Зміцер Бартосік: захоплены Беларуссю

Зміцер Бартосік — найбольш просты і таварыскі выканаўца на сцэне нацыянальнай аўтарскай песні. Ён лёгкі на пад’ём і гатовы ехаць у любы куток, дзе ёсць аматары аўтарскай песні. І гэта пры тым, што ён бацька чатырох дзяцей.



bartosik.jpg

Упершыню мне давялося яго пачуць у 1992 годзе, калі ён прыехаў на фестываль беларускай аўтарскай песні «Аршанская бітва–92». У першыя гады гасцей фэсту яшчэ сустракалі на прывакзальнай плошчы. Там да мяне падышоў ладны чарнявы хлопец з гітарай, смела зірнуў у вочы:

— Зміцер Бартосік, Гомель.

— А, нешта чуў, — ветліва азваўся я.

«Расея-мачаха, бывай!»

На гэтым фестывалі было практычна першае яго публічнае выступленне. І словы ён забываў, і хваляваўся страшэнна, і саміх песень у яго тады было толькі дзве, але якія то былі песні! І сёння можна сказаць: гэтыя дзве песні — адны з самых моцных рэчаў з усяго напісанага ім.

Адразу прывабіла яго нейкая шырокая, размашыстая манера выканання, якая нечым нагадвала Ягора Летава, што пазней стала пазнакай уласнага стылю. Выразная, падкрэслена цвёрдая дыкцыя з акцэнтам на апорныя словы паэтычнай штрафы. Вымаўленне нібыта знарок расцягнутае, але пры гэтым яно не выпадае з рытмікі песні. Паміж запевамі няма ніякіх пройгрышаў-паўзаў. Гэтак у нас, бадай што, ніхто сёння не спявае.

«На руінах Вялікага княства / Не засталася ніводнага князя, / Адышлі ў нябыт, як паганства, / Радаводаў шляхетныя вязі. / Не ўзнесціся больш гэтым сценам. / Адгрымелі мячы, змоўклі ліры. / І блукаюць магутныя цені / Па мурах Наваградку і Міру».

Помню, як тады падумалася: халера, як глыбока капае гэты пачатковец! На пярэднім плане — праблема нацыянальнага адчування сябе і ўсіх нас у новых рэаліях часу, глыбокага разумення нашага мінулага. Праблема, не пазбытая і сёння.

Другая песня, што прагучала тады на Крапіўне, была проста містычна-прарочая балада «Расея-мачаха, бывай!»: «Апошні шанц сабе дамо, / Замардаванаму народу, / Каб скінуць гнюснае ярмо / Двухсотгадовага прыгону. / Расея-мачаха, бывай! / У моц і шыр сваіх абдымак / Ты іншых братаноў шукай, / А нам пара на адпачынак».

Для пачаткоўца ўзяць такую тэму і не заваліць — пад сілу толькі сапраўднаму таленту і асобе. Тады якраз толькі ляснуўся СССР, і, па шчырасці, мала хто верыў, што мы сталі суверэннымі надоўга, дык якое ўжо там «бывай»?! А ён як гуру здолеў зазірнуць у сённяшні дзень і ўсё прадбачыць; чым больш настойліва нас сёння туды зноў будуць цягнуць, тым больш будзе супрацьдзеянне: «Давай абдымемся шчэ раз, / Каб за памежнымі слупамі / Згадаць з табой пражыты час / З слязьмі паўнюткімі вачамі. / Расея-мачаха, бывай! / Няма цяпла пад моцным крылам / У птушкі заўтрашняга дня, / Ці то арол, ці голуб міру».

Сёння ўсе пераканаліся, што ніякі гэта не голуб міру, а той жа чорны драпежны арол. І ў нас з ім розныя погляды на супольную гісторыю і розныя шляхі цяпер. І чым больш сплывае часу, тым больш гэта становіцца ўсім нам відавочна: «Расея-мачаха, бывай! / У цябе зашмат сваіх турботаў, / Нам на шляху не замінай / Ва ўлонне матухны Еўропы. / Расея-мачаха, бывай!»

Вось так, адразу і незваротна. Нагадаю, гэта быў 1992 год. Цікава, што сам Бартосік пасля не раз выступаў на «Аршанскай бітве», але не спяваў больш гэтых дэкларацый, гаворачы ўсюды, што забыў іх. У яго расійскія карані з дамешкам польскай крыві: ягоны дзед — з адэскіх палякаў, бацькі — рэжысёр і акторка, нарадзіўся ў Рыбінску. Ён вучыўся ў Ніжагародскім тэатральным, адкуль вылецеў з другога курсу, паводле ягонага ж прызнання, за бяздарнасць.

Хаця да гэтага яшчэ ў 13 гадоў зняўся ў знакавым для нас фільме «Чужая бацькаўшчына» паводле рамана Вячаслава Адамчыка. За свой кінематаграфічны ганарар — аж цэлых 60 рублёў — купіў сваю першую гітару, якая і цяпер яшчэ пры справе. Аўтарскую песню ведаў з дзяцінства — у сям’і трывала гучалі запісы Акуджавы і Высоцкага.

Покліч крыві

Відаць, покліч родавай крыві ўсё ж узяў сваё, бо спадчыннае дзедава прозвішча паходзіць ад этноніму «барты» — было некалі такое племя заходніх балтаў (цікава, ці ведае ён сам гэта?) Калі верыць Змітру, дык мову ён вывучыў за тры месяцы, у асноўным слухаючы беларускае «Радыё Свабода». Бо на той час ужо жыў у Гомелі і хацеў да свайго эстэтычнага задавальнення ад краху СССР спрычыніцца неяк больш грунтоўна.

Другім паваротным момантам для Бартосіка стала Вільня. Паступаў на філфак, і, не паступіўшы, проста вырашыў там застацца. Настолькі быў зачараваны яе брукаваным сярэднявечным лабірынтам, «дзе яшчэ не заціхлі крокі мэтраў тае нашаніўскае пары». Тая зачараванасць стала крыніцай натхнення цэлага песеннага цыклу «Да пабачэння. Do widzenia. Viso gero» (тры мовы Вільні), які стаў першым афіцыйным выданнем Бартосіка на магнітакасеце ў 1997 годзе; сёння абсалютны фанаграфічны рарытэт.

Загалоўная песня гэтага цыклу — «Развітанне з Вільняй» — суцэльнае прызнанне нават не ў любові, а менавіта ў каханні да «гаспадыні пані Вільні». Прызнанне кранальнае і драматычнае: «Такія месты проста так не пакідаюць. / З іх адыходзяць з Богам хто, / А хто з баямі».

Бадай, самая пачуццёвая балада Бартосіка.

У іншай знакавай песні гэтага цыклу «Гародня, 1795» Зміцер нібыта палемізуе з сабой жа ўзору 1992 года. Гэта ў рытме салоннага вальсочку дыялог двух расійскіх афіцэраў, аптыміста і песіміста, у паходным біваку расійскага войска ў прадмесці Гародні па завяршэнні кампаніі. З пралогам і эпілогам. І аптыміст у канцы прамаўляе нібыта прарочыя словы: «Будут нам присягать этих мест сыновья, / И от наших штыков ждать защиты. / Мы не пяди земли этой не отдадим, / Она нашею кровью полита… / Мы уедем, умрем, нас возможно убьют, / Но Россия тут будет навечно. / Засынала Гародня пад гукі яшчэ / Не зусім зразумелае мовы. / Як заўсёды, на захад святло адышло, / Ноч прыйшла, як звычайна, з усходу».

Выдатна знойдзеная фінальная фарба. Як не дзіўна, але стрыжнёвай для Бартосіка стала зусім іншая песня таго цыклу — «Запой». Вось дзе загаварылі расійскія гены! Па-руску распеўная і размашыстая нават больш, чым звычайна ў Бартосіка, песня ўводзіць слухача ў свет планавання цяжкага загулу аўтара з сябрам, каб пазбегнуць нервовага зрыву ці нават чаго горшага, выключыўшы ўсе сродкі інфармацыі, «каб не чуць спадара прэзідэнта», з рэфрэнам як мантра: «Забяры мяне, сябра, у запой!»

Хто памятае атмасферу таго часу, таму знаёмыя ўсе гэтыя адчуванні ды эмоцыі. Як ніякай іншай, тканіна песні напоўненая містычнай прыцягальнай сілай і моцай.

Суцэльная палітычная сатыра

«Гандураскі серыял» быў ужо сапраўдным альбомам на CD, і з’явіўся праз 10 гадоў пасля магнітакасеты. Строга кажучы, гэта працяг першай паловы «Да пабачэння…», бо ўвабраў у сябе практычна ўсе тыя песні з першага цыклу, што былі ў стылі «Запою».

Суцэльная палітычная сатыра, як пазначыў гэты альбом сам аўтар. Слухач патрапляе ў мыльнаоперную краіну Гандурас, пад якой без цяжкасці праглядаецца Беларусь, дзе галоўны герой усіх часоў і гарадоў дон Лукаса.

Смеласць аўтара, канешне, уражвае; ніхто ні тады, ні цяпер не зрабіў і блізка нічога падобнага на гэты альбом. Ды толькі немагчыма не ўгледзець за гэтымі песнямі цень Высоцкага.

Але ці то Бартосіку нестае акторскага таленту вялікага папярэдніка, ці то часам перагінае ён аж за край, як у «Баладзе пра таварыша Гастэла», але пад канец «Серыялу» з’яўляецца адчуванне не весялосці, як у Высоцкага, а змрочнай нуды.

«Дарога на Вільню» выйшла ў 2008 годзе і пакінула дваякае ўражанне. З аднаго боку, спроба вярнуцца да віленскай тэмы, але па-іншаму, сталася нейкай чужой, не пераканаўчай, не Бартосікавай. З другога боку, гэта працяг тэматыкі «Серыялу». З’явілася ўстойлівае адчуванне, што Зміцер паўтараецца. Здаецца, гэта быў пачатак творчага крызісу таленавітага аўтара.

Барды свабоды

Таму абсалютна зразумелым стаў доўгайграючы праект «Барды Свабоды» на «Радыё Свабода», дзе ён тады пачаў працаваць. Дзе Бартосік раскрыўся не толькі як таленавіты радыёжурналіст са сваім пазнавальным стылем, але стаў яшчэ поруч з Ягорам Маёрчыкам, укладальнікам анталогіі беларускай аўтарскай песні.

Ніхто да гэтага нават уявіць сабе не мог, колькі ў нас людзей спявае пад гітару свае песні. Вынікам гэтага праекту стала эпахальнае выданне РС адмысловага дыску «Барды Свабоды» (2010 г.) і наступнага «Сто бардаў Свабоды» (2011 г.). Нічога падобнага ў нас ніколі не выдавалася.

Але шкада, што замест звыклага спажыўцу фармату аўдыё ці МР-3 адмыслоўцы на РС абралі для гэтых дыскаў такую хітрую праграму, што далёка не ўсякі кампутар здольны яе запусціць…

Другой відавочнай хібай гэтага праекту стала тое, што Бартосік захапіўся ім настолькі, што ўцягнуў у яго вір і тых людзей, якія ўласна да аўтарскай песні не маюць ніякага дачынення, як той жа Лявон Вольскі, які працуе ў іншым жанры. Пра што ён у інтэрв’ю сам і гаворыць.

Апошні твор Бартосіка выйшаў у 2012 годзе. Гэта альбом «Дзве гітары. Расійская аўтарская песня ў перакладах Рыгора Барадуліна». Гэты дыск — ужо наўпроставае сведчанне глыбокага творчага крызісу.

Тут ёсць такая тонкасць: калі, скажам, Вольга Цярэшчанка ад пачатку піша песні на словы іншых людзей, то гэта пазіцыя. Але калі ты пісаў свае песні, а потым перастаў і пачаў выконваць нешта іншае — дык гэта крызіс. Нават пры ўсёй павазе да Рыгора Іванавіча, слухаць «Раскинулось море широко» ці яшчэ нейкі стандарт расійскага гарадскога рамансу, нават у перакладзе мэтра, мне не цікава.

Мне цікава слухаць яго на мове арыгіналу, якую мы ўсе добра ведаем і разумеем. Мне больш цікава слухаць «Падарожжы Свабоды» Бартосіка. Ён таленавіты журналіст, і гэта пакідае надзею. Надзею на пераадоленне творчага крызісу ў жанры беларускай аўтарскай песні, які сёння ахапіў многіх вядомых і таленавітых аўтараў.