Альтэрнатыўная матэматыка
Нягледзячы на тое, што 2018-ы сышоў, беларусы дасюль падводзяць яго вынікі. І не дзіўна, бо статыстыка за мінулы год будзе паступаць яшчэ да сакавіка 2019-га.
Журналісты баранавіцкай «Intex-press» параўналі касавыя чэкі на прадукты за студзень 2018-га і студзень 2019 года. У выніку высветлілася, што больш за ўсё ў 2018 годзе выраслі цэны на мяса і вырабы з яго. Да прыкладу, тушкі баранавіцкіх бройлераў, якія ў студзені 2018 года можна было набыць па 3,29 рубля за кіло, у студзені 2019-га каштуюць ужо на рубель даражэй, а гэта плюс 30% да цаны за год. Каўбасы таксама падаражэлі: да прыкладу, сыравэнджаная каўбаса з той жа курыцы за год вырасла ў кошце амаль на 25%.
Істотна выраслі цэны і на малочныя вырабы. Адчувальна падаражэла смятана. Калі ў студзені мінулага года маленькі слоік 15-працэнтнай смятаны можна было набыць за 76 капеек, то цяпер ён каштуе не менш за рубель. Малако падаражэла прыкладна на 18%, тварог у сярэднім — на 15%, ёгурт — на 13%.
Хлебабулачныя вырабы ў цэлым падаражэлі прыкладна на 10%. А вось выпечка здзівіла. Кошт булак вырас амаль на 17%. Прычым, напрыклад, булачка з жытняй мукі вагой усяго 30 грамаў вырасла ў кошце за год на 30%.
Аднак засталіся тавары, якія не падаражэлі. Зялёныя аліўкі як каштавалі ў студзені мінулага года 1,79 рубля за бляшанку, так і прадаюцца па той жа цане. Што вельмі дзіўна, бо аліўкі, у адрозненне ад малака і мяса, — гэта імпарт. Па ідэі, ён і павінен быў даражэць у першую чаргу.
Падаецца, гэта выдатнае сведчанне поспехаў беларускай сельскай гаспадаркі і «эканамічнай мадэлі». Калі ўсё беларускае даражэе, а імпартнае — не (нават з улікам інфляцыі!), дык міжволі ўзнікае пытанне: якая «эканамічная мадэль» лепшая? І ці не варта нам узяць на ўзбраенне нейкую іншую эканамічную мадэль?
У цэлым жа, адзначае «Intex-press», калі скласці ў кошык самыя неабходныя прадукты, то за год кошык падаражэў амаль на 20%. «Невядома, якімі будуць лічбы афіцыйнай статыстыкі, але персанальная інфляцыя відавочна апынулася вышэй за тыя 5,5%, якія запланаваў Нацбанк на 2018 год», — падсумоўвае выданне.
Прычым такую выснову зрабіў не толькі «Intex-press». Паводле дадзеных праекта «Кошт урада», курыца ў Беларусі падаражэла на 19,6%, свініна — на 15,8%, рыба — на 10,6%, бульба — на 17,5%. Усе гэтыя лічбы ўзятыя за лістапад 2018 года, у той час як афіцыйная інфляцыя ў тым месяцы склала 5,2%.
Такім чынам, можна зрабіць выснову: нешта не тое з «афіцыйнай інфляцыяй». Канешне, курс долара трымаецца, заробкі не растуць, але рост цэнаў — інфляцыйны паказчык, — якраз не падпарадкоўваецца ўраду.
Наконт заробкаў. Паводле дадзеных афіцыйнага агенцтва БелТА, за лістапад мінулага года каля 70% беларусаў зараблялі менш за тысячу рублёў. Да 300 рублёў атрымлівалі 3% работнікаў, ад 300,1 да 1000 рублёў — 67,5% (разам — 70,5%). У 19,3% заробак складаў ад 1000,1 да 1500 рублёў. Вышэй, але ў межах 2000 рублёў, атрымлівалі 5,8% работнікаў.
Калі займацца варажбой, то можна ўявіць, што 5,8% тых, чый заробак перасягнуў 2000 рублёў, — гэта айцішнікі, топ-менеджары, дырэктары і буйныя бізнесоўцы. 19,3% з заробкам ад 1000 да 1500 — чыноўнікі. Астатнія так і не дасягнулі абяцаных «па пяцьсот».
Тое, наколькі збяднелі за апошнія часы беларусы, дэманструе і айчынны аўтарынак. Беларуская аўтамабільная асацыяцыя назвала самыя прадаваныя маркі аўтамабіляў у 2018 годзе. На першае месца нечакана выйшаў расійскі аўтапрам — «Lada Vesta» (5269 прададзеных аўто ў 2018 годзе). На другім месцы знаходзіцца «Volkswagen-Polo» — 4908 машын, на трэцім — «Renault Logan» з 3250 машынамі.
Кошт «Lada Vesta» зараз — 20 тысяч рублёў, то бок 10 тысяч долараў. «Volkswagen-Polo» каштуе от ад 24 400 рублёў — самая танная мадэль на нашым рынку. «Renault Logan» — ад 17 400 рублёў. Далей ідзе «Renault Sandero Stepway» — ад 22 400 рублёў, і машыны, кошт якіх перавышае 24 тысячы рублёў.
То бок, у адрозненне ад мінулых часоў, беларусы пачалі абіраць машыны не па якасці, а па кошце. Інакш ніякім чынам не патлумачыць лідарства расійскага аўтапраму ў спісе БАА.
Усё гэта ў перспектыве абяцае нам сумныя часы — калі не зменіцца сітуацыя ў эканоміцы.
Дарэчы, такія дзівосы з лічбамі тычацца не толькі цэнаў і заробкаў. Прадпрымальнік і грамадскі актывіст Віктар Гарбачоў уважліва паглядзеў рэпартажы пра сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з «вялікім украінскім палітыкам» Віктарам Медведчуком, які прадстаўляе Кіеў у мінскіх перамовах, гуманітарнай падгрупе па Данбасе. Падчас размовы Лукашэнка сказаў пра 150 тысяч украінцаў, якія, па яго словах, з пачаткам там ваеннага канфлікту прыехалі жыць у нашу краіну. Пры гэтым, як сказаў Лукашэнка, ім былі дадзены роўныя правы з жыхарамі Беларусі.
Гарбачоў праверыў статыстыку жыхароў Беларусі за апошнія пяць гадоў. «Ні ў адным годзе не было павелічэння колькасці жыхароў Беларусі на гэтыя 150 тысяч. Не было ўсплёску росту насельніцтва ні ў адным годзе. 2014 год — насельніцтва Беларусі 9 мільёнаў 470 тысяч і 2019 год — 9 мільёнаў 490 тысяч», — піша Гарбачоў.
У сувязі з гэтым у яго і ўзнік шэраг пытанняў. «Дзе 150 тысяч? Ці яны тут жывуць без рэгістрацыі і падпольна? Можа, яны прыехалі, крыху пажылі ў краіне для жыцця — і хутка з’ехалі? Не ведаю куды, але з’ехалі?» — пытаецца Гарбачоў.
Сапраўды, куды зніклі гэтыя людзі і чаму такая колькасць народу не ўлічаная афіцыйнай статыстыкай?
Насамрэч, гэтае пытанне значна больш сур’ёзнае, чым кпіны са словаў кіраўніка дзяржавы. Днямі выйшаў агляд Global Economy Watch. Яго аўтары паставілі Беларусь на 10-е месца ў спісе краін з самай хуткай стратай працаздольнага насельніцтва. Паводле агляду, з-за старэння насельніцтва і эміграцыі за апошнія 10 гадоў працаздольнага насельніцтва ў краіне стала на 8% менш.
У 2020 годзе нас чакае сур’ёзнае падзенне ва ўзроставай катэгорыі 20–24 года, і толькі да 2035 года людзей у ёй стане столькі ж, колькі было ў 2016 годзе.
Больш пенсіянераў — менш працоўных. Калі ў нас «знікае» 150 тысяч працаздольных мігрантаў — гэта таксама трывожны званочак для краіны. Але больш трывожны званочак — нашая моладзь не хоча жыць у «краіне для жыцця».