Беларусь імкліва губляе працоўныя рукі. Чаму так адбываецца?

Па афіцыйных дадзеных, за перыяд з 2010-га па 2018 год з 128 рэгіёнаў «зьніклі» 336,7 тыс. чалавек занятага насельніцтва.

praca_4.jpg

Падзенне колькасці занятых звязана з рознымі фактарамі. Самымі важнымі фактарамі з’яўляюцца старэнне насельніцтва і павелічэнне долі пенсіянераў і адток працоўнай сілы ў Мінск і за мяжу (працоўная міграцыя). Прычым на першы фактар ​​скарачэння занятасці ўплывае другі. Працоўныя мігранты перастаюць быць сталым насельніцтвам на былым месцы.
За 8 гадоў рост занятасці назіраўся толькі ў 9 рэгіёнах з 128. Пры гэтым усе выпадкі росту вельмі спецыфічныя. У Мінскім, Смалявіцкім, Дзяржынскім і Лагойскім раёнах дзейнічае эфект сталічнай агламерацыі. Частка вытворчасцей і кропак аказання паслуг дзеля эканоміі на выдатках выносіцца ў блізкі прыгарад Мінска. У Астравецкім раёне прыток кадраў звязаны з будаўніцтвам Беларускай АЭС. У Брэсцкім, Магілёўскім, Гомельскім і Гродзенскім раёнах на ўзровень занятасці пазітыўна ўплывае размяшчэнне вакол абласных цэнтраў.
У першай палове 2019 года негатыўная тэндэнцыя працягнулася. За 6 месяцаў занятасць зменшылася ва ўсіх абласцях (на 12,1 тыс. чалавек), акрамя Мінскай. Мінскую вобласць (0,4 тыс. чалавек) «ратуе» Мінскі раён. У сталіцы занятасць вырасла на 4 тыс. чалавек. У цэлым па Беларусі колькасць занятых у эканоміцы скарацілася да 2018 года на 7,6 тыс. чалавек (мінус 0,2%). Урад і мясцовыя ўлады правальваюць паказчык па занятасці, які чыноўнікі зацвердзілі ў мінулым годзе.
Паводле budzma.by