Авечка як сімвал нашай рэчаіснасці

Як патлумачыў журналістам Лукашэнка падчас суботніка, ідэя рэанімацыі авечкагадоўлі ў Беларусі ўзнікла на аснове яго персанальнага досведу.



Як патлумачыў журналістам Лукашэнка падчас суботніка, ідэя рэанімацыі авечкагадоўлі ў Беларусі ўзнікла на аснове яго персанальнага досведу.
Што на гэта скажаш? Авечка — жывёліна, з аднаго боку, біблейская, з другога — палітэканамічная. У біблейскім сэнсе ягня як адна з найбольш пакорлівых і цярплівых жывёлін выступае сімвалам нявіннай і чыстай ахвяры. У палітычную эканоміку авечак прывёў Томас Мор, згодна якому яны нават «з’елі людзей». Пра гэту з’яву больш падрабязна пісаў у «Капітале» Карл Маркс. Маўляў, багацеі Англіі ў пагоні за прыбыткамі ад развядзення авечак ды вырабу ваўняных тканін пачалі зганяць сялян з зямель (агароджваць) ды разводзіць авечак. Беззямельныя сяляне рабіліся бамжамі, іх каралі смерцю, таму авечкі ўвайшлі ў англійскую гісторыю такімі крыважэрнымі.
Але нездарма ж псіхолагі-ідэалісты кажуць, што людзі маюць не толькі індывідуальны, але і нацыянальны характар. Мусіць, авечкі таксама. Прынамсі, не існуе ні дакументальных, ні літаратурных сведчанняў таго, што беларускія авечкі калі-небудзь рабіліся падобнымі да ваўкоў. І ў гэтым сэнсе яны гістарычна выступаюць вельмі падобнымі да коз. Мусіць, таму і ў дадзеных афіцыйнай статыстыкі гэтыя жывёліны праходзяць разам — як авечкі і козы.
Прычым (паводле статыстыкі) існуе нейкая дзіўная заканамернасць, згодна з якой пагалоўе гэтых жывёл павялічваецца напярэдадні розных сацыяльна-эканамічных катаклізмаў. Прыкладам, напярэдадні Першай сусветнай вайны ў Беларусі налічвалася больш за два мільёна авечак і коз. На 400 тысяч болей, чым кароў. Такая ж сітуацыя назіралася і пасля грамадзянскай вайны, а ў перыяд калектывізацыі і пасля яе колькасць коз і авечак перавышала колькасць кароў на 600 і болей тысяч галоў.
Непасрэдна падчас вайны авечкі і козы, як менш цікавыя істоты для розных рэквізітараў, толькі і дазвалялі выжываць насельніцтву. Каровы і свінні занадта лёгка зводзіліся з падворкаў, лёгка ішлі пад нож.
Як вядома, кіруючая ў тыя часы КПСС праводзіла вельмі актыўную аграрную палітыку, але вельмі часта яе генеральная лінія рэзка хісталася разам з настроем першага партыйнага сакратара. Так было, калі Мікіта Хрушчоў, пабачыўшы, якой густой і высокай расце кукуруза ў амерыканскага фермера Герста, загадаў і ў нас сеяць яе паўсюль. Дзе расла, дзе не расла.
Памятаю, у другім ці трэцім класе нас, узброеных хатнімі нажамі, адправілі восенню «на кукурузу». Уяўлялі мы сябе мачатэрас. Так звалі рубшчыкаў цукровага трыснягу на ўлюбёнай намі Кубе.
Потым палітыку Хрушчова назвалі валюнтарызмам, але галоўную сваю задуму ён напоўніцу ажыццявіць не паспеў. Справа ў тым, што савецкае грамадства па плану партыі распачало будаўніцтва камунізму. Але гэта прывяло да абвастрэння застарэлай грамадскай праблемы, згодна з якой, чым большымі рабіліся поспехі будаўніцтва новага грамадства, тым меней жадалі сяляне непасрэдна ў гэтым будаўніцтве ўдзельнічаць. Яны ахвотна перакладалі калгасныя справы на гарадскіх шэфаў і студэнтаў, а самі завіхаліся на ўласных палетках, але яшчэ больш ахвотна ездзілі на так званыя калгасныя рынкі. Продаж іх уласнай прадукцыі быў ці не адзіным сродкам атрымаць жывую капейчыну ў рукі.
Але ж у нас было ведама як. Як у арміі. Не умееш — навучым, не хочаш — прымусім. Таму Мікіта Сяргеевіч, палічыўшы, што асабістая падсобная гаспадарка адцягвае савецкіх людзей ад выканання планаў партыі і ўрада, мацуе прыватна-ўласніцкі інстынкт, загадаў прыняць пастанову аб абмежаванні колькасці дазволенай да ўтрымання жывёлы ў гаспадарках калгаснікаў, рабочых і служачых.
Партыйнае кіраўніцтва, як заўсёды, меркавала, што калгасы дазволяць цалкам задаволіць патрэбу насельніцтва ў прадуктах, бо калгаснікі, пазбаўленыя ўласнай гаспадаркі, будуць лепш працаваць на грамадскіх палетках і фермах. Як заўсёды, кіраўніцтва памылілася, і, як заўсёды, насельніцтва выказала свой пратэст нагамі. У 1960-я гады пачаўся апошні буйны адток насельніцтва з вёсак, які звёў яе дэмаграфічны патэнцыял амаль што да нуля.
Хацелася б сказаць, што і ў нас авечкі людзей паелі, як некалі ў Англіі, але ж гэта не так. У нас ворагамі чалавекаў як былі, так да гэтага часу застаюцца людзі пры ўладзе. Раней іх жартам абзывалі «слугамі народа», зараз клічуць «вертыкальшчыкамі».
Але ў 1963 годзе колькасць авечак у гаспадарках насельніцтва дасягнула пасляваеннага максімуму — 443 тысяч галоў. Прыкладна столькі ж трымалі калгасы і саўгасы, а агулам атрымлівалася амаль што мільён галоў. Праўда, воўна ішла не на выраб тканіны, а ў асноўным на валёнкі.
Яшчэ ў 1960-я гады зімы ў Беларусі стаялі суровыя, і пра глабальнае пацяпленне ніхто і думаць не мог. Як і пра тое, што трэба прымаць пастанову пра авечак. Яны здаваліся вечнымі — былі, ёсць і будуць.