адчапіліся. Пасля таго, як яму далі ордэн Леніна, а пасля ў 1940-м годзе вясной
ён атрымаў і сталінскую прэмію, была, мяркуючы па дакументах, яшчэ адна спроба
як раз пад прыкрыццём гэтых узнагародаў і званняў з ім расправіцца, якая ізноў
жа не была да канца даведзеная.
І толькі ўжо ў часе вайны,
калі вырашалася пытанне, быць ці не быць савецкаму ладу, калі немцы ў 1941-м
падышлі да Масквы і ў 1942 яшчэ моцна хісталася сітуацыя, лідарства Купалы як
чалавека, які прадстаўляе беларускую нацыю, палічылі гранічна небяспечным, і
прычынай таму сталася найменне адной з вуліц у Менску як бы іменем Янкі Купалы,
Івана Луцэвіча, а насамрэч вуліца займела найменне Івана Луцкевіча, вядомага
вучонага, археолага, дзеяча беларускай дэмакратыі.
А людзі, якія ўгадвалі ва
ўсе часы жаданне ўладаў, жаданне начальства, напісалі такія паперы, з якіх
вынікала, што вуліца названая імем менавіта Янкі Купалы. А гэта азначала, што
зробленая вялізная ідэалагічная памылка, бо ворагу савецкай улады прысвоена званне
лаўрэата Сталінскай прэміі, гэты вораг узнагароджаны ордэнам Леніна, і гэта ўсё
адбывалася пры непасрэдным удзеле таварыша Сталіна, і значыць таварыш Сталін
дапусціў сурʼёзную памылку. Як гэтую праблему можна было вырашаць? Сталін сам
даў для гэтага рэцэпт: «Няма чалавека — няма праблемы». І сталася тое, што
сталася 28 чэрвеня 1942 году.
Я на сённяшні дзень хоць і перакананы ў справядлівасці гэтай версіі, не настойваю на тым, што гэта ёсць разгадка таямніцы смерці Янкі Купалы, хаця бы з той прычыны, што сама таямніца заўсёды больш глыбейшая за яе любую разгадку. Таямнічыя рэчы павінны проста прысутнічаць у лёсе любога выбітнага чалавека, а найбольш гэтыя таямнічыя рэчы павінны прысутнічаць у гісторыі народу, нацыі, якія знаходзяцца ў працэсе нацыянальнага станаўлення, у працэсе самаідэнтыфікацыі.
Таму чым больш будзе ў нас
таямніц (бо больш Янкаў Купалаў у нас наўрад ці будзе), тым больш будзе
фантазій, тэкстаў на гэтую тэму, тым большы будзе інтарэс да постацей
беларускай гісторыі, літаратуры і культуры і да самой Беларусі.
Сыходзячы з гэтага я напісаў
аповесць, якая ўмоўна называецца «На крыжы». Я паспрабаваў у фантасмагарычным
творы разгадаць гэтую таямніцу, перамяшчаючы Купалу з гэтага свету на той, у
якім ён апынуўся 28 чэрвеня 1942 году, і з таго ў гэты.
Купала не быў такім
чалавекам, якім ён паўстае ва ўспамінах яго сучаснікаў, пераважна казённых,
афіцыйных, што мяне вельмі здзіўляе. Гэта была больш буйная, маштабная
чалавечая постаць, і я паставіў задачу павялічыць маштаб Купалы, перш за ўсё як
чалавека і, безумоўна, як паэта, і ўвёў яго ў кантэкст адносінаў з іншымі
людзьмі, пра якія раней нічога не казаў, і іншыя абставіны.
Безумоўна, яны фантастычныя і фантасмагарычныя, але ўсё гэта, калі нават не было, заўсёды з’яўлялася адным з прыёмаў літаратуры, якім карысталіся ва ўсе часы, і зараз скарыстаўся я.
Паводле svaboda.org