У Беларусі збіраюцца пераразмеркаваць сродкі дарожнага збору

У Беларусі збіраюцца пераразмеркаваць сродкі дарожнага збору. Замест цяперашніх 50% сабраных грошай на будаўніцтва і рамонт мясцовых дарог могуць накіраваць 75%, пакінуўшы рэспубліканскаму бюджэту толькі 25%, піша «Еўрарадыё».

Фота gorad.by

Фота gorad.by

Пра гэта ў эфіры тэлеканала СТБ паведаміла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аксана Няхайчык. Паводле яе слоў, змены залежаць ад таго, як будзе здзяйсняцца дарожны збор. "Магчыма, дастаткова будзе 25% сумы — у рэспубліканскі бюджэт", — кажа дэпутат.

Выплата дарожнага збору ў Беларусі з 2014-га прывязаная да прахаджэння тэхагляду. Велічыня збору залежыць ад таго, юрыдычнай ці фізічнай асобе належыць машына, а таксама ад масы і ўзросту машыны. Узнікла праблема — аўтаўладальнікі (больш за 30%), каб не плаціць дарожны збор, пачалі ігнараваць тэхагляд, нават нягледзячы на штрафы.

Наспелі змены. І сёлета на грамадскае абмеркаванне быў вынесены праект указа "Аб плацяжах за ўдзел у дарожным руху". У дакуменце дарожны збор афіцыйна называецца дзяржаўнай пошлінай за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху з фізасоб. Мінімальны перыяд, за які ўносіцца гэтая плата, — каляндарны месяц, а максімальны — 2 гады. Плацельшчык сам вырашае, за які перыяд аплачваць — у залежнасці ад таго, колькі месяцаў ён ездзіць на аўтамабілі. Плануецца, што ўказ пачне дзейнічаць паэтапна.

За ўдзел транспартнага сродку ў дарожным руху без унясення платы давядзецца заплаціць штраф — двайны месячны тарыф. "Будзе фармавацца адзіная база і кантроль здзяйсняцца камерамі фота-, відэафіксацыі, параўноўвацца база з сістэмамі выплаты праз АРІП, — кажа дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Курсевіч. — Калі будзе выяўлена, што за месяц фізічная ці юрыдычная асоба не заплаціла за праезд, будуць выстаўляцца штрафныя санкцыі ў двайным памеры".

euroradio.fm