Ірына Сухій

Некалі адзін са стваральнікаў бессмяротных «Дванаццаці крэслаў» вельмі слушна заўважыў: не трэба змагацца за чысціню, трэба падмятаць. Гераіню чарговага нарыса можна аднесці менавіта да катэгорыі тых, хто «мяце», бо старшыня грамадскага аб’яднання «Экадом» Ірына Сухій займаецца сваёй справай не толькі ў тэорыі, але і на практыцы.
 



suhij_ecoforum2009_07.jpg

Нетыповы пачатак
Сапраўды, зразумець, чаму чалавек пасля двух гадоў вучобы на архітэктурным факультэце сталічнага Палітэху кідае ўсё і едзе ў Піцер, каб уладкавацца там звычайным дворнікам, вельмі цяжка. Ты не менш, шлях Ірыны Сухій у самастойнае жыццё пачаўся менавіта так.
Нарадзілася Ірына 16 ліпеня 1963 года. У Мінску, у намеклатурнай (яе слова) сям’і. Бацька, Георгій Андрэевіч, быў дырэктарам ЦУМа, а маці, Маргарыта Філіпаўна, — загадчыцай кафедры эканомікі гандлю Наргасу. Бацька (на жаль, з 1991 года яго з намі больш няма) нарадзіўся ў Княгініне Мядзельскага раёна Мінскай вобласці, а маці родам з Масквы.
Пазнаёміліся яе будучыя бацькі — студэнт Георгій і маладзейшая за яго на сем гадоў выкладчыца Маргарыта — у маскоўскім Наргасе, які насіў імя знакамітага марксіста Георгія Валянцінавіча Пляханава.
Старэйшы брат Ірыны Іван скончыў прэстыжны Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносінаў (МДМА), куды простаму смяротнаму трапіць было амаль немагчыма. Але справа тут была не толькі ў наменклатурным паходжанні брата. На мой погляд, паспяховаму паступленню тут паспрыялі яшчэ добрыя веды і школьны залаты медаль.
З залатым медалём закончыла школу і Ірына. Спачатку яна вучылася ў 103-й школе з англійскім ухілам, а потым перайшла ў 19-ю з матэматычным ухілам. Матывацыя жыццёвых пераменаў простая — схільнасць да матэматыкі, што пацвярджаецца яе перамогамі на шэрагу матэматычных алімпіяд. Паступленне на архітэктурны факультэт Політэхнічнага інстытута выглядае дастаткова лагічным рашэннем для матэматычнага складу розуму. Цяжка логікай успрымаецца тое, што адбылося далей.
Можна толькі спачуваць бацькам Ірыны, калі яны даведаліся пра ўцёкі дачкі ў Піцер. Нармальнае разумнае дзіця ўсё кідае і едзе за 800 кіламетраў ад роднага дома. Дзеля чаго?
Тым больш, што нават дворнікам уладкавацца ў Ірыны не атрымалася, бо ў яе яшчэ не было працоўнай кніжкі. Пратусаваўшыўся (слова самой гераіні) там некалькі месяцаў, Ірына Сухій вярнулася ў Мінск і стала працаваць памочнікам фатографа. То бок вучыцца абсалютна новай для сябе справе.
Ёй прысвоілі адпаведны разрад, накіравалі працаваць у адно са сталічных фотаатэлье. Менавіта ў гэты момант, на асабістым досведзе, Ірына зразумела сэнс знакамітай фразы пра навучанне, якое — святло, а яго адсутнасць — цемра. Прычым, у натуральным афармленні. Бо яе работа заключалася ў друку фатаграфій з плёнак. То бок восем гадзін пры чырвоным святле.
Гэта была, мабыць, галоўная прычына, якая і падштурхнула Ірыну атрымаць усё ж такі вышэйшую адукацыю. Аднак аднаўляцца на старым месцы не стала, абраўшы абсалютна новы шлях. Яна паступіла на філалагічны факультэт БДУ на спецыяльнасць «руская мова і літаратура».
Але правучылася толькі некалькі гадоў, а потым зноў… З нейкімі хіпі паехала аўтастопам у Рыгу. Потым — у Маскву, дзе яе і знайшлі бацькі. Сказаць, што яны перажылі чарговы стрэс — нічога не сказаць. Адзінае, чаго дамагліся ад дачкі, — абяцанне гэты раз не кідаць вучобу і перавесціся на завочнае.
Што Ірына Сухій і зрабіла, і пайшла працаваць лабарантам у фотаклуб «Мінск» (па гэты дзень месціцца побач з вядомай крамай «Акіян»). Узначальваў яго, на жаль, ужо памерлы Уладзімір Лабко. Там была і студыя фатаграфіі, з якой выйшла шмат выдатных прадстаўнікоў сучаснага беларускага фота.
Уяўляю рэакцыю чытачоў на гэты кавалак жыцця Ірыны Сухій. Не буду ні з кім спрачацца. Адзначу толькі, што ў нашым жыцці часта агульнапрынятыя каштоўнасці не з’яўляюцца самымі лепшымі. А для некаторых і галоўнымі...
І яшчэ адно назіранне. Звычайна, нечага значнага ў жыцці дасягаюць тыя, хто аддае перавагу не ўтульнаму канфармізму, а крокам, якія многім падаюцца незразумелымі.
Нетыповы працяг
Падвал, у якім месціцца фотаклуб «Мінск», добра вядомы не толькі прыхільнікам фота. У савецкія часы там збіраліся тыя, каго называлі нефармаламі. Дарэчы, у суседнім падвале працаваў мастаком-афарміцелем будучы складальнік «Народнага альбома», вядомы аўтар песень Міхал Амнепадыстаў.
Што тычыцца самой Ірыны Сухій, то нельга сказаць пра выпадковасць новага захаплення, бо ў яе характары заўсёды матэматычная дакладнасць суседнічала з арыгінальным творчым падыходам. Спалучэнне, якое даволі часта дае цікавыя вынікі.
Вынікам жа існавання нефармальнай тусоўкі з назвай «Беларускі клімат» стала выстава ў Чырвоным касцёле, дзе тады месціўся Дом кіно. Яна складалася з фатаграфій, жывапісных работ і розных інсталяцый. Потым аналагічныя выставы адбыліся не толькі ў Мінску, але і за мяжой.
У гэты час брат Ірыны Іван скончыў у МДМА «дацкае аддзяленне» і першы раз у жыцці трапіў у гэтую краіну з нейкай камсамольскай дэлегацыяй. Пашанцавала. Яны сустракаліся з дацкімі камуністамі і «левымі», якія задумалі акцыі «Next Stop — Soviet».
Для зашоранага светапогляду савецкіх людзей гэта было нечым суперрэвалюцыным. На што могуць адважыцца толькі замежнікі. У тыя часы нават існаваў адпаведны тэрмін — еўракамунізм.
Перад гэтым дацкія «левыя» змагаліся з ядзернай зброяй, ужо правялі акцыю «Next Stop — Nevada» і вельмі спадзяваліся разбурыць «жалезную заслону». Планавалі зладзіць рок-канцэрт на Чырвонай плошчы Масквы. На сёння падобных прыкладаў ужо шмат, тады ж намер датчан быў успрыняты як нешта ірацыянальнае, залюстэркавае — 1988 год.
Самае цікавае, што аднымі размовамі датчане не абмежавалася. Праз некалькі тыдняў купілі тур у Маскву і па прыездзе патэлефанавалі Івану, за што ў тыя часы (нягледзячы на перабудову) можна было нават страціць працу. Сярод іншага яны выказалі жаданне сустрэцца з маскоўскім нефармальным бамондам.
Зразумела, што ў Івана такіх кантактаў не было, і ён звярнуўся па дапамогу да сястры. Так Ірына зноў завітала ў Маскву.
У наступным годзе акцыя адбылася. У Савецкі Саюз прыехалі каля пяці тысяч замежнікаў, якія раз’ехаліся па ўсяму СССР. У адрозненне ад афіцыйных фестываляў моладзі і студэнтаў, якія гасцілі толькі ў сталіцы.
Арганізатары дайшлі нават да Гарбачова, і рок-канцэрт усё ж адбыўся. Праўда, не на Чырвонай плошчы, а на Ленінскіх гарах. Аднак і гэта было сапраўдным прарывам. Без двукосся.
Напэўна, пакаленню next аўтарскі піетэт будзе незразумелым, бо сёння адносіны паміж людзьмі (у тым ліку і замежнікамі) — звычайная справа, аднак раней усё гэта было нечым экстраардынарным. Усё роўна, што з цемры падвала вывесці чалавека на яркае сонечнае святло: спачатку ён будзе жмурыцца, а потым аглядацца і здзіўляцца асяроддзю.
Перабудова зрабіла з савецкімі людзьмі нешта падобнае. Да гэтага рок-музыка ўспрымалася афіцыйнай прапагандай ідэалагічна варожай.
Нетыповы шлях
Лагічна было б дапусціць, што Ірына Сухій абярэ далейшую фатаграфічную кар’еру, што ў матэрыяльным плане было больш прыцягальным, але яна ў чарговы раз паламала агульнапрынятыя стэрэатыпы. І абрала абсалютна «няхлебны» (асабліва па тых часах) трэці сектар.
Новае захапленне прынесла шмат новых кантактаў, паездак. Падчас адной з іх Ірына Сухій і сустрэла на вакзале Святлану Каралёву, якая хутка стала каардынатарам акцыі «Next Stop — Soviet».
Гэта акцыя і стала падмуркам стварэння першай незалежнай беларускай арганізацыі трэцяга сектара — «Next Stop — New Live». Рэспубліканскае моладзевае грамадскае аб’яднанне з такой назвай было зарэгістравана беларускім Мінюстам 25 студзеня 1991 года.
Для ўважлівых чытачоў адзначу, што «Next Stop — New Live» пачало дзейнічаць яшчэ ў 1989 годзе як бы пры камсамоле (хаця і была для яго альтэрнатывай) і афіцыйная рэгістрацыя была непатрэбная. Праз два гады ўсё кардынальна змянілася.
Ачоліла «Next Stop — New Live» энергічная Святлана Каралёва, бо Ірына Сухій была тады ў дэкрэтным адпачынку. Калі яна зноў актыўна пачала працаваць, то спачатку курыравала чарнобыльскія праекты, а потым усе экалагічныя.
Калі пералічваць усе мерапрыемствы, якія праходзілі пад эгідай «Next Stop — New Live», спатрэбіцца вельмі шмат часу. Адзначым толькі адзін вельмі цікавы момант. Мерапрыемствы, якія ладзіла арганізацыя, мелі настолькі гучны грамадскі рэзананс, што былі заўважаныя на самым «версе». Толькі што абраны прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка быў вымушаны прыслаць ліст з падзякай «за фестываль «Новыя твары» і актыўную грамадскую дзейнасць».
Нетыповы выбар
З часам у рамках «Next Stop — New Live» стала крыху цесна, у тым сэнсе, што немагчыма ахапіць неахопнае. У 1996 годзе з’явіўся «Экадом». У дакументах аб рэгістрацыі асобнай структуры стаяла вельмі знакавая для эколагаў (і самой прыроды) дата — 21 чэрвеня. Дзень летняга сонцастаяння.
Шчыра кажучы, шмат хто ў нашым грамадстве ставіцца да беларускіх эколагаў даволі скептычна. Маўляў, да рэек перад цягнікамі сябе не прыкоўваюць і паляванню на кітоў не перашкаджаюць. З аднаго боку, не пагадзіцца з гэтым цяжка. З другога — мэтазгодна такое ў нашых умовах ці не? На мой погляд, пакуль не. На жаль...
Калі я толькі пачынаў свой журналісцкі шлях, адзін з мэтраў спытаў: «Юнак, ведаеш, ад чаго гінуць дрэвы?» І сам адказаў: «Ад таго, што некаторыя называюць іх «зелёными насаждениями».
Сёння ў беларускай сталіцы дрэвы гінуць яшчэ і па прычыне таго, што тыя, хто называе іх «зелёными насаждениями», яшчэ і загадваюць іх сячы. Прыкладаў таму мноства. Дастаткова ўзгадаць толькі парк імя 40-годдзя Кастрычніка і сталічны мікрараён «Уручча». Каб не юрыдычная дапамога (у тым ліку і «Экадома»), бензапілы там працавалі б значна больш.
Перафразуем словы знакамітага кітайскага філосафа і адзначым, што цяжка шукаць логіку там, дзе яе няма. Ніколі не думаў, што ў краіне, якая пацярпела ад Чарнобыля, пачнуць будаваць сваю атамную станцыю. Як і не думаў, што бараніцца ад гэтага пачнуць толькі лічаныя адзінкі... Цалкам нетыповы і нелагічны выбар...
Ірына Сухій — сярод змагароў. Штраф за ліст да расійскага прэм’ера наконт будаўніцтва Астравецкай АЭС — красамоўнае таму пацверджанне. Але сумна не толькі ад гэтага. Сумна ад таго, што адным трэба супрацьстаяць уладзе, а другім не. Падобна на тое, што сёння праблемы ў людзей не толькі з экалогіяй, але і з асабістым светапоглядам. Палітычная арытмія...