Аднаўляльная энергетыка — стымулы для інвестара губляюцца
Ці ёсць будучыня для аднаўляльнай энергетыкі ў Беларусі? На гэта ды іншыя пытанні адказвае выканаўчы дырэктар Беларускай асацыяцыі «Аднаўляльная энергетыка», дырэктар ТАА «Белветраэнерга» Уладзімір Нісцюк.
— У той час, як Еўропа ўсё больш актыўна прасоўвае аднаўляльную энергетыку, у Беларусі доля энергіі, атрыманай ад сонца, ветру і вады, не перавышае 6%. У чым прычына?
— Праблема ў тым, што ў нас жахліва неэфектыўная пабудова энергетычнай палітыкі. Мы моцна залежым ад расійскага газу. Размова пра аднаўляльныя крыніцы энергіі (АКЭ) пачалася, калі кіраўнік дзяржавы паставіў задачу пазбавіцца ад гэтай залежнасці. Былі пастаўленыя задачы да 2030 года выйсці на максімальныя аб’ёмы энергіі, што атрымліваецца з мясцовых і аднаўляльных крыніц энергіі. Але ёсць невялікая хітрасць у гэтай фармуліроўцы, бо мясцовымі відамі энергіі ў нас з’яўляецца і торф (яго больш за 4 мільярды тон), і драўніна. Штогод лес прырастае на 25 мільёнаў кубаметраў, а мы высякаем на ўсе патрэбы 17–18 мільёнаў кубоў драўніны. Але драўніна, у адпаведнасці з законам 2010 года аб аднаўляльных крыніцах энергіі, адносіцца да АКЭ. Блытаніна ў гэтым пытанні не дае магчымасці дакладна ведаць сітуацыю.
З іншага боку, сусветны досвед паказвае, што немагчыма бязмежна развіваць альтэрнатыўную энергетыку. У Германіі, да прыкладу, цяпер круціцца 24 тысячы ветракоў, працуе 8,5 тысячы біягазавых комплексаў, 8 мільёнаў сонечных станцый. Масавае ўкараненне аднаўляльных крыніц цягне за сабой эканамічныя наступствы. Дзяржава ўзялася стымуляваць гэты кірунак, і цяпер ёй трэба мяняць падыход, уводзіць рэгуляванне.
— Чаму ў Беларусі ўвялі квоты на аднаўляльную энергетыку? Прычына ў моцным нафтаперапрацоўчым лобі?
— У нас занадта рана заняліся рэгуляваннем, бо задзейнічаная невялікая доля таго патэнцыялу, што можна было б выкарыстоўваць. Большасць гэтых аб’ектаў будуюцца за грошы тэхнічнай дапамогі ЕС, за сродкі інвестараў. Таму для дзяржавы менш адчувальна адбываецца развіццё аднаўляльнай энергетыкі.
Але з 5%, што прыходзіцца на АКЭ, менш за 1% — гэта выпрацаваная электраэнергія, усё астатняе — цеплавыя станцыі. Дзяржава хоча зберагчы свае грошы, а ствараць складаныя нарматыўны акты для рэгулявання не гатовая. Напрыклад, ДВА «Белэнерга» павінна купляць электраэнергію з АКЭ па тарыфах з павышаючым каэфіцыентам. Гэтая розніца кладзецца на плечы энергетыкаў.
Я думаю, што квоты — не апошняе абмежаванне, чакае нас і змяншэнне тарыфаў.
Увядзенне квот на вытворчасць ужо паўплывала на інвестараў. Бо іх цяпер цікавіць, як атрымаць квоту. Я ім расказваю пра этапы працэдуры. А інвестар пытаецца, на колькі ж у выніку ён мусіць замарозіць свае грошы, колькі чакаць пасяджэння камісіі, якая квоты выдае. І разам з тым ёсць рызыка, што ён увогуле не атрымае дазволу на вытворчасць энергіі. Атрымліваецца, больш выгадна гэтаму інвестару паехаць у Грэцыю, паставіць там сонечную станцыю і зарабіць свае грошы. Усе стымулы губляюцца, калі няма гарантый, што ўмовы не зменяцца.
Абласныя структуры Мінэнерга як манапалісты часта пачынаюць абкладваць своеасаблівай данінай тых, хто ўсталёўвае аўтаномныя крыніцы энергіі. Быў у Магілёве выпадак, калі мне паскардзіліся, што мясцовыя энергетыкі запатрабавалі, каб ім адрамантавалі трансфарматарную падстанцыю, правялі лінію. Але ёсць закон аб аднаўляльных крыніцах энергіі, у якім сказана, што энергасеткі павінны прадставіць да падключэння бліжэйшую кропку. Мінэнерга не хавае, што ў іх няма грошай, каб плаціць за ўзрастаючыя аб’ёмы энергіі па тых каэфіцыентах, што ёсць. Квоты — адна з тых жа прычын, каб справіцца з гэтай праблемай.
Выканаўчы дырэктар Беларускай асацыяцыі «Аднаўляльная энергетыка», дырэктар ТАА «Белветраэнерга» Уладзімір НІСЦЮК.
— Наколькі даступна сёння набыць для ўласнага карыстання ўстаноўку для вытворчасці энергіі з аднаўляльных крыніц?
— Калектары для нагрэву вады даўно сталі бюджэтнымі. У межах 600 долараў цалкам магчыма набыць гатовы камплект абсталявання. Сонечныя станцыі на сёння абыходзяцца танней, чым ветрапаркі.
Адзін з нашых сябраў асацыяцыі будуе «пад ключ» у Магілёўскай вобласці сонечную станцыю на 3 МВт за тры мільёны еўра. Ветрагенератары будуць з разліку 1 МВт — 1,3 мільёна еўра капіталаўкладанняў.
Наша асацыяцыя сёння стварыла каманду, якая на практыцы выконвае падобныя работы, то бок «круціць гайкі». Мы вядзём перамовы з Навагрудскім агратэхнічным каледжам, каб пачаць навучанне па новай спецыяльнасці, звязанай з сучаснымі энергазберагаючымі тэхналогіямі. Плануецца, што ў 2017 годзе яны набяруць людзей, у 2021 годзе выпусцяць першых спецыялістаў. Замежныя рабочыя дорага каштуюць, а попыт на такія паслугі ўжо ёсць.
На 2017–2018 гады ёсць задача сысці ад перакрыжавальнага субсідзіравання, і на грамадзян ускласці поўны аб’ём аплаты за энергію і камунальныя паслугі. Гендырэктар «Белтопгаза» заявіў, што ўжо ў 2017 годзе чакаецца падвышэнне цэнаў на газ для спажыўцоў, і ў некаторай ступені цэны будуць зніжаныя для прадпрыемстваў. Таму сёння для грамадзян мэтазгодна мець асабістыя так званыя гібрыдныя ўстаноўкі — вятрак, сонечная батарэі і акумулятар.
Кітай і ЗША сталі лідарамі ў распрацоўцы і вытворчасці тэхналагічных установак для выпрацоўкі альтэрнатыўных відаў энергіі. Адпаведна, усё гэта становіцца таннейшым і даступным.
Агулам я гляджу аптымістычна на перспектывы развіцця альтэрнатыўнай энергетыкі. Бо ў гэтым ёсць адзін важкі бок — экалагічны.
Парыжская дэкларацыя, якую падпісалі 170 дзяржаў, у тым ліку і наша, прадугледжвае выйсці да 2020 года на баланс прадукавання і паглынання шкодных выкідаў. На сёння ў нас выкіды штогод складаюць каля 90 мільёнаў тон, і толькі блізу 25 мільёнаў тон паглынаецца за кошт балот, лясоў. Ёсць два выхады — павялічваць аб’ёмы зялёных пасадак ці скараціць выкіды. Другі шлях больш прывабны і танны.
Да гэтага нас падштурхоўвае час. А Мінэнерга мусіць не толькі рэгуляваць працэс, але і пралічваць наступствы. Калі сёння яны дадуць санкцыю на павелічэнне тарыфаў, то трэба разумець, што людзі пачнуць шукаць альтэрнатыўныя крыніцы энергіі — і знойдуць.
У нас ёсць і забяспечаныя асобы, якія з задавальненнем прымаюць новыя тэхналогіі. Еўрасаюз таксама падштурхоўвае да гэтага, калі ўхваляе праекты тэхнічнай дапамогі для развіцця зялёнай энергетыкі. Напрыклад, у Навагрудку паставілі сонечныя калектары на дзіцячым садку — цяпер яго ўнутраныя патрэбы ў цёплай вадзе, басейн забяспечваюцца за кошт уласных крыніц.
Мы вядзем перамовы з цэрквамі — ім трэба хрысціць дзяцей, то чаму б не паставіць сонечную панель, каб заўсёды была цёплая вада? І ўжо ёсць прыклады рэалізацыі падобных прапаноў.
У нас ёсць намер сумесна з Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі стварыць на базе «Рэсурснага цэнтру ЭкаТэхнаПарк — ВОЛМА» РІПА» рэгіянальны міжгаліновы цэнтр падрыхтоўкі і падвышэння кваліфікацыі кадраў у сферы экалогіі, энергазберажэння, энергетыкі. На стварэнне гэтага цэнтра з тэхнічнай дапамогі ЕС выдзелена каля 3 мільёнаў еўра для закупкі адукацыйнага абсталявання.
«Волма» цяпер набывае іншы выгляд і будзе мець іншае сэнсавае напаўненне. Мяркуецца, што адкрываць гэты цэнтр будзем у сакавіку наступнага года. Міністэрства адукацыі за бюджэтныя грошы накіруе першых вучняў.
— А якія ўзнаўляльныя крыніцы маюць большы патэнцыял для выкарыстання ў нашых эканамічных і кліматычных умовах?
— Безумоўна, ветраэнергетыка. Цяпер устаноўленая магутнасць ветракоў — 48,57 МВт. Але, як кажуць, «не маем гербавай паперы, таму пішам на звычайнай». Беларускія энергетыкі сёння пішуць на звычайнай паперы, то бок набываюць ветрагенератары, якія ўжо былі ў выкарыстанні. З 61 генератара, што круцяцца ў краіне, менш за дзясятак новых. Яны хутка акупляюцца, выгодныя з эканамічнага боку. Нашы фірмы рыхтуюць уласнікам установак маніторынг ветру, дапамагаюць рабіць мантаж. Мы дэманструем, што ў краіне ёсць патэнцыял ветру.
У Навагрудку ў 2010 годзе з’явіўся першы вятрак на 1,5 МВт. Мы лічылі эканоміку — і апынулася, што найбольш выгодна паставіць кітайскі генератар. Сумневаў было многа. Але вынікі пераўзышлі ўсе чаканні. Каэфіцыент адбору магутнасці ветравога кола — каля 33%, у той час як у Германіі на шэльфе гэты паказчык складае каля 23–25 %.
Дзяржава паставіла там яшчэ ветракі. Цяпер там агулам працуе дзевяць ветракоў, энергія ідзе ў агульную сетку.
Еўрапейцы звярнулі ўвагу на гэты ветрапарк. І з тэхнічнай дапамогі, што дае Еўракамісія, былі вылучаныя грошы на ўстаноўку ў тым жа рэгіёне ветрака на 2,5 МВт магутнасцю. Такія магутнасці на постсавецкай прасторы няпроста знайсці.
Сонечныя электрастанцыі таксама паспяхова выкарыстоўваюць. І трэба ведаць, што іх праца залежыць ад сілы сонечнай радыяцыі, а не ад колькасці сонечных дзён. Нават у пахмурныя дні сонечныя станцыі даюць вынік. Інвестары зацікаўленыя гэтым напрамкам.
Ведаю, што «Беларуснафта» збіраецца будаваць у Гомельскай вобласці сонечную станцыю на 50 Мвт, Velcom — станцыю на 20 МВт. Яны кампенсуюць свае траты на энергію. Беларуская чыгунка ставіць у сваіх дэпо сонечныя калектары для нагрэву вады. Мы ўсцешаныя, што людзі, якія маюць сродкі, інвестуюць у аднаўляльную энергетыку.
— Досвед якой краіны ў галіне аднаўляльнай энергетыкі для Беларусі найбольш прывабны?
— Найбольш удалы і прымяняльны для Беларусі досвед Германіі. Краіны знаходзяцца ў адным кліматычным поясе, прыкладна аднолькавыя ўмовы для сонца і ветру. На жаль, у нас чыноўнікі не заўсёды аб’ектыўна і прафесійна ацэньваюць сітуацыю. Некаторыя не ведаюць нават закон Ома — адкуль і куды гэты ток бяжыць. І пры гэтым бяруць на сябе смеласць рабіць заключэнні. Напрыклад, у часе падрыхтоўкі Дырэктывы №3 напісалі, што геатэрмальнай энергетыкі ў Беларусі не можа быць. Бо ёсць толькі дзве кропкі — у Гомельскай і Брэсцкай абласцях, дзе, зрабіўшы свідравіны на 1,5 км, можна атрымаць гарачыя пар і ваду. Але трэба разумець, што геатэрмальная энергія — гэта нізкапатэнцыйная энергія вады, паветра, каналізацыйных сцёкаў. І гэтая энергія сёння ўлоўліваецца ды накіроўваецца ў патрэбным рэчышчы. Сёння сістэма вентыляцыі прадугледжвае стварэнне рэкуперацыйных установак, якія дазваляюць пускаць у другасны абарот цяпло гэтых дамоў. Праўда, тут ёсць яшчэ адна праблема, калі людзі не хочуць гэтымі пытаннямі «замарочвацца» і адкрываюць форткі на праветрыванне, як гэта рабілася і сто гадоў таму. Патрэбна вялікая асветніцкая праца.
— Наколькі лёгка знайсці інвестараў?
— Інвестыцыі патрэбныя сур’ёзныя, таму часцей гэта заходнія капіталы. Але агучу вам, хіба, новую для краіны ідэю. Мы вывучаем пытанне наконт прыцягнення да будаўніцтва аб’ектаў энергетыкі грамадскіх грошай. Напрыклад, ці магчыма паставіць у Маладзечна ветрагенератар, які будзе мець 200 акцыянераў, а 190 з іх гэта будуць прыватныя асобы? Мы гэта пакуль у тэорыі разглядаем. У нас няма паўнавартаснага рынку каштоўных папер, хаця гэта было б добрым стымулам. Праўда, ёсць закон аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве. І ў ім прапісана, што дзяржава можа з бізнесам удзельнічаць у камерцыйных праектах.
Іншая справа, па-першае, што досведу такога няма, па-другое, закон ужо працуе, а механізм яго рэалізацыі яшчэ не распрацаваны. Па-трэцяе, чыноўнікі баяцца, бо правяраючыя шукаюць, за што зачапіцца… Але ўсё мяняецца. Нам патрэбнае яснае заканадаўства, якое б давала гарантыі для ўпэўненай працы.