Сувязь з продкамі, «хвароба патрыятызму» і ўнутраная свабода
Рыцары існуюць. Як і раней, сёння яны б’юцца на мячах, шаблях і дзідах. А яшчэ шануюць гісторыю ды распавядаюць пра яе дзецям і дарослым. Адзін з такіх сучасных рыцараў — Юры Усціновіч.
«Я прафесійны разгільдзяй вышэйшага гатунку. Такім трэба ўрадзіцца і шліфаваць гэты талент цягам жыцця», — аджартоўваецца Юры на пытанне, кім найперш ён сам сябе лічыць. Бо выбраць ёсць з чаго: мае гістарычную адукацыю, выкладаў ва ўніверсітэце, займаецца гістарычнай стылізацыяй эпохі Сярэднявечча і Новага часу, піша вершы і казкі, выступае маршалкам на традыцыйных беларускіх вяселлях ды вядоўцам на рыцарскіх турнірах, працуе намеснікам дырэктара па развіцці ў этнакраме «Рагна».
«Тры каласкі», «склеенае» сала і адваяваны хутар
Юры нарадзіўся ў гарадку Дзісна, што на Віцебшчыне, у дзяцінстве багата часу бавіў у бабулі на хутары і памятае ад яе шмат гісторый.
— Саветы так іх абклалі падаткамі на хутары, што пасля ўсіх выплатаў есці не было чаго. Пасля таго, як убіралі калгаснае поле, яны ўначы хадзілі і шукалі там каласкі. Мяжа была бачная з хутара. Па дзіцячых уражаннях бабулі, польскія памежнікі былі прыгожыя, з бліскучымі гузікамі, выкшталцоныя. А пасля прыйшлі Саветы — усе нейкія абадраныя, закарэлыя. Хоць за польскім часам жылі небагата, але была свая зямля, у крамах было ўсё. Але праз два тыдні пасля «ўз’яднання» ўсё знікла. Была яшчэ вясёлая гісторыя: прыйшоў чырвонаармеец і кажа: «Навошта вы сала склейваеце?» Аказваецца, у БССР такога тоўстага сала не бачылі.
Падчас вайны, распавядала бабуля Юрыя, немцы частавалі дзяцей шакаладам, а вось горш за партызанаў не было нічога.
— А ў савецкія часы дзеда не маглі выжыць з хутара. І святло яму не праводзілі, і што толькі ні рабілі. Як пачалася вайна, дзеда не паспелі мабілізаваць і, паколькі ён быў на акупаванай тэрыторыі, саслалі ў Сібір, дзе ён прабыў да 1949 года. Выжыў там толькі дзякуючы таму, што быў цесляром. Усе хварэлі на цынгу, а ён працаваў з дошкамі і жаваў смалу з дрэваў. Па вяртанні калгас і саўгас заворвалі поле пад самыя сцены хаты, а дзед уначы выкопваў нейкія дрэўцы і кусцікі і засаджваў імі поле, і трактары не маглі за іх праехаць. Пасля смерці Сталіна яго пакінулі ў спакоі.
Аднавіў зрок і працягнуў справу брата
— У дзяцінстве я ледзь не страціў зрок. Калі мне было два гады, выявілася, што я не бачу далей за выцягнутую руку. Да таго ж у мяне была касавурасць. Трэба было рабіць аперацыю, але доктарка сказала: «Давайце паспрабуем яго выцягнуць». І мне сказалі, якія практыкаванні рабіць, мама са мной займалася, раз на месяц вазіла правяраць зрок. Я пасля хадзіў у акулярах і, як усе ў той час, марыў стаць касманаўтам. Але з мяне смяяліся: якім касманаўтам, ты нават машынай кіраваць не зможаш. Аднак дзякуючы практыкаванням мой зрок палепшыўся: да школы я ўжо мог чытаць, а ў дзявятым класе зняў акуляры. Касманаўтам, канешне, не стаў, але машынай кірую.
Гэтая гісторыя навучыла Юрыя ўпартасці. Але, зазначае ён, калі ў абяцаннях іншым людзям ён зробіць усё, каб не падвесці, то змагацца з самім сабой і сваімі слабасцямі — цяжэй за ўсё.
Пэўна, рыцарства — гэта ўнутраны стан, які абавязвае прытрымлівацца свайго ўмоўнага «кодэкса годнасці». Гэтая рыса праявілася яшчэ тады, калі Юры абіраў прафесію, праўда, сваю ролю адыграў трагічны выпадак. У хлопца быў старэйшы брат, які ў многім быў для яго прыкладам, захапіў яго чытаннем і любоўю да гісторыі. Паступіўшы праз шалёны конкурс на гістфак і адвучыўшыся на першым курсе, ён паехаў у будатрад і там загінуў. Для Юрыя скончыць гістфак за брата стала справай гонару.
«Хвароба патрыятызму»
— Калі я бяру ў рукі халодную зброю, у мяне адразу ёсць нейкае ўнутранае адчуванне, як з ёй працаваць, і менавіта праз гэта я адчуваю сувязь з продкамі. Напрыклад, з агнястрэльнай зброяй такога няма, — кажа Юры.
Бадай, дзякуючы гэтаму ён на сёння — адзін з вядомых арганізатараў і ўдзельнікаў сярэднявечных рыцарскіх баёвак. А яшчэ некалькі разоў на месяц з аднадумцамі знаходзіць час, каб узяць даспехі, зброю і паехаць у якую-небудзь школку распавядаць дзецям пра тое, якая багатая і цікавая ў нас гісторыя, і паказаць, як маглі біцца ваяры на нашых землях у часы Вялікага Княства Літоўскага.
— Для мяне гэта — спосаб даць выйсце «хваробе патрыятызму» і вельмі відовішчна паказваць, якая ў нас культура і чаму варта яе шанаваць. Бо людзі мала ведаюць і мала цікавяцца сваёй гісторыяй, большасці ўсё роўна, — тлумачыць Юры. — І, хто ведае, можа, дзякуючы нам да кагосьці тая бацыла і прычапілася.
З найбліжэйшых праектаў Юрыя — трэніроўкі па шабельным фехтаванні на базе спартовага клуба «Волат». На заняткі яшчэ можна запісацца: узрост — ад 14 гадоў і вышэй без абмежаванняў (калі, канешне, дазваляе фізічная форма), полавая прыналежнасць не мае значэння.
Відэа Андрэя Голуба
Жаданне завязаць са стылізацыяй узнікала некалькі разоў. Аднак магчымасць даводзіць да людзей каштоўнасць нашай гісторыі і культуры, папулярызаваць іх, урэшце перамагала. І цяпер Юры кажа, што, хаця абставіны ў краіне засталіся ранейшыя, адбыліся змены ўнутры грамадства. Калі яшчэ 10 гадоў таму можна было сустрэць варожае стаўленне да беларускай мовы, то цяпер прыходзіць разуменне, што мова — гэта важна. Больш за тое: павялічылася колькасць людзей, якія свядома размаўляюць па-беларуску і не ведаюць адзін аднаго!
— Раней нас у школах баяліся прымаць — як бы чаго не выйшла. А потым я пазнаёміўся з праваслаўным бацюшкам з Вілейскага раёна, айцом Ігарам. Хаця ў мяне было такое стаўленне да праваслаўных, што гэта праваднікі рускага патрыятызму ў адмоўным сэнсе. Але я зразумеў, што царкоўная іерархія проста не дазваляе праявіцца беларускаму патрыятызму, хаця ён ёсць, і вельмі моцны. І гэты бацюшка сказаў у сваім прыходзе, што мы прыедзем. Потым ён перадаваў нас «з рук у рукі» іншым святарам. Дзякуючы гэтаму ў нас адбылося з дзясятак паездак па Беларусі.
Свабода ў рэзервацыі
— Ёсць стэрэатып, што беларуская культура — сялянская. Але мы паказваем, што былі розныя саслоўі, і ўсе яны мелі сваю культуру. І паступова да людзей прыходзіць усведамленне, што без ведання сваёй гісторыі і культуры нічога не атрымаецца. Як бы пафасна гэта ні гучала, але гісторыя для народа — як карані для дрэва. Калі яна ёсць, значыць, народ будзе развівацца. Дрэва без каранёў засохне, а этнас без ведання сваёй гісторыі загіне, — разважае Юры.
Нават у 1990-я гады, ужо стаўшы студэнтамі гістфаку, патрабуючы выкладання па-беларуску і па-беларуску ж адказваючы, паміж сабой Юры з сябрамі размаўлялі па-руску. Але калі ён трапіў па размеркаванні выкладаць у Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, для яго сталася шокам, што старэйшыя калегі-выкладчыкі і ў жыцці гавораць па-беларуску. Другім крокам да беларускай мовы стала паездка на працу ў Нямеччыну: каб адрознівацца ад рускіх, якія паводзілі сябе там не лепшым чынам, Юрась з паплечнікамі вырашыў размаўляць беларускаю.
— Але па вяртанні было складана размаўляць на вуліцы, у краме, у аптэцы. Напэўна, сучаснай моладзі лягчэй, а нам былі ўбітыя ў галовы комплексы. Але пачаў спрабаваць — і цяпер у мяне з гэтым праблем няма. А яшчэ мне пашчасціла сустрэць сваю палову, якая таксама размаўляе беларускай. І цяпер у сям’і ў нас усё на беларускай мове, і дзеткі растуць, і з намі таксама гавораць па-беларуску.
Хаця на вуліцы з рускамоўнымі людзьмі дзеці Юрася могуць без праблем гаварыць і па-руску. На пытанні, чаму астатняя большасць размаўляе па-іншаму, дзецям тлумачаць: мы такім чынам шануем культуру і памяць нашых продкаў.
Юры прызнае, што беларускамоўныя беларусы знаходзяцца нібыта ў рэзервацыі. Тым не менш, ён кажа, што пачуваецца значна больш свабодным, чым вялікая колькасць суайчыннікаў.
— Поўнасцю свабодным у цяперашняй палітычнай сітуацыі я адчуваць сябе не магу. Але, як бы пафасна гэта ні гучала, у мяне ёсць нейкая ўнутраная свабода.