Турэцкая пятая калона

Спроба путчу ў Турцыі і рэпрэсіі супраць апазіцыі раскалолі амаль пяцімільённую турэцкую грамаду Германіі. Ці ўяўляюць прыхільнікі Эрдагана, які пасварыўся з Захадам, пагрозу для нямецкай дзяржавы?

69982.jpg


«Новы Час» ужо пісаў пра шок, які выклікаў у нямецкім кіраўніцтве дэмарш так званых «рускіх немцаў», значная фракцыя якіх падтрымала інфармацыйную вайну Крамля супраць Захаду. Аднак «руская праблема» — дробязь у параўнанні з той, якую патэнцыйна ўяўляе для Германіі турэцкая.

Турэцкая грамада ў Заходняй Германіі пачала імкліва фармавацца ў 60–70-х гадах мінулага стагоддзя на хвалі эканамічнага цуду, калі ў Германіі ўзнік дэфіцыт працоўных. Праблему вырашылі за кошт турэцкіх гастарбайтэраў, якія працаўладкоўваліся галоўным чынам у будаўнічым сектары. Апынуўшыся ў заходнім грамадстве, туркі, асабліва ў другім пакаленні, усе больш прахалодна ставіліся да ідэі рэпатрыяцыі. На радзіму яны не вяртаюцца, аднак у большасці намагаюцца захоўваць турэцкія пашпарты.

Палітычнае аблічча турэцкіх немцаў вельмі стракатае. Сярод мігрантаў першай хвалі было шмат актывістаў левых партый і прафсаюзаў, якія пасля кожнага дзяжурнага перавароту ў Турцыі абавязкова забаранялі — з усімі негатыўнымі наступствамі для іх сябраў. Пасля прыходу Эрдагана да ўлады, што па часе супала з рэнесансам інтарэсу да ісламу, пачала фармавацца праслойка клерыкалаў-кансерватараў. Менавіта сярод апошніх хапае аматараў палітыкі Эрдагана, які выступае за большую ролю ісламу ў грамадска-палітычным жыцці краіны.

Натуральна, нямецкія туркі не засталіся абыякавымі да апошніх трагічных падзей на радзіме. Ужо ў ноч, калі мела месца спроба перавароту, ля пасольства Турцыі сабраўся натоўп праціўнікаў путчу. Перамога Эрдагана не паслабіла рашучасці яго фанатаў. Напачатку жніўня ў Кёльне (тут месціцца адна з самых вялікіх турэцкіх камунаў ФРГ) прайшла агульнанямецкая акцыя падтрымкі турэцкага гаранта, якая, дарэчы, сабрала больш за 20 тысяч чалавек.

Фішкай маніфестацыі мусіла стаць прамое ўключэнне з Анкары, адкуль па відэасувязі маніфестантаў збіраўся прывітаць асабіста «Султан» (мянушка Эрдагана). Аднак Берлін вырашыў падкарэктаваць праграму мерапрыемства і пункт пра тэлевізійны мост з Турцыяй запатрабаваў выдаліць. Чыноўнікі ФРГ выказалі асцярогу, што палітычная напружанасць у Турцыі можа распаўсюдзіцца на ФРГ.

Эрдагана такая выхадка Берліна раз’юшыла. Прыгадаўшы, што курдскія партызаны спакойна транслююць з Германіі свае праграмы, турэцкі гарант абвінаваціў Германію ў адсутнасці дэмакратыі.

Гэта гісторыя фактычна дала старт росту напружанасці ў адносінах паміж краінамі. Амаль дня не праходзіць, каб Берлін і Анкара не абмяняліся эмацыйнымі заявамі, часам нават пагражаючы разрывам дыпламатычных адносінаў.

Такі ход падзей спрыяў таму, што мясцовыя прыхільнікі Эрдагана пачалі крытычна ставіцца да нямецкага ўраду. Напрыклад, Саюз мусульман Германіі (DITIB), дзе большасць сябраў маюць турэцкія карані, раскрытыкаваў дэпутатаў — этнічных туркаў, якія асудзілі нядаўні пераслед апазіцыі ў Турцыі. Дарэчы, туркі добра прадстаўленыя ў нямецкіх органах улады. У Бундэстагу засядаюць 11 дэпутатаў-туркаў, а Партыяй зялёных увогуле кіруе этнічны турак Джэм Оздэмір. Апошні нават заявіў, што ў Германіі ёсць пагроза стварэння турэцкага варыянту «Pegida» (вядомая нямецкая антыісламская праварадыкальная ініцыятыва).

Калі такая з’ява — варожасць туркаў да нямецкай адміністрацыі — стане тэндэнцыяй, перад Германіяй паўстане сапраўдны выклік. Фактычна ў яе тыле будзе дзейнічаць натуральная варожая пятая калона. Прычым, у адрозненне ад той жа расійскай, турэцкая грамада мае больш інстытутаў, здольных мабілізаваць і каардынаваць шырокі рух. Напрыклад, усіх імамаў у Германіі прызначаюць у Турцыі. З турэцкага бюджэту яны атрымліваюць заробак. Акрамя таго, агульнавядома, што ў краіне працуе шырокая агентура турэцкай выведкі і нацыяналістычнай арганізацыі «Шэрыя ваўкі», якія змагаюцца з курдскімі цэнтрамі. Паколькі Турцыя — краіна-сябра NАТО, доўгі час нямецкія выведнікі намагаліся не заўважаць актыў­насць турэцкіх калегаў, якая, тым больш, не выходзіла за межы турэцкіх кварталаў.

Цікава, што нямецкую грамадскасць не вельмі палохае магчымасць радыкальных выступаў эрдаганаўцаў. Прынамсі, такую перспектыву нават не абмяркоўваюць. Калі гэта асяроддзе і радыкалізуецца, то яго ахвярамі стануць аднакроўныя туркі іншых палітычных поглядаў. Напрыклад, тыя, хто крытыкуе існуючы ў Анкары рэжым. У гісторыі турэцкай камуны Германіі хапае эпізодаў, калі туркі не маглі нешта падзяліць з-за палітычных забабонаў. Дарэчы, Саюз хрысціянскіх дэмакратаў ужо запатрабаваў ад ураду надаць гарантыі бяспекі для туркаў, якім не падабаецца Эрдаган.

Больш турбуе, што сімпатыі да Эрдагана могуць ускладніць працэсы інтэграцыі туркаў у нямецкі соцыум. Наяўнасць вялікага немабільнага турэцкага гета — не толькі цяжкі баласт для мясцовых і зямельных бюджэтаў, за кошт якога бясплатна вучацца і лечацца тыя ж турэцкія дзеці. Маладыя туркі, што не атрымліваюць адукацыю ў нямецкіх ВНУ і ізаляваныя ў межах камуны, таксама выпадаюць з культурна-палітычнага ландшафту, фармуючы свой, арыгінальны, выразна нацыяналістычна-клерыкальны эрзац. Ізаляцыя фармуе ўзаемныя ксенафобскія забабоны. У дадатак тэма «турэцкіх паразітаў» — канёк прапаганды праварадыкальных агітатараў, якая, трэба прызнаць, сапраўды знаходзіць масавага адрасата.

У любым выпадку, як піша прэса, сітуацыя з нямецкімі туркамі будзе перш за ўсё залежаць ад развіцця падзей у самой Турцыі. У выпадку палітычнай эскалацыі (напрыклад, рэзкага канфлікту з Захадам), актывізуюцца і туркі ў ФРГ. Прынамсі, так кажуць нямецкія палітыкі турэцкага паходжання. Калі ж стан рэчаў на Басфоры стабілізуецца, турэцкае пытанне ў ФРГ не будзе стаяць так востра. Праўда, пакуль усё сведчыць, што сітуацыя ў Турцыі будзе развіцца па першым сцэнары.