Дорага быць палітыкам. Як плацяць штрафы лідары «пратэстнай вясны»

За пратэстныя акцыі, што адбыліся ўзімку і ўвесну (маршы нязгодных з дэкрэтам №3 у Мінску і ў рэгіёнах, абарону Курапатаў, шэсце на Дзень волі, акцыю падтрымкі затрыманых і іншыя) беларускія палітыкі і грамадскія актывісты атрымалі дзясяткі штрафаў.

Міліцыянты складаюць пратакол на Мікалая Статкевіча. Фота: Еўрарадыё

Міліцыянты складаюць пратакол на Мікалая Статкевіча. Фота: Еўрарадыё

Ці атрымліваецца іх выплачваць, і дзе ўзяць грошы на гэтыя выплаты? "Еўрарадыё" даведалася пра гэта ў Віталя Рымашэўскага, Мікалая Статкевіча і Уладзіміра Някляева.

Віталь Рымашэўскі пратэрмінаваў штрафаў на $2 тысячы

Сустаршыню Партыі БХД Віталя Рымашэўскага дапяклі судовыя выканаўцы. "Сёння прыедуць апicваць маёмасць. Папярэдзiлi, што будуць ужытыя ўсе меры, прадугледжаныя ў гэтым выпадку. Гэта i пазбауленне правоў, i блакiроўка тэлефона. Таксама буду ўнесены ў спiс невыязных з Беларусi", — скардзіцца палітык на сваёй старонцы ў Facebook.

Прычына — штрафы за ўдзел у пратэстных акцыях, якія палітык не ў стане аплаціць. "Агульная сума нясплачаных штрафаў — болей за дзве тысячы долараў, болей за 4 тысячы рублёў", — дадае Рымашэўскі.

Уладзімір Някляеў патраціў літаратурную прэмію на штрафы

Уладзімір Някляеў заходзіць у рэдакцыю Еўрарадыё, размаўляючы па тэлефоне з судовым выканаўцам. Той кажа, што нейкія штрафы засталіся неаплачанымі. Палітык кажа, што ўсё аплаціў. Выканаўца пярэчыць: грошы не дайшлі.

Цяпер трэба шукаць квітанцыі аб аплаце. А ці захаваліся яны? Някляеў не ведае. На наступны дзень ён распавядае Еўрарадыё, што неаплачанымі застаюцца штрафы прыкладна на тры тысячы рублёў.

Агулам жа палітык заплаціў штрафаў больш як на $5 тысяч. "Ужо адна мая прэмія пайшла на штрафы, чаго яны яшчэ хочуць?!" — абураецца палітык. У 2013 годзе разам з прэміяй імя Ежы Гедройца за раман "Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без" ён атрымаў дзесяць тысяч еўра. Пакуль што прыбыткі з літаратуры пакрываюць выдаткі на палітыку, але што будзе далей?

З пенсіі Мікалая Статкевіча на штрафы штомесяц вылічваюць па 200 рублёў

Мікалай Статкевіч перастаў лічыць свае штрафы прыкладна год таму, калі судовыя выканаўцы пазбавілі яго мабільнага тэлефона. "Вы ведаеце, Міколавы штрафы ўжо вельмі даўно аўтаматычна пераключаюцца на судовых выканаўцаў і ўскладаюцца на пенсію, — распавядае жонка палітыка Марына Адамовіч— Раней яму прысылалі эсэмэскі, і мы хаця б ведалі, што яго судзяць. Але пасля таго, як нумар быў канфіскаваны, увогуле перасталі за гэтым сачыць".

euroradio.fm__sites_default_f_6d599d7cac8cc09af47de9316a7b7582.html

Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў. Фота: Белсат.

Штомесяц са Статкевіча, вайскоўца ў адстаўцы, вылічваюць крыху больш за 200 рублёў. "Паводле закона, усе віды ўскладанняў на пенсію (акрамя асобных выпадкаў: аліменты, выплаты па прычыненні шкоды здароўю) не могуць перавышаць 20%. А яны забіраюць палову пенсіі, і, на маю думку, гэта відавочнае парушэнне заканадаўства", — працягвае Марына Адамовіч.

Такім чынам, за апошні год Мікалай Статкевіч заплаціў у лік сваіх штрафаў каля 2500 рублёў. І будзе працягваць плаціць, пакуль будзе атрымліваць пенсію.

Змітра Дашкевіча судовыя выканаўцы пакінулі ў спакоі

У студзені судовыя выканаўцы забралі аўтамабіль лідара маладафронтаўцаў Змітра Дашкевіча — якраз за тое, што ён не плаціў штрафы за ўдзел у вулічных акцыях. Пры гэтым адбыўся непрыемны інцыдэнт: адна з выканаўцаў паскардзілася, што Дашкевіч, спрабуючы з'ехаць ад эвакуатара, праехаў ёй па назе.

На той момант на Змітры "вісела" пяць ці шэсць штрафаў. "Я нават не ведаю дакладна, якія там сумы і за што. Гэтых квітанцый і пратаколаў было вельмі шмат, не ўпэўнены, што я іх усе атрымаў на пошту, яны прыходзяць і па іншым адрасе", — распавядаў Дашкевіч. І дадаў, што ў сярэднім за адну акцыю атрымліваў прыкладна 1 тысячу рублёў штрафу.

euroradio.fm__sites_default_f_735f87e9167a9c1fdd89921c6b5a3723.html

Дашкевіч "выкупіў" сваю "Хонду" з "палону", але ў сакавіку сілавікі разбілі ў ёй шкло, затрымліваючы Сяргея Пальчэўскага. Фота: Еўрарадыё

"Хонду" ацанілі ў 12 тысяч рублёў. Неўзабаве Дашкевіч атрымаў яе назад, але ў сакавіку — ужо пасля абароны Курапатаў — яго на два гады пазбавілі правоў кіроўцы. Па словах жонкі палітыка Насты Дашкевіч, з таго часу судовыя выканаўцы пакінулі іх сям'ю ў спакоі.

"Ведаю, што яны прыходзілі да Сяргея Пальчэўскага, нешта апісвалі, — распавядае Еўрарадыё Наста. — Мы сваіх штрафаў не лічылі. Справа гэта абсалютна няўдзячная, бо яны навальваюцца як снежны ком, і прыходзяць абсалютна па-рознаму: праз тыдзень пасля мерапрыемства, праз месяц, праз два... Нейкім чынам так, ад балды іх высылаюць".

Што палітыкі маглі б набыць за свае штрафы?

Быць дармаедам у Беларусі нашмат танней, чым быць палітыкам. Віталь Рымашэўскі на свае штрафы мог бы дазволіць сабе адзінаццаць гадоў не працаваць!

Мікалай Статкевіч за штрафы, вылічаныя з пенсіі, змог бы набыць сабе ў растэрміноўку Apple iPhone 7 Plus 128 ГБ. Быў бы тады модным палітыкам, а, магчыма, і відэаблогерам! Растэрміноўка на 11 месяцаў каштуе ў аднаго з беларускіх мабільных аператараў 217 рублёў 90 капеек за месяц. Плюс першы плацёж.

Уладзімір Някляеў на заплачаныя штрафы мог бы выдаць збор твораў. "Груба кажучы, 10 тысяч рублёў — гэта кніга на 300 старонак у цвёрдай вокладцы, накладам у 1000 асобнікаў, — распавядаюць у выдавецтве "Беларускі кнігазбор". — Сума вельмі прыкладная. Думаем, яшчэ на разагрэў публікі застанецца". Вось так мы і засталіся без збору твораў Уладзіміра Някляева, і без разагрэву публікі заадно.

euroradio.fm