Лукашэнка: на месцы Зяленскага я б пайшоў на ўсё, каб узяць пад кантроль Данбас

26 верасня Аляксандр Лукашэнка сустракаецца ў Мінску з украінскімі журналістамі. Прысутнічаюць прадстаўнікі агенцтваў «Укрінфарм», «Інтэрфакс-Украіна», тэлеканалаў «Украіна», «112 Украіна», «1+1», газеты «Урадавы кур’ер».

lukas.jpg

У сваёй уступнай прамове Лукашэнка распавёў пра сваю пазіцыю па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны. Паводле яго слоў, папярэдняе ўкраінскае кіраўніцтва адрынула беларускія прапановы ў гэтай справе. Аляксандр Лукашэнка не выключае, што Кіеў гэта зрабіў не самастойна. Ён заявіў, што «Украіну спрабуюць выкарыстаць для ціску на Расію».
Лукашэнка спадзяецца, што з Уладзімірам Зяленскім удасца вырашыць праблемы, якія не ўдавалася вырашыць з Пятром Парашэнкам.
«Мы не будзем да вас напрошвацца ў міратворцы, мы не будзем да вас напрошвацца ў пасрэднікі», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён дапускае, што «калі гэта патрэбна будзе», беларусы гатовы «адыграць пэўную ролю».У тым ліку і ў якасці міратворцаў на Данбасе.
Лукашэнка заявіў, што на месцы ўкраінскага прэзідэнта ён «пайшоў бы на ўсё», каб дасягнуць міру. «Я б усё рабіў, каб толькі выйсці на тую мяжу і ўзяць пад кантроль Украіну», — сказаў беларускі кіраўнік пра Данбас, які знаходзіцца пад кантролем самаабвешчаных рэспублік. Лукашэнка перакананы, што «трэба сёння рабіць любыя крокі, каб вайна была спынена і гэтая тэрыторыя пачала вяртацца ва Украіну». А ў тым, што вайна скончыцца, у яго сумненняў няма.
Што трэба рабіць Уладзіміру Зяленскаму? «Трэба захаваць адзінства Украіны. Гэта галоўнае», — кажа Лукашэнка. А таксама трэба аб’яднаць усіх сваіх грамадзян — і «бандэраўцаў», і «усходнікаў». І трэба, каб яны паверылі Зяленскаму, падкрэсліў кіраўнік Беларусі. Ён неаднаразова паўтарыў, што для ўрэгулявання сітуацыі на ўсходзе Украіны «людзям патрэбныя дзеянні, якія прынясуць жаданы мір».
Паводле Еўрарадыё