Расійскія куратары сустракаліся са сваім шпіёнам у… гомельскім цырку?
Грамадзянін Украіны, асуджаны днямі ў Кіеве на 9 гадоў пазбаўлення волі за перадачу Расіі сакрэтнай інфармацыі, назваў адрасы ў Беларусі, дзе ён сустракаўся са сваім расійскім куратарам для перадачы звестак пра мадэрнізацыю і рамонт штурмавой авіяцыі Узброеных сілаў Украіны.
Паводле выраку, грамадзянін Украіны, які працаваў слесарам на Запарожскім дзяржаўным авіярамонтным заводзе «Мігремонт» і быў затрыманы сёлета ў ліпені падчас спробы перадаць чарговыя сакрэтныя дакументы, тройчы сустракаўся з прадстаўнікамі расійскай выведкі на тэрыторыі Беларусі.
У прыватнасці, 17 студзеня 2017 года перадача сакрэтнай інфармацыі адбылася ў Гомелі (на вуліцы Савецкай, 27) і двойчы ў Мінску (на вуліцы Берута, 3) — 5 снежня 2017-га і 5 снежня 2018-га.
Згодна з інфармацыяй Google Map, у Гомлі па гэтым адрасе знаходзяцца цырк, крамы, кавярня і банк.
На вуліцы Берута, 3 у Мінску месцяцца некалькі арганізацый: аўтастаянка, адвакацкае бюро, аўтамыйня, турыстычнае бюро і кампанія, якая займаецца праграмным забеспячэннем для аўтаматызацыі бізнесу ў сферы грамадскага харчавання.
Паводле следства, кожны раз пасля перадачы інфармацыі ўкраінец атрымліваў грашовыя ўзнагароды ў памеры ад 400 до 2 тысяч долараў на агульную суму каля 10 тысяч долараў. Усе сустрэчы з завербаваным украінцам праводзіў супрацоўнік 316-га выведнага цэнтру Галоўнага ўпраўлення Генеральнага штабу Узброеных сіл Расіі (дыслакуецца ў Новарасійску Краснадарскага краю).
За ўвесь час супрацы з расійскай выведкаю (з чэрвеня 2015-га да 3 ліпеня 2019-га) грамадзянін Украіны перадаў Расіі 400 тэкставых, графічных і аўдыёфайлаў з інфармацыяй аб рамонце і мадэрнізацыі штурмавых самалётаў Узброеных сіл Украіны, аб тэрмінах завяршэння работ, апазнавальных знаках авіяцыі і выведніцкай тэхніцы, якой аснашчаліся самалёты.
Паводле Радыё «Свабода»