Лаўроў назваў адмову Беларусі размяшчаць расійскую базу непрыемным эпізодам
Кіраўнік МЗС Расіі пракаментаваў у Нью-Ёрку адносіны паміж сваёй краінай і Беларуссю.
Лаўроў нейтральна паставіўся да напамінку аб непрызнанні Беларуссю Крыма, Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. «Мы таксама не на 100% падзяляем беларускія знешнепалітычныя ўстаноўкі. Гэта нічога не значыць. (...) Што да прызнання Абхазіі, Паўднёвай Асеціі, сітуацыі з Крымам, мы нікога ні да чаго не прымушаем. Я ведаю, як забяспечваўся колькасны склад тых, хто прызнаў незалежнасьць Косава, і мы ніколі не будзем сябе так паводзіць з нашымі суседзямі, партнёрамі і саюзнікамі», — сказаў дыпламат карэспандэнту газеты «Коммерсант».
Адмова нашай краіны размяшчаць расійскую ваенную базу Лаўроў назваў непрыемным эпізодам. «Але галоўнае не форма, а змест. А па змесце кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка неаднаразова казаў, у тым ліку адказваючы на пытанне пра базу, што Беларусь — саюзнік Расіі на ўсе 100% і што беларускія ўзброеныя сілы трэба разглядаць як абараняючыя нашы агульныя інтарэсы і нашу агульную тэрыторыю», — удакладніў ён.
Кіраўнік МЗС Расіі дадаў, што па знешняй палітыцы ў бакоў ёсць праграма сумесных дзеянняў. «У гэтым дакуменце пунктуальна і педантычна распісаны тыя сумесныя крокі, якія мы будзем прадпрымаць. Такога ў нас больш ні з кім не», — працягнуў Лаўроў.
Дыпламат таксама пракаментаваў заклапочанасць літоўскага калегі Лінаса Лінкявічуса паглыбленнем інтэграцыі. «Нібыта далейшая інтэграцыя Масквы і Мінска стварае пагрозу для Літвы, таму што яна будзе набліжаць Расію да літоўскіх межаў. Але, па-першае, мы і так маем агульную мяжу з Літвой ... але ён спецыфічны чалавек, даўно працуе. Не ўсім атрымоўваецца захаваць вастрыню зроку і адчуванне рэальнасці», — лічыць ён.
Лаўроў заключыў, што перамовы паміж Расіяй і Беларуссю ідуць у строгай адпаведнасці з тымі дамоўленасцямі, якія заключаны ў Саюзнай дамове 1999 года. Паводле яго слоў, урады абедзвюх краін напружана працуюць па даручэнні прэзідэнтаў. У снежні павінна адбыцца чарговая сустрэча ў вярхах.
Паводле naviny.by