Каб абараніць незалежнасць, трэба проста размаўляць па-беларуску. Паўсюль

Пагроза расійскай імперыі была, ёсць, і, напэўна, яшчэ вельмі доўга будзе ў Беларусі. Я разважаў — чаму так адбываецца, чаму ў нас увесь час такая рыторыка пра страту незалежнасці?

boryt_rccaezpd2.jpg

І я зразумеў, што адны людзі зыходзяць з таго, што Беларусь, наша дзяржава і наша гісторыя — гэта Божы провід. Мы — парадокс, нас ніхто не хацеў з суседзяў, нас сотні гадоў выразалі — але ёсць незалежная дзяржава. Ёсць дзяржаўная мова — ужываецца ці не, але яна ёсць.

І ёсць людзі, якія разважаюць, што Беларусь — гэта збег нейкіх абставінаў і акалічнасцяў, і таму трэба кідацца ўправа і ўлева, каб знайсці тых, хто нас падтрымае. То Расія саюзніца, то Германія, то яшчэ нехта. Калі ты не перакананы, што Беларусь ёсць, была і будзе, то ты ўвесь час будзеш турбавацца і кідацца ўправа-ўлева і крычаць: «Страта незалежнасці, нам усім хана!»

Другая праблема — безумоўна, існуе пагроза ад расійскай імперыі. І што нам варта рабіць, каб яе мінімізаваць? Я лічу, што кожны патрыёт мае самую магутную і простую зброю. Дзеля яе не трэба садзіцца ў турмы, не трэба пісаць прасціны тэкстаў, відэазвароты, ствараць новыя арганізацыі, рухі, кааліцыі. Трэба проста размаўляць па-беларуску, паўсюль. Выйшаў у краму — і гавары па-беларуску.

І гэта тое, што ўмацуе незалежнасць больш за ўсё. І мяне дзівяць людзі, якія выступаюць з рознымі ініцыятывамі пра тое, як трэба бараніцца, розныя арганізацыі ствараць. І ўся іхняя камунікацыя, уся іхняя дзей­насць рускамоўная. У той час, калі Пуцін кажа, што руская мова — гэта стрыжань расійскай імперыі і падмурак пад нагамі на постсавецкай прасторы, гэтыя людзі самі сваёй дзейнасцю ствараюць для Пуціна ўсю аргументацыю.

Калі б заўтра ўсе тыя, магчыма, 30 адсоткаў беларусаў, якія выступаюць за дзяржаўнасць толькі беларускай мовы, пачалі размаўляць толькі па-беларуску, не было б і думкі і згадкі ні пра якога Пуціна. Але яны працягваюць паўсюль карыстацца рускай мовай і распавядаць, якія яны барацьбіты за незалежнасць.

Трэці аспект — калі мы кажам пра акцыі. Я колькі гляджу за тым, як дэмакратычны рух арганізуе мерапрыемствы з лозунгамі кшталту «Заўтра вырашальны дзень у гісторыі беларускага супраціву, праверка баяздольнасці апазіцыі, шматтысячная акцыя», — усё гэта заканчваецца расчараваннем людзей. Людзі прыходзяць на акцыі, адны атрымліваюць дубінкай па галаве, іншыя сустракаюцца з праблемамі ў школе, на працы — а вырашальны дзень не настаў.

Мы так 25 гадоў жывём. І людзі расчароўваюцца яшчэ больш. І сёння вельмі важна ацаніць рэальны стан, у якім мы знаходзімся. І мне здаецца, Курапаты вельмі добра сведчаць пра той стан, у якім знаходзіцца незалежнае грамадства Беларусі. Калі ўважыць, што за год 500 ці тысяча чалавек паўдзельнічалі ў абароне Курапатаў — то гэта прыблізна тая лічба, на якую дэмакратычны рух можа разлічваць.

Я згодны, што не ўсе нават прыхільнікі дэмакратычнага руху, не ўсе беларускамоўныя, не ўсе рускамоўныя патрыёты могуць прыйсці ў Курапаты. Але калі мы кажам пра апазіцыю, то для мяне гэта відавочна, што патэнцыя кожнай апазіцыйнай структуры — ад 10 да 50 чалавек. І калі б партыі гэта прызналі, то быў бы зусім іншы эфект. Для грамадства гэта быў бы станоўчы эфект, бо людзі зразумелі б, што гэтыя 50 чалавек нешта робяць.  

Але апроч змагарнасці, трэба мець трошкі здаровага розуму. Часта людзі ствараюць небяспеку самі сабе, дражняць шалёнага сабаку, кладуць яму палец у рот і потым з выглядам вялікага змагара пакутуюць, што ім гэты палец грызуць.

Тое, што гэтыя людзі дзясяткі гадоў крычалі, што толькі байкот, а потым пайшлі на выбары; ганьбілі Канапацкую з Анісім, якія атрымалі мандат у «палатку», а цяпер самі пайшлі гэты мандат прасіць, — я таксама бачу ў гэтым нейкі Божы провід. Шапказакідальніцтва, завязанае з адарванасцю ад рэальнасці. Вынік будзе сумны.

Я да 2010 года прэзідэнцкую кампанію разглядаў як адзіную магчымасць, якую дае нам заканадаўства, той самы адзіны дзень раз на 5 гадоў, калі мы можам істотным чынам змяніць лёс Беларусі. Мы шчыра верылі, што гэта можна зрабіць, і клалі косці, каб гэта зрабіць.

І тады, у 2010 годзе, мы ўсе казалі пра Плошчу. А цяпер жа нават ніхто і не кажа, што «мы нешта зменім». Я не ведаю такіх людзей, палітыкаў, якія кажуць: «Мы пойдзем у прэзідэнцкую кампанію і нешта памяняем». Яны кажуць: нам трэба пагрэцца, партыйныя структуры разбуда­ваць і ўзмацніць, пазнавальнасць павялічыць. Але асабіста я не гатовы класці свой час, а тым больш сілы і здароўе, каб павялічыць чыюсьці пазнавальнасць.

На сённяшні дзень я прыйшоў да высновы, што Лукашэнка сам сябе зменіць. Няма ў Беларусі большага чалавека, які руйнуе гэтую сістэму злачынства і хлусні, як Лукашэнка. Ён гэта робіць вельмі паспяхова, і ён гэта даробіць, я думаю, неўзабаве.

Пытанне толькі адно. У той дзень, калі Лукашэнка даробіць сваю працу знішчэння самога сябе, ці застанецца ў Беларусі нехта пры памяці? Ці застануцца людзі, пра якіх прыхільнікі пераменаў змогуць сказаць — вось гэтыя хлопцы і дзяўчаты засведчылі, што яны нармальныя, і я гатовы за імі пайсці? Толькі адно пытанне — ці застанецца нехта ў дзень Х пры памяці і адэкватны?..

Паводле інтэрв’ю «Радыё Свабода»