Еўразійскі банк развіцця: магчымае паскарэння інфляцыі ў Беларусі
Высокі рост заробкаў у Беларусі разам са спажывецкаю актыўнасцю на фоне паскарэння інфляцыі ў Расеі павышае рызыку ўзмацнення інфляцыі ў нашай краіне ў 2019 годзе. Пра гэта гаворыцца ў студзеньскім выданні макраагляду Еўразійскага банку развіцця (ЕАБР), паведамляе Белсат.
Эксперты падкрэсліваюць, што інфляцыя ў Беларусі павялічваецца і так: у лістападзе 2018 года яна склала 5 % супраць 4,9 % у кастрычніку. Адбылося гэта пад уплывам росту цэн на прадукты (выраслі на 5,2 % у лістападзе пры 4,4 % у кастрычніку), якія даражэюць з прычыны нізкага ўраджаю 2018 года.
У ЕАБР адзначаюць, што драйверам росту эканомікі Беларусі з’яўляецца спажывецкая актыўнасць, якая ў лістападзе спрычынілася да гадавога прыросту абароту рознічнага гандлю на 7,7 % (7,3 % у кастрычніку). А вось яе стымулам з’яўляецца павелічэнне заробкаў, якія ў рэальным выражэнні ў лістападзе выраслі на 12,7 %. Уплывае на рознічны тавараабарот і спажывецкае крэдытаванне насельніцтва ў рублях: прырост крэдытаў у лістападзе перавысіў узровень лістапада 2017 года на 49,6 %.
Агулам эксперты заяўляюць пра слабы эканамічны рост Беларусі – 3,2 % па выніках студзеня-лістапада 2018 года. У тым ліку стрымліваючы ўплыў на яго аказвае сельская гаспадарка, абʼём вытворчасці якой у лістападзе 2018 года скараціўся на 12% у параўнанні з лістападам 2017-га.
Што да прафіцыту беларускага бюджэту (у лістападзе прыбыткі перавысілі выдаткі на 5,6 млрд рублёў), то, як адзначаюць у ЕАБР, у 2018 годзе ён фармаваўся шмат у чым пад уплывам часовых фактараў, звязаных з ростам сусветных цэн на сыравінныя тавары беларускага экспарту, а таксама з аднаўленчым эканамічным ростам.
Еўразійскі банк развіцця зʼяўляецца міжнароднай фінансавай арганізацыяй. Яго ўдзельнікамі зʼяўляюцца Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расея і Таджыкістан.